Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэзыдэнт «Газпромбанка» Ігар Валабуеў зьехаў з Расеі ва Ўкраіну і ўступіў у тэраабарону


Украінскія вайскоўцы пасьля захопу расейскай вайсковай тэхнікі, Сумская вобласьць, 29 сакавіка 2022
Украінскія вайскоўцы пасьля захопу расейскай вайсковай тэхнікі, Сумская вобласьць, 29 сакавіка 2022

Ён расказаў, што нарадзіўся ў Ахтырцы Сумскай вобласьці Украіны. Цяпер там знаходзяцца ягоны бацька, малодшы брат і сябры.

Віцэ-прэзыдэнт расейскага «Газпромбанка» Ігар Валабуеў зьехаў з Расеі ва Ўкраіну і ўступіў там у тэрытарыяльную абарону Кіева. Аб гэтым ён расказаў The Insider. Валабуеў таксама даў інтэрвію журналісту Дзянісу Казанскаму і выданьню LIGA.net.

«Літаральна за некалькі дзён я вырашыў, што больш у Расеі жыць не магу. Таму што расейцы забівалі майго бацьку, забівалі маіх знаёмых, блізкіх сяброў. Мой бацька месяц жыў у халодным падвале. Мне казалі людзі, якіх я ведаю зь дзяцінства, што ім за мяне сорамна... Ведаеце, што мне сказалі? „Каб мы больш ніколі ня чулі, што ты ахтырчанін, што ты ўкраінец. Ніколі“. Я сабраў рэчы і 2 сакавіка паляцеў з Расеі», — кажа Валабуеў.

Ён адзначыў, што да гэтага больш за шэсьць гадоў працаваў у «Газпромбанку», а да таго 16 гадоў быў супрацоўнікам «Газпрома», «зь якіх дзевяць гадоў, па сутнасьці, быў начальнікам прэс-службы».

Валабуеў таксама расказаў, што з 2004 году хацеў вярнуцца ва Ўкраіну, але ня мог зрабіць гэтага па сямейных абставінах. Ён назваў агрэсію Расеі супраць Украіны «ваенным злачынствам».

«Гэта злачынства з боку Пуціна, расейскай улады і, папраўдзе, расейскага народу. Бо тут забівае ўкраінцаў ня Пуцін, крадзе ўнітазы ня Пуцін, гвалтуе жанчын ня Пуцін. Гэта і ёсьць расейскі народ. І я, хоць і па нацыянальнасьці ўкраінец, таксама нясу за гэта адказнасьць. Мне за гэта сорамна, я буду каяцца за гэта ўсё жыцьцё, таму што на мне двайная адказнасьць — я ж ня проста расеец. Я нарадзіўся тут, я пражыў тут 18 гадоў, таму адказваю ўдвая і ўтрая», — сказаў Валабуеў.

Акрамя таго, ён пракамэнтаваў сьмерць былога віцэ-прэзыдэнта «Газпрамбанка» Ўладзіслава Аваева і яго сям’і. СМІ са спасылкай на Сьледчы камітэт РФ пісалі аб тым, што топ-мэнэджар забіў жонку і дзіця, а потым скончыў жыцьцё самагубствам. Па словах Валабуева, тое, што адбылося, зьяўляецца інсцэнаваньнем самагубства.

«Хачу ўдакладніць — ён быў ня проста віцэ-прэзыдэнт, ён быў першы прэзыдэнт, праз адну пасаду. Я ня ведаю, чым ён займаўся, ніколі ня быў зь ім знаёмы і нічога пра яго ня чуў да таго. Таксама я ведаю, што на момант нібыта яго самагубства ён быў дзейным першым віцэ-прэзыдэнтам „Газпромбанка“. Ня веру ў тое, што ён мог забіць жонку і дачку, лічу, што гэта інсцэнаваньне. Чаму? Складана сказаць. Можа быць, ён нешта ведаў і нёс нейкую небясьпеку», — дадаў Валабуеў.

Былы віцэ-прэзыдэнт «Газпромбанка» таксама расказаў пра «газавыя войны» супраць Украіны: «У нас як у піяршчыкаў, якія ўдзельнічалі тады ў гэтай вайне, задача стаяла паказаць, што ўкраінская ГТС (газатранспартная сыстэма — НВ) аварыйная, трубы гнілыя, што рэканструяваць сыстэму занадта дорага і прасьцей ад яе адмовіцца».

Паводле яго, «Газпрому» ўдалося дыскрэдытаваць Украіну ў вачах эўрапейскіх спажыўцоў і абʼём транзытнага расейскага газу ўпаў са 104 млрд у 2011 годзе да 41 млрд кубоў у 2021 годзе.

«[Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Аляксей] Громаў — галоўны ценявы кардынал, які кіруе інфармацыйнай палітыкай у РФ, і інфармапалітыкай „Газпрома“ ў прыватнасьці. У гэтым пляне „Газпром“ ня быў генэратарам ідэй, ён быў выканаўцам, а ўсе задачы прыходзілі зьверху. Я атрымліваў задачы ад прэс-сакратара „Газпрома“ Сяргея Купрыянава», — дадаў ён.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG