Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым былога паліцыянта ўразіла ўкраінская тэрытарыяльная абарона


Жанчына размаўляе з вайскоўцам на блок-пасьце ў Адэсе, 30 сакавіка 2022
Жанчына размаўляе з вайскоўцам на блок-пасьце ў Адэсе, 30 сакавіка 2022

Ёзэфу 49 гадоў, ён былы паліцыянт, працуе спартовым трэнэрам у Празе. На пачатку сакавіка ён паехаў ва Ўкраіну, каб завезьці туды мэдычныя матэрыялы, і правёў тыдзень у вайсковай частцы ў Адэскай вобласьці. Ёзэф расказаў Радыё Свабода, чаму ён вырашыў дапамагчы ўкраінцам, як у яго прасілі хабар і як ён стаў сьведкам баявых дзеяньняў.

«Кожны народ, паняволены расейскімі войскамі, мусіў бы праяўляць салідарнасьць»

— У маладосьці я правёў 5 гадоў у Францускім замежным легіёне, удзельнічаў у некалькіх місіях у Афрыцы. Я там бачыў, якія жахі могуць рабіць вайскоўцы ці ваенізаваныя банды зь мірным насельніцтвам.

Сярод іншага я там атрымаў навыкі тактычнай першай дапамогі. Я прайшоў курс навучаньня для вайсковых мэдыкаў. Таму я мог паказаць людзям, як з гэтым працаваць, што рабіць з параненым адразу — да таго, як яго змогуць перавезьці ў бясьпечную зону, дзе ім ужо зоймуцца лекары.

— Калі я пачуў пра напад Расеі на Ўкраіну, я захацеў хоць нечым дапамагчы ўкраінцам. Я маю асабістую нянавісьць да Расеі як да імпэрыі. Хоць у Расеі цяпер афіцыйна не камуністычны рэжым, але гэта па-ранейшаму жорсткая дыктатура, якая дзейнічае паводле таго ж прынцыпу.

Сам я нарадзіўся празь некалькі гадоў пасьля таго, як [у Чэхаславаччыну ў 1968 годзе] заехалі расейскі танкі, і асабіста пра гэта не магу нешта памятаць. Але я думаю, што кожны народ, паняволены расейскімі войскамі, мусіў бы праяўляць салідарнасьць да іншага народу, які перажывае нешта падобнае.

«Вырашыў не чакаць некалькі месяцаў»

— У Чэхіі любая служба ў войску краіны, якая не ўваходзіць у NATO, лічыцца злачынствам і за гэта можа пагражаць да пяці гадоў зьняволеньня. Я напісаў электроннай поштай у Адміністрацыю прэзыдэнта і ў Міністэрства абароны з просьбай пра вынятак і скантактаваўся з украінскай амбасадай.

У амбасадзе да майго звароту паставіліся даволі асьцярожна — я гэта цалкам разумею. Бо ніводная амбасада ня можа спрыяць, каб людзі парушалі закон. Зь Міністэрства абароны адказалі, што ад мяне трэба пісьмовы зварот, яго разгледзіць спэцыяльная камісія міністэрства, а потым гэта могуць перадаць на разгляд Адміністрацыі прэзыдэнта. Але я цьвёрда вырашыў ехаць і не чакаць некалькі месяцаў — разумею, што гэты закон патрэбен, каб людзі ня ўдзельнічалі ў нейкіх тэрарыстычных групоўках, але тут іншы выпадак.

Урэшце нашы прэм’ер і прэзыдэнт вырашылі гэта такім чынам, што калі дойдзе да крымінальнага перасьледу людзей, які дапамагаюць Украіне, гэта будзе спынена прэзыдэнцкім рашэньнем з падтрымкай прэмʼер-міністра.

«Гэтым можна сапраўды захаваць жыцьцё»

— Сабрацца ў дарогу мне дапамаглі сябры. Я сказаў ім, што ня буду браць грошай, але папрасіў купіць канкрэтныя рэчы. Мой аўтамабіль быў цалкам запоўнены. Там былі спэцыяльныя жгуты, каб спыняць крывацёк — гэтым можна сапраўды захаваць жыцьцё, а навучыцца імі карыстацца ня так цяжка. Калі я купляў тыя жгуты, яны каштавалі 1 000 крон (каля 45 даляраў). Праз тыдзень іх прадавалі ўжо па 1 500.

Былі ізраільскія перавязачныя пакеты — выдатная рэч, там ёсьць гемастатычнае рэчыва, якое дапамагае спыніць крывацёк. Былі сродкі, каб аказаць першую дапамогу пры пнэўматораксе. Былі дэзынфэкцыйныя сродкі і ратавальныя коўдры, якія дапамагаюць захаваць у цяпле параненага.

Сябры-дактары далі мне анальгетыкі, антыбіётыкі, антывірусныя лекі, а таксама супакаяльныя. Бо чым даўжэй чалавек у зоне баявых дзеяньняў, тым больш назапашваецца стрэсу, шмат хто ня можа нармальна спаць.

А яшчэ ў маім грузе былі гігіенічныя тампоны. Гэта мела вялікі посьпех сярод тых жанчын, якія цяпер служаць. Мы, мужчыны, ня можам сабе ўявіць, як гэта бывае, калі ў жанчын у такіх умовах прыходзяць такія дні. Які гэта можа быць жахлівы досьвед, калі няма сродкаў гігіены.

«Ня ведаю, што сказаў вайсковец, але мытнік аддаў мне паперы і зьнік»

— Калі я прыехаў на першыя два памежныя пераходы на славацка-ўкраінскай мяжы — Убля і Вэльке Сьлемэнцэ — славацкія мытнікі адмовіліся мяне прапусьціць, бо, маўляў, я вязу вайсковае абсталяваньне. Яны мелі на ўвазе бронекамізэльку і каску, якія я ўзяў з сабой. Таксама ў іх былі прэтэнзіі да лекаў.

Я на паркоўцы размаўляў па тэлефоне са знаёмымі ўкраінцамі з Прагі, і мяне пачула пара пажылога веку — украінцы, якія працуюць у Славаччыне. Яны дапамаглі мне ўзяць суправаджальны ліст ад настаяцеля праваслаўнага манастыра, які месьціцца зусім недалёка ад мяжы. Літаральна праз пару гадзін на паркоўку прыехала маладая жанчына і перадала мне гэты ліст.

На трэцім славацкім памежным пераходзе, куды я падʼехаў, — Вышне Нямецке, — была вялізная чарга. Але там мытнікі сказалі, што ў мяне ўсё ў парадку і што тыя людзі зь першых двух пераходаў, дзе ніякай чаргі не было, нешта прыдумлялі пра інструкцыі. Мяне ў выніку прапусьцілі наперад чаргі.

Ліст ад настаяцеля манастыра
Ліст ад настаяцеля манастыра

Калі я пераехаў на ўкраінскі бок, першы ж мытнік, які да мяне падышоў, хацеў ад мяне хабар. Таксама я на ўласныя вочы пабачыў, што ў чалавека, які ехаў перада мной, бралі грошы, бо ў яго не было папераў на правоз нейкага тавару.

Колькі той мытнік хацеў ад мяне грошай, я ня ведаю, бо я адразу ж яму сказаў, што плаціць ня буду, што я не ў Дыснэйлэнд еду. У мяне быў тэлефонны нумар аднаго з вайскоўцаў ва Ўкраіне ў брыгадзе, куды я накіроўваўся. Я пазваніў яму, і гэты вайсковец нешта патлумачыў таму мытніку. Ня ведаю, што сказаў вайсковец, але мытнік аддаў мне паперы і зьнік — пасьля гэтага ўжо ніякіх праблемаў не было.

Пасьля мяжы я паехаў у кірунку Адэсы. На ўсіх пастах, дзе я спыняўся, са мной размаўлялі вельмі ветліва. Я пакінуў машыну ў Каменцы Адэскай вобласьці — адтуль мяне з грузам забралі на вайсковым грузавіку і павезьлі ў вайсковую частку, дзе я перадаў груз вайсковаму лекару.

«Я заўсёды лічыў такія структуры неэфэктыўнымі. Але ва ўкраінскім выпадку гэта ня так»

— За тыдзень, што я быў у вайсковай частцы, у той мясцовасьці не было значных баёў — украінцы здолелі спыніць расейскі наступ далёка ад Адэсы і не дапусьцілі нейкага расейскага дэсанту на ўзьбярэжжы.

Я не задаваў там шмат пытаньняў, каб мяне не палічылі нейкім шпіёнам. Да таго ж я не размаўляю па-ўкраінску і амаль не размаўляю па-расейску — я дамаўляўся зь людзьмі мяшанкай з чэскай, расейскай і ангельскай моваў, а таксама жэстамі. У асноўным я вучыў першай дапамозе байцоў тэрытарыяльнай абароны, якія былі пры гэтай вайсковай частцы. Гэта надзвычай мужныя людзі.

Пасьля расейскага абстрэлу ў Адэсе, 4 красавіка 2022
Пасьля расейскага абстрэлу ў Адэсе, 4 красавіка 2022

Калі шчыра, я быў вельмі зьдзіўлены ўкраінскай тэрытарыяльнай абаронай. Я заўсёды лічыў такія структуры неэфэктыўнымі. Але ва ўкраінскім выпадку гэта ня так. Сярод іх ёсьць былыя вайскоўцы, але 90 працэнтаў гэтых людзей ня маюць папярэдняй вайсковай падрыхтоўкі і вучацца на месцы. За ўвесь час я ні разу ня бачыў, каб нехта зь іх ад нечага адмовіўся ці сказаў, што ня можа нечага зрабіць. Яны проста бралі і рабілі — у тым ліку мужчыны за 50 зь вялікімі жыватамі.

Мяне таксама ўразіла, як украінцы абараняюць свае гістарычныя помнікі. Я бачыў помнікі, абкладзеныя мяхамі зь пяском — ніколі такога не заўважаў, калі сачыў за іншымі канфліктамі.

Помнік герцагу дэ Рышэльё ў Адэсе, абкладзены мяхамі зь пяском
Помнік герцагу дэ Рышэльё ў Адэсе, абкладзены мяхамі зь пяском

«Тым, хто пабег у другі бок, пашанцавала — іх узялі ў палон»

— Аднойчы позна ўвечары байцы тэрабароны аднекуль даведаліся, што там едзе нейкі расейскі канвой. Выглядае, што ім паведамілі пра гэта мясцовыя жыхары. Украінцы прапанавалі мне паехаць зь імі — як яны сказалі, «на сафары».

Нас разам было чалавек 25, і мы паехалі на звычайных машынах. Ва ўсіх былі прыборы начнога бачаньня. Хвілін праз 20 машыны спыніліся, і адтуль мы яшчэ прайшлі пару кілямэтраў пешкі да іншай дарогі.

Празь нейкі час па дарозе ехалі чатыры машыны — наперадзе вайсковы джып зь вялікай літарай Z, намаляванай белай фарбай. На ўсіх машынах была тая літара Z. Я ня ведаю, што яны там рабілі, — на дывэрсійную групу гэта не выглядала. Можа, яны папросту заблудзілі ці нават ехалі здавацца.

Украінцы зьнішчылі першую машыну супрацьтанкавай кіраванай ракетай NLAW. З астатніх машын выскачылі вайскоўцы — па некалькі чалавек з кожнай. Некаторыя былі нават бяз шлемаў і бяз зброі. Пара зь іх спрабавала страляць, але ні ў кога зь іх не было прыбораў начнога бачаньня. Тых, хто страляў, а таксама тых, хто пабег наперад, застрэлілі. Тым, хто пабег у другі бок, пашанцавала, — іх узялі ў палон.

Там былі хлопцы, якія па ўзросьце маглі быць мне сынамі — зусім маладыя, амаль дзеці. Байцы тэрабароны паводзілі сябе зь імі прыстойна. У тых, хто здаваўся, не стралялі і потым зь іх ніяк ня зьдзекаваліся. Палонных перадалі ў вайсковую частку — ня ведаю, што зь імі было потым. Тыя расейскія аўтамабілі, якія не былі пашкоджаныя, рэквізавала тэрабарона.

Каля валянтэрскага штабу ў Адэсе
Каля валянтэрскага штабу ў Адэсе

«Расейскае войска паказала, як выглядае рэжым Пуціна»

— Вядома ж, байцы тэрабароны — гэта не падрыхтаваныя вайскоўцы. Быў адзін непрыемны інцыдэнт, калі адносна непадалёк ад базы пачалася страляніна — магчыма, гэта была нейкая расейская дывэрсійная група, магчыма нешта яшчэ, — і адзін з байцоў пашкодзіў нагу, калі бег. Я накладаў яму шыну. Але па правілах трэба, каб вас нехта страхаваў на выпадак нападу, а тут мы аказаліся ўдвох, бо астатнія пабеглі правяраць мясцовасьць.

На шчасьце, ніякага нападу тады не было. Але калі нясеш некага на сьпіне і ніхто цябе не страхуе, ты робісься «качкай», якую лёгка падстрэліць, бо ты ня можаш бараніцца. Гэта ня жарты.

Дом у Адэсе, пашкоджаны расейскім аьбстрэлам, 21 сакавіка 2022
Дом у Адэсе, пашкоджаны расейскім аьбстрэлам, 21 сакавіка 2022

— Там добра відаць, як расейцы мэтанакіравана зьнішчаюць цывільныя абʼекты. Я бачыў абсалютна некранутыя вайсковыя пазыцыі, а за некалькі сотняў мэтраў ад іх — разбураныя ракетнымі абстрэламі дамы, дзе жылі мірныя грамадзяне.

Войска заўсёды адлюстроўвае сваю дзяржаву, і расейскае войска там адназначна паказала, як выглядае рэжым Пуціна.

Праваслаўная царква на фоне дыму пасьля расейскага ракетнага абстрэлу нафтаперапрацоўчага заводу каля Адэсы, 3 красавіка 2022
Праваслаўная царква на фоне дыму пасьля расейскага ракетнага абстрэлу нафтаперапрацоўчага заводу каля Адэсы, 3 красавіка 2022
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG