Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Турэччыне заявілі, што Зяленскі і Пуцін могуць неўзабаве сустрэцца. 63-і дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Расейская ракета ў горадзе Рубежнае Луганскай вобласьці, 21 красавіка 2022 году
Расейская ракета ў горадзе Рубежнае Луганскай вобласьці, 21 красавіка 2022 году

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 5 мільёнаў чалавек ужо сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Расейскія войскі разагналі ў акупаваным Херсоне мірны мітынг. Ёсьць пацярпелыя.
  • У Турэччыне заявілі, што Зяленскі і Пуцін могуць сустрэцца бліжэйшымі днямі.
  • У Эўразьвязе і ЗША абмяркоўваюць канфіскацыю расейскіх актываў на карысьць Украіны.
  • Расейцы захапілі пасёлак Заводы каля Ізюму.
  • Украінскія вайскоўцы гавораць пра зьнішчэньне зэнітна-ракетнага комплексу на акупаваным Зьмяіным.
  • У ноч на 27 красавіка ў Белгародзкай вобласьці зноў гарэў склад боепрыпасаў.
  • Расейцы пашкодзілі мост цераз Днястроўскі ліман у Адэскай вобласьці.
  • У Расеі заявілі пра абстрэл Белгародзкай вобласьці і абвінавацілі ў ім Украіну.
  • У самаабвешчаным Прыднястроўі падарвалі дзьве антэны, якія перадавалі расейскае радыё.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 27 красавіка

Расея нарошчвае тэмпы правядзеньня наступальнай апэрацыі ва Ўкраіне, — Мінабароны Ўкраіны

Пра гэта ў сераду заявіў прадстаўнік Мінабароны Ўкраіны Аляксандар Матузянік. Паводле яго, практычна на ўсіх напрамках расейскія войскі вядуць інтэнсіўны агонь. Асабліва актыўныя баявыя дзеяньні ідуць у Харкаўскай і Данецкай абласьцях.

Па дадзеных Мінабароны Ўкраіны, асноўнай мэтай расейскіх войскаў застаецца ўстанаўленьне поўнага кантролю над Данецкай і Луганскай абласьцямі, а таксама забесьпячэньне функцыянаваньня сухапутнага калідора ў анэксаваны Крым. Расейскія войскі, мяркуючы па зводках з фронту, вядуць апэрацыю на атачэньне ўкраінскіх сіл у Данбасе — у раёне гарадоў Славянск, Краматорск, Севераданецк. Тэмпы прасоўваньня аднак невялікія.

Ваенная выведка Ўкраіны: на акупаваных тэрыторыях масава выкрадаюць мужчын прызыўнога ўзросту

На занятых расейскім войскам тэрыторыях Харкаўскай, Запароскай, Херсонскай, Мікалаеўскай, Луганскай, Данецкай абласьцей затрымліваюць мужчын прызыўнога ўзросту, часьцей за ўсё вэтэранаў баявых дзеяньняў у Данбасе, былых вайскоўцаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў, заявіла галоўнае ўпраўленьне выведкі Ўкраіны.

Па вэрсіі ведамства, затрыманыя ўжо сотні мужчын. Галоўная мэта такіх дзеяньняў, як лічаць ва ўкраінскай выведцы, — «папаўненьне абменнага фонду». Украінскіх закладнікаў плянуюць абменьваць на расейскіх вайскоўцаў.

Расейцы абстралялі шпіталь у Севераданецку. Загінула жанчына

27 красавіка расейскія войскі абстралялі бальніцу ў Севераданецку Луганскай вобласьці. Адна жанчына загінула, паведаміў кіраўнік Луганскай аблдзяржадміністрацыі Сяргей Гайдай. Паводле яго, будынак моцна пашкоджаны. Галоўны лекар гораду Раман Вадзянік паведаміў, што ў выніку абстрэлу таксама пацярпелі двое мэдработнікаў. Цяпер шпіталь працягвае працаваць, у ім засталося каля 50 хворых.

У Турэччыне заявілі, што Зяленскі і Пуцін могуць сустрэцца бліжэйшымі днямі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін могуць сустрэцца ў бліжэйшыя дні. Пра гэта паведаміў міністар абароны Турэччыны Хулусі Акар.

У той жа час у Офісе прэзыдэнта Ўкраіны падкрэсьлілі, што па стане на 27 красавіка час і кантэкст магчымай сустрэчы яшчэ ня вызначаны.

Кіеўскія ўлады папрасілі жыхароў не наведваць могілкі падчас ваеннага становішча

Перад Радаўніцай Кіеўская гарадзкая дзяржаўная адміністрацыя просіць жыхароў украінскай сталіцы ўстрымацца ад наведваньня могілак падчас ваеннага становішча. Пра гэта яна заявіла 27 красавіка.

«Сталіца неаднаразова падвяргалася ракетным ударам, гінулі мірныя жыхары, былі пашкоджаныя дамы, школы і дзіцячыя садкі. Ёсьць факты абстрэлаў тэрыторый могілак», — адзначылі ў Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі.

Начныя абстрэлы Харкава

Расейскія войскі працягваюць наносіць артылерыйскія і мінамётныя ўдары па жылых раёнах Харкава, паведаміў 27 красавіка кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў.

«У Харкаве ў гэтую ноч было некалькі трапленьняў у жылыя дамы Кіеўскага раёну, у прыватнасьці на 9-м паверсе, удзень — у будынкі Салтаўкі, Паўднёвай Салтаўкі, Аляксееўкі. Абстрэлы працягваліся ў Золачаве, Дзергачах, Чугуеве», — сказаў ён.

За суткі ў Харкаве і вобласьці ў выніку абстрэлаў 26 красавіка 15 чалавек атрымалі раненьні, трое загінулі.

Расейцы захапілі населены пункт Заводы

«Вораг захапіў паўночна-ўсходнюю ўскраіну населенага пункту Вялікая Камышуваха, а таксама ўзяў пад кантроль пасёлак Заводы», — піша ў зводцы Генштаб Узброеных сіл Украіны.

У горад Ізюм зь Белгародзкай вобласьці акупанты перакінулі дзьве батальённыя тактычныя групы з 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі. Акрамя таго, у раёнах населеных пунктаў Белгародзкай вобласьці расейцы разгарнулі два ракетныя дывізіёны «Іскандэр-М».

Удар па акупаваным Зьмяіным

Украінскія сілы нанесьлі ўдар па акупаваным востраве Зьмяіным. У выніку ўдару зьнішчаны зэнітна-ракетны комплекс захопнікаў, інфармуе апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень».

«У зоне апэратыўных дзеяньняў на Чорным моры нашы сілы нанесьлі пашкоджаньні пазыцыям праціўніка на востраве Зьмяіным. Зафіксавана пападаньне ў пункт кіраваньня, зьнішчэньне зэнітна-ракетнага комплексу «Страла-10», — гаворыцца ў паведамленьні. Страты акупантаў удакладняюцца. Расейцы занялі востраў у першы дзень вайны.

У Белгародзкай вобласьці гарыць склад боепрыпасаў

Каля вёскі Старая Нялідаўка ў расейскай Белгародзкай вобласьці гарыць склад боепрыпасаў. Пра гэта паведаміў кіраўнік вобласьці Вячаслаў Гладкоў.

Ён сьцьвярджае, што разбурэньняў жылых дамоў і ахвяраў сярод мірнага насельніцтва няма. Тым часам у інтэрнэце зьявілася відэа ўспышкі ў небе над мясцовасьцю. Ёсьць паведамленьні пра пажары ў Курску і Варонежы, але пакуль без дэталяў.

Ва Ўпраўленьні ААН па гуманітарных пытаньнях стварылі каманду для эвакуацыі мірнага насельніцтва

Прадстаўнікі арганізацыі абмеркавалі падрыхтоўку эвакуацыі з уладамі Расеі і Ўкраіны, піша РБК са ссылкай на словы намесьніка афіцыйнага прадстаўніка генсакратара ААН.

У Харкаве, усьлед за Кіевам, вырашылі пазбавіцца ад тапонімаў, зьвязаных з Расеяй

У Харкаве плянуюць перайменаваць гарадзкія аб’екты, назвы якіх зьвязаныя з Расеяй, заявіў мэр горада Ігар Церахаў. Мяркуецца перайменаваць ня толькі Маскоўскі раён і Маскоўскі праспэкт горада, але і некалькі назваў вуліц, плошчаў, сквэраў, прыпынкаў грамадзкага транспарту. Хутка на сайце гарадзкой адміністрацыі будзе створаны раздзел, дзе гараджане змогуць пакідаць прапановы па перайменаваньні.

Уцекачы ад вайны

Паводле зьвестак ААН, з пачатку вайны па 21 красавіка Ўкраіну пакінулі ўжо больш за 5 мільёнаў 133 тысячы чалавек. Зь іх:

  • 2 млн 867 тысяч прыехалі ў Польшчу,
  • 769,6 тысячы — у Румынію,
  • 578,3 тысячы — у Расею,
  • 480,9 тысячы — у Вугоршчыну,
  • 430,2 тысячы — у Малдову,
  • 349,3 тысячы — у Славаччыну,
  • 23,9 тысячы — у Беларусь.

Насельніцтва Ўкраіны (уключаючы кантраляваную Расеяй тэрыторыю) складае каля 44 мільёнаў чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Аэрафлот выйшаў з найбуйнейшага авіяальянсу SkyTeam

Гэта было агульнае рашэньне, гаворыцца на сайце арганізацыі. SkyTeam аб'ядноўвае амаль 20 найбуйнейшых сусьветных авіякампаній.

Улады ў Маскве прызналі, што Расея найбліжэйшыя паўтара-два гады будзе ў «вельмі складанай сытуацыі»

«Цяпер, канец году і наступны год, то бок амаль паўтара, два гады мы будзем жыць у вельмі складанай сытуацыі. Таму вельмі важна ацаніць свае сілы і рэсурсы», — цытуе расейскае агенцтва «РИА Новости» кіраўніка Падліковай палаты Расеі Аляксея Кудрына.

  • На яго думку, інфляцыя ў Расеі, паводле базавага прагнозу, складзе 20,7% у 2022 годзе і яшчэ больш на 6% у 2023-м.
  • На падтрыманьне эканомікі ва ўмовах маштабных заходніх санкцый давядзецца выдаткаваць больш як шэсьць трыльёнаў расейскіх рублёў (каля 82,5 мільярда даляраў ЗША).

Аўтамабільныя гіганты пакідаюць Расею

Volvo Cars і Jaguar Land Rover скарачаюць свае расейскія офісы — JLR фактычна пакідае Расею, застануцца толькі супрацоўнікі штату для каардынацыі адміністрацыйных узаемадзеяньняў пры закрыцьці юрыдычнай асобы. Пра гэта піша «Коммерсантъ» са спасылкай на свае крыніцы.

Выбухі і пажар у Бранску

У расейскім Бранску ранкам 25 красавіка грымнула некалькі выбухаў. Відавочцы падзей дзеляцца ў сацыяльных сетках кадрамі пажараў. Гарыць нафтабаза «Дружба», полымя відаць з розных пунктаў у горадзе, што непадалёк ад беларускай мяжы. Гараць рэзэрвуары з палівам. Расейскія ўлады пакуль не камэнтуюць здарэньняў, таксама невядома, што менавіта стала прычынай пажараў.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Расейская тэхніка масава пакідае Беларусь

Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што 85% расейскай тэхнікі ўжо вывезена зь Беларусі. Жыхары беларускага Палесься таксама заўважылі, што вайскоўцаў з Расеі ў гарадах усё менш. Жыхары Гомля кажуць, што наогул не заўважаюць цяпер на сваіх вуліцах расейскіх вайскоўцаў.

Як рэагуе сьвет

МЗС Вялікай Брытаніі рэкамэндуе сваім грамадзянам пакінуць Украіну

«Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну працягваецца з нападамі на шэраг буйных гарадоў. Існуе рэальная небясьпека для жыцьця. Мы рэкамэндуем грамадзянам Вялікай Брытаніі неадкладна пакінуць Украіну, калі вы думаеце, што гэта бясьпечна. Паветраная прастора Ўкраіны закрытая», — гаворыцца ў паведамленьні.

Аўстралія ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі

Аўстралійскі ўрад зацьвердзіў новыя санкцыі 22 красавіка. Гэтым разам пад іх трапілі 144 чальцы Савету Фэдэрацыі РФ (з двухсот), Кацярына Ціханава і Марыя Варанцова — іх аўстралійскі ўрад называе дочкамі Ўладзіміра Пуціна (раней санкцыі супраць іх увялі ЗША і Вялікая Брытанія). Пад санкцыі трапіла і дачка кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова Кацярына Вінакурава.

Усяго ў аўстралійскім санкцыйным сьпісе ўжо каля 750 расейцаў. Таксама забаронены экспарт у Расею, у прыватнасьці, алюмінію і прадметаў раскошы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG