Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталі вядомыя нумары расейскіх вайсковых частак, якія могуць мець дачыненьне да масавых забойстваў на Кіеўшчыне


Жыхар Бучы, забіты расейскімі вайскоўцамі. 2 красавіка 2022
Жыхар Бучы, забіты расейскімі вайскоўцамі. 2 красавіка 2022

Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч апублікаваў пералік расейскіх частак і падразьдзяленьняў, якія могуць мець дачыненьне да ваенных злачынстваў у Бучы, Гастомелі, Ірпяні ў Кіеўскай вобласьці.

2 красавіка Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла аб поўным вызваленьні Кіеўскай вобласьці ад расейскіх войскаў. На наступны дзень мэдыя па ўсім сьвеце апублікавалі кадры, зьнятыя журналістамі міжнародных агенцтваў у гарадах пад Кіевам, якія месяц знаходзіліся пад расейскай акупацыяй.

Вуліцы заваленыя трупамі мірных жыхароў, шмат у каго зьвязаныя за сьпінай рукі; некаторыя целы расейскія вайскоўцы перад адыходам спрабавалі спаліць. Знойдзены брацкія магілы.

«Часткі і падразьдзяленьні Ўзброеных сіл Расеі і Расгвардыі, якія ўчынілі ваенныя злачынствы ў Бучы, Гастомелі, Ірпяні», — напісаў Арастовіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку і апублікаваў іх нумары:

  • 64-я асобная мотастралковая брыгада 35-й арміі Ўсходняй вайсковай акругі;
  • 5-я асобная танкавая брыгада 36-й арміі Ўсходняй вайсковай акругі;
  • 331-і парашутна-дэсантны полк 98-й паветрана-дэсантнай дывізіі;
  • 137-ы парашутна-дэсантны полк 106-й паветрана-дэсантнай дывізіі;
  • 104-ы і 234-ы дэсантна-штурмавыя палкі 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі;
  • 14-я і 45-я асобныя брыгады спэцыяльнага прызначэньня;
  • 63-і атрад паліцыі асаблівага прызначэньня Расгвардыі;
  • 155-я асобная брыгада марской пяхоты Ціхаакіянскага флёту.

Украінская выведка заявіла, што атрымала пэрсанальны сьпіс вайскоўцаў, датычных да злачынстваў у Бучы


Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведаміла, што мае сьпіс вайскоўцаў 64-й асобнай мотастралковай брыгады, непасрэдна датычных да зьдзяйсьненьня ваенных злачынстваў супраць народу Ўкраіны ў Бучы Кіеўскай вобласці.

Выведка апублікавала гэты сьпіс на сваім афіцыйным сайце.

З раёнаў Кіеўскай вобласьці, вызваленых з-пад кантролю расейскіх вайскоўцаў, вывезьлі трупы 410 загінулых мірных жыхароў, заявіла генпракурор Украіны Ірына Венядыктава. Паводле яе, за 1-3 красавіка судмэдэкспэрты агледзелі целы 140 нябожчыкаў.

Міністэрства абароны Расеі назвала шматлікія фота- і відэасьведчаньні гэтых забойстваў «правакацыяй» і «пастаноўкай». Расея ў сувязі з «жахлівай правакацыяй украінскіх радыкалаў у Бучы» папрасіла правесьці 4 красавіка пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на намесьніка сталага прадстаўніка Расеі пры ААН Дзьмітрыя Палянскага.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што пасьля расьсьледаваньня ўсіх абставін дзеяньні расейскіх акупацыйных войскаў могуць быць кваліфікаваныя як генацыд. Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі запрасіў экс-канцлера Нямеччыны Ангелу Мэркель і экс-прэзыдэнта Францыі Нікаля Сарказі наведаць Бучу і «ўбачыць, да чаго прывяла палітыка саступак Расеі».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG