Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чарнабаеўцы 10-ы раз абстралялі расейскія войскі; новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі. 30-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны


Украінскі салдат каля падбітай расейскай устаноўкі залпавага агню «Град». Харкаў, 24 сакавіка 2022 г.
Украінскі салдат каля падбітай расейскай устаноўкі залпавага агню «Град». Харкаў, 24 сакавіка 2022 г.

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 3 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскімі ракетамі і бомбамі разбураны аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч паведаміў пра гібель расейскага генэрал-лейтэнанта, камандуючага 49-й агульнавайсковай арміі Паўднёвай вайсковай акругі Якава Разанцава. «Гэта адбылося на аэрадроме Чарнабаеўка», — сказаў Аляксей Арастовіч.
  • Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра гібель на вайне ва Ўкраіне 1351 свайго вайскоўца, яшчэ 3825 атрымалі раненьні.
  • Паводле UNICEF, за месяц вайны ва Ўкраіне звыш 4,3 мільёна ўкраінскіх дзяцей (больш за палову дзіцячага насельніцтва краіны) сталі ўцекачамі. 1,8 мільёна дзяцей пераехалі ў іншыя краіны, 2,5 мільёна дзяцей мусілі перасяліцца ўнутры краіны.
  • Украіна ўзмацняе ціск на расейскія войскі на паўночным усходзе ад Кіева і ў жытомірскім кірунку.
  • У Кіеве з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі пацярпела 87 дамоў, 10 прыватных сядзіб, 12 школ і 6 дзіцячых садкоў.
  • Вайскова-марскія сілы Ўкраіны заявілі пра ўдар па расейскіх вайсковых караблях у акупаваным Бярдзянску, якія ім удалося падтапіць.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 3,6 млн чалавек.
  • У Краматорску расейцы выкарысталі забароненыя фосфарныя боепрыпасы.
  • Расейцы зьнішчылі мост, які злучаў аточаны Чарнігаў з Кіевам.
  • Пэнтагон: з 24 лютага каля 1100 ракет розных клясаў былі выпушчаныя Ўзброенымі сіламі РФ па аб’ектах ва Ўкраіне.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 25 сакавіка

Рубежнае пад кантролем Украіны

Расейскіх вайскоўцаў удалося выбіць з аднаго з флянгаў. Расейскія войскі ня могуць цалкам заняць горад Рубежнае ў Луганскай вобласьці, паведаміў украінскай службе Радыё Свабода кіраўнік Луганскай вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Паводле яго, абстрэлы не спыняюцца, Расея выкарыстоўвае авіяцыю.

СБУ: зьліквідавалі 20 расейскіх выведна-дывэрсійных груп

Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла, што з пачатку ўварваньня Расеі на тэрыторыі Ўкраіны зьліквідавалі звыш 20 расейскіх выведна-дывэрсійных груп і затрымалі больш за 350 іхных прадстаўнікоў. Паводле СБУ, у прыватнасьці ў Кіеве зьнішчылі ўзброеную дывэрсійную групу, якая выдавала сябе за падразьдзяленьне тэрытарыяльнай абароны.

Пад Кіевам зьнішчылі апорны пункт расейцаў і вызвалілі вёску

Было некалькі сотняў салдат, танкаў і тэхнікі. Спалілі тэхніку, падбілі танкі, частку тэхнікі ўзялі ў якасьці трафэяў, паведамляе «Українська правда». У выніку атакі ад акупантаў вызвалілі вёску Лук'янаўку.

Краіны ЭЗ створаць фонд салідарнасьці для аднаўленьня Ўкраіны пасьля вайны

«Эўрапейскі Зьвяз абавязваецца аказваць падтрымку ўраду Ўкраіны для задавальненьня яго неадкладных патрэб, а пасьля спыненьня наступу Расеі — для аднаўленьня дэмакратычнай Украіны. З гэтай мэтай Эўрапейская рада пагаджаецца стварыць траставы фонд салідарнасьці з Украінай і запрашае да ўдзелу сваіх міжнародных партнэраў», — гаворыцца ў заяве лідэраў эўрапейскіх краін.

Ірляндзкая газэта Irish Independent апублікавала артыкул ад рэдакцыі на ўкраінскай мове

Як адзначае «Укрінфарм», гэта першы выпадак, калі рэдакцыйны артыкул выйшаў не на ангельскай ці ірляндзкай мовах.

Украінскі генэрал прапанаваў узяць сябе ў палон у абмен на магчымасьць эвакуаваць дзяцей з Марыюпалю

Пра гэта Вячаслаў Аброськін напісаў на сваёй старонцы ў Facebook: «Сёньня ў цалкам разбураным горадзе засталося шмат дзяцей, якія, калі ня выратаваць зараз, загінуць у найбліжэйшыя дні, час ідзе ўжо на гадзіны. Зьвяртаюся да расейскіх акупантаў — дайце магчымасьць вывесьці дзяцей з Марыюпалю, замест яшчэ жывых дзяцей прапаную сябе».

Абстрэлы ў Луганскай вобласьці пашкодзілі будынкі

У Луганскай вобласьці праз моцныя абстрэлы пашкоджана больш за 30 будынкаў, у тым ліку 10 шматкватэрных і 13 прыватных дамоў, прадпрыемства лёгкай прамысловасьці, навучальная ўстанова, гаспадарчыя пабудовы, гаражы і інфраструктура.

Кіеў: расейцы пераходзяць на бок Украіны

Сярод расейскіх войскаў расьце колькасьць тых, хто пераходзіць на бок Украіны, каб змагацца з рэжымам прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Пра гэта паведамляе Галоўнае ўпраўленьне выведкі Ўкраіны.

«Усё больш расейскіх вайскоўцаў ня толькі адмаўляюцца браць удзел у вайне супраць Украіны, але і пераходзяць са зброяй у руках на бок Украіны для ўдзелу ў барацьбе супраць злачыннага рэжыму Пуціна», — гаворыцца ў паведамленьні.

Расейскія войскі 10-ы раз трапілі пад абстрэл у Чарнабаеўцы

Узброеныя сілы Ўкраіны зьдзейсьнілі дзясяты дзейсны абстрэл расейскіх войскаў у Чарнабаеўцы (Херсонская вобласьць). Пра гэта дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Аляксей Арастовіч напісаў у Facebook. Пры гэтым ён паведамляе, што зараз назіраецца масавы рух расейскіх акупантаў праз Антонаўскі мост — уцякаюць.

Больш за 100 расейскіх фізычных і юрыдычных асоб трапілі пад санкцыі Японіі

Японія пашырыла санкцыі супраць Расейскай Фэдэрацыі ў сувязі з поўнамаштабным уварваньнем ва Ўкраіну. Пра гэта паведамілі ў МЗС Японіі. Так, санкцыі прыменены да 25 фізычных асоб і да 81 юрыдычнай асобы. У прыватнасьці, пад санкцыі падпалі:

  • дзеці прэс-сакратара Пуціна Дзьмітрыя Пяскова;
  • былы памочнік Пуціна, кіраўнік дзяржкарпарацыі «Банк разьвіцьця зьнешнеэканамічнай дзейнасьці» Ігар Шувалаў і яго сям'я;
  • расейскі мільярдэр Аляксей Мардашоў;
  • сваякі алігархаў Барыса і Аркадзя Ротэнбергаў;
  • сваякі сакратара Савету бясьпекі РФ Мікалая Патрушава;
  • першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Пуціна Сяргей Кірыенка.

Сям'я Лукашэнкі апынулася пад санкцыямі Аўстраліі

Урад Аўстраліі пашырыў санкцыйны сьпіс, дадаўшы туды Аляксандра Лукашэнку і яго сямʼю. Пра гэта гаворыцца на сайце аўстралійскага ўраду. Санкцыі прымененыя да Аляксандра Лукашэнкі, яго афіцыйнай жонкі Галіны і яго старэйшага сына Віктара.

У Харкаве абстралялі чаргу па гуманітарную дапамогу. Шасьцёра загінулі

Кіраўнік Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў, што расейцы абстралялі мясцовых жыхароў, якія прыйшлі на пункт выдачы гуманітарнай дапамогі. «У раёне вуліцы Акадэміка Паўлава расейцы са зброі далёкага дзеяньня абстралялі пункт «Новай пошты», каля якога жыхары Харкава атрымлівалі гуманітарную дапамогу. Папярэдне вядома, што загінулі 6 мясцовых жыхароў, яшчэ 15 — параненыя», — паведаміў Алег Сінягубаў: «Гэта чарговае ваеннае злачынства расейскіх акупантаў».

Расея атакуе Луганскую вобласьць фосфарнымі бомбамі, абласная ўлада

Кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай заявіў, што ў ноч на 24 сакавіка расейскія войскі нанесьлі ракетныя ўдары па шасьці населеных пунктах рэгіёну: Севераданецку, Лісічанску, Рубежным, Крамянной, Навадружаску і Ваяводаўцы. Папярэдне вядома, што загінулі 4 чалавекі, у тым ліку 2 дзяцей, і 6 атрымалі раненьні. «На Рубежнае авіяцыя Расеі пачала скідаць фосфарныя бомбы. Таму, на жаль, колькасьць ахвяр можа быць значна большая», — паведаміў Сяргей Гайдай.

Ад пачатку агрэсіі Расеі ва Ўкраіне загінулі 135 дзяцей

Найбольш дзяцей пацярпелі ў Кіеўскай, Харкаўскай, Данецкай, Чарнігаўскай, Мікалаеўскай, Жытомірскай, Херсонскай, Сумскай абласьцях і ў Кіеве.
Ад абстрэлаў і бамбаваньня пацярпелі 566 школ, 73 зь іх цалкам зьнішчаныя.

Уцекачы ад вайны

Колькасьць уцекачоў з Украіны працягвае расьці. Новыя абстрэлы і бамбаваньні спрычыніліся да таго, што яшчэ некалькі сотняў тысяч украінцаў пакінулі радзіму на няпэўны час. Агульная колькасьць уцекачоў з 24 лютага, паводле статыстыкі ААН, — 3 725 806 чалавек.

Пераважна ўкраінцы адпраўляюцца ў Польшчу, а таксама ў Малдову, Румынію, Славаччыну, Вугоршчыну і іншыя краіны. Акрамя таго, ёсьць зьвесткі, што з акружанага Марыюпалю людзей прымусова вывозяць у Расею. Нязначная частка ўкраінцаў уцякла ад вайны ў Беларусь.

Што адбываецца ў Расеі

Міжнародная хакерская група Anonymous узламала Цэнтрабанк Расеі

Пра гэта хакеры паведамілі ў Twitter. Абяцаюць, што на працягу 48 гадзін будзе апублікавана больш за 35 тысяч файлаў з сакрэтнымі пагадненьнямі ЦБ РФ. Акрамя таго, хакеры ўзламалі сайты некалькіх кампаній, якія працягваюць працаваць у Расеі, нягледзячы на вайну. Гэта Auchan, Decathlon і Leroy Merlin.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

З 24 сакавіка сэрвіс грашовых пераводаў Western Union недаступны для беларусаў

Прычына — у заходніх санкцыях за вайну супраць Украіны. Цяпер можна атрымаць толькі грошы, адпраўленыя з-за мяжы да 21 сакавіка. Ад сёньняшняга дня немагчыма адправіць грошы ні ў Беларусь, ні зь яе. Аналягічная сытуацыя і ў Расеі.

Генштаб Украіны: Беларусь працягвае назапашваць на мяжы сілу і вайсковую тэхніку

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што па беларускай тэрыторыі працягваецца актыўнае перамяшчэньне расейскай і беларускай вайсковай тэхнікі. Са спасылкай на наяўную інфармацыю Генштаб паведаміў, што тэхніка зьбіраецца ўздоўж мяжы Беларусі з Украінай.

«Варожая авіяцыя працягвае ракетна-бомбавымі ўдарамі зьнішчаць аб’екты інфраструктуры на тэрыторыі Ўкраіны ў Кіеўскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай і Данецкай абласьцях. Пры гэтым акупанты працягваюць актыўна выкарыстоўваць аэрадромную сетку Рэспублікі Беларусь».

Украінскі Генштаб сьцьвярджае, што вайскова-палітычнае кіраўніцтва РФ «ажыцьцяўляе агрэсіўную прапагандысцкую дзейнасьць, накіраваную на вайскоўцаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, аб неабходнасьці ваеннага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны».

Як рэагуе сьвет

Брытанія перадасьць Украіне яшчэ 6000 ракет

На экстранай сустрэчы лідэраў краін NATO і «Вялікай сямёркі», якая адбудзецца ў Брусэлі ў чацьвер, Борыс Джонсан абвесьціць пра перадачу ўкраінскай арміі яшчэ шасьці тысяч ракет, паведамляе ВВС. Акрамя таго, брытанскі прэм’ер мае намер выдзеліць 25 млн фунтаў (33 млн даляраў) на плату ўкраінскім салдатам і лётчыкам.

Сусьветная служба BBC атрымае ад брытанскага ўраду дадатковыя 4,1 млн фунтаў на падтрымку ўкраінскай і расейскай моўных службаў.

Пратэст Баўгарыі і Польшчы

Баўгарыя адклікае свайго амбасадара з Масквы для кансультацый, пра гэта паведамляе Vesti.bg, спасылаючыся на прэм'ер-міністра краіны Кірыла Петкава.Польшча заблякавала банкаўскія рахункі расейскай амбасады. Падставай названае «фінансаваньне тэрарызму», паведаміў амбасадар Расеі.

Замарозка расейскіх актываў за мяжой

Італія, Нідэрлянды і Польшча замарозілі актывы расейскіх алігархаў на сотні мільёнаў эўра праз вайну ва Ўкраіне

Італія замарозіла актывы на суму $880 млн (€800 млн). Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Італіі Марыё Драгі, выступаючы ў ніжняй палаце парлямэнту.

Нідэрлянды замарозілі каля $431 млн (€392 млн) расейскіх актываў. Пры гэтым у міністэрстве адзначылі, што арышты актываў працягнуцца.

Польшча замарозіла на рахунках на сваёй тэрыторыі каля $33 млн (140 млн злотых). Пра гэта сказаў прэс-сакратар ураду Пётр Мюлер.

Раней Францыя замарозіла сродкі Цэнтрабанку Расеі на суму €22 млрд, а таксама рахункі і нерухомасьць прыватных асобаў, якія падпалі пад санкцыі, на суму €850 млн эўра.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG