Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка прымае рашэньні ў інтарэсах Крамля». Прадстаўнікі Ціханоўскай у Кіеве заявілі аб салідарнасьці з Украінай


Вярхоўная Рада Ўкраіны, дзе праходзілі сустрэчы беларускіх палітыкаў
Вярхоўная Рада Ўкраіны, дзе праходзілі сустрэчы беларускіх палітыкаў

Прадстаўнікі Святланы Ціханоўскай правялі шэраг сустрэч у Кіеве, каб выказаць падтрымку Ўкраіне і ўкраінскаму народу ў вайне з Расеяй.

Як паведаміў штаб Ціханоўскай, на сустрэчы з дэпутатамі Вярхоўнай Рады і першым віцэ-сьпікерам Аляксандрам Карніенкам абмеркавалі, як беларусы дапамагаюць украінцам у вайне з Расеяй. У прыватнасьці, бакі адзначылі дзейнасьць беларускіх добраахвотнікаў увогуле і таксама ў складзе беларускага батальёну імя Кастуся Каліноўскага, створанага адразу пасьля пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі.

«Было надзвычай прыемна пачуць высокую ацэнку ад украінскіх дэпутатаў, а мы сустракаліся зь першым віцэ-сьпікерам і даволі прадстаўнічай дэлегацыяй украінскіх парлямэнтароў, дзе абмяркоўвалі пытаньні, як можна падтрымаць беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне, якім чынам не дапусьціць, каб Лукашэнка накіраваў свае войскі ва Ўкраіну, каб яны ваявалі з украінцамі. Гэта можа на цэлыя пакаленьні адмоўна ўплываць на адносіны паміж беларусамі і ўкраінцамі», — паведаміў удзельнік сустрэч Валер Кавалеўскі.

Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай падкрэсьліў, што рашэньні Аляксандра Лукашэнкі цалкам не адпавядаюць інтарэсам беларускага народу.

«Яны (рашэньні) збольшага адпавядаюць інтарэсам Крамля, чужым інтарэсам, а таму трэба прызнаць, што Беларусь на сёньняшні дзень знаходзіцца пад акупацыяй, пад расейскай акупацыяй, таму мы бачым гэтыя абсурдныя і незаконныя рашэньні. І, вядома, гэта лягічным чынам перацякае ў тое, што Беларусь трэба выводзіць з гэтай вайны і дамагацца, каб Расея спыніла злоўжываньне нашай тэрыторыяй для гэтай агрэсіі, вывела свае войскі, і каб Беларусь змагла аднавіць незалежнасьць», — дадаў Валер Кавалеўскі.

Паводле яго, важнай была і сустрэча прадстаўнікамі батальёну імя Кастуся Каліноўскага, які абараняюць сталіцу Ўкраіны ад расейскай агрэсіі.

«Для нас была вельмі карысная гэтая сустрэча, і я спадзяюся, дыялёг працягнецца».

На сайце Вярхоўнай Рады Ўкраіны і яе прадстаўніцтвах у сацыяльных сетках інфармацыя аб сустрэчы прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай з парлямэнтарамі адсутнічае. Украінскія СМІ таксама абышлі ўвагай гэтую сустрэчу.

Пра сустрэчу ў сваім тэлеграм-канале апісаў дэпутат Аляксей Ганчарэнка, які ўзначальвае ва ўкраінскім парлямэнце міжфракцыйную групу «За дэмакратычную Беларусь».

«Абмеркавалі ваенныя злачынствы Лукашэнкі і Пуціна. Мы ўсе сышліся ў думцы, што ўварваньне беларускай арміі ва Ўкраіну — гэта будзе ганьба, гэта недапушчальна з боку вусатага дыктатара. Таму заклікаем беларускі народ прачнуцца! Шмат беларусаў цяпер ідуць ваяваць якраз за Ўкраіну. Усе адэкватныя людзі на нашым баку», — заявіў Ганчарэнка.

Улады Ўкраіны ад пачатку расейскай агрэсіі заблякавалі банкаўскія рахункі грамадзянам Беларусі. Украінскі ўрад забараніў прымяненьне на ўкраінскай тэрыторыі беларускіх лекавых сродкаў, ухваліў рашэньне аб адключэньні ад агульнай зь Беларусьсю і Расеяй энэргетычнай прасторы.

Праз рашэньні Лукашэнкі прадаставіць тэрыторыю Беларусі расейскім войскам для нападу на Ўкраіну ўкраінцы выказваюць нэгатыўнае стаўленьне да беларусаў, якія жывуць ва Ўкраіне. Днямі стала вядома аб факце псаваньня на мяжы пашпартоў беларусам, якія выяжджалі з Украіны, ратуючыся ад вайны.

У той жа час Украіна дагэтуль не далучылася да санкцыяў Эўразьвязу ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэньня.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG