Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трупы расейцаў вязуць у аэрапорт, пачалі закопваць каля гораду». Што адбываецца ў шпіталях і моргах Гомля і Мазыра


Вайсковыя машыны хуткай дапамогі і ваенная тэхніка каля Мазырскай гарадзкой лякарні 28 лютага 2022 году
Вайсковыя машыны хуткай дапамогі і ваенная тэхніка каля Мазырскай гарадзкой лякарні 28 лютага 2022 году

Зь першага дня вайны беларускія шпіталі ў Гомлі, Мазыры і Нароўлі пачалі прымаць параненых расейцаў, а моргі — забітых.

Зь беларускіх мэдыкаў, як стала вядома Свабодзе, узялі падпіску аб неразгалошваньні інфармацыі. Некаторым лекарам пагражалі скасаваньнем кантракту.

Ад крыніц Свабоды з 3 сакавіка паступае інфармацыя, што моргі ў Мазыры і Гомлі перапоўненыя трупамі расейцаў. У Мазыры зь мінулага тыдня іх адразу грузілі ў цягнікі расейскай чыгункі.

«Трупаў было нерэальна шмат! Людзі, якія былі на станцыі Мазыр якраз, выпадкова, былі проста ў шокавым стане ад колькасьці трупаў, якія загружалі ў цягнік. Людзі пачалі здымаць відэа, але да іх прычапіліся вайскоўцы і загадалі выдаліць. У вёсцы Каменка пад Мазыром ачапілі могілкі, нікога туды не пускаюць, выставілі ахову. Можа быць, што там пачалі хаваць расейцаў. Тым больш побач з Каменкай — Бокаў, там аэрадром і буйны лягер расейцаў», — кажа жыхар Мазыра.

Іншая крыніца Свабоды кажа, што шпіталь у Мазыры дагэтуль перапоўнены параненымі, абсалютна ўсе лекары, нават вузкія спэцыялісты, працуюць з параненымі расейцамі. Тым часам мясцовыя жыхары ня могуць зрабіць тут рэнтген — іх накіроўваюць у дзіцячы шпіталь.

Жыхары Гомля таксама расказваюць, што аўтобусы і ПАЗ (з параненымі расейцамі) і грузавікі «Ўрал» (з забітымі) — частае відовішча ў абласным цэнтры.

«На „Ўралах“ іх трупы вязуць у аэрапорт, адтуль — у Расею», — кажа жыхар Гомля.

У гомельскім Цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны параненых расейцаў прымаюць ад пачатку вайны. Туды прыехалі і занялі некалькі паверхаў расейскія лекары. Прымаюць параненых у шпіталі ў Касьцюкоўцы, у шпіталі хуткай дапамогі і ў абласным клінічным.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG