Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За гэтыя дні ўсе пасьпелі стаць гатовымі да сьмерці». Занатоўкі зь лініі фронту літаратара Сяргея Прылуцкага

Буча. Фота з 1 сакавіка 2022 году
Буча. Фота з 1 сакавіка 2022 году

Беларускі празаік і паэт Сяргей Прылуцкі з жонкай і сынам жывуць у Бучы каля Кіева, у мясцовасьці, дзе ў апошнія дні ішлі крывавыя баі ўкраінскіх войскаў з расейскімі захопнікамі. Ён прыслаў Свабодзе трэцюю частку сваіх нататак пра тое, што адбывалася на гэтай лініі агню цягам апошніх дзён.

Да нататак Сяргей зрабіў дапіску: «Пісалася днямі. Сёньня зранку Алена з сынам пайшлі на эвакуацыю. Нібыта вывозяць жанчын і дзяцей у Кіеў. Мужчыны засталіся тут».

*

Са зьнікненьнем электрычнасьці жыцьцё канчаткова перастала быць гарадзкім. Ежу пачалі гатаваць проста ў дварах на мангалах, самаробных «буржуйках» зь піўных мэталічных 5-літровых бочак і проста на жалезных рашотках зь лядоўні. У пэрыяды зацішша на вуліцы выходзяць хто ад неабходнасьці, хто ад немагчымасьці сядзець у чатырох сьценах і ад патрэбы простай размовы з суседзямі ў няшчасьці.

*

Учора зайшла адзіная тут лекарка агледзець дзяцей. Выйшла з дому «на гадзінку», якая расьцягнулася да восьмай вечара, калі пачынаецца камэнданцкая гадзіна. Дзіка стомленая, суткі бяз сну. Перад намі яна зайшла да суседа, які наліў ёй 50 грам для сугрэву і дэзынфэкцыі. Уначы тут яшчэ падмарожвае. Пані Ліза адзіная, хто ходзіць па падвалах і кватэрах і чым можа дапамагае мамам і іх дзецям. Толькі ва ўкрыцьці дзіцячага садка сядзіць больш за 500 чалавек. Па словах лекаркі, там лютуе ротавірус, і там сапраўднае пекла. Такім арыгінальным спосабам «русский мир» ратуе сьвет ад вірусу «нацызму».

*

З выбухамі ўжо ўсе звыкліся, адрозьніваюць «бясьпечныя» і тыя, ад якіх трэба хутчэй бегчы ў падвал. Пад гукі артылерыі на горцы і арэлях гуляюцца дзеці, нехта нясьпешна выгульвае сабачку. Ля пад’ездаў у казанах, патэльнях і рондлях кіпяціцца вада, варыцца суп, смажыцца рыба. А дзявятай раніцы пʼяны дзед тлумачыць выпадковаму сустрэчнаму, што так моцна набухаўся, бо хвалюецца за нашых вайскоўцаў. За сябе, кажа, ня думаю — пажыў і хопіць зь мяне.

*

У горадзе марадэры не баяцца нічога і нікога. Відавочца расказваў, як побач з супэрмаркетам стаяў расейскі танк, оркі стралялі па адным баку вуліцы, а на іншым марадэры на цялежках вывозілі, хто што схапіў. Міма трупаў тых, каму пашанцавала менш.

*

Цяпер дзень канчаецца, калі на вуліцы робіцца цёмна, а не калі ты сам вырашыў вымкнуць сьвятло і легчы. Можна, вядома, запаліць сьвечку, але яны цяпер дэфіцыт. Засынаем, а 9-й, калі няма моцных абстрэлаў. Заўчора пралунаў побач моцны выбух — думалі, снарад трапіў у шматпавярховік. На шчасьце, паляцеў кудысьці ў поле. Але начаваць дзяцей на ўсякі выпадак паклалі ў ванным пакоі. Калі ад выбухаў вібруюць сьцены, жыцьцё не пралятае перад вачыма — ты сядзіш у цемры ў ваньне і ня бачыш нават уласнай рукі. І думаеш пра адно — толькі б выжылі дзеці. Тыя, найменшыя, яшчэ не да канца ўсё разумеюць і пастаянна просяць, каб мы нарэшце паехалі назад дадому. Магчыма, для іх гэта своеасаблівая гульня ў «вайнушку» — з самалётамі, снарадамі, гулам артылерыі. Яны па-ранейшаму радуюцца цукеркам і прагулкам. Да гукаў вайны дзеці амаль звыклі.

*

Тое, мінулае жыцьцё, здаецца, скончылася не 13 дзён назад, а нашмат даўней. Час у стане трывогі запавольваецца. Забівае яго кожны па-свойму: нехта нарыхтоўвае дровы, нехта сочыць за парадкам на раёне, нехта сядзіць дома ў глыбокім адчаі. Усе чакаюць «зялёнага калідора», каб вырвацца з шэрай зоны, з гэтай нявызначанасьці, якая можа ператварыцца ў гуманітарную катастрофу. І тады людзям застанецца проста ісьці ў бок сталіцы, з надзеяй, што оркі нікога не забʼюць. Найгоршае — калі ведаеш, што нічога ня можаш зьмяніць. Ня можаш забраць дзяцей і машынай або проста пешкі вырвацца з аблогі. Оркі страляюць нават па дзецях. Не зьвяртаюць увагі ні на што. Колькі ўжо было такіх выпадкаў.

*

Людзі дагатоўваюць апошнія запасы зь лядоўняў. Надыходзіць канец лядоўніковаму пэрыяду. Далей пачнуцца макаронна-кансэрвавыя часы.

*

Мы рыхтаваліся адзначыць гадавіну вясельля, якая выпадала на пачатак сакавіка. Загадзя купілі квіткі ў Львоў, арандавалі кватэру. Але пачалася вайна, мы аказаліся адрэзанымі ад сьвету. Мы ня ведалі, што будзе далей. У першыя два дні наогул не было зразумела, у чым мы апынуліся. Што адсюль ня будзе выйсьця. Што ўсе масты будуць зьнішчаныя і вяртаньня назад няма. Мы нават ката не ўзялі, у спадзеве, што праз тыдзень вернемся назад. Бронь з кватэры мы зьнялі, здаецца, у апошні дзень лютага. Сьвята «адзначылі» ў падвале, у кампаніі чалавек 10. Пад гукі артабстрэлу за акном. Пад суседзкія паўпляшкі гарэлкі і 300 грам віскі — апошнюю раскошу з даваенных часоў. У сьвятле смартфонных ліхтарыкаў. Мы нават не пасьпелі запомніць імёны ўсіх сваіх новых суседзяў. Але за гэтыя дні ўсе пасьпелі стаць сваімі. Шчырымі, кранальнымі і гатовымі да сьмерці. Бо тут яна заўжды побач. Як у Ромы, які выехаў з Данбасу і на дом якога ўжо тут, у Бучы, некалькі дзён назад упала авіябомба. Яшчэ б паўмэтра ўбок, — кажа Рома, — і мяне б тут зараз не было. І ніхто б не заўважыў, што я наогул жыў.

*

«Найбольш выносіць мозг, калі пытаюць знаёмыя: а чаму вы ня выехалі раней», — кажа бухгальтарка Іра. Тое ж пытаньне можна задаць жыхарам Ірпяня, Барадзянкі, Харкава, Херсону і дзясяткаў іншых гарадоў і сёлаў. Ніхто ня быў гатовы, што ўстане зранку і ўбачыць праз акно 1939 год.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG