Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Баявы настрой — мы ж перамагаем!» — беларус, які браў удзел у начным баі за Васількоў


Украінскія салдаты на цэнтральным вакзале Кіева 25 лютага
Украінскія салдаты на цэнтральным вакзале Кіева 25 лютага

Паводле розных падлікаў, ад дзясяткаў да пары соцень беларусаў удзельнічаюць у баявых дзеяньнях на баку Ўкраіны. Пры гэтым многія беларусы, якія хочуць падтрымаць суседзкую краіну, пакуль ня могуць трапіць на яе тэрыторыю.

«Расея нясе калясальныя страты»

28-гадовы мянчук Ян Мельнікаў ужо браў удзел у баявых дзеяньнях — ваяваў на ўсходзе Ўкраіне з 2014 да 2017 году. Беларус кажа, што гэтую ноч правёў у баях за аэрадром гораду Васількоў Кіеўскай вобласьці.

«Тут працавала некалькі дывэрсійна-разьведвальных групаў, якія стваралі паніку, а на аэрадром высадзіўся расейскі дэсант. Па ім далі добры артылерыйскі залп, нейкую колькасьць акупантаў зьнішчылі пры „зачыстцы“. Цяпер у нас усё ціха, сытуацыя больш-менш спакойная», — кажа Ян Мельнікаў.

Мельнікаў залічаны ў шэрагі тэрытарыяльнай абароны, уступіў у яе яшчэ да пачатку баявых дзеяньняў, бо адчуваў, што вайна неўзабаве пачнецца.

Ян кажа, што мінулай ноччу паспаў тры з паловай гадзіны. Гэтай ноччу ня спаў увогуле: лёг а 9:30 ранку, а ўжо а 12-й быў на нагах. Зь яго словаў, за Ўкраіну сёньня ваююць шмат беларусаў.

«Я нават сам ня ведаю дакладна, колькі тут нашых. Варта адзначыць, што апроч старой гвардыі, якая ваявала раней, ёсьць некалькі дзясяткаў футбольных фанатаў, якія пераехалі ва Ўкраіну ў 2020–2022 гадах, а цяпер ваююць супраць Расеі».

Ян Мельнікаў. Архіўнае фота
Ян Мельнікаў. Архіўнае фота

Ян Мельнікаў мяркуе, што менавіта дзякуючы тым беларусам, якія ўжо раней ваявалі за Ўкраіну, стаўленьне да беларускага народу не такое адназначна нэгатыўнае.

«Мы паказваем, што Беларусь — гэта ня толькі вораг, ня толькі дыктатар. Беларусы — гэта братэрская нацыя, і мы стаім з украінцамі на адных пазыцыях. Сёньня гэта і барацьба за вызваленьне Беларусі. Калі не ваяваць, а хадзіць толькі муціць нейкія палітычныя праекты, то стаўленьне да беларусаў можа зьмяніцца, а калі на перадавой знаходзісься з хлопцамі са зброяй, то сытуацыя зусім іншая».

Што да настрояў на перадавой, то Ян Мельнікаў кажа, што ўсе хлопцы настроеныя вельмі рашуча.

«Баявы настрой — мы ж перамагаем! Гэта нацыянальна-вызвольная вайна. Калісьці Лукашэнка расказваў, што беларусы едуць ваяваць ва Ўкраіну дзеля „паху крыві і дзесяці тысяч даляраў у месяц“. Ён не разумее, што існуюць сумленьне, ідэалы, і іх можна адстойваць нават цаной свайго жыцьця. Яны ўмеюць толькі прадаваць сваю ляяльнасьць. А мы ўсе марым хутчэй адзначыць перамогу ў Кіеве і Менску, а потым можна зьездзіць і на Маскву паглядзець».

Аптымізму Мельнікаву дадае той факт, што расейскім войскам так і не ўдалося за тры першыя дні вайны ўзяць Кіеў.

«За апошнія гады не было ніводнай вайны, дзе б у Расеі за першыя дні зьнішчылі столькі тэхнікі. Расея нясе калясальныя страты. Здавалася б, людзі мусілі зьяжджаць з Васількова. Але я бачу велізарныя чэргі ў вайсковы камісарыят! І гэта сотні людзей. Пуцін не разумее, што распачаў. Маральны дух высокі, няма падставаў хвалявацца», — падсумоўвае Мельнікаў.

«Трэба ўспрымаць новую рэчаіснасьць»

Кіраўнік колішняга «Белага легіёну» Сяргей Бульба (Чыслаў) кажа, што на сёньня за Ўкраіну ваююць некалькі дзясяткаў беларусаў. У шэрагі тэрытарыяльнай абароны запісаліся і паплечнікі Чыслава ў «Белым легіёне». Цяпер ім патрэбны рыштунак: шаломы, бронекамізэлькі, абарона вушэй і вачэй.

Сяржук Чыслаў. Архіўнае фота
Сяржук Чыслаў. Архіўнае фота

Існуе праблема: многіх грамадзян Беларусі не пускаюць ва Ўкраіну, хоць яны едуць ваяваць з агрэсарам. Вядомы выпадак з былым маладафронтаўцам Сяргеем Пальчэўскім, якога не прапусьцілі з Польшчы. Не дапамог нават званок камандзіру, пад кіраўніцтвам якога Пальчэўскі ужо ваяваў на Данбасе.

«Спадзяёмся, пасьля звароту Зяленскага, які заклікаў добраахвотнікаў з усяго сьвету ехаць ва Ўкраіну, беларусаў таксама будуць пускаць, прынамсі, з Польшчы. Відавочна, што беларусаў зь Беларусі цяпер ніхто не прапусьціць. Усе ўжо ўспрымаюць Беларусь часткаю Расеі, ворага. Трэба ўспрымаць гэтую новую рэчаіснасьць. Калі ўкраінцы бачаць беларускі пашпарт, то насьцярожваюцца. Мяне асабіста ўчора пратрымалі на блёк-посьце каля дзвюх гадзін супрацоўнікі СБУ. Давялося прасіць знаёмага армейскага генэрала, каб ён нас выцягнуў», — кажа Чыслаў.

Пры гэтым стаўленьне да беларусаў ва ўкраінскім грамадзтве, зь ягоных словаў, вельмі трансфармавалася за апошні год.

«У 2014 годзе беларусаў успрымалі вельмі клясна. Калі ты казаў, што беларус, то адразу +500 да кармы. Ад 2017 году ўжо нас зноў сталі ўспрымаць часткай Расеі, было крыўдна, але што зробіш. А новая рэальнасьць такая, што Беларусь — гэта вораг. Але пры гэтым усе разумеюць, што ёсьць і нармальныя людзі».

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG