Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я асабіста да беларусаў прэтэнзіяў ня маю, толькі да таракана». Тысячы ўкраінцаў ужо выехалі ў Польшчу


Чарга ўцекачоў з Украіны
Чарга ўцекачоў з Украіны

Польшча адкрыла свае памежныя пераходы для ўкраінцаў, абсталявала пункты прыёму ўцекачоў.

У Польшчы — традыцыйныя чэргі па пончыкі. Палякі сьвяткуюць «Тлусты чацьвер» — такі «карнавал» перад постам. Украінцы стаяць у кілямэтровых чэргах на ўцёкі з Радзімы.

На вакзале ў Перамышлі абсталявалі пункт прыёму ўкраінцаў. Ім прапануюць мэдычную дапамогу, ежу. Тут жа раскладзеныя дармовыя пончыкі — усё ж традыцыя.

Людзі бягуць з Кіева, Львова, Палтавы, іншых гарадоў. Часта з малымі дзецьмі. Малады чалавек, зь якім мы гаворым, жыве разам з жонкай і 7-месячным дзіцём пераважна ў Нямеччыне. Ва Ўкраіну ён прыехаў да бацькоў у Палтаву, плянаваў пабыць доўга. «Мы адпачывалі ў Букавелі, прыехалі ўчора ў Палтаву да бацькоў. І тут — навіны пра вайну. Мы ня спалі, нічога — адразу на Кіеў, адтуль — добра, што пасьпелі — на цягнік да Перамышля, — апавядае ўкраінец

Ён кажа, што ў жаху ад таго, што робіцца ва Ўкраіне. «І тое, што напад быў у тым ліку зь беларускай тэрыторыі... Мы якраз раніцай на цягніку ехалі каля Жытоміра, яго бамбілі, там недалёка Корасьцень і мяжа зь Беларусьсю. Відаць, адтуль бамбілі. Мы ехалі гэтыя дзьве гадзіны непадалёк ад беларускай мяжы. Я ўсё разумею, у мяне сябры — беларусы. Я асабіста прэтэнзіяў да беларусаў ня маю, толькі да таракана, як у вас яго называюць», — дадаў украінец.

Жыхарка Львова Тацяна сядзіць на вакзале ў Перамышлі з малымі сынамі дзевяці і шасьці гадоў і сьвякрухай. «Я не магу стрымаць сьлёз. Калі мы раніцай даведаліся пра вайну — гэта быў шок! У мяне муж рэзэрвіст, ён застаўся ў Львове. Мы як былі, так і пабеглі на цягнік зь дзецьмі і сьвякрухай. У мяне сэрца разрываецца — што там з мужам, ды і ўся, лічы, радня ў нас ва Ўкраіне засталася. Я хачу дахаты як хутчэй. Але што далей будзе — невядома», — кажа Тацяна.

Яе сьвякроў Ірына кажа, што ня мае словаў апісаць тое, што адбылося. «Я раніцай не магла паверыць, што вайна. Што Пуцін напаў на нас! Якая маці яго нарадзіла? Я слухала розныя пагрозы, але думала, што гэта ўсё блеф. А што беларускія ўлады падтрымалі... Я пра гэта не хачу і думаць, мне ёсьць пра што думаць», — кажа жыхарка Львова.

Яна кажа, што злосная, бо ў цягніку са Львова на Перамышль было шмат маладых мужчын. «Вось яны зьехалі... Хто будзе абараняць Украіну?», — пытае Ірына.

Чакае якога-небудзь транспарту зь Перамышля расіянка Ганна. Яна цяпер грамадзянка Нарвэгіі і жыве там. Ва Ўкраіну прыяжджала ў санаторый з малым дзіцём. «Гэты напад з боку Расеі — гэта жахліва, што так адбываецца. Вельмі шкада ўкраінскі народ. Што цяпер будзе? Чым гэта скончыцца? Перадзелам сфэр уплыву Расеі і NATO?», — кажа Ганна.

На вакзале ў Перамышлі сядзяць таксама грамадзяне Ізраілю. Яны ва Ўкраіну прыехалі зь дзецьмі на спаборніцтвы ў вольнай барацьбе. «І тут — вайна. Ну цяпер вось так спрабуем дабрацца да роднай краіны — Ізраілю. Нам абяцалі з Ізраілю грашовую дапамогу. Вось чакаем перавод. Я ў палітыку ня лезу. Але простых людзей, якія цярпяць, мне вельмі шкада», — апавядае ізраільцянін.

Наступная наша суразмоўца — грамадзянка Нямеччыны. Яна дзесяць гадоў пражыла ў Кіеве з мужам-украінцам і паўтарагадовым сынам. Выкладала нямецкую мову. Цяпер сям’я кінула ўсё і ўцякае з Украіны. «Там была праца, здымалі кватэру... Але як пачулі пра вайну — вырашылі ўцякаць. Ранкам пачулі выбухі, убачылі, што бамбяць аэрапорт... Як такое магло адбыцца? Гэта проста не ўкладаецца ў галаве», — кажа яна.

Улады Польшчы і Падкарпацкага ваяводзтва ў прыватнасьці запэўніваюць, што акажуць украінцам усялякую дапамогу. У буйных польскіх гарадах ужо праходзяць зборы грошай, ежы і вопраткі. Іх арганізавалі ўлады, дабрачынныя арганізацыі і Каталіцкі касьцёл. Украінцаў абяцаюць прыняць прынамсі сем ваяводзтваў.

На пункце пропуску «Карчова» з боку Польшчы (украінскі пункт пропуску «Кракавец») — узмоцнены рэжым, шмат вайсковай тэхнікі непадалёк. З боку Ўкраіны — вялікія чэргі аўтамабіляў. У Львове — вялізныя чэргі ў аптэкі, банкаматы, крамы.

У вёсках Карчова і Мэдыка каля мяжы арганізаваныя пункты прыёму ўкраінцаў.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG