Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы законапраект: за ўдзел у зьліквідаванай арганізацыі — да двух гадоў зьняволеньня


Палата прадстаўнікоў. Архіўнае фота
Палата прадстаўнікоў. Архіўнае фота

Сёньня Палата прадстаўнікоў у двух чытаньнях прыняла законапраект аб увядзеньні крымінальнай адказнасьці за ўдзел у зьліквідаваных і незарэгістраваных арганізацыях.

На Нацыянальным праўным інтэрнет-партале зьявіўся тэкст праекту закону.

Згодна з дакумэнтам, Крымінальны кодэкс хочуць дапоўніць артыкулам 193.1 (Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасьці). Адказнасьць — штраф, альбо арышт, альбо пазбаўленьне волі на тэрмін да двух гадоў.

У праекце закону тлумачыцца, што пад удзелам у дзейнасьці палітычнай партыі, іншага грамадзкага абʼяднаньня, рэлігійнай арганізацыі або фонду ў гэтым артыкуле разумеюцца дзеяньні, накіраваныя на дасягненьне мэтаў названых грамадзкіх утварэньняў, у тым ліку вызначаных у іх статутных і іншых дакумэнтах.

У Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэньнях законапраект дапоўніць артыкул 24.23 (Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Фактычна гэта будзе забарона дапамагаць грашыма аштрафаваным.

«За парушэньне забароны на збор, атрыманьне, выкарыстаньне грашовых сродкаў, іншай маёмасьці, выкананьне работ, аказаньне паслугаў для мэтаў кампэнсацыі выдаткаў, абумоўленых прыцягненьнем асобы да адказнасьці за парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў будзе ўстаноўленая адказнасьць у выглядзе штрафу ў памеры ад пяці да трыццаці базавых велічынь з канфіскацыяй прадмету адміністрацыйнага правапарушэньня або без канфіскацыі, а на юрыдычную асобу — да ста адсоткаў ад сумы (кошту) прадмету адміністрацыйнага правапарушэньня зь яго канфіскацыяй або без канфіскацыі».

Цяпер законапраект павінен разгледзець Савет Рэспублікі. Пасьля гэтага яго мусіць падпісаць Аляксандар Лукашэнка.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG