Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне расказалі, як і чаму выконваюць запыты зь Беларусі ў палітычна матываваных крымінальных справах


Генэральная пракуратура Ўкраіны, архіўнае фота
Генэральная пракуратура Ўкраіны, архіўнае фота

Беларусь з канца 2020 году істотна павялічыла колькасьць запытаў у Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны, аднак большасьць зь іх датычыць крымінальных справаў аб кампутарных злачынствах.

«Калі ў 2019 годзе было 588 запытаў з агульнай колькасьці 2100 з усіх замежных краін, у 2020-м — 1195 з больш як 2,5 тысячы запытаў, то ў 2021-м, гэта інфармацыя на сярэдзіну лістапада, Офіс генэральнага пракурора атрымаў 1531 запыт зь Беларусі. Гэта вельмі шмат. Гэта больш за палову тых запытаў, якія мы атрымліваем з усіх замежных краін», — сказала прадстаўніца дэпартамэнту міжнародна-прававой супрацы Офісу генпракурора Ўкраіны Вольга Кіцул.

У часе свайго выступу на міжкамітэцкіх слуханьнях у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны аб абароне правоў грамадзян Беларусі, якія шукаюць абароны ва Ўкраіне, Вольга Кіцул падкрэсьліла, што ўкраінскі бок абавязаны выконваць усе гэтыя запыты на падставе міжнароднага і нацыянальнага заканадаўства. «Міжнародныя ўгоды — гэта частка нашага заканадаўства, і калі Вярхоўная Рада ратыфікавала іх, Офіс генпракурора мусіць іх безумоўна выконваць».

Вольга Кіцул удакладніла, што пераважная большасьць беларускіх запытаў датычыцца крымінальных справаў па фактах выкраданьня грошай шляхам выкарыстаньня кампутарнай тэхнікі.

«Беларускі бок просіць нас высьветліць усю інфармацыю пра нумар тэлефона, празь які ажыцьцяўлялася сувязь, IP-адрасы і банкаўскія карткі, на якія пераводзіліся гэтыя грошы. Такіх запытаў прыблізна 90%. Мы прымаем іх да выкананьня, таму што падстаў для адмовы ў арганізацыі выкананьня такіх запытаў у нас няма. Адпаведна, каб атрымаць часовы доступ (да такой інфармацыі), пракуроры зьвяртаюцца ў суд, суд разглядае пытаньне, ацэньвае яго законнасьць, абгрунтаванасьць і дае (або адмаўляе, што бывае вельмі рэдка) такі дазвол, і мы праводзім адпаведныя працэсуальныя дзеяньні», — патлумачыла прадстаўніца Офісу генэральнага пракурора.

Вольга Кіцул паведаміла, што пасьля падзеяў, якія пачаліся ў Беларусі ў канцы лета 2020 году, Офіс генэральнага пракурора пачаў атрымліваць запыты і ў іншых крымінальных справах.

«Гэта, напрыклад, гвалт або пагроза гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, суду ці народнага засядацеля, або абраза ці гвалт у дачыненьні да суду, народных засядацеляў або прысяжнага. Калі па першай катэгорыі запытаў у нас ёсьць аналягічны артыкул Крымінальнага кодэксу, то наш Кодэкс не прадугледжвае крымінальнай адказнасьці за абразы, таму тут ёсьць падставы для адмовы ў задаволеньні. Такі запыт (пра абразу) не адпавядае нашаму заканадаўству, бо такія правапарушэньні ў нас не крыміналізаваныя і не зьяўляюцца злачынствам», — патлумачыла прадстаўніца Офісу генэральнага пракурора.

У той жа час Вольга Кіцул дадала, што Ўкраіна ня можа адмовіць у прававой дапамозе на запыт аб гвалце ў дачыненьні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў або суду.

«У нас ёсьць аналягічныя артыкулы ў Крымінальным кодэксе, і падставы для адмовы прадугледжаныя часткай 1 артыкулу 557 Крымінальнага кодэксу, калі можна адмовіць у выкананьні запыту аб міжнароднай дапамозе ў выпадках, прадугледжаных міжнародным дагаворам Украіны. Міжнародным дагаворам, які дзейнічае зь Рэспублікай Беларусь, прадугледжана толькі такая падстава — калі гэта супярэчыць заканадаўству Ўкраіны або калі гэта можа нашкодзіць дзяржаўнаму сувэрэнітэту ці нацыянальнай бясьпецы нашай краіны. Іншых падставаў для адмовы не прадугледжана».

Паводле прадстаўніцы Офісу генэральнага пракурора Ўкраіны, пры разглядзе такіх запытаў, безумоўна, ёсьць рызыка яго палітычнай матываванасьці, бо ў Беларусі расьсьледуюць крымінальныя справы, у якіх фігуруюць камэнтары да допісаў у сацыяльных сетках.

«Напрыклад, у тэлеграм-чаце хтосьці напісаў, што такі канкрэтны судзьдзя (там цэнзурных выказваньняў вельмі мала, але асноўны пасыл, што судзьдзі судзяць несправядліва) на службе ў фашысцкага рэжыму, і палітычная матываванасьць такіх крымінальных перасьледаў можа прысутнічаць. Разам з тым, пакуль канвэнцыя дзейная, закон пра яе ратыфікацыю ёсьць, мы абавязаныя прымаць такія запыты. Падставаў для адмовы для іх выкананьня, на жаль, Крымінальны кодэкс Украіны і міжнародныя пагадненьні не прадугледжваюць», — расказала Вольга Кіцул.

Якія дакумэнты вызначаюць супрацу сілавых структураў Беларусі і Ўкраіны

  • Дамова аб супрацы паміж Генэральнымі пракуратурамі Беларусі і Ўкраіны. Падпісана ў траўні 2010 году. У яе межах ведамствы могуць накіроўваць запыты аб міжнароднай дапамозе ў крымінальных справах. Паводле працэдуры, запыт накіроўваецца ў пісьмовай форме, але ў неадкладных выпадках можа перадавацца вусна: пры ўмове, што будзе пацьверджаны пісьмова цягам трох дзён. У выпадку, калі адзін з бакоў ня можа выканаць запыт, ён мусіць абавязкова паведаміць пра абставіны, якія перашкаджаюць выкананьню. Тэкст пагадненьня даступны ў заканадаўчай базе Ўкраіны.
  • Дамова аб супрацы і ўзаемадзеяньні паміж Службай бясьпекі Ўкраіны і Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі Беларусі. Падпісана ў ліпені 1992 году. З 1993-га да 2006 году ў яе межах бакі падпісалі 21 пратакол. Дакумэнт забаронены да публікацыі, бо зьмяшчае службовую інфармацыю; адпаведна, доступ да яго абмежаваны.
  • Міжурадавая дамова аб супрацы ў памежных і мытных пытаньнях. Падпісана ў сьнежні 1992 году. Дакумэнт прадугледжвае супрацу і супольны кантроль на мяжы за працэсамі нелегальнай міграцыі, кантрабанды, за тэрарызмам і наркабізнэсам. У межах гэтай дамовы штогод падпісваецца пратакол аб парадку абмену інфармацыяй. Апошні такі пратакол падпісалі ў лістападзе 2020 году. Пратакол забараняе ўкраінскім памежнікам перадаваць беларускаму боку інфармацыю з абмежаваным ва Ўкраіне доступам, а таксама пэрсанальныя зьвесткі. Апроч таго, бакі абавязаныя не выдаваць інфармацыю, атрыманую ў межах рэалізацыі гэтага пратаколу. Тэкст пагадненьня даступны ў заканадаўчай базе Ўкраіны.
  • Дамова аб рэадмісіі. Падпісана ў кастрычніку 2018 году, набыла юрыдычную моц у жніўні 2020-га. У ёй вызначаны ўзаемныя абавязаньні дзяржаў прымаць на сваю тэрыторыю сваіх грамадзян, а таксама грамадзян трэціх краін і асобаў без грамадзянства, якія незаконна ўехалі на іхную тэрыторыю або незаконна знаходзяцца на ёй. Апроч таго, пад дзеяньне гэтага дакумэнту падпадаюць грамадзяне, якія страцілі падставы для легальнага знаходжаньня ў іншай краіне. Тэкст дакумэнту даступны ў заканадаўчай базе Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG