Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Ігара Лучанка, год таму — забіты Раман Бандарэнка


Падзеі 12 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

12 лістапада 2020 году ў выніку зьбіцьця, атрыманых у часе і пасьля затрыманьня на «Плошчы пераменаў», памёр 31-гадовы Раман Бандарэнка. Хто менавіта забіў Рамана Бандарэнку, невядома. Аднак сярод прысутных падчас нападу 12 лістапада 2020 году на запісах з камэраў назіраньня пазналі экс-кіраўніка Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава, неаднаразовага чэмпіёна сьвету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Дзьмітрыя Шакуту і прэс-сакратарку Лукашэнкі Натальлю Эйсмант.

Дзень у гісторыі

1918 — Аўстрыя абвясьціла сябе рэспублікай.

1918 — рашэньнем Рэгенцкай Рады Польшчы Юзэф Пілсудскі прызначаны кіраўніком дзяржавы.

1933 — у Нямеччыне на рэфэрэндуме 95% насельніцтва краіны ўхвалілі палітыку Адольфа Гітлера.

1948 — завяршыўся Такійскі працэс над японскімі ваеннымі злачынцамі. Сямёра абвінавачаных былі асуджаныя на сьмяротнае пакараньне праз павешаньне, шаснаццаць — на пажыцьцёвае зьняволеньне.

1982Юрый Андропаў выбраны генэральным сакратаром ЦК КПСС.

У гэты дзень нарадзіліся

1796 Міхал Рукевіч, вайсковец, удзельнік вызвольнага руху 1820-х, паліткатаржанін.

Ёсьць людзі, жыцьцёвы шлях якіх яўляе сабой зайздросны ўзор пасьлядоўнасьці й вернасьці юначым ідэалам. Праўда, словы пра зайздрасьць тут, можа, ня самыя дакладныя, бо такія жыцьці маюць уласьцівасьць зусім не заўсёды складвацца шчасьліва.

Бязвусым юнаком Міхал Рукевіч, спадзеючыся на аднаўленьне незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага, ваяваў пад штандарамі з Пагоняй у «літоўскіх» войсках Напалеона, дзе служыла 25 тысяч нашых продкаў-ліцьвінаў. Празь дзесяць гадоў у адным з сваіх вершаў ён пісаў:

Дык калі паклічуць трубы
Нас у сонечны прасьцяг,
Дружна ўздымем вальналюбы
Мы з Пагоняй нашай сьцяг!

Зрэшты, дзесяцігодзьдзе было прысьвечанае ня толькі складаньню вершаў. Вярнуўшыся з палону, куды Міхал трапіў у Францыі, ён вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце, удзельнічаў у таемным патрыятычным таварыстве філяматаў, ствараў з аднадумцамі ягоныя філіі — таварыствы прамяністых і філярэтаў, а потым — падпольную арганізацыю «Згодных братоў» («Заранаў»), сябры якой, навучэнцы Беластоцкай і Сьвіслацкай гімназіяў, марылі пра вызваленьне Айчыны ад расейскага панаваньня.

У 1825-м частка «Заранаў» увайшла ў склад узьніклага з ініцыятывы Рукевіча (ён жыў пад Беластокам у вёсцы Завыкі) рэвалюцыйнага таварыства «Вайсковыя сябры». Ужо сам назоў красамоўна сьведчыў, што тут месца ранейшых летуценьняў занялі канкрэтныя й небясьпечныя для ўладаў справы.

Арганізацыя складалася зь мясцовых чыноўнікаў, гімназістаў, шляхцічаў, а найперш з афіцэраў і жаўнераў дысьлякаванага на Гарадзеншчыне і Беласточчыне Літоўскага асобнага корпусу царскай арміі. У ліку кіраўнікоў «Вайсковых сяброў» быў капітан Канстанцін Ігельстром, які трымаў сувязь з расейскім дзекабрыстам Вільгельмам Кюхельбэкерам.

У лістах да паплечнікаў Рукевіч пісаў пра знаёмцаў, што любяць танцы пад добрую музыку. У перакладзе з кансьпірацыйнай мовы гэта былі ўдзельнікі таварыства. Такіх «танцораў» набралася нямала — блізу пяцідзесяці. Яны вялі антыўрадавую прапаганду ў войсках, а сваімі мэтамі абвяшчалі змаганьне за «вольнасьць» і «ўсеагульны дабрабыт».

Празь дзесяць дзён пасьля паўстаньня дзекабрыстаў «Вайсковыя сябры» сарвалі прысягу Мікалаю І у сапэрным батальёне, дзе адной з ротаў камандаваў Ігельстром. На большае сілаў не хапіла.
Рэвалюцыянэраў арыштавалі й аддалі пад суд. Рукевіча й Ігельстрома прысудзілі да пакараньня сьмерцю, якое замянілі дзесяцігадовай катаргай з далейшым пасяленьнем у Сібіры. Міхал адбываў пакараньне разам зь дзекабрыстамі. Роднай Літвы-Беларусі ён больш ня ўбачыў.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 36-37.

1823Павал Шпілеўскі, беларускі этнограф і пісьменьнік.

1885 Міхайла Грамыка, беларускі пісьменьнік і навуковец.

1911 Яўген Ціхановіч, беларускі мастак.

Яўген Ціхановіч. Партрэт Якуба Коласа. 1977 г.
Яўген Ціхановіч. Партрэт Якуба Коласа. 1977 г.

1920Андрэй Макаёнак, беларускі драматург.

У памяці

1572 Рыгор Хадкевіч, дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ.

1623Язафат Кунцэвіч, уніяцкі арцыбіскуп, актыўны праваднік Берасьцейскай царкоўнай уніі (забіты).

1996 Анатоль Майсеня, беларускі журналіст і грамадзкі дзеяч.

Анатоль Майсеня, архіўнае фота
Анатоль Майсеня, архіўнае фота

2018 Ігар Лучанок, беларускі кампазытар, піяніст, народны артыст Беларусі.

Ігар Лучанок
Ігар Лучанок

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG