Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За філёзафа працуюць ягоныя ідэі». Як Уладзімер Мацкевіч сядзіць і ў турме, і ў фэйсбуку


Уладзімер Мацкевіч, архіўнае фота
Уладзімер Мацкевіч, архіўнае фота

Пасьля арышту вядомага філёзафа Ўладзімера Мацкевіча ягоныя аднадумцы, сябры распачалі кампанію «Філёзаф за кратамі» #философ_в_тюрьме #philosopher_in_prison, #філосаф_у_турме. «Каб ідэі Мацкевіча працягвалі працаваць», — так тлумачыць яны сваю мэту.

Мацкевіч прызнаны «схільным да экстрэмізму» і сядзіць у адзіночцы

Да вядомага мэтадоляга і філёзафа Ўладзімера Мацкевіча 4 жніўня прыйшлі супрацоўнікі КДБ, правялі ператрус, канфіскавалі аргтэхніку і дакумэнты, зьмясьцілі яго ў ІЧУ на Акрэсьціна. Праз 10 дзён перавялі ў СІЗА № 1. Мацкевіч абвінавачваецца ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342). Аднак на Валадарцы ніякіх сьледчых дзеяньняў не праводзіцца. У камэры з 14 жніўня яго трымаюць аднаго. Днямі філёзафа прызналі «схільным да экстрэмізму».

Калега Мацкевіча, каардынатарка «Лятучага ўнівэрсытэту» Тацяна Вадалаская пажартавала, што, можа, гэта і добра, бо ў яго будзе магчымасьць працаваць і ў турме.

«Мы перадалі Ўладзімеру ў СІЗА шмат сшыткаў і асадак. Ведаем, што ён і ў камэры плённа працуе, піша эсэ. Бо адно з катаваньняў — перакрыць яму магчымасьць размаўляць», — кажа Тацяна.

«Выносім усе ідэі Мацкевіча на публічнае абмеркаваньне»

Пасьля арышту Мацкевіча каманда вырашыла, што ягоная інтэлектуальная праца павінна стаць публічнай, і распачала кампанію для папулярызацыі яго ідэй.

«Пакуль мэтадоляг і філёзаф Уладзімер Мацкевіч знаходзіцца ў зьняволеньні, мы, каманда Мацкевіча, стварылі гэтую старонку, каб не перапыняць сувязь з жывой думкай, з ідэямі і прапановамі, каб працягваць самае галоўнае і самае важнае для нашага сябра, калегі і настаўніка», — так патлумачыла сваю задумку каманда.

Каманда ставіць перад сабой некалькі асноўных мэтаў, расказвае каардынатарка «Лятучага ўнівэрсытэту» Тацяна Вадалаская.

«Наша задача, з аднаго боку, падтрымаць Мацкевіча, бо ён за кратамі, у інфармацыйным вакуўме, і нам вельмі важна, каб ён ведаў, што пра яго не забыліся. Нам вельмі важна данесьці інфармацыю да яго самога.

А з другога боку, мы дэманструем, што працягваем справу, якой ён прысьвяціў жыцьцё.

Яго задача — дарабіць, скажам так, трансфармацыю Беларусі, зь ягонага боку — праца з ідэямі і прапановамі. Таму мы стварылі гэтую старонку замест заблякаваных акаўнтаў Ўладзімера і спрабуем вынесьці ўсе ягоныя ідэі на публічнае абмеркаваньне, каб не перапыняць сувязь з жывой думкай», — дзеліцца Тацяна.

Гэта ідэі з анансаваным рэфэрэндумам аб зьменах у Канстытуцыі (на старонцы апублікавалі тры тэзісы Мацкевіча, якія ён агучыў на «круглым стале» 2 жніўня), праблемы інтэграцыі і ўвогуле асэнсаваньне сучаснага становішча ў Беларусі, пералічвае Тацяна.

«Сапраўды, важна вызначыцца з сытуацыяй. Ацаніць, дзе і ў якім стане мы знаходзімся. Што ў гэтай сытуацыі будзе „нашай гульнёй“, а што не. Гвалт і рэпрэсіі апошняга году патрабуюць наноў разглядаць традыцыйная дзеяньні і крокі ў палітычным полі.

Пачалі мы з дыскусіі „Як інтэлектуальныя ідэі працуюць на беларускую рэвалюцыю“, у якой удзельнічалі Тацяна Шчытцова, Гінтаўтас Мажэйкіс, шэраг замежных і беларускіх інтэлектуалаў. Цяпер рыхтуем яшчэ адну зьмястоўную дыскусію», — працягвае яна.

Каманда Мацкевіча запрашае інтэлектуалаў, палітыкаў, аналітыкаў, журналістаў і ўсіх думаючых людзей да абмеркаваньня тэкстаў, ідэй, прапаноў, ужо агучаных філёзафам, і тых, якія ён яшчэ прапануе.

«У тваёй справе ўсё паводле Оруэла»

Да кампаніі далучыліся філёзаф Валянцін Акудовіч, гісторык Алесь Краўцэвіч, іншыя вядомыя асобы. Яны падтрымліваюць сябра і калегу лістамі. Праўда, невядома, ці атрымлівае іх Мацкевіч, бо пакуль ён атрымаў ня больш за 5 лістоў, паводле адваката. Таму самыя цікавыя лісты публікуюцца на старонцы.

Прафэсар Алесь Краўцэвіч запэўнівае, што іх з Мацкевічам агульныя творчыя задумы і пляны не адкладаюцца, а толькі пераносяцца на непрацяглы час.

«У тваёй справе ўсё па Оруэлу — думзлачынства, недаравальнае з прычыны яго агучваньня. Ты публікуеш свае думкі, і ворагі ў іх пабачылі пагрозу для сябе. Тваё зьняволеньне — прызнаньне ворагам значнасьці небясьпекі тваіх думак для ягонага панаваньня. Пры ўсёй сумнасьці і юрыдычнай абсурднасьці сытуацыі такое прызнаньне, несумненна, дорага каштуе», — піша Алесь Краўцэвіч.

Сам Мацкевіч праз адваката перадаў сваё стаўленьне да арышту і абвінавачаньня.

«У абвінавачаньні, якое я атрымаў, не названа ніводнага дзеяньня або ўчынку. Я разумею, што падставай для арышту сталі артыкулы, выказваньні, ідэі і думкі; гэта значыць, мяне зьбіраюцца судзіць за „думзлачынства“ паводле Оруэла. Менавіта гэта найлепш характарызуе сёньняшні рэжым у Беларусі», — так адказаў філёзаф на пытаньне Deutsche Welle.

Калегі і паплечнікі Мацкевіча заклікаюць да салідарнасьці — дасылаць лісты, ладзіць акцыі ў падтрымку арыштаванага філёзафа.

«Пры гэтай блякадзе, калі звычайныя лісты могуць не дайсьці да Ўладзімера, мы заклікаем пісаць адкрытыя лісты, а перадаваць будзем праз адваката», — дадае Тацяна Вадалаская.

Напісаць Уладзімеру Мацкевічу можна на адрас
СІЗА № 1,
вул. Валадарскага, 2,
220030, Менск
.

Уладзімер Мацкевіч — філёзаф і мэтадоляг, грамадзкі дзеяч, тэлевядоўца. Заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў, першы кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» (міжнародная грамадзкая арганізацыя, створаная прадстаўнікамі НДА ў 2007 годзе і зарэгістраваная ў Літве ў 2009 годзе), заснавальнік праграмы стварэньня «Лятучага ўнівэрсытэту».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG