Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шматдзетныя маці, журналісткі, пэнсіянэркі: жанчыны ў няволі, зь якімі нібыта «не ваюе» Лукашэнка


У гомельскай выпраўленчай калёніі № 4. Архіўнае фота
У гомельскай выпраўленчай калёніі № 4. Архіўнае фота

«Я з жанчынамі не ваюю», — заявіў летам 2021-га Аляксандр Лукашэнка. Але ў Беларусі 74 жанчыны прызнаныя палітвязьнямі, а ў турмах, калёніях, СІЗА іх яшчэ больш. Дзясяткі жанчын асудзілі на так званую «хімію» — рэальную ці хатнюю.

Хто сёньня знаходзіцца за кратамі з палітычных матываў? Свабода нагадвае пра 12 гучных спраў.

Палітык і музыка Марыя Калесьнікава: 11 гадоў зьняволеньня

Марыя Калесьнікава, твар выбарчай кампаніі Віктара Бабарыкі, пасьля затрыманьня свайго кандыдата актыўна ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Увайшла ў прэзыдыюм Каардынацыйнай рады.

7 верасьня мінулага году Марыю выкралі і гвалтоўна вывезьлі на беларуска-ўкраінскую мяжу для выдварэньня з краіны. Калесьнікава парвала пашпарт і перашкодзіла спэцапэрацыі сілавікоў. Год яна правяла за кратамі.

6 верасьня 2021 года суд, які праходзіў у закрытым рэжыме, прызнаў Калесьнікаву вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.

Алена Маўшук: 6 гадоў за тое, што нібыта замахнулася палкай на амапаўца

44-гадовую Алену Маўшук зь Пінску затрымалі 10 жніўня 2020 году за ўдзел у масавых беспарадках. Жанчына мае траіх дзяцей ва ўзросьце ад 5 да 19 гадоў. Яе асудзілі на 6 гадоў за тое, што нібыта замахнулася палкай на амапаўца.

Калі Алена пачула, што пракурор просіць для яе 6 гадоў калёніі, напісала ў сшытку «Я павешуся» і паказала ў залю. Мужа Алены Сяргея таксама асудзілі — на 6,5 года зьняволеньня. Непаўналетніх дзяцей неаднаразова пагражалі забраць у прытулак.

Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 24.

Тацяна Канеўская: 6 гадоў зьняволеньня за тое, што была даверанай асобай Ціханоўскай

Тацяне Канеўскай 54 гады, яна з Гомлю. Зьяўлялася даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай, актывісткай жаночага руху «Маці 328». У Канеўскай чацьвёра дзяцей ва ўзросьце ад 14 да 36 гадоў.

Затрымалі Канеўскую яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў, 6 жніўня 2020 году. На судзе адвакаты даводзілі, што абвінавачаньне супраць Канеўскай і іншых давераных асобаў Ціханоўскай грунтуецца на фразах кшталту «спрабавалі вэрбаваць былых сілавікоў», «плянавалі захапіць адміністрацыйныя будынкі».

У выніку Канеўскую асудзілі на 6 гадоў пазбаўленьня волі паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).

Антаніна Канавалава: 5,5 года, давераная асоба Ціханоўскай

33-гадовую Антаніну Канавалаву затрымалі 6 жніўня 2020 году. Праходзіла ў справе тэлеграм-каналу «Армия с народом».

Антаніну Канавалаву абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках), ч. 3 арт. 293 (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне гэтай дзейнасьці). Асудзілі на 5 з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Яе муж, Аляксандар Ярашэвіч, асуджаны на 6 гадоў турмы.

У пары двое дзяцей — дачцэ Насьці 5 гадоў, сыну Івану — 7. Дзеці з бабай і дзедам знаходзяцца за мяжой.

Натальля Хершэ: 2,5 года за сарваную з амапаўца балаклаву

Беларуска Натальля Хершэ стала жыве ў Швайцарыі апошнія 12 гадоў. У жніўні 2020 году прыехала ў адпачынак на радзіму.

На жаночым маршы 19 верасьня ў Менску Хершэ сарвала балаклаву з амапаўца. Пры затрыманьні, паводле службовага рапарту сілавікоў, жанчына не падпарадкавалася прапанове супрацоўніка спэцслужбаў прайсьці ў спэцтранспарт і «аказала супраціў з гвалтам» у дачыненьні да байца АМАП Сяргея Кончыка: падрапала 22-гадоваму міліцыянту твар, сьцягнула зь яго балаклаву і нанесла «цялесныя траўмы».

Вырак — 2 гады 6 месяцаў у калёніі агульнага рэжыму і матэрыяльная кампэнсацыя ў памеры 1000 рублёў на карысьць амапаўца.

Вольга Клімкова: 3,5 года за лялькі з выявамі «найвышэйшых службовых асоб»

47-гадовую Вольгу Клімкову затрымалі 24 лістапада ў Магілёве — у яе машыне знайшлі 800 асобнікаў газэты «Могилёвские вести». Паводле МУС, Вольга зь іншымі асобамі «вырабіла шэсьць роставых лялек з цынічнымі надпісамі і выявамі найвышэйшых службовых асоб, разьмясьціла іх на мастах паблізу вёсак Вільчыцы і Любуж, сфатаграфавала і распаўсюдзіла здымкі ў сетках».

Суд праходзіў у закрытым рэжыме ў гарадзкім пасёлку Круглае Магілёўскай вобласьці. Вользе Клімковай прысудзілі 3,5 года зьняволеньня паводле ч. 2 артыкулу 339 КК (хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў) і артыкулу 368 (абраза прэзыдэнта).

Паліна Шарэнда-Панасюк: 2 гады за абразу Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады

Маці дваіх непаўналетніх дзяцей, берасьцейскую актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 году. Пакаралі двума гадамі калёніі агульнага рэжыму. Яна таксама мусіць выплаціць 4500 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды тром міліцыянтам. Абвінавацілі яе паводле

  • арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту да супрацоўніка органаў унутраных спраў);
  • арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады);
  • арт. 368 (абраза прэзыдэнта).

Соф’я Малашэвіч: 2 гады за размаляваныя шчыты амапаўцаў і абразу прэзыдэнта

18-гадовая Соф’я Малашэвіч 6 верасьня каля Палаца Незалежнасьці расьпісала фарбай з балёнчыка шчыты амапаўцаў і сыстэму «Рубеж», танцавала, а яе сябар Ціхан Клюкач здымаў гэта на відэа. Дзяўчыну спачатку абвінавацілі ў хуліганстве, учыненым групай асобаў (частка 2 артыкула 339 КК) і ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342). А потым дадалі абвінавачаньне ў публічнай абразе прэзыдэнта (арт. 368) за плякат на адной з акцый, які Соф’я трымала ў руках.

У выніку дзяўчына атрымала 2 гады пазбаўленьня волі.

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова: 2 гады за стрым з «плошчы Перамен»

Журналісткі вялі стрым на тэлеканале «Белсат» з кватэры шматпавярховіка, што знаходзіцца на «плошчы Перамен». 15 лістапада там праходзіла акцыя памяці загінулага Рамана Бандарэнкі. Дзяўчат затрымалі, яны сталі фігуранткамі крымінальнай справы, іх абвінавацілі ў «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ў актыўным удзеле ў іх» (арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

18 лютага Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі.

Справа студэнтаў: па 2,5 года сямі студэнткам, выпускніцы і выкладчыцы

У «справе студэнтаў» ўсяго фігуравалі 12 чалавек (7 зь іх — дзяўчаты-студэнткі, 3 хлопцы, а таксама выкладчыца і выпускніца). Усе, акрамя аднаго хлопца, які прызнаў сваю віну, атрымалі па 2,5 года зьняволеньня. Усіх абвінавацілі ў змове, ажыцьцяўленьні злачынства групай асобаў і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 2 арт. 17 і ч. 1 арт. 342 КК).

За кратамі цяпер знаходзяцца:

  • Марыя Каленік, студэнтка БДАМ;
  • Ксенія Сырамалот, студэнтка БДУ;
  • Кася Будзько, студэнтка БДПУ;
  • Вікторыя Гранкоўская, студэнтка БНТУ;
  • Анастасія Булыбенка, студэнтка БНТУ;
  • Яна Арабейка, студэнтка БДПУ;
  • Тацяна Якельчык, студэнтка мэхмату БДУ;
  • Вольга Філатчанкава, выкладчыца БДУІР;
  • Алана Гебрэмарыям, выпускніца БДМУ, сябра Каардынацыйнай рады, прадстаўніца Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў.

Маці пяцярых дзяцей Вольга Залатар: нібыта стварыла «экстрэмісцкае фармаваньне»

Магістарка сацыялёгіі, шчырая каталічка Вольга Залатар была затрыманая 18 сакавіка 2018 году. Абвінавачваецца ў стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня (ч. 1 арт. 361). Ёй пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.

Вольгу ўжо паўгода трымаюць у СІЗА № 1 на Валадарцы, яе накіроўвалі на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі. Нядаўна яна цяжка перахварэла на COVID-19.

Палітзьняволеная Вольга Залатар мае 5 дзяцей, ад 4 да 17 гадоў.

Пэнсіянэрка Алена Гнаўк: на судзе сказала, што «ўладу захапіў не зусім здаровы чалавек»

64-гадовая Алена Гнаўк цяпер жыве ў вёсцы Ткачы Пружанскага раёну. У 1978 годзе яна скончыла Маскоўскі юрыдычны інстытут, а ў 1993 — факультэт сусьветнай эканомікі МДІМЗ (МГИМО).

2 верасьня 2021 году Алену пачалі судзіць другі раз, цяпер яе абвінавачваюць яе ў абразе Лукашэнкі. У ліпені на судзе ў «карагоднай справе», дзе жанчына выступала ў якасьці абвінавачванай, яна сказала: «9 жніўня мінулага году ўладу захапіў не зусім здаровы, прабачце, псыхічна чалавек».

Гнаўк ужо адбывае пакараньне — 2 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у масавых беспарадках у той самай «карагоднай справе». Цяпер пракурор запатрабаваў сумарна пакараць яе трыма гадамі «хатняй хіміі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG