Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн і Зяленскі правялі перамовы ў Белым доме

абноўлена

Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн
Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн правёў у Белым доме перамовы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Гэтую сустрэчу, падрыхтоўка якой вялася на працягу двух гадоў, адклалі на адзін дзень з прычыны кансультацый наконт Афганістану.

Як заяўллялі высокапастаўленыя прадстаўнікі адміністрацыі ЗША перад сустрэчай прэзыдэнтаў, візыт мае прадэманстраваць «прыхільнасьць Злучаных Штатаў да сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці і эўраатлянтычных памкненьняў Украіны», паведамляе «Голас Амэрыкі».

Тэлеканал «Настоящее время» правёў жывы эфір, прысьвечаны гэтай сустрэчы:

Жывы эфір, прысьвечаны перамовам Байдэна зь Зяленскім, правяла таксама ўкраінская служба Радыё Свабода:

Спачатку Байдэн і Зяленскі правялі перамовы ў пашыраным фармаце пры ўдзеле ключавых дарадцаў, а затым — сам-насам.

Афіцыйныя асобы паведамілі журналістам, што падчас сустрэчы будуць абмяркоўваюцца пытаньні бясьпекі, энэргетычнай і кліматычнай палітыкі, а таксама меры па барацьбе з карупцыяй ва Ўкраіне.

Таксама паведамлялася, што бакі плянуюць анансаваць некалькі пагадненьняў, у тым ліку аб дапамозе Ўкраіне ў сфэры бясьпекі, гуманітарнай дапамогі пацярпелым ад крызісу на ўсходзе Украіны і дапамогі ў сувязі з каранавірусам.

Што тычыцца супрацоўніцтва ў галіне бясьпекі, то адміністрацыя Байдэна вырашыла падтрымаць аказаньне дадатковай ваеннай дапамогі Ўкраіне на выпадак магчымай эскаляцыі яе даўняга канфлікту з Расеяй. Акрамя таго, Байдэн выказаў намер перадаць Украіне дадатковую вайсковую тэхніку на суму 60 мільёнаў даляраў. Па словах адной з крыніцаў, пакет будзе ўключаць у сябе супрацьтанкавыя сыстэмы Javelin і іншыя «абарончыя сьмяротныя і несьмяротныя сродкі».

Як паведамляюць у адміністрацыі, у гэтым годзе ўрад ЗША надасьць Украіне гуманітарную дапамогу ў памеры 45 мільёнаў даляраў, каб падтрымаць жыхароў усходу краіны, якія пацярпелі ў выніку канфлікту з Расеяй.

Высокапастаўлены чыноўнік адміністрацыі Байдэна заявіў журналістам, што Байдэн выкажа «рашучасьць» абараніць бясьпеку і сувэрэнітэт Украіны.

Як заявілі высокапастаўленыя крыніцы ў адміністрацыі, у знак значнасьці стратэгічнага партнэрства паміж дзьвюма краінамі ЗША і Ўкраіна абвесьцяць аб аднаўленьні дзейнасьці заснаванай у 2008 годзе Камісіі па стратэгічным партнэрстве, якая не склікалася апошнія тры гады.

У той жа час Белы дом неаднаразова падкрэсьліваў, што чакае ад Украіны адчувальных вынікаў у барацьбе з карупцыяй. Па словах прадстаўнікоў амэрыканскай адміністрацыі, чакаецца, што лідэры дзьвюх краін абмяркуюць комплексную праграму рэформаў, якую прэзыдэнт Зяленскі працягвае распрацоўваць і рэалізоўваць, каб прывесьці краіну ў адпаведнасьць з эўраатлянтычнымі прынцыпамі.

Чакаецца, што Байдэн і Зяленскі дамовяцца пачаць «стратэгічны дыялёг па энэргетыцы і клімаце» дзеля абмеркаваньня шырэйшых энэргетычных мэтаў Украіны.

Мэта гэтага дыялёгу — прыцягненьне інвэстыцый у энэргетычную бясьпеку за кошт правядзеньня рэформаў, скарачэньне выкідаў парніковых газаў, разгляд іншых ініцыятыў па зьмяненьні клімату і далейшыя намаганьні па мінімізацыі наступстваў праекту «Паўночны паток — 2», сказала крыніца ў адміністрацыі.

Міністэрства энэргетыкі ЗША заявіла 1 верасьня, што афіцыйныя асобы дзьвюх краін падпісалі заяву аб намерах супрацоўнічаць у галіне энэргетыкі і зьмены клімату.

Падчас перамоў таксама плянавалася абмяркоўваць імкненьне Ўкраіны ўступіць у НАТО. У чэрвені Зяленскі заявіў журналістам, што ён хоча, каб Байдэн сказаў дакладнае «так» або «не» адносна прадастаўленьня Ўкраіне пляну далучэньня да вайсковага альянсу.

Зяленскі заклікаў сяброў НАТО паскорыць уступленьне Ўкраіны ў альянс, пасьля таго як раней у гэтым годзе Расея разьмясьціла дадатковыя войскі і вайсковую тэхніку ля межаў Украіны.

Краіны НАТО лічаць, што Ўкраіне неабходна правесьці дадатковыя палітычныя рэформы, перш чым уступіць у альянс. Як сказаў адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі, Байдэн высока ацэніць ужо праведзеныя Зяленскім рэформы, але адзначыць неабходнасьць далейшай працы.

«Мы цьвёрда перакананыя ў тым, што Ўкраіна можа і павінна правесьці дадатковыя рэформы для ўмацаваньня сваёй дэмакратыі, і Злучаныя Штаты працягнуць падтрымліваць намаганьні Ўкраіны ў гэтым кірунку», — сказала крыніца.

Як заявілі ў адміністрацыі, ЗША таксама маюць намер прапанаваць Украіне дадатковую дапамогу ў сувязі з пандэміяй каранавірусу ў памеры 12,8 мільёна даляраў. Раней Вашынгтон ужо аказаў Кіеву дапамогу ў барацьбе з пандэміяй на суму 55 мільёнаў даляраў і перадаў Украіне амаль 2,2 мільёна дозаў вакцыны супраць COVID-19.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG