Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі на «Крымскай плятформе» абвясьціў пра пачатак дэакупацыі Крыму


Адкрыцьцё саміту «Крымскай плятформы», (зьлева направа) кіраўнік офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак, сьпікер Вярхоўнай Рады Дзьмітры Разумкоў, прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль
Адкрыцьцё саміту «Крымскай плятформы», (зьлева направа) кіраўнік офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак, сьпікер Вярхоўнай Рады Дзьмітры Разумкоў, прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выступіў 23 жніўня на саміце «Крымскай плятформы» ў Кіеве і заявіў, што зьбіраецца прымусіць Расею сесьці за стол перамоваў аб Крыме і вяртаньні Ўкраіне анэксаванага паўвострава

«Занадта шмат часу было страчана. Мы больш не павінны губляць ніводнага дня. Украіна сумесна з нашымі сябрамі, міжнароднымі партнэрамі, удзельнікамі „Крымскай плятформы“ пачынае пісаць новы разьдзел у гісторыі Ўкраіны і ўкраінскага Крыму — разьдзел пра дэакупацыю, — заявіў ён. — Менавіта дэакупацыя — гэта мая канчатковая мэта, мэта нашай дзяржавы, працы „Крымскай плятформы“. Сынэргія нашых намаганьняў павінна прымусіць Расею сесьці за стол перамоваў аб вяртаньні паўвострава».

«Сёньня, 23 жніўня 2021 году, адбываецца вельмі важная, знакавая падзея. Упершыню з часоў акупацыі ўкраінскага паўвострава пытаньне пра гэта вынесенае на самы высокі міжнародны ўзровень», — сказаў Зяленскі.

Прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў пасьля пачатку форуму сказаў, што ў Крамлі лічаць саміт «Крымскай плятформы» у Кіеве «антырасейскім і вельмі недружалюбным мерапрыемствам».

«Мы ставімся да гэтага мерапрыемства як да надзвычай недружалюбнага ў адносінах да нашай краіны, мы катэгарычна не прымаем такія сьцьвярджэньні ў дачыненьні да расейскага рэгіёну, у дачыненьні да Крыму. Стаўленьне абсалютна адназначнае: як да антырасейскага мерапрыемства», — заявіў Пяскоў.

«Украінскі Крым цяпер, можна сказаць, парахавая бочка. У часе акупацыі Масква ўтрая павялічыла сваю вайсковую прысутнасьць на нашым украінскім паўвостраве, — таксама заявіў Зяленскі на „Крымскай плятформе“. — З сусьветна вядомага курорту сёньня Крым ператварыўся ў вайсковую базу, стаў пляцдармам для далейшага пашырэньня ўплыву РФ на рэгіён Чорнага мора.

Крым таксама ператварыўся ў тэрыторыю, дзе груба і сыстэмна парушаюцца правы і свабоды чалавека. Палітычны перасьлед, гвалтоўныя зьнікненьні, незаконнае ўтрыманьне больш як 100 палітычных зьняволеных, катаваньні, падаўленьне свабоды СМІ і веравызнаньня, экспрапрыяцыя ўласнасьці, прымусовыя дэмаграфічныя зьмены, незаконны прызыў грамадзян у расейскае войска, прапаганда вайны сярод дзяцей у школах — такія, на жаль, сёньня рэаліі, сумныя рэаліі ўкраінскага паўвострава Крым».

Украінскі лідэр асобна падкрэсьліў, што акупацыя Крыму Расеяй «ставіць пад сумнеў эфэктыўнасьць усёй міжнароднай сыстэмы бясьпекі, прынцыпаў тэрытарыяльнай цэласнасьці і недатыкальнасьці межаў».

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, які бярэ ўдзел у форуме, заявіў, што трэба працаваць над узмацненьнем санкцыяў у дачыненьні да РФ:

«Мы ўсе застаёмся адданымі прыхільнікамі ўкраінскай тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту. Мы будзем працаваць над узмацненьнем санкцыяў і міжнародных намаганьняў да таго часу, пакуль Украіна не адновіць свой сувэрэнітэт над тэрыторыяй Крыму», — падкрэсьліў палітык.

Прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль, са свайго боку, паабяцаў, што ЭЗ і надалей будзе прытрымлівацца палітыкі непрызнаньня анэксіі Крыму Расеяй.

«Я прысутнічаю ў Кіеве, каб пацьвердзіць нязьменную пазыцыю ЭЗ: мы не прызнаем незаконную анэксію Крыму і гораду Севастопаля Расеяй. Мы будзем працягваць нашу палітыку непрызнаньня анэксіі паўвострава і далей выступаць супраць любых парушэньняў міжнароднага права», — сказаў ён.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, якая наведала Кіеў напярэдадні, заявіла, што ня будзе браць удзел у «Крымскай плятформе». Аднак яна падкрэсьліла: «Я выразна сказала, што анэксію Крыму мы лічым парушэньнем міжнароднага права. Тут нічога не зьмянілася».

  • «Крымская плятформа» — форум, ініцыяваны Зяленскім для вырашэньня пытаньня дэакупацыі Крыму і ўзмацненьня ціску на Расею. Плятформа, паводле задумы, павінна будзе дзейнічаць на некалькіх узроўнях: кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, міністраў замежных спраў, парлямэнтаў і экспэртаў. У форуме, паводле словаў арганізатараў, бяруць удзел прадстаўнікі 45 краінаў і міжнародных арганізацыяў. На ўзроўні прэзыдэнтаў на саміце прадстаўленыя Латвія, Літва, Эстонія, Польшча, Славаччына, Вугоршчына, Малдова, Славенія і Фінляндыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG