Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт ЭЗ–ЗША: кіраўніцтва Беларусі павінна адказаць за парушэньні правоў чалавека і інцыдэнт з Ryanair


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн прыбыў у Жэнэву
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн прыбыў у Жэнэву

У выніку сустрэчы лідэраў Эўразьвязу і ЗША прыняты сумесны дакумэнт.


У дакумэнце адзначаецца, што кіраўніцтва Беларусі павінна панесьці адказнасьць за парушэньне правоў чалавека, а таксама за інцыдэнт з самалётам авіякампаніі Ryanair.

«Мы поўныя рашучасьці заклікаць рэжым Лукашэнкі да адказу за эскаляцыю нападак на правы чалавека і асноўныя свабоды і за стварэньне пагрозы бясьпецы палётаў у выніку беспрэцэдэнтнай і непрымальнай прымусовай зьмены кірунку руху пасажырскага самалёта ЭЗ на ілжывых падставах і наступны арышт журналіста ў рамках бесьперапыннай атакі на галасы апазыцыі і свабоду прэсы», — гаворыцца ў дакумэнце.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк, ужо ў сераду, 16 чэрвеня амбасадары ЭЗ дадуць зялёнае сьвятло на замарожваньне актываў і забарону выдаваць візы для 78 фізычных і сямі юрыдычных асобаў у сувязі з інцыдэнтам з Ryanair і рэпрэсіямі ў Беларусі. Яшчэ адну арганізацыю ўпішуць у «чорны сьпіс» у бліжэйшыя дні.

Саміт Эўразьвяз-ЗША адбыўся напярэдадні сустрэчы прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна з прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі Уладзімірам Пуціным, заплянаванай на 16 чэрвеня ў Жэнэве.

Паведамляюць, што амэрыканскі прэзыдэнт ужо прыбыў у Жэнэву.

  • У апошнія месяцы і Злучаныя Штаты, і краіны Эўразьвязу ня раз асуджалі рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. На думку аглядальнікаў, цяперашні сумесны дакумэнт сьведчыць пра скансалідаваную пазыцыю ЗША і ЭЗ у справе Беларусі напярэдадні жэнэўскай сустрэчы. Чакаецца, што Байдэн закране ў гутарцы з Пуціным беларускае пытаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG