Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янка Купала — пра геапалітыку, рэпрэсіі, мову і аптымізм. (Не)прыдуманае інтэрвію пісьменьніка Свабодзе


Янка Купала
Янка Купала

Радыё Свабода пачынае цыкль гутарак са славутымі людзьмі, якіх даўно няма ў жывых. Праз такую незвычайную форму мы хочам нагадаць пра думкі і меркаваньні гэтых людзей у сёньняшнім кантэксьце.

У гэтых інтэрвію прыдуманыя толькі пытаньні, але кожнае зь іх максымальна дапасаванае да тэматыкі адказу, каб ня ўвесьці чытача ў зман. Кожны адказ — гэта завершаная думка, без маніпуляцый. Гэта поўныя цытаты, якія можна зь лёгкасьцю адшукаць у публіцыстычных творах герояў інтэрвію.

Першая гутарка — з клясыкам беларускай літаратуры Янкам Купалам (1882–1942). Ягоныя выказваньні ўзятыя з публіцыстычных твораў 1910–1919 гадоў, апублікаваных у 8-м томе поўнага збору твораў, які падрыхтаваў Інстытут літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук (Менск, 2002).

«Кінутае здаровае зерне дарма не прападзе»

— Іван Дамінікавіч, рэпрэсіі ў Беларусі дасягнулі нечуванага размаху. Ад жніўня дзясяткі тысяч затрыманых, сотні палітвязьняў і перасьлед любога іншадумства. Такога хіба не было ў Эўропе за апошнія паўстагодзьдзя. Гэта можна, бадай, параўнаць з часамі вашай грамадзкай дзейнасьці да бальшавіцкага перавароту.

— Успамінаюцца страшэнна цяжкія варункі працы на беларускай вызваленчай ніве ў час панаваньня ў нашай краіне расейска-царскага самаўласьця. Не гаворачы ўжо аб гэтым панаваньні да 1905 г., але нават і пасьля рэвалюцыі гэтага года зьдзек вісеў над усім чыста, што сьветлае, вольнае, беларускае, і душылася кожнае праяўленьне беларускай нацыянальнай самабытнасьці.

Помніцца, калі ў рэдакцыю ў тым часе адзінай беларускай часопісі «Наша ніва» ўрываліся жандармы і «ахраньнікі», зьдзекаваліся над людзьмі, працуючымі там, забіралі рукапісы і ўрэшце цягнулі ў вастрог нічым не віноўных людзей. І гэтыя людзі мучыліся, працавалі, аддавалі ўсё сваё найлепшае здароў’е, жыцьцё за беларускае вольнае слова, за беларускую сьвятую справу.

— Шмат хто цяпер ня бачыць пэрспэктывы хуткіх перамен на лепшае, бо махавік рэпрэсій працуе на поўную моц, улада ня робіць ані кроку насустрач грамадзтву. Гэта выклікае нявер’е. Зрэшты, і ў ваш час улады ведалі адну мову — запалохваньні і перасьлед. І тады гэта таксама спрацоўвала.

— Ганьба таму чалавеку, што рукі апусьціць, як перавяслы, і чакае, пакуль сама доля к яму прыйдзе ў хату і папросіцца, каб прыняў яе з ласкі свае! Ганьба таму, хто, вочы на ўсё заплюшчыўшы, будзе ісьці ўцёртай здавён сьцежкай няпраўды і бяспраўя, думаючы, што іначай быць ніколі ня можа і што не ў яго волі зьмяніць стары парадак бессумленнага жыцьця!

— Вы ўзгадалі пра беларускіх дзеячоў пачатку XX ст. Нехта сёньня можа вам запярэчыць: і чаго яны дамагліся ахвярамі і заўчаснымі сьмерцямі?

— Жылі — як і дзе папала ў падвалах, халодныя і галодныя, нажывалі сабе сухоты і іншыя галодныя-халодныя хваробы і да самае сьмерці не складалі аружжа барацьбы за беларускую незалежнасьць. Памёр Максім Багдановіч, Цётка, Іван Луцкевіч і шмат інш.

І вось праца гэтых людзей, праца ў страшэнна пякельных варунках, калі кожнае жывое беларускае слова расейскі ўрад лічыў праступствам, так што нават начальнікі «вучэбных» вокругаў рассылалі цыркуляры, каб, барані Божа, народныя настаўнікі не чыталі беларускай газэты «Наша ніва», — гэта праца лепшых беларускіх людзей над падняцьцем свае роднае культуры не была дарэмнай. Кінутае здаровае зерне дарма не прападае.

— Як і тады, так і цяпер ёсьць маўклівая большасьць, якая назірае за сытуацыяй. Як вы лічыце, што кіруе гэтымі людзьмі, чаму яны не цікавяцца палітыкай, не спрабуюць уплываць на працэсы ў дзяржаве? Які ваш уласны досьвед?

— Дзіўны мы народ. Увесь час спадзяёмся, што нехта прыйдзе і вырашыць нашы праблемы. Але той, хто прыходзіць, усё робіць толькі на сваю карысьць... Пачалася вайна (першая сусьветная — РС), нямецкая акупацыя. Іх зьмянілі палякі, прыйшлі бальшавікі. А беларус увесь час пазіраў ды чакаў: нехта наступны абавязкова дасьць свабоду. Ніякіх актыўных дзеяньняў, за выключэньнем невялікай групы палітычнай эліты, якая ўсьвядоміла неабходнасьць уласнай дзяржаўнасьці, маўклівая большасьць не рабіла. Гэткая рыса нацыянальнага характару: быць з краю і ў выпадку чаго прымкнуць да тых, хто перамог.

«Толькі поўная незалежнасьць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаваньне»

— Давайце пагаворым пра палітыку і, шырэй, пра геапалітыку. Лукашэнка чвэрць стагодзьдзя будуе саюз з Расеяй, уцягвае краіну ў эўраазіяцкія інтэграцыйныя працэсы, падпісвае ваенныя дамовы, нягледзячы на тое, што ў Канстытуцыі замацаванае імкненьне да нэўтралітэту. Больш як 100 гадоў таму, калі Беларусь была пад расейскім кантролем, вы акурат выступалі за незалежнасьць. Няўжо не было страху, што без Расеі беларусы ня выжывуць?

— Толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасьць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаваньне, і добрую славу нашаму народу. Край наш сам па сабе багаты, толькі чужыя гаспадары яго зьнішчылі. Зямлі маем шмат, лесу яшчэ болей; маем вялікія рэкі, азёры, чыгункі, багатыя месты, а ў іх фабрыкі, заводы ды і шмат іншага дабра. К таму ж на лік мы народ вялікі — каля 12 мільёнаў (1919 год. — РС). Гэта ня тое, што якая-небудзь там Швайцарыя, Данія ці Грэцыя!

— Але ў Расеі магутныя рэсурсы, якіх няма ў Беларусі: нафта, газ, уся табліца Мендзялеева. У часткі беларусаў ёсьць страх, што калі адмовіцца ад шчыльнага саюзу з Расеяй, то беларускай эканоміцы канец.

— Кожная такая дзяржава, якая на рахунак чужых зямель хоча пашырыць сваё панаваньне, ніколі ня будзе спрыяць для народаў гэтых забраных зямель. І якімі прыгожымі ні прыкрываліся б словамі вялікадзяржаўныя нацыі, што ў іх ёсьць ці там будзе заведзенае нейкае раўнапраўе для ўсіх нацыянальнасьцей, — усё гэта будзе абманам. Толькі тыя, што вызваляюцца з-пад чужой няволі, дзяржавы змогуць ушанаваць права так званай меншасьці нацыянальнай, бо яны на сваіх плячах вынесьлі чужы зьдзек і паніжэньне. Да гэтага давяла доўгая практыка гістарычнага разьвіцьця народаў і дзяржаў.

— Дарэчы, першай краінай, якая адмовілася ад расейскага панаваньня, была Фінляндыя, яшчэ да бальшавіцкага перавароту. Сёньня гэта адна з найбагацейшых краін сьвету. Вы былі там у 1910 годзе, калі яна была часткай Расейскай імпэрыі. Якія гэтая паездка пакінула ў вас уражаньні?

— Едзем мы (цягніком. — РС) — і наскрозь тая самая аднаабразная балотная і лясістая фінская прырода. Сустракаюцца дзе-нідзе і абсеяныя палі, але якія гэта палі? Найболей робіцца так: накапае дагадлівы фін торфу, намяшае зь лісьцямі і, нацягаўшы на каменную пліту, сее там сваё дабрыцо. Разумецца, якога ж тут і спадзявацца ўроду? Як жа багацейша і пякнейша наша зямелька, калі яе параўнаць зь фінскай, хаця людзі тут лепей апрануўшыся і весялей, свабадней выглядаюць, як нашы.

Адкрыцьцё мэмарыяльнага знаку вершу «Над Іматрай», які напісаў Янка Купала, у горадзе Іматра ў Фінляндыі
Адкрыцьцё мэмарыяльнага знаку вершу «Над Іматрай», які напісаў Янка Купала, у горадзе Іматра ў Фінляндыі

Затрымаліся даўжэй у Выбарзе. Станцыя гэта выглядае бядней, як расейскія вялікія вакзалы, і ўсярэдзіне парадак іншы. Пайшлі мы к буфэту і бачым: на стале чаго толькі душа хоча: і рыба, і мяса, і сыр, і масла, і ўсякія прыправы к гэтаму; людзі падыходзяць, бяруць самі на талеркі, што хочуць, і ядуць колькі ўлезе. Ніхто нікога ні аб чым не пытаецца, ніхто нікога не пільнуе; еж, колькі душа прымае. Я, гледзячы на гэта, падумаў: папрабуй такі парадак завесьці і ў нас, то другі б не забыўся кумпяк які і пад палу захапіць з сабою або так пастараўся б, што назаўтра і рыцына не памагла б, — а тут нічога.

Падмацаваўшыся, што называецца, падышлі да касы і па сумленьню прызналіся там, што і мы былі каля стала. Нам сказалі заплаціць па паўтары маркі (марка — каля 40 кап.) з брата. Каб прыйшлося ў нас паядаць гэтак на станцыі, то ня выкупіўся б і трыма рублямі з носа. Толькі тутака так заведзена, што ні за якія грошы не дастанеш і напарстка гарэлкі.

— Вы ўзгадалі пра неўрадлівую фінскую зямлю, а сёньня ў беларускіх супэрмаркетах можна сустрэць фінскую гародніну. Дзе сёньня Фінляндыя, а дзе Беларусь! Што казаць, Лукашэнка на Ўсебеларускім сходзе казаў, што Беларусь ня можа быць багацейшай нават за Расею.

— Дзіўна і несправядліва зьвініць гэта наша безупыннае: «Край наш бедны! Зямлі мала!» Мне здаецца, што ня край наш бедны, а толькі мы яго абяднілі ды наша мачыха-доля.

— І ўсё ж пра геапалітыку. Хто сёньня, на вашу думку, галоўны хаўрусьнік беларусаў?

— Самы найлепшы прыяцель, самы найлепшы збаўца наш ад нашага ліхалецьця — гэта мы самі. І калі ня хочам загінуць, калі ня хочам быць вечнымі рабамі, — павінны пакінуць мы благую прывычку думаць, што нехта прыйдзе і выратуе нас з нашай бяды, з нашай няволі. Гэта ж ня можа быць, каб нехта быў лепшым прыхільнікам да нас, як мы самі для сябе.

Не, браты, гэтакім ладам мы далёка не заедзем. Час праявіць нам і свае сілы ў будаваньні новага жыцьця для сваёй Бацькаўшчыны, для сваіх сяліб і хат, для нашага падрастаючага маладога пакаленьня! Пройдуць гады, падрастуць сыны і ўнукі нашы і спытаюць тады нас: «Што зрабілі вы ў той бурны і векапомны час для сваіх патомкаў, для свайго краю?»

К такому запытаньню трэба нам быць гатовымі. Сама гісторыя пакліча на суд і загадае даць адказ. А які ж мы адказ дадзім, калі мы цяпер на другіх гэты адказ ускладаем? Дык больш самачыннасьці, больш сьмеласьці к будаваньню свайго новага, незалежнага жыцьця.

«Ці ж знойдзецца на сьвеце болей дэмакратычны па сваёй прыродзе і ўжыўчывы народ, як народ беларускі?»

— Іван Дамінікавіч, пытаньне беларускай мовы. Адраджалі яе нашаніўцы разам з вамі, больш як 100 год таму. І адраджаюць да сёньня сучасныя грамадзкія дзеячы. Але гучаць і галасы — маўляў, які сэнс хапацца за гэтую «олдскульную» тэму? Сьвет, паводле іх, не стаіць на месцы, і неўзабаве нам больш прыдасца ангельская мова, чым свая.

— Жыцьцё не стварыла на сьвеце ўсяго чыста пад адну мерку, пад адзін калібр: не зраўняла яно лесу, не зраўняла птушак і зьвяроў, а ў вадзе рыб, не зраўняла яно і людзей. Дало толькі кожнай жывой істоце вялікае права па-свойму разьвівацца, не сыходзіць з простай, раз назначанай пуціны.

Расьсеяўшы людзей па ўсёй чыста зямлі, жыцьцё гэтым самым паставіла іх у адменныя варункі бытаваньня. Патварыліся народы, гасударствы, а зь імі свае абычаі, свае парадкі, свае думкі, і, разумеецца, у кожнага такога народа свая родная мова. Дайсьці каб да гэткага ладу-парадку на сьвеце, які мы цяпер бачым, патрэба[ва]ла цэлыя дзясяткі тысячаў лет, а мо і мільёнаў; тысячы, а мо і мільёны лет ткала жыцьцё сваю прыгожую на зямлі тканіну.

— Але гэтае дзяленьне часта людзям замінае. Таму шмат хто і кажа, што ня варта ратаваць тое, на што няма попыту, хай бы была адна мова на сьвеце.

— Яно б то, можа, было і добра, а мо і не саўсім. Скажам, каб было аднаго толькі гатунку дзерава або аднаго толькі гатунку жывёліна ці збажына, то, напэўна, лёгка дагадацца, што на сьвеце было бы далёка ня так прыгожа, як цяпер ёсьць. Але калі дзерава ці жывёліна ёсьць толькі зьверхняй аздобай зямлі, то мова людзей ёсьць як бы цэнтрам гэтага жыцьця, яго душой, яго ўнутранай аздобай.

— Прапаганда палохае, што калі людзі з такімі поглядамі, як у вас, прыйдуць да ўлады, то нацыяналізм перародзіцца ў фашызм, і іншым нацыянальнасьцям будзе ў Беларусі нясоладка?

— Будучы дагэтуль паднявольнымі і паспытаўшы, што за смак гэтае паднявольле, само сабой разумеецца, нам і ў думку ня прыйдзе запрагаць каго бы то ні было, жывучага на нашых загонах, у паднявольнае ярмо.

Тыя шчыра дэмакратычныя думкі, лунаючыя яснымі красамі па цэлым сьвеце, аб волі, роўнасьці, братачнасьці, бадай, найглыбей запалі і западаюць у нашы гаротныя душы і сэрцы. Бо ці ж знойдзецца на сьвеце болей дэмакратычны па сваёй прыродзе і ўжыўчывы народ, як народ беларускі? Сама натура, сама яго гісторыя сталецьцямі гэтакім ужо выгадавала.

У нашым краю шмат жыве палякаў, расійцаў, жыдоў, татараў. Лепшыя з гэтых людзей даўно ўжо прыйшлі да перакананьня, што свабодны беларус у сваёй незалежнай дзяржаве будзе куды прыхільней адносіцца да іх, чымся беларус, падняволены чужынцам. У нявольніка заўсёды ёсьць больш помствы і нянавісьці к другім, чымся ў чалавека вольнага.

— Сёньня дзяржпрапаганда вядзе цэлую вайну супраць Польшчы, Літвы, Украіны, у газэце адміністрацыі прэзыдэнта можна прачытаць ненавісныя выказваньні супраць каталікоў. Ужо пачаліся праверкі польскіх установаў у Беларусі, якія навучаюць польскай мове. Якой сытуацыя нацыянальных меншасьцяў мае выглядаць у вольнай Беларусі?

— У вольнай, незалежнай Беларускай дзяржаве не павінна быць «ні эліна, ні іудзея». Усе роўныя перад дзяржаўнай уладай, усе роўныя перад правам і законам, усе вольна разьвіваюць сваю нацыянальную культуру і самабытнасьць, кіруючыся ў сваёй грамадзянскай працы дабрабытам агульнай Бацькаўшчыны — Беларусі.

— У 1914 годзе, у артыкуле «А ўсё ж такі мы жывём!..», вы пісалі, што які час гістарычна ні ўзяць, адусюль сыпаліся і сыплюцца на Беларусь апекуны. Дык дзе браць аптымізм і натхненьне беларусам, калі апекуны не зьвяліся і да сёньня?

— Але ўсё ж такі жыцьцё ідзе іначай: яго законы сільнейшыя ад якіх бы то ні было законаў чалавецкіх. Старое, струхлеўшае, аджыўшае свой век ідзе проч, на пагібель, а новае, сьвятое, радаснае занімае свае пачэснае месца і вядзе народы і аддзельных людзей к добраму, вечнаму. Старыя багі ідуць на злом, у архіў, а новыя засядаюць панаваць у сэрцах чалавечых. Гэтак было ад стварэньня сьвету, гэтак і цяпер ёсьць.

І наша Бацькаўшчына перажывала і перажывае тое самае. Калі зірнем мы на тое, што за некалькі год зроблена намі, беларусамі, над падняцьцем свайго нацыянальнага багацтва, то адно толькі душа можа радавацца. У некалькі год (да 1914 г. — РС) мы зрабілі тое, што ў палякаў і расійцаў рабілася чуць ня цэлымі сталецьцямі. Выходзіць у сьвет колькі беларускіх газэт, друкуюцца кожны год дзясяткі кніжак розных названьняў, закладаюцца беларускія выдавецкія суполкі, кнігарні і т. п. І ўсё гэта робіць сам народ ці сваёй шчырай працай для Бацькаўшчыны, ці сваімі запрацаванымі капейкамі, аддаванымі на беларускія газэты, кніжкі. Мы ня знаем ні казённых падачак, ні купленых працаўнікоў. Працуем для ідэі і будуем самі сабе новае, лепшае жыцьцё.

Дык працуйма ж і далей! Сейма на роднай зямельцы здаровыя зярняты праўды, брацтва і свабоды, будзіма жывога народнага духу з магутным клікам: к сонцу і праўдзе! Будзем мець буйны ўраджай і багатае жніво.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG