Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнік беларускай рэвалюцыі. Мова новых сьцягоў


Віртуальны музэй сьцягоў мясцовых грамадаў
Віртуальны музэй сьцягоў мясцовых грамадаў

Мясцовыя грамады адраджаюцца пад сваімі новымі сьцягамі. Іх мова пераважна беларуская. І несавецкая. Пра Volnaje Kalcova, „Квадрат (Кузьмы) Чорнага“, вуліцу MUSKоўскую ды іншы моўны крэатыў на сьцягах. (Працяг будзе.)

Сьцісла:

  • Беларуская мова на новых сьцягах пануе. У Менску 2/3 сьцягоў з надпісамі — па-беларуску, а калі лічыць і двумоўныя, і чытаныя ў абедзьвюх мовах — то 77%. У Горадні з 16 сьцягоў адзінаццаць маюць надпісы, усе па-беларуску.
  • Самы часты спокліч на сьцягах — Жыве Беларусь! Улюбёны эпітэт — „вольны“, „свабодны“: Вольная Лошыца.
  • Нават „каляровыя“ мясцовасьці — Зялёны Луг, вуліца К. Чорнага — маюць бел-чырвона-белыя сьцягі.
  • Зьявіліся новыя аб’екты з сваімі імёнамі: Уруцкі Цмок, або „Змагарыч“; Квартал Праўды; Плошча Пераменаў.
  • Назвы стандартнага расейска-савецкага набору пераасэнсоўваюць як шарады: МАСКоўская ад Ілана Маска. Або празь пераноснае значэньне: ружачка як аскепак бутэлькі для раёну Розы Люксэмбург.
  • Адыменныя мэмарыяльныя назвы вуліц, не ўласьцівыя нашай тапаніміі гістарычна, перарабляюць у назвы „паселішчаў“: Volnaje Kalcova.
  • Наступны тэкст — пра вяртаньне гістарычнай памяці ў мове сьцягоў.

У выглядзе дваровых і раённых супольнасьцяў адраджаюцца мясцовыя грамады — правобраз будучых самаўрадаў. Яны ствараюць свае сьцягі — на аснове нацыянальнага бел-чырвона-белага палотнішча, але з дадатковымі выявамі, часта з назваю раёну.

Валатава, Гомель
Валатава, Гомель

Сьцягі прайшлі баявы хрост, выконваючы спрадвечную задачу: зьбіраць сваіх, даць знаць, што Кальварыя і Дуброўка, Бíлева і Валатавá, Фарты і Казіміраўка трымаюцца. Унікальны фэномэн у наш час, але папраўдзе адноўленая старажытная традыцыя: яшчэ ў Грунвальдзкай бітве былі мясцовыя харугвы (вайсковыя адзінкі ды іхныя знакі), былі яны і ў пазьнейшых паўстанцаў.

Харугва паспалітага рушаньня Слонімскага павету (1588—1633, 1747). Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск, 2010
Харугва паспалітага рушаньня Слонімскага павету (1588—1633, 1747). Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск, 2010

(І тады за аснову бралі агульнадзяржаўную сымболіку — харугву з Пагоняй.) Паводле сярэднявечнай традыцыі Сяржук Сокалаў-Воюш пачаў пісаць на новыя сьцягі хваласьпевы-„епіґрамы“.

Так разам з дэмакратычнаю сьвядомасьцю адраджаецца нацыянальна-гістарычная, мясцовы патрыятызм — частка агульнабеларускага. Спадзяюся, знакі на сьцягах ужо аналізуюць мастацтвазнаўцы, геральдысты і антраполягі (у заходнім значэньні тэрміну).

Якое месца ў новай сымболіцы свабоды заняла беларуская мова?

Мова як знак: мы свае і мы тут

Значная частка мясцовых сьцягоў сабраная, у тым ліку варыянты. (Скажам, у менскім Зялёным Лузе было галасаваньне, нават у два туры, але нешта пайшло ня так, вынікаў не падвялі, хто які сьцяг зрабіў — той і носіць.)

Сьцяг Новай Баравой
Сьцяг Новай Баравой

Вось жа ў Менску 312 сьцягоў (лічым разам з Новай Баравой і Копішчам — гэта важная частка вольнага менскага духу). Зь іх 224 з надпісамі. Тэксты па-беларуску маюць 150 сьцягоў, па-расейску — 51, два двумоўныя (па-беларуску і па-расейску), 21 чытаюцца на абедзьвюх мовах (напр. Каменная Горка — але з рознымі націскамі ў першым слове). То бо ў сталіцы 2/3 сьцягоў з надпісамі — па-беларуску. А калі лічыць двумоўныя і „амбівалентныя“ — то 77%.

Сьцяг вуліцы Янкі Купалы, Берасьце
Сьцяг вуліцы Янкі Купалы, Берасьце

У Берасьці 25 сьцягоў, восем па-беларуску, дзесяць па-расейску, чатыры з „амбівалентнымі“ надпісамі. Гэта адзіны вялікі горад, на чыіх сьцягах беларуская мова пакуль не пераважае. Затое ў Баранавічах адпаведна сем па-беларуску на адзін па-расейску.

У Магілёве з 20 сьцягоў 9 маюць беларускія надпісы, 8 — расейскія; у Віцебску падобная „раўнавага“: з 18 сьцягоў 8 беларускамоўных, 7 па-расейску, 2 двумоўныя. А ў Гомлі (хоць таксама ўсход) з 18 сьцягоў па-беларуску аформілі 9, па-расейску 2, яшчэ два чытаюцца на абедзьвюх мовах.

Сьцяг Бабруйску
Сьцяг Бабруйску

У Бабруйску 27 сьцягоў, падпісаныя: 20 па-беларуску, 5 па-расейску. Урэшце, у Горадні з 16 сьцягоў адзінаццаць маюць надпісы, усе — па-беларуску. І на сьцягах меншых гарадоў, мястэчак і вёсак, незалежна ад рэгіёну, яўна пануе і сымбалізуе імкненьне да свабоды беларуская мова.

Галоўнае слова — воля

Дэвізы былі на харугвах паўстанцаў, на сьцягу 1-га Слуцкага палку БНР („Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына).

Сцяг Першага Слуцкага палку, 1921. Зьлева направа: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, невядомая, штабс-капітан Антон Борык
Сцяг Першага Слуцкага палку, 1921. Зьлева направа: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, невядомая, штабс-капітан Антон Борык
Сьцяг ваколіцы Плошчы Перамогі, Менск
Сьцяг ваколіцы Плошчы Перамогі, Менск

І на новых сьцягах бачым споклічы. Прадказальна самы папулярны — Жыве Беларусь! Ён на сьцягах берасьцейскай вуліцы Янкі Купалы, менскіх Малінаўкі і плошчы Перамогі — выкладзены літарамі на вядомым месцы, на дахах за абэліскам.

ШпалернаяТэрыторыя годнасьці; менская Масюкоўшчына выбрала І правасудзьдзе для ўсіх; мікрараён ЧкалаўскіЦягнік у сьветлую будучыню. Чыгуначны раён Віцебску: Верым. Можам. Пераможам. У Берасьці Цэнтар з Народам!“ А Мудрасьць на варце Айчыны — спокліч „маршу Мудрасьці“, калі выходзяць пэнсіянэры.

Сьцяг Стоўпцаў, зямлі Якуба Коласа
Сьцяг Стоўпцаў, зямлі Якуба Коласа

Людзі ганарацца каранямі:
Лепель — для партызанаў, Лепель — край легендаў і герояў (ілюструе спокліч Лепельскі Цмок).
Стоўпцы: Я/мы з Новай Зямлі.

Выбітныя землякі ня толькі ў гісторыі: Прыгажуня з Забароўя — Міс Беларусь назаўжды, — напісалі пра Вольгу Хіжынкову жыхары вёскі Лепельскага раёну.

Калі да назвы паселішча дадаюць эпітэты — то зьвязаныя з свабодай. У Менску гэта

Сьцяг ваколіц Камвольнага, Менск
Сьцяг ваколіц Камвольнага, Менск

Вольная Тучынка
Вольная Лошыца
Вольны Захад

Rīga — вольны раён
Сокал — Вольны мікрараён
КамВольная Грамада
(на сьцягу, які апяяў Сяржук Сокалаў-Воюш, — выява зьнішчанай мазаікі ў ПК)

Урэшце Квартал Вольных Коцікаў — Я гуляю (вуліца Кузьмы Чорнага) і нават Вольная Біржа (ваколіца рэштак клюбу сылікатнага камбінату; клюб некалі звалі „біржаю“, бо там у савецкі час ішоў нелегальны гандаль).

Сьцяг Сьмілавічаў, радзімы Хаіма Суціна
Сьцяг Сьмілавічаў, радзімы Хаіма Суціна

А таксама Вольная Гародня; Сьмілавічы — прастора свабоды... Але калі гэта і не напісана на сьцягу, вольнымі пачуваюцца ўсе.

Бел-чырвона-белы Зялёны Луг

Сьцяг Зялёнага Лугу, Менск
Сьцяг Зялёнага Лугу, Менск

Здаецца, толькі ў Зялёным Лузе нехта з народных вэксылёлягаў прачытаў тапонім літаральна: маўляў, зялёны колер мусіць быць на сьцягу. Ці то на бел-зялёна-белым, ці то з палоскай або іншаю дэтальлю. Але народныя масы ідэю адхілілі: надта ж спэцыфічная роля зялёнага ў гісторыі Беларусі апошніх месяцаў.

Сьцяг жыхароў вуліцы Кузьмы Чорнага, Менск
Сьцяг жыхароў вуліцы Кузьмы Чорнага, Менск

І варыянты сьцяга ваколіц вуліцы Кузьмы Чорнага ў Менску — з словамі „Белы. Чорны. Белы“ і „Квадрат Чорнага“ — таксама чырвонага колеру.

Беларускіх колеравых прыметнікаў людзі хочуць, нават калі назва мясьціны не ад колеру. На сьцягу менскага Краснага Бору (як і вуліца ў цэнтры, ён названы не ад колеру, а бо прыгожы) надпіс „Чырвоны Бор“. На палотнішчы „БЧБельского“ беларуская абрэвіятура колераў спалучаецца з расейскаю назваю вуліцы.

Цмок наш

Зьяўляюцца новыя імёны гарадзкіх аб’ектаў. Раней мала каму вядомы трохгаловы цмок — жанравая скульптура недалёка ад Парку камянёў у менскім Уруччы — зваўся „Змей Горыныч“, а кампанію яму прадказальна складала „Царевна-Лягушка“.

Уруцкі Цмок, Менск
Уруцкі Цмок, Менск

Але ён быццам наноў нарадзіўся, калі мясцовыя людзі па-мастацку памалявалі яго ў белае і чырвонае. Вакол Цмока віруе свабоднае жыцьцё, заслужана трапіў ён і на ўруцкі сьцяг. Нехта назваў яго Змагáрыч. Аднак у век пісьмовай камунікацыі можна памыліцца з націскам.

Прыяжджаюць на Цмокаву гару, скажам, майстры агнявога шоў і вітаюць Цмока: Змагары́ч! (мо праз сугучча з расейскім „магарыч“?) То лепей ужо проста — Уруцкі Цмок.

Сьцяг Уручча, Менск
Сьцяг Уручча, Менск

Ён трапіў і ў хваласьпеў С. Сокалава-Воюша:
Заўсёды годна і бліскуча
Сябе паказвае Уручча.
Шануем мудрых, дурняў вучым
Мы з нашым Цмокам неўміручым!

Мой двор — мой пляц

Сьцяг Кварталу Праўды, Менск
Сьцяг Кварталу Праўды, Менск

Назвы савецкага рэпэртуару, утвораныя ад агульных назоўнікаў, пераасэнсоўваюць. Жыхары праспэкту імя Ленінавай газэты дасталі слова з двукосьсяў і вярнулі яму зьмест, назваўшы свае двары й ваколіцы Плошча Праўды, Квартал Праўды.

Насельнікі праспэкту Пераможцаў, калісьці нэўтральнай Паркавай магістралі, стварылі новы тапанімічны аб’ект — Плошчу Пераможцаў (мікрараён Ржавец/Лебядзіны). А як альтэрнатыва „плошчы Дзяржаўнага сьцяга“ каля вядомай рэзыдэнцыі зьявілася Плошча Сьцяга ў квартале „Каскад“ на Кальварыйскай, і сьцяг там зусім іншы.

Сярод новых пляцаў самую трагічную гісторыю мае Плошча Пераменаў на Сморгаўскім тракце. Несумненна, новы тапонім навечна застанецца на мапе сталіцы, як і імя Рамана Бандарэнкі.

Ах, ня любіш Савецкі раён? (То палюбіш Савецкае РУУС!)

Сьцяг Перша-Майскага раёну, Менск
Сьцяг Перша-Майскага раёну, Менск

У Беларусі 24 гарадзкія раёны, але новых сьцягоў гэтых фармальных утварэньняў мала. Выняткі — Кастрычніцкі і Чыгуначны раёны ў Віцебску, Заводзкі ў Менску (два апошнія прынамсі з прымальнымі назвамі), а на сьцягу менскага Першамайскага — першы нумар на майцы.

Маэстра Цэсьлер прапаноўваў крэатыўныя варыянты сьцягоў менскіх адміністрацыйных раёнаў, але ў народ яны не пайшлі — няма ў нас раённага патрыятызму.

Ілан Маск, ратуй беларускую тапанімію

У цэнтры кожнага савецкага гораду быў (і ў большасьці беларускіх гарадоў застаўся) кананічны сьпіс вуліц: Камуністычная, Леніна і г.д. Таксама і Маскоўская — у гонар „столицы нашей Родины“, прычым незалежна ад тапаграфіі. Абодва менскія ўрбанонімы, зьвязаныя з Масквой, — вуліца і станцыя мэтро — не выконваюць арыентацыйнай функцыі. Вуліца, праўда, названая яшчэ за царамі — ад колішняга вакзалу Маскоўска-Берасьцейскай чыгункі (прыблізна на месцы ст. Інстытут Культуры). Сам вакзал зваўся Берасьцейскім, але вуліца ўсё адно Маскоўская (да савецкага быў расейскі імпэрскі тапанімічны канон). Кірунак на Маскву яна дакладна не паказвае.

Сьцяг жыхароў Маскоўскай вуліцы, Менск
Сьцяг жыхароў Маскоўскай вуліцы, Менск

Вось жа сярод пераасэнсаваных на сьцягах гарадзкіх тапонімаў МАСКоўская кранае найбольш. Замест першых чатырох літараў на сьцягу нас натхняе позіркам Ілан Маск. Чыя вуліца? Ды яго, Ілана. Адпавядае беларускай прыметнікавай мадэлі прозьвішчаў і назваў: Паўлюк — Паўлюкоўская, замак — Замкоўская. Крэатыўнасьць жыхароў ды ўменьне вырвацца з-пад стэрэатыпаў — на вышыні. Але ўсё ж хацелася б, каб вярнулася прыгажэнная спрадвечная назва ваколіц гэтай вуліцы ды яе самой — Добрыя Мысьлі.

Дадам, што менскія сьцягоўнікі запрасілі таксама Гая Фокса на ролю патрона вуліцы Гая і Пірса Броснана (Джэймса Бонда) для пірсу ў Ратамцы.

Гульня ў шарады — дэсаветызацыя па-нашаму

Сьцяг жыхароў вуліцы Кісялёва, Менск
Сьцяг жыхароў вуліцы Кісялёва, Менск

Самая жыцьцярадасная дэідэалягізацыя тапаніміі— калі чытаюць імя ў назьве літаральна, дзеляць на часткі. На сьцягу вуліцы імя бальшавіка-беларусафоба Мясьнікова (паводле гісторыка менскай тапаніміі Івана Сацукевіча, гістарычны Каралеўскі Шлях) — кумпяк на костцы. У менскай вуліцы імя камуністычнага дзеяча​ Кісялёва, гістарычнай Старажоўскай, на сьцягу коцік, якога лепш не злаваць, а то „Кіся“ будзе „Лёва“.

Сьцяг жыхароў ваколіцаў вуліцы Розы Люксэмбург, Менск
Сьцяг жыхароў ваколіцаў вуліцы Розы Люксэмбург, Менск

Калярытны сьцяг менскага раёну „Розачка“ — вуліцы Розы Люксэмбург. На ім зброя пралетарыяту (невядома, ці змагарка за 8 Сакавіка брала такую ў рукі), зробленая з бутэлькі з адбітым рыльцам. Ружачка. Слова ў беларускай форме прыйшло і ў сучасную беларускую літаратуру (знойдзем у Юр’я Станкевіча, Паўла Севярынца). Але некалі вернецца гістарычная назва ваколіцы — Пляшчанка.

А на сьцягу вуліцы Панамарэнкі, таго самага, што прасіў Сталіна разабрацца з прафашысцкімі пісьменьнікамі Купалам і Коласам, — мірная панама.

Сьцяг вёскі Старына
Сьцяг вёскі Старына

Зрэшты, гульліва пераасэнсоўваюць ці раскладаюць на часткі і традыцыйныя беларускія назвы. Смалявіцкія Ліпкі выбралі знакам ліпкі скотч. На сьцягу вёскі Старына чыйсьці профіль і дуля яму ў нос: „Стары — На!“. Пераасэнсаваньне на мяжы фолу — Задворцы ў Берасьці.

Volnaje Kalcova

Адыменных мэмарыяльных назваў вуліц (Куйбышава, Мініна) у нас не было, пакуль у гарадзкую тапанімію не ўмяшаліся чужыя ўлады пасьля паўстаньня Каліноўскага. Дый назвы такія ў родным склоне (як скланяць-дапасоўваць? „Жыву на Някрасава“ — гэта ж ня месны склон, гэта абы-што), іх надта шмат, прычым у гонар асобаў, якія дачыненьня да Беларусі ня маюць.

І вось гэты велізарны масіў савецка-расейскай тапаніміі пачалі стыхійна абеларушваць. У тым ліку граматычна.

Знак жыхароў вуліцы Кальцова, Менск
Знак жыхароў вуліцы Кальцова, Менск

У менскім Зялёным Лузе —​ Volnaje Kalcova. Яно, паселішча, ніякага роду! Жыву ў Вольным Кальцове. Хоць ясна, што за саветамі назвалі вуліцу імем расейскага паэта Аляксея Кальцова, у пакеце зь недалёкімі вуліцамі Някрасава, Чарнышэўскага, Бялінскага і заадно Ламаносава.

Сьцяг вуліцы Шугаева, Менск
Сьцяг вуліцы Шугаева, Менск

Яшчэ адно такое „сяло“ — Шугаева (вуліца ў менскім Уруччы, на ёй збудавалі дамы для амону насуперак нормам шчыльнасьці і пратэстам жыхароў). Назву адпаведна пераасэнсавалі: шугаць — узьлятаць, размахваць крыламі, лётаць з шумам, трапятаць; а Шуга! — вокліч адганяць птушак.

У мясцовых чатах па-расейску пішуць „Руссияново“ і „Некрасово“, „Лопатино“ і „Алибегово“. Дый „Окрестино“ бытуе даўно, у будучыні трэба будзе адлучыць імя годнага чалавека ад гэтага змрочнага месца.

Пра аднаўленьне на сьцягах спрадвечных назваў і беларускай лацінкі — у наступным артыкуле.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG