Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнік беларускай рэвалюцыі. Зялёныя — „аліўкі“. А чорныя — „груганы“?


Зялёныя аліўкі. Photo: Renee Comet, National Cancer Institute
Зялёныя аліўкі. Photo: Renee Comet, National Cancer Institute

Людзі ня бачаць іхных твараў і ня ведаюць ведамаснай прыналежнасьці. Таму называюць гэтых пэрсанажаў безасабова, паводле колеру формы. Па-расейску пра „брудна-зялёных“ кажуць „оливки“, пра „чорных“ часам — „маслины“. А як сказаць карэктна па-беларуску?

Пачну з таго, што плады аліўнага дрэва Olea europea па-беларуску традыцыйна завуцца толькі аліўкі — усякага колеру, які залежыць не ад гатунку, але ад ступені сьпеласьці. Каб удакладніць, што аліўкі сьпелыя, цёмныя, — так і скажам: „чорныя аліўкі“.

Беларускія аліўкі — ад назвы дрэва аліва. Корань лацінскага паходжаньня, той самы ў беларускім слове алей — усякі расьлінны, у тым ліку аліўкавы, тлушч. Беларускае масла да алівак ня мае дачыненьня, у нас і ў большасьці славянаў масла толькі зь вяршкоў.

Насуперак пашыранаму стэрэатыпу, у расейскай літаратурнай мове „оливки“ і „маслины“ — сынонімы. Толькі ў побытавым расейскім прастамоўі яны чамусьці пачалі азначаць аліўкі рознай ступені сьпеласьці. Ні ў воднай іншай славянскай мове, акрамя расейскай, такога разьмежаваньня няма: усе паўночнаславянскія (і славенская ў тым ліку) называюць гэтыя плады ўсіх колераў коранем аліва, паўднёваславянскія — маслина, маслинка.

„Аліўнае дзерава і ягада“

Ва ўкраінскай і ў расейскай мовах слова маслина з царкоўнаславяншчыны — сярэднявечнай вэрсіі стараславянскай мовы. У сваю чаргу ў стараславянскай (гэта мова продкаў сучасных баўгараў і македонцаў) слова маслина ад масло — і гэта калька з грэцкай, дзе ἐλαία ‘аліва’ поруч з ἔλαιον ‘алей’. Бо ў стараславянскай мове словам масло азначалі і цьвёрдае каровіна ‘масла’, і расьлінны ‘алей’.

Дарэчы, па-баўгарску адпаведны жоўта-зялёны колер называецца маслинен цвят.

Аліўнае дрэва
Аліўнае дрэва


Стараславянізм маслина ‘дрэва Olea europaea’ пранікаў і ў старабеларускія тэксты, але толькі ў жанры з моцным уплывам царкоўнаславяншчыны, напр. у Скарыны. Плады — масличіе. І слоўнікі таго часу добра адрозьнівалі царкоўнаславянскія словы ад сваіх.

Памва Бярында ў сваім „Лексыконе“ (2-е выданьне ў Куцейне пад Воршай, 1653) пераклаў тое „масличіе“ як „аліўкі“, а „маслина“ = „аліўнае дзерава і ягада“.

Пяшчотны аліўкавы месяц

„Аліўкавы“ як адзін з колераў формы амону называе ўказ прэзыдэнта № 213 ад 6 траўня 2014 году Пра форму адзеньня і знакі адрозьненьня асобных катэгорыяў супрацоўнікаў органаў унутраных справаў і вайскоўцаў унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных справаў“. Форма тых, хто павінен ахоўваць закон, мае быць аліўкавага, чорнага, а яшчэ камуфляжнага колераў.

Марш пэнсіянэраў. Менск, 12 кастрычніка 2020 г.
Марш пэнсіянэраў. Менск, 12 кастрычніка 2020 г.

У прафэсійнай градацыі колераў ёсьць некалькі аліўкавых. Напрыклад:
Dark olive (цёмна-аліўкавы, hex. #373e02)
Dark olive green (цёмна-аліўкава-зялёны, hex. #3c4d03)
Olive brown (аліўкава-буры, hex. #645403)
Olive drab (аліўкава-шэры, hex. #6f7632)
Light olive (сьветла-аліўкавы, hex. #acbf69)
Pale olive green (бледна-аліўкава-зялёны, hex. #b1d27b)
Pale olive (бледна-аліўкавы, hex. #b9cc81)

Аліўкавыя колеры
Аліўкавыя колеры

Але ў беларускай літаратурнай традыцыі аліўкавы колер зьвязаны зь нечым цёплым і рамантычным. У Караткевіча:

У гэты вечар над вежамі сьвяціў месяц — такі пяшчотны, аліўкавы, ружовы, - так бы і зьеў яго. (Сівая легенда)

Мутна-зялёны

Агулам кажучы, афіцыйныя, статутныя колеры ўніформы нярэдка набываюць вобразную назву, калі носьбітаў формы ня любяць. Так, нямецкая палявая форма колеру feldgrau ‘палявы шэры’ ў акупаванай Беларусі была перайменаваная ў „мышастую“:

Але па Савецкай, нягледзячы на холад, народу ішло нямала, і кожны другі — у зялёным, мышастым ці чорным шынялі. (Іван Шамякін. Гандлярка і паэт)


Не ляжыць у мяне душа называць колер зялёных чалавечкаў „аліўкавым“. Ёсьць іншыя назвы для вельмі блізкіх колераў, напр. брудна-зялёныmud green (hex. #606602), мутна-зялёны — muddy green (hex. #657432). Але гэта няхай колеразнаўцы і тэхнолягі тэкстыльнай вытворчасьці вызначаюць.

Воўчыя ягады?

А як назваць „чорных“? Браць за ўзор батанічна-кулінарныя „аліўкі“ і шукаць нейкі плод?

Менск, 11 кастрычніка 2020 г.
Менск, 11 кастрычніка 2020 г.

Прыходзяць у галаву чарніцы — але яны сінія, а ня чорныя, і надта пазытыўныя, бо здаровая ежа.

Воўчая ягада (ваўчаягада) у беларускай літаратурнай мове і бальшыні гаворак азначае розныя батанічныя віды з чырвонымі ягадамі. Толькі ў некаторых гаворках воўчымі (сабачымі, сьвінымі) ягадамі называюць чорны пасьлён. Не пасуе, трэба агульнабеларускае слова.

Чорны блёкат?

Па-расейску „чёрная белена“. Атрутная расьліна зь непрыемным пахам.

Відавая назва Hyoscyamus niger ад характэрнага чорнага зеву кветкі. Яшчэ яе завуць дурнап’ян, дур-трава. У беларускай фразэалёгіі — яскравы вобраз:

Бегаць як блёкату аб’еўшыся ‘мітусіцца як пры атрутных канвульсіях’.
Гаварыць як блёкату наеўшыся няўцямна’.

Зьнекуль груган вылятае / І наклікае бяду!

Груган — адна з назваў птушкі Corvus corax. З груганом звязана мноства ўстойлівых выразаў у беларускай народнай мове:

Ад дрэннага гругана дрэнныя і яйкі
Груган гругану
вока ня выдзеўбе
Абабраць як груган косьці ‘абрабаваць дарэшты’
Назьлятацца як груганы. Або: Пазьлятацца як груганы на падлу (на пакорм) ‘сабрацца дзеля непрыгожай справы, з карысьлівымі мэтамі’
Стаяць як груган (над кімсьці) несьці небясьпеку’

Груган у Менскім заапарку
Груган у Менскім заапарку

А ў беларускай літаратурнай клясыцы гэта наагул архетыповы вобраз. Янка Купала, „Груган“:

Кожнай вясны, як выходжу
Свой засяваці загон,
Чорны груган вылятае
Зьнекуль — з няшчасных старон (...)

Зьвісне пад хмарамі зданяй,
Воч не спускае зь мяжы,
Косці пасеяны ліча,
Ліча людзей і крыжы (...)

Гэтак вось кожны год вечна,
Ў поле як толькі іду,
Зьнекуль груган вылятае
І наклікае бяду!

(1919)

Або тая ж „Сівая легенда“ Караткевіча:

Зьляцелася груганьнё, — хрыпеў Кізгайла, гледзячы на іх і зь нянавісьцю адбіваючыся ад тых, што нападалі.

Характэрны колер гругана — чорны. З галавы да ног.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG