Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пачатку 90-х Вінцук Вячорка ўваходзіў у Камісію па перайменаваньнях вуліцаў пры Менгарвыканкаме. Мэта камісіі была вярнуць гарадзкому асяродзьдзю беларускія імёны.

Упершыню ня маю заўвагаў да комплексу найменьняў станцыяў мэтро. Гаворка пра пачатак трэцяй лініі: «Слуцкі Гасьцінец», «Немаршанскі Сад», «Аэрадромная», «Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча», «Юбілейная плошча».

Тут і беларускасьць, і функцыянальная пазнавальнасьць, і адраджэньне да новага жыцьця трох старадаўніх тапонімаў. Ведаю, што канчатковае слова было за спэцыялістамі — знаўцамі гісторыі й тапанімічных прынцыпаў.

У канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў ХХ ст. беларускае грамадзтва ўпершыню за доўгі час дамаглося было права голасу ва ўпарадкаваньні тапаніміі наагул ды ўрбананіміі (назваў вуліц, пляцаў і г. д.) у прыватнасьці. Пачаліся пазытыўныя зьмены — дэсаветызацыя, дэкалянізацыя, вяртаньне да беларускіх традыцыяў. Камісія па найменаваньнях і перайменаваньнях вуліц і плошчаў у горадзе Менску пры гарадзкім выканаўчым камітэце працавала публічна. У яе ўваходзілі мастак Яўген Кулік, гісторык Віталь Скалабан, якіх сёньня ўжо няма сярод нас; літаратуразнаўца Адам Мальдзіс, гісторык Захар Шыбека, мастак Мікола Купава ды іншыя, у тым ліку ваш адданы слуга. Рашэньні Камісіі перадаваліся на разгляд выканкаму, а ўжо там іхны лёс бываў розны.

Камісія ініцыявала перайменаваньне пл. Леніна ў пл. Незалежнасьці, пр. Леніна ў пр. Скарыны (лепшая была б прыметнікавая форма Скарынаўскі; у кожным разе я тады думаў, што пасьля паўтузіна перайменаваньняў галоўная магістраль сталіцы займела назву навечна, бо Скарына, здавалася, нікому ня муляе. Але памыляўся).

Чытачы гарадзкой газэты «Добры вечар» анкетным галасаваньнем падтрымалі прапановы.

Удалося вярнуць вуліцы імя чэкіста Апанскага назву Кальварыйская — пагатоў яна вядзе да гістарычных Кальварыйскіх могілак; вярнуць Ракаўскую; перайменаваць вуліцу Горкага ў гонар Максіма Багдановіча (які нарадзіўся на гэтай вуліцы). Трапная была прапанова Захара Шыбекі надаць вуліцы, за савецкім часам званай імем чэкіста Ўрыцкага, назву Гарадзкі Вал, бо яе траса супадае з колішнім валам — мяжой старажытнага гораду. Быў адроджаны ў назьве вуліцы старадаўні тапонім Раманаўская Слабада (савецкая назва — Рэспубліканская).

У мяне зьбярогся пратакол паседжаньня Камісіі ад 10 лістапада 1993 году, дзе сярод іншага абмеркавалі назвы станцыяў мэтро. Зафіксавалі прапановы «Пятроўшчына», «Грушаўка», «Дойлідзкая», «Уручча», «Барысаўская» ці «Смаленская» для 1-й лініі (як бачым, часткова ўвасобленыя). Горш аказалася з 2-й лініяй. Разглядаліся імёны «Кальварыйская» ці «Кальварыя» для тады плянаванай «Маладзёжнай», «Цівалі» для цяперашняй «Пушкінскай», «Ракаўская» ці «Мядзьвежына» для цяперашняй «Спартыўнай», «Красны Бор» (Красны ў тапонімах значыць ’прыгожы’) ці «Віленская».

Таксама абгаварылі перайменаваньне кінатэатру «Октябрь» і прапановы А. Мальдзіса «Волат», «Мянеск», «Полацак», «Скарыніч». А нават прысваеньне найменьняў гатункам піва (у пратаколе фігуруюць варыянты: 11% — «Няміга», «Кменнае», «Верхні горад»; 13% — «Граф Чапскі», «Сьвяточнае», «Старавіленскае», «Залаты прамень»; 15% — «Кірмашовае», «Беларускі спадар», «Прадзедаўскае») — прычым без дэгустацыі!

Да выніку бальшыня рашэньняў не дайшла (праўда, у асартымэнце «Аліварыі» зьявіўся-такі «Чапскі»). Неўзабаве зьмянілася ўлада, а за ёй і склад тае камісіі.

Зрэшты, усё гэта лякальныя, тактычныя захады. Камісія ж думала стратэгічна і ўхваліла поўнае вяртаньне аўтэнтычных дакаляніяльных назваў у межах менскага гарадзкога валу: пл. Свабоды → пл. Высокі Рынак, пл. 8 Сакавіка → пл. Нізкі Рынак, Леніна → Францішканская (з варыянтам Губэрнатарская), Камсамольская → Фэліцыянаўская, Інтэрнацыянальная → Зборавая і Валоцкая (ад Энгельса ўніз), Энгельса → Дамініканская, Куйбышава → Плябанская і г. д.

Плян Менску 1790 г., укладзены расейскімі ўладамі пасьля акупацыі

Плян Менску 1790 г., укладзены расейскімі ўладамі пасьля акупацыі

Аднак чапаць чырвоны тапанімічны запаведнік тагачасная улада збаялася. Чыноўнікі выканкаму, практычна ўсе выхадні з камуністычнае намэнклятуры, надзвычай неахвотна, малымі порцыямі, толькі пад ціскам шырэйшых колаў грамадзтва пагаджаліся на прапановы Камісіі.

Цяперашняя ўлада, нягледзячы на яе заявы, ня мае ўсеабдымных ідэалягічных канонаў. Яна зацята бароніць савецка-расейска-бальшавіцкі сынодык у прэстыжным і знакавым цэнтры сталіцы дзяржавы — усе гэтыя Камуністычныя і Камсамольскія, Леніна і Энгельса — але ўжо ня мае ідэяў, як называць сотні новых вуліц. Таму яна папусьціла лейцы на менскіх ускраінах, дзе, акрамя назваў, утвораных адпаведна нацыянальным тапанімічных традыцыям (як матываваныя геаграфіяй Каменнагорская, Казіміраўская, Люцінская), дазваляецца мэмарыялізацыя імёнаў Алеся Гаруна, Янкі Брыля ці нават Ежы Гедройця.

Але яшчэ ў пачатку 90-х Тапанімічная камісія ТБМ прыняла «Канцэпцыю ўпарадкаваньня ўрбананіміі (унутрыгарадзкой тапаніміі) Беларусі», якую нядаўна абнавіла. Найважнейшае палажэньне Канцэпцыі:

Тапанімічныя сыстэмы паселішчаў да пэўнага гістарычнага моманту фармаваліся натуральным шляхам, у выніку народнае моватворчасьці. Ва ўмовах Беларусі прынцып гістарызму пры ўпарадкаваньні ўрбанонімаў, г. зн. вяртаньне аўтэнтычных назваў, дзейнічае для назваў, узьніклых да сярэдзіны XIX ст., калі ўлады Расейскай імпэрыі пачалі выкарыстоўваць унутрыгарадзкую тапанімію Беларусі ў сваіх ідэалягічных мэтах і зьвярнуліся да перайменаваньняў.

Аўтэнтычныя гістарычныя ўрбанонімы ёсьць аб’ектамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны, а значыць, падлягаюць ахове й аднаўленьню.

Асноўныя прынцыпы ўпарадкаваньня гарадзкой тапанімічнай гаспадаркі, паводле Канцэпцыі, — гістарызм; адпаведнасьць унівэрсальным тапанімічным прынцыпам і нацыянальным традыцыям; зьберажэньне ўнікальных тапанімічных комплексаў розных паселішчаў і недапушчэньне ўніфікацыі; адпаведнасьць нормам беларускае мовы.

Акупацыйныя, антыдэмакратычныя рэжымы выкарыстоўваюць гарадзкую тапанімію для сьціраньня памяці, абсяканьня гістарычных каранёў, зьнішчэньня сьлядоў духоўнае творчасьці народу. У выніку і цяпер стаўленьне шмат каго да ўнутрыгарадзкой тапаніміі паўтарае савецка-таталітарныя матрыцы. Маўляў, мапы гарадоў — tabula rasa, дзе можна пісаць начыста адпаведна сваім уяўленьням, як «павінна быць». Замяніць адзн набор імёнаў на іншы. Але ж у гістарычных цэнтрах бальшыні старажытных гарадоў Эўропы мы амаль ня знойдзем адыменных назваў; наадварот, з імёнаў вуліц відаць, якая даўніна перад намі, якое глыбокае карэньне мае той народ на той зямлі.

Аўтэнтычныя тапонімы — помнікі нематэрыяльнай культуры. Нельга нішчыць адзін помнік культуры дзеля ўсталяваньня другога, нельга адбіраць пэрспэктыву ўзнавіць з-пад намазанага пазьней кітчу старажытную фрэску. Адыменныя назвы — зьява позьняя.

Зьявілася правільная ідэя назваць адну зь менскіх вуліц у гонар Васіля Быкава. І прапанавалі перайменаваць Ульянаўскую — бо вуліца Леніна, маўляў, ужо ёсьць — і нават зьбіралі за тое подпісы.

Але вуліца, званая цяпер Ульянаўскай, належыць да гістарычных. Ляхаўка (Ляхаўская слабада, Ляхаўскае прадмесьце) — адна з старажытных частак гораду; назва фіксуецца з XVI ст. Фрагмэнты трасы вуліцы мелі матываваныя, унікальныя, беларускія назвы: Ільлінская, Гарбарная (там спрадвеку сяліліся гарбары, нездарма і гарбарны завод працаваў на Ляхаўцы да вынасу ў Гатава), Ніжне-Ляхаўская. Ці адна зь іх, ці ўсе тры, несумненна, будуць адноўленыя.

Былы гарбарны завод на Ляхаўцы

Былы гарбарны завод на Ляхаўцы

Сталічная магістраль імя Васіля Быкава павінна быць. І яна заслугоўвае статусу праспэкту. Дарэчы, беларускай урбананімічнай традыцыі ды граматычным законам адпавядае прыметнікавая форма: Быкаўскі праспэкт. (Адной з матываваных прапановаў было б перайменаваньне вуліцы Ціміразева, якая пачынаецца ад дому, дзе пісьменьнік жыў. Там поруч мэтро 2-й лініі — станцыя «Быкаўская» замест «Фрунзенскай», будучая вузлавая).

Памятны знак Васілю Быкаву. Музэй А. Белага

Што да Горадні, то там цяперашняя вуліца Парыскай Камуны, якую былі вызначылі для кампаніі за наданьне імя Быкава, нават больш старажытная за менскую: вуліца фіксуецца ў дакумэнтах з XV стагодзьдзя (!). Наколькі ведаю, яна насіла імёны Бэрнардынская і Курганская/Курганная (апошняя назва ўнікальная ў маштабах Беларусі).

Сьмею меркаваць, што сам спадар Васіль наўрад ці быў бы ўсьцешаны вымушаным саўдзелам у выцясьненьні і так панішчаных саветамі помнікаў беларускае гісторыі папярэдніх эпохаў:

Ацэнкі многіх культурных зьяў мінулага былі скажоныя, сапраўдныя каштоўнасьці нацыянальнай культуры засталіся нам невядомыя

(Васіль Быкаў, зб. «На крыжах», інтэрвію 1991 г.).

Яшчэ прыклад, які, магчыма, сяго-таго зьбянтэжыць. У 2006 годзе, падчас падзеяў на пляцы, які афіцыйна і гістарычна беспадстаўна завецца Кастрычніцкім, узьнікла прапанова пераназваць яго ў пляц ці плошчу Каліноўскага. Ідэя разьвілася, зьявілася думка некалі паставіць там помнік вялікаму беларускаму паўстанцу. Аднак зноў жа — мясьціна гэтая належала да гораду вельмі даўно, была часткаю так званага Новага Места. Як зазначае выдатны знаўца менскай урбананіміі Іван Сацукевіч, ад царквы Сьвятога Юр’я (некалі стаяла на месцы музэю Вялікай айчыннай вайны, які цяпер у сваю чаргу таксама нішчаць) мела імя вуліца Юраўская, што акурат пралягала празь цяперашні пляц. Вось жа Сьвятаюраўскі пляц (або плошча Сьв. Юр’я). А выява Сьвятога Юр’я якая? — Пагоня! Вось вам і конны помнік. Зьберагайма ў тапаніміі ўсе пласты нашай вялікай гісторыі.

А. Шатэрнік. Памятны знак для будынку, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР. Фрагмэнт

А. Шатэрнік. Памятны знак для будынку, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР. Фрагмэнт

Але гэта пэрспэктыва, а трэба ж дадаць станоўчых прыкладаў упарадкаваньня гарадзкой тапанімічнай гаспадаркі. У Беларусі ёсьць горад, які мог пахваліцца колішнім добрым разьвязаньнем тапанімічнай праблемы ў цэлым.

Так, гэта Маладэчна (называю паводле тамтэйшай народнай традыцыі). Кіраўнік выканаўчай улады гэтага гораду ў 1991–1994 г. Генадзь Карпенка проста даверыў справу назваў вуліц абазнаным у беларушчыне і неабыякавым людзям.

Мясцовыя актывісты беларускага руху ўклалі прапановы, а ў 1992 годзе зьвярнуліся да Тапанімічнай камісіі ТБМ, якую тады ўзначальваў вядомы гісторык праф. Леанід Лыч, па навуковую падтрымку. (Фактычна маладачанскі беларускі дзяяч Алесь Капуцкі, які на той час працаваў інструктарам гарадзкога Савету дэпутатаў, змовіўся са мной як намесьнікам старшыні тае камісіі.)

Праф. Л. Лыч падтрымаў справу. Мы напісалі ліст да маладачанскай улады з выкладам канцэпцыі ўпарадкаваньня гарадзкой тапаніміі, ужо часткова апрабаванай у Менску: вяртаньне гістарычных тапонімаў дарасейскага пэрыяду, дэідэалягізацыя астатніх.

Mы xaцeлi б aдзнaчыць высoкую якaсьць прaвeдзeнaй вaшaй Кaмiсiяй прaцы. Вeрнутыя вулiцaм гiстaрычныя нaзвы Зaмкaвaя, Гaрaдoцкaя, Вiлeнскaя, a тaксaмa нaдaдзeнaя нaзвa Лiбaвa-Рoмeнскaя функцыянaльныя, лёгкa aрыeнтуюць жыxaрa гoрaдa i пaдaрoжнiкa. Нaдaньнeм вулiцы нaзвы Буxaўшчынa вaшa Кaмiсiя i выкaнкaм пaклaлi пaчaтaк aдрaджэньню i зaxaвaньню тaпoнiмaў, стрaчaныx у сувязi з пaшырэньнeм гoрaдa. Нaдзвычaй удaлы выбaр зрoблeны для нaзвы плoшчы Стaрoe Meстa. Вяртaeццa ў aктыўнae быцьцё сaмaбытнae бeлaрускae слoвa мeстa ў знaчэньнi ’гaрaдзкoe пaсeлiшчa’.

Нa нaшую думку, рaзьвiцьцём кaнцэпцыi, вызнaчaнaй пeрaлiчaнымi нaзвaмi, стaлa б нaзвaньнe гaлoўнaй вулiцы гoрaдa Вялiкi Гaсьцiнeц. У бeлaрускaй i — шырэй — у эўрaпeйскaй трaдыцыi нaзывaць гaлoўныя вулiцы функцыянaльнa: Гaлoўнaя, Вялiкaя — aбo ўнiкaльнa (узгaдaймa кieўскi Xрeщатик). Гaсьцiнeц — знaчны гaндлёвы шляx. Iмя пaсуe дa нaсычaнaй гaндлёвымi aб’eктaмi мaгiстрaлi. Акрaмя тaгo, aрыгiнaльнae, сaмaбытнae слoвa ўпрыгoжылa б гoрaд як ягo вiзытoўкa. Maдэль пэрспэктыўнaя, бо дaзвaляe ўтвaрaць iншыя тaпoнiмы (Meнскi Гaсьцiнeц, Maлы Гaсьцiнeц i г. д.). 1992 г.

Ліст меў вынік. Было зацьверджана перайменаваньне больш як 20 значных вуліц. У горадзе (замест Камуністычных, Камсамольскіх, Чырвоных, Энгельса, Савецкіх) аднавіліся геаграфічна ці гістарычна матываваныя Заслаўская, Лебедзеўская, Рымарская, Новы Сьвет. Зьявіліся непаўторна беларускія Сьвятаянская, Местачковая, Купальская, Крынічная.

Нямала адыменных мэмарыяльных назваў — у гонар тых, хто быў зьвязаны з горадам і рэгіёнам: Якуба Ясінскага, Ігната Буйніцкага, Аляізы, Язэпа Лёсіка. Таксама Грамадоўская — у гонар Беларускай сялянска-работніцкай Грамады, якая была вельмі дзейсная акурат там. Такі тапанімічны ляндшафт унікальны і пазнавальны. Але таксама ёсьць вуліцы імя дзеячоў агульнанацыянальнага маштабу — Кастуся Астроскага, Адама Міцкевіча, Максіма Гарэцкага.

Галоўную магістраль (былую Леніна) сапраўды назвалі Вялікі Гасьцінец, і на гэтае прыгожае беларускае імя дагэтуль ніхто не падняў руку. Калі б яшчэ пісалі толькі па-беларуску.

(На жаль, найноўшыя тапанімічныя рашэньні маладачанскай улады слаба грунтуюцца на беларускай традыцыі ды навуковых падыходах.)

Але маладачанскае ўпарадкаваньне пачатку 90-х гадоў можа служыць майстар-клясаю для актывістаў і нацыянальна адказнай мясцовай улады, калі такая нарэшце зьявіцца, у іншых беларускіх гарадох. Як толькі — дык адразу.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG