Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грушавы. Чалавек, які ратаваў Беларусь ад Чарнобылю


Генадзь Грушавы і чарнобыльскія дзеці
Генадзь Грушавы і чарнобыльскія дзеці

Палітыку і грамадзкаму дзеячу Генадзю Грушавому сёньня споўнілася б 70 гадоў.

Ніводзін з дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня на выбарах у 1995 ня быў прапушчаны ў парлямэнт.

Але на давыбарах у 1996 годзе адзін з нас балятаваўся, і — перамог. Праўда, пабыў дэпутатам лічаныя тыдні (Лукашэнка парлямэнт распусьціў). Гэта — Генадзь Грушавы.

Прыкметна, што і дэпутацкая дзейнасьць Генадзя ў ВС-11 непасрэдна ў Авальнай залі была ня вельмі актыўнай (пры тым, што ён галасаваў за найважнейшыя заканадаўчыя прапановы БНФ). Бо справа, якой ён займаўся, забірала яго ўсяго.

У гісторыю ён ўвайшоў як адзін з заснавальнікаў камітэту БНФ «Дзеці Чарнобыля», як адзін з арганізатараў першага Чарнобыльскага шляху і, вядома, як чалавек, якому абавязаныя жыцьцём — і гэта не перабольшваньне — сотні тысяч людзей.

Аляксандар Лукашэнка казаў, што нібыта ў 90-я гады «сьвядомыя» стварылі чарнобыльскія фонды, каб «красьці».

Выглядае, Лукашэнка няздольны верыць у тое, што чалавекам можа рухаць нешта іншае, чым прага да ўлады ці грошай. Ці прага да зьдзеку зь людзей. Што ж, кожны думае катэгорыямі, якія яму бліжэйшыя.

Вынік дабрачыннай дзейнасьці для самога Грушавога — сьмерць у 64 гады. Ад раку.

Рак — доля большасьці маіх калег па Апазыцыі БНФ, якія адышлі — Ігара Герменчука, Ігара Пырха, Галіны Сямдзянавай, Генадзя Грушавога, Барыса Гюнтара, Алеся Шута, Уладзімера Станкевіча. І ніхто ня скажа, што таму сталася прычынай — ці то стрэс, ці то Чарнобыль. Хутчэй, усё разам.

На гэтым фота Генадзь з Алесем Адамовічам, які першым пачаў гучна гаварыць пра Чарнобыль яшчэ ў 1986 годзе:

Адамовіч казаў, што БНФ потым надаў чарнобыльскай бядзе грамадзкае гучаньне, і гэта праўда. Але ўсё ж я перакананы, што любую маштабную справу спачатку рухаюць адзінкі. І гэтыя імёны — Адамовіч і Грушавы — будуць у тэме чарнобыльскай праўды стаяць побач.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG