Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі пераклад кнігі пра Генадзя Грушавога прэзэнтуюць у Бэрліне


Беларускамоўны варыянт кнігі Аляксандра Тамковіча «Філязофія дабрыні. Ад катастрофы — да саду надзеі» выйшаў увесну 2016 году пры падтрымцы амбасады Нямеччыны ў Беларусі. Выданьне прысьвечана памяці стваральніка Беларускага дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобылю» Генадзя Грушавога.

Кніга «Філязофія дабрыні. Ад катастрофы — да саду надзеі» зьмяшчае 42 артыкулы. Сярод аўтараў — Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімер Някляеў, Юры Хашчавацкі, Валярына Кустава, Генадзь Кесьнер, Сяргей Ваганаў, Аляксей Марачкін, журналісты Радыё Свабода Алена Панкратава і Алесь Дашчынскі.

10 лістапада разам з Уладзімерам Някляевым і Генадзем Кесьнерам Аляксандр Тамковіч прэзэнтуе нямецкі пераклад кнігі ў Бэрліне.

«Нямецкі варыянт атрымаўся ў два разы таўсьцейшы за беларускі, больш за 500 старонак. Чаму? Напэўна, таму што нямецкія словы больш доўгія, а таксама таму, што дадаліся альфабэтны паказальнік і вялікая колькасьць фотаздымкаў. Над выданьнем працавалі пяць беларускіх перакладчыкаў, а пасьля тэкст яшчэ правяралі носьбіты нямецкай мовы», — расказаў Тамковіч аб працэсе стварэньня нямецкага выданьня «Філязофіі дабрыні».

Аляксандар Тамковіч

Аляксандар Тамковіч

Нямецкі варыянт кнігі будзе распаўсюджвацца на выставах і праз чарнобыльскія ініцыятывы Нямеччыны.

Нягледзячы на тое, што ўжо прайшло больш за два гады з моманту сьмерці Генадзя Грушавога, яго імя шануецца сярод нямецкіх дабрачынных арганізацый, кажа Аляксандр Тамковіч.

«Грушавога ведаюць і памятаюць. Ён стварыў дабрачынную махіну, якая працуе да гэтага часу».

У інтэрвію, якое Свабода ўзяла ў Аляксандра Тамковіча напярэдадні выхаду беларускага варыянту кнігі, яе аўтар казаў, што мэта «Філязофія дабрыні. Ад катастрофы — да саду надзеі» — гэта ня толькі даніна памяці Генадзю Грушавому, а таксама «стварэньне іншага вобразу немцаў — нацыі, якая неабыякава паставілася да чарнобыльскага гора беларусаў».

«Калісьці існавала міжнародная асацыяцыя чарнобыльскіх ініцыятыў. Туды ўваходзілі прадстаўнікі 21 краіны. Усяго было 610 замежных чарнобыльскіх ініцыятыў, але каля 300 зь іх былі ў Нямеччыне. Гэтая краіна была першай, хто прапанаваў дапамогу і хто даў яе Беларусі найбольш. Там жа нарадзілася ідэя міжнароднага чарнобыльскага руху. Мая кніга — гэта спроба сказаць „дзякуй“ немцам. У нас на дзяржаўным узроўні шырока сьвяткуецца гадавіна Перамогі, сьвята, у кантэксьце якога немцы —захопнікі і акупанты. Але няправільна ўспрымаць немцаў толькі ў сувязі з Другой усясьветнай вайной. Ёсьць іншая дата, і мы павінны яе ведаць. Я хачу стварыць інакшы вобраз немцаў — нацыі, якая неабыякава паставілася да чарнобыльскага гора беларусаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG