Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сад Надзеі» імя Генадзя Грушавога


Памяці Генадзя Грушавога
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:46 0:00
Наўпроставы лінк

Памяці Генадзя Грушавога. Аўтар Леанід Міндлін пры ўдзеле Сяргея Ісакава.Фільм для гледачоў Радыё Свабода прадстаўлены ўдавой Генадзя Грушавога — Ірынай Грушавой.

Да гадавіны з дня сьмерці Генадзя Грушавога сёньня ў Менску адкрываюць мэмарыял заснавальніка фонду «Дзецям Чарнобыля». Гэта сад, які пасадзіў сам Грушавы.

Год таму — 28 студзеня 2014-га — пайшоў з жыцьця грамадзкі і палітычны дзеяч, заснавальнік дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля» Генадзь Грушавы. Узгадаць яго сёньня зьбяруцца ў садзе ля царквы ў гонар іконы Божай Маці «Ўсіх тужлівых Радасьць» на вуліцы Прытыцкага ў Менску.

Гэты сад быў заснаваны ў дзясятую гадавіну чарнобыльскай катастрофы з ініцыятывы Генадзя Грушавога, які хацеў такім чынам ушанаваць памяць ахвяраў найбуйнейшай тэхнагеннай аварыі. Сам Грушавы тады пасадзіў там ігрушу.

На ўгодкі Грушавога зь Нямеччыны прыедуць ягоная жонка і дзеці.

Карэспандэнт Свабоды пагутарыў з гэтай нагоды з удавой Генадзя Грушавога — Ірынай Грушавой.

— Ірына Львоўна, нагадаю найперш нашым слухачам, чытачам, што 26 красавіка 1996 году грамадзяне паўтара дзясятка краінаў пасадзілі ў Менску 100 фруктовых дрэваў, якія сталі жывым помнікам ахвярам Чарнобыля. Выглядае, што цяпер гэта і своеасаблівы помнік Генадзю Ўладзімеравічу, які прыклаў вялізныя асабістыя намаганьні, каб зьменшыць наступствы катастрофы, прынамсі для беларускіх дзяцей.

— Ведаеце, я ўсё ж правяла больш за 40 гадоў побач з гэтым чалавекам, а за апошнія 25 гадоў мы разам шмат якіх людзей «закруцілі» ў нашу ідэю. І трэба сказаць, што ў нас атрымалася вельмі прыгожая справа — як па выніках, так і па самім працэсе. Не без складанасьцяў ды ўсяго іншага, аднак людзі здолелі насамрэч знайсьці і сілы, і радасьць, і надзею. Вось гэты сад пасадзілі на 10-годзьдзе Чарнобыля — ня проста якісьці помнік, камень паставілі, а менавіта сад, які расьце, які трэба даглядаць. То бок гэта частка жыцьця, гэта жывое — плоданосіць, цьвіце. Іншымі словамі, таксама вельмі прыгожая, сьветлая ідэя, якая, дзякуй Богу, увасобілася ў жыцьцё. Мы заўсёды гаварылі, што нашы дзеці Чарнобыля, якіх мы падтрымліваем, дапамагаем ім, — гэта таксама своеасаблівы «Сад Надзеі». Бо мы ўкладалі ў гэты сад, клапаціліся пра яго...

— Як гэта насамрэч — запусьціць махавік дабрачыннага фонду, ідэю якога падтрымалі больш за два дзясяткі краінаў?

— Часам цяжка было, бясспрэчна. Па жыцьці ўсялякае ж бывае — складанасьці, спрэчкі, дыскусіі. Людзі, на шчасьце ці наадварот, з розных кавалачкаў складаюцца, усё ў нас намяшана. Дык вось Генадзь умеў выцягнуць на сьвет божы якраз лепшае, што ёсьць у чалавеку — я і да сёньня зьдзіўляюся такой здольнасьці. І тады, вядома, старалася крочыць у нагу, але ён быў недасяжна наперадзе. А што да размаху? Так, ён не баяўся, як кажуць, раскручваць усё гэта «глёбусна», уцягваючы ў справу вялізную колькасьць людзей. Як палкаводзец, усё расстаўляў, усё трымаў у галаве, усіх падбадзёрваў. Вялікі чалавек быў. Зрэшты, ня толькі «быў», бо хацелася б, каб наш досьвед працы зь ім, жыцьця разам зь ім для іншых стаў таксама нейкай надзеяй, пацьверджаньнем таго, што мы, людзі, можам многае. Асабліва маладым прыклад — не апускаць рукі, не скарацца — маўляў, ну што мы можам у гэтым жыцьці? Можам, калі гэтага сапраўды хочам! Вось гэты вопыт сёньня трэба захаваць. Таму я і хацела б, каб мы сабраліся менавіта ў «Садзе Надзеі», памянулі Генадзя, пагаварылі, адчулі гэтую надзею.

— Ці зьявяцца ў «Садзе Надзеі» новыя элемэнты шанаваньня памяці Генадзя Грушавога?

Запавет Генадзя Грушавога беларускаму грамадзтву

Запавет Генадзя Грушавога беларускаму грамадзтву

«Калі амаль пяць гадоў таму я даведаўся, што ў мяне лейкемія — парушэньне структуры ДНК, — я сказаў сабе: мне ў жыцьці пашанцавала, бо я памру ад таго, з чым змагаўся ўсё жыцьцё. Але я ня дам Чарнобылю аніякіх шанцаў. Я хацеў бы скончыць жыцьцё на той бітве, у якую ўступіў 26 красавіка 1986 году і на якой знаходжуся апошнія 27 гадоў. Я з тымі, для каго працаваў пасьля Чарнобыля. Мой сыход — лягічнае завяршэньне майго жыцьця. Такі сыход дараваны мне Богам і лёсам. І я ўспрымаю яго як салдат на вайне, бо лепш загінуць падчас атакі на фронце, чым ад малярыі ў тыле.

Быць можа, сваім лёсам я каго-небудзь пераканаю, што ў Беларусі няма будучага, калі ігнаруюцца наступствы Чарнобыля. Нельга спадзявацца, што ад гэтай трагедыі можна схавацца ці ўцячы. Вось чаму дзяржава павінна займацца Чарнобылем самым сур’ёзным чынам. Толькі тады нацыя мае нейкую надзею на выратаваньне. У свой час я змагаўся за постчарнобыльскую Беларусь. А сёньня палова Эўропы змагаецца за мяне. Эўрапейцы даюць мне тыя лекі, якія я ня мог даць хворым беларусам. І гэты аванс я павінен адпрацаваць напоўніцу...»

— Там ужо стаіць знак — летась у кастрычніку мы ўсталявалі лаўку памяці. Само сабой, там ёсьць груша Грушавога, якую адмыслова для яго прывезьлі зь Нямеччыны і якую ён пасадзіў на 10-годзьдзе Чарнобыля. Кожны раз, калі мы туды прыходзім, завязваем стужачкі; стаіць слоік, каб кожны, хто туды наведваецца, мог нешта пакінуць. Увогуле, там пратаптаная добрая сьцежка і, словамі клясыка, сюды не зарастае народная сьцяжынка, мне было вельмі прыемна гэта бачыць. А таксама мы зрабілі два вялікія постэры, падчас нашага знаходжаньня хочам зь дзецьмі зрабіць гэткую мэмарыяльную дошку, двухбаковую. З аднаго боку — для Генадзя, з другога — для «Саду Надзеі імя Генадзя Грушавога». То бок — з апісаньнем месца памяці, грушы Грушавога, гісторыі саду, як мы яго саджалі, як нам спрыяў айцец Ігар Карастылёў, які быў у нас сябрам праўленьня арганізацыі. Хочам згадаць, як некалі мы ўсё гэта плянавалі, ажыцьцяўлялі. Магчыма, Лявонці Зданевіч ужо і забыўся, але ў свой час, у 1995-м, менавіта ён рабіў плян для саду. На жаль, дакладна па ягоным пляне зрабіць не ўдалося, бо разгарнулася будоўля. Але, тым ня меней, кожны нейкім чынам прылажыўся, і сад стаў фактам. Адзінае, чаго апасаюся, — каб не абвясьцілі яго гэткім «запаведнікам апазыцыі» і не забаранілі туды прыходзіць. Што ў нас, у прынцыпе, магчыма.

— Ірына Львоўна, ці мяркуецца нейкім чынам распаўсюдзіць запавет Генадзя Грушавога, які быў абнародаваны ўжо пасьля ягонай сьмерці?

— У тэкст, які я напісала для згаданай дошкі памяці, мы якраз паставілі і запавет. Бо ён там піша не пра сябе, а пра тое, што наступствы Чарнобыля — гэта задача дзяржаўная, дзяржава не павінна закрываць вочы на тое, што адбываецца. Дык вось мы ўзялі гэты запавет і таксама туды зьмясьцілі. Што тычыцца тэксту на постэры, то ён якраз перада мной, як прыедзем, паглядзім, што ўрэшце выйшла. Але сэнс закладаўся такі:

«Ты прыйшоў у „Сад Надзеі імя Генадзя Грушавога“, стаіш перад грушай, прывезенай зь Нямеччыны адмыслова для стваральніка Беларускага дабрачыннага фонду „Дзецям Чарнобыля“ і ўсясьветнага чарнобыльскага руху. Як і гэты жывы „Сад Надзеі“, так і фонд Генадзя Грушавога быў своеасаблівым садам надзеі для дзяцей, пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы. Потым ён памёр ад лейкеміі, падзяліўшы чарнобыльскі лёс многіх сваіх суайчыньнікаў. Зь яго сыходам і фонд спыніў існаваньне, але засталіся людзі — больш за паўмільёна беларускіх дзяцей, адпраўленых фондам на аздараўленьне ў дзясяткі краінаў сьвету».

Дарэчы, агулам 23 краіны, 600 тысяч дзяцей на сёньняшні дзень. Гэта проста неверагодная лічба, калі паглядзець, колькі вакол аднаго чалавека сваякоў, сяброў і г.д. Але пра гэта я ўжо не пісала.

«„Сад Надзеі“ на тэрыторыі храма носіць імя Генадзя Грушавога, тут з думкай ці малітвай пра яго ты можаш павязаць стужачку на ягоную грушу — у памяць пра чалавека, які меў мужнасьць у цяжкі для ягонай краіны час ня траціць надзеі і натхняў сваіх суайчыньнікаў і іх сяброў у сьвеце на зьмену свайго жыцьця да лепшага».

Вось такі тэкст...

— Як мяркуеце, можна было б ажыцьцявіць дабрачынны праект з падобным размахам цяпер, праз чвэрць стагодзьдзя?

— Абставіны так склаліся, што сёньня ў людзях узбуджаецца не глыбокая павага перад жыцьцём, а шукаецца любая нагода, як падзяліць людзей паміж сабой. Калі, прыкладам, мы 20 гадоў працавалі пад лёзунгам «Гуманітарнае супрацоўніцтва — гэта будучыня сьвету», укладаючы ў слова «супрацоўніцтва» не гуманітарную дапамогу, чуючы пра якую, некаторыя рэагуюць як сабака на каўбасу, а супрацоўніцтва людзей на карысьць нашага агульнага сьвету. І гэта цалкам магчыма: і цяпер магчыма, а ў той сытуацыі, відаць, магчымасьцяў было больш, хоць намаганьняў каштавала вялізных. Мяркуйце самі: было ахоплена больш за 20 краінаў, але ж гэта не азначае, што там сядзелі людзі і думалі: вось зараз пачнём зь беларусамі супрацоўнічаць, дапамагаць пасьля Чарнобыля. І вось простыя людзі, але зь дзяржаўным мысьленьнем, з болем за свой народ, за сваіх людзей езьдзілі ў гэтыя краіны, працавалі, тлумачылі, агітавалі, чаму гэта патрэбна. Пачыналі зь сяброўства вакол агульнай бяды, паступова выходзячы на канкрэтныя праекты. Гэта абсалютна ўнікальны працэс, і сёньня, здалёку, гэта ўсё падаецца неяк нават неверагодна: пры той бюракратыі, якая існуе і ў Эўропе, і ў Беларусі, пры той летаргіі, няверы, безнадзейнасьці. Прыкладам, я сама доўгі час адносна Беларусі карысталася выказваньнем: «Надзея ў краіне безнадзейнасьці». Менавіта так называла свае выступы, бо здавалася, што сапраўды ўсё абсалютна безнадзейна. Але ўсё ж ёсьць надзея, жыве. І яна ў чым? У людзях, у нас, у тым, што мы робім.

— Цяжка ўсьвядоміць, што чалавек, які ратаваў найперш малых беларусаў ад наступстваў радыяцыі — анкалёгіі — сам стаў ахвярай гэтай страшнай хваробы. Дарэчы, ці не апошняе вялікае інтэрвію да чарговай гадавіны Чарнобыля Генадзь Уладзімеравіч даў Свабодзе, грунтоўна падсумаваўшы вынікі дзейнасьці фонду. Складалася ўражаньне, што як бы адчуваў блізкасьць жыцьцёвай разьвязкі...

— Увогуле ён вельмі годна сышоў, прыгожа, можна сказаць, што па-геройску. Сапраўды, ён ужо тады сьпяшаўся, бо за апошнія паўгода зразумеў, што хвароба прагрэсуе надзвычай хутка, ніхто нічога ня мог зрабіць. Таму намагаўся яшчэ шмат пасьпець. Тады, пасьля вашага інтэрвію, літаральна праз два тыдні здарыўся другі інфаркт, апэрацыя на сэрцы і маса наступных дзіўных падзеяў. Такое адчуваньне, што Бог яго вельмі любіў. Ня ведаю, напэўна, іншы чалавек даўно загінуў бы, а тут усё само накладалася адно на адно. Нашы адмовіліся рабіць апэрацыю, але выявілася, што ў гэты час тут быў канадзкі прафэсар, які сказаў, што ўсё зробіць. Ён сапраўды зрабіў апэрацыю, пасьля якой Гена ў ліпені нават прыехаў да нас у Бэрлін. Гэта быў проста нейкі цуд! А потым зноў праблемы, бо гэта ж усё даганяе: запаленьне лёгкіх, адно, другое, трэцяе. І пры гэтым ён знайшоў сілы зноў прыехаць на Новы год, і мы тут два тыдні, можна сказаць, разьвітваліся. Але яны, гэтыя два тыдні, былі вельмі сьветлыя. Таму што чалавек — такая істота, якая адной часткай галавы разумее, што гэта апошні раз, а іншай ён цалкам пра гэта забываецца. То бок псыхіка так спрацавала, што гэтыя два тыдні не былі нейкай жалобай ці суцэльнымі сьлязьмі і стогнамі. Было радасна і добра ад таго, што мы разам...

Генадзь Грушавы нарадзіўся ў 1950 годзе ў Менску. Скончыў філязофскі факультэт БДУ, доктар філязофскіх навук, прафэсар. Адзін з арганізатараў Беларускага народнага фронту «Адраджэньне», дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ і ХІІІ скліканьняў (1990–1995 гады), сустаршыня грамадзянскага камітэту «Выбар-2001». Ад 1989-га — заснавальнік і нязьменны старшыня праўленьня дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля». За час дзейнасьці фонд дапамог больш як 2 мільёнам жыхароў Беларусі, звыш паўмільёна дзяцей былі накіраваныя на рэабілітацыю і аздараўленьне ў 23 краіны сьвету. У замежных камандзіроўках (Бэльгія, Вялікая Брытанія, ЗША, Канада, Нямеччына, Японія ды іншыя) пабывала некалькі сотняў мэдычных супрацоўнікаў — ад загадчыкаў паліклінік да мэдсясьцёр. Пакуль Дэпартамэнт па гуманітарнай дапамозе на пачатку 2000-х ня ўвёў працэдуру ліцэнзаваньня, па лініі фонду ў Беларусь паступіла гуманітарнай дапамогі (пераважна лекаў) на 500 мільёнаў даляраў. Генадзь Грушавы памёр ад лейкеміі 28 студзеня 2014 году, пахаваны на Паўночных могілках у Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG