Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Найбольш не хапала свабоды». Два фігуранты «справы Ціханоўскага» вярнуліся ў Горадню. ФОТА, ВІДЭА


Васіль Баброўскі са сваякамі
Васіль Баброўскі са сваякамі

Гарадзенцы Васіль Баброўскі і Ўладзімер Навумік, якія праходзяць у крымінальнай «справе Ціханоўскага», выйшлі на волю і прыехалі маршруткай у Горадню позна ўвечары 9 ліпеня. Яны адчуваюць сябе нармальна і ня ведаюць, чаму менавіта іх адпусьцілі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Мужчыны прабылі за кратамі 42 дні, большую частку ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Іх сустракалі жонкі і дзеці.

Баброўскага і Навуміка затрымалі падчас выбарчага пікету на Савецкай плошчы ў Горадні 29 траўня. Яны засталіся падазраваныя ў прычыненьні гвалту двум міліцыянтам і абвінавачаныя паводле артыкулу аб арганізацыі або падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ўдзеле ў іх. Абодвух на мінулым тыдні асудзілі ў адміністрацыйных справах за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі, далі па 10 сутак адміністрацыйнага арышту кожнаму. Яны гэтага тэрміну яшчэ не адбылі. Баброўскаму і Навуміку нечакана 9 ліпеня ўручылі дакумэнты аб зьмене меры стрыманьня і выпусьцілі на волю пад падпіску аб нявыезьдзе.

Навумік: «Псыхалягічная падтрымка — гэта крута»

Уладзімеру Навуміку 36 гадоў, гарадзенец, жанаты, мае 5-гадовую дачку. Працуе інжынэрам у дзяржаўнай арганізацыі. Дома з жонкай ніколі раней не абмяркоўвалі палітычных пытаньняў. У той дзень пайшоў па торт для дачкі і не вярнуўся. На пікеце Ціханоўскай 29 траўня ў Горадні пачаў здымаць тузаніну на тэлефон, тады яго і затрымалі. Пры затрыманьні міліцыянт «наступіў яму каленам на галаву».

Уладзімер Навумік
Уладзімер Навумік


Як расказаў Уладзімер Навумік, ён сапраўды ў той дзень пайшоў па торт для дачкі і апынуўся на Валадарскага. Вінаватым сябе не адчувае, віны не прызнаваў. Сукамэрнікі і кіраўніцтва ставіліся да яго нармальна, як і да ўсіх іншых. У першыя дні суседзі па камэры дапамаглі апрануцца, калі свайго адзеньня бракавала. Кажа, што кепскае стаўленьне, толькі калі артыкулы зьвязаныя з гвалтам, шкодай дзецям.

«Цяжкавата, шмат народу, душна, кураць... Стаўленьне ва ўсіх нармальнае, памяркоўнае», — расказвае мужчына пра ўмовы.

Прызнаецца, што асабліва ў першы час было маральна цяжка. Дужа падтрымлівалі лісты, паштоўкі, перадачы нават ад незнаёмых людзей. Першы ліст ад родных прыйшоў на 20-ы дзень за кратамі. Расказаў, што ежы хапала, людзі дзяліліся адно з адным.

«Псыхалягічная падтрымка — гэта крута. Там сядзіш, як у вакуўме, нічога ня ведаеш. „Советскую Белоруссию“ прынясуць, там няма чаго чытаць. Нічога ня ведаеш, што адбываецца», — тлумачыць Уладзімер.

Найбольш яму не хапала ў СІЗА свабоды. Ён кажа, што ня стаў больш радыкальным пасьля адседкі.

«Яны самі стварылі гэтую сытуацыю. Яе магло бы проста ня быць. Я бы сышоў. Усе б сышлі. Яны самі стварылі гэтую сытуацыю на роўным месцы», — тлумачыць мужчына, што адбылося.

Уладзімер кажа, што ўсе фігуранты «справы Ціханоўскага» сядзелі паасобку. Ён сустрэў за кратамі шмат добрых людзей, у тым ліку аднаго галоўнага лекара, «які шмат добрага людзям зрабіў». З «палітычных» зь ім у камэры праездам быў Уладзімер Чудзянцоў. Па словах Навуміка, сядзелася таму «ня вельмі добра за ягоныя артыкулы».

Уладзімер ведае, што на працы яго падтрымлівалі, пісалі яму станоўчую характарыстыку. Спадзяецца, што ня звольняць пасьля выхаду на волю.

Віталія, жонка Ўладзімера, падзякавала ўсім, хто яе падтрымліваў.

«Я стала больш моцнай духам», — прызналася Віталія.

Баброўскі: «Героем мяне зрабілі»

Васілю Баброўскаму 45 гадоў, гарадзенец, жанаты, трое дзяцей, адзін зь іх непаўналетні. Працуе аўтасьлесарам.

Васіль Баброўскі
Васіль Баброўскі


Ён расказаў, што 29 траўня пераходзіў з аднаго прыпынку на другі праз Савецкую плошчу. Умовы ацэньвае як ня добрыя і ня кепскія. Кажа, што ў зьняволеньні быў час, каб пераасэнсаваць жыцьцё, стаўленьне да сям’і, да дзяцей. Прачытаў за кратамі тры кнігі.

«Што ты зрабіў? Што ты мог зрабіць? Чаго ты не зрабіў?», — задаваў ён сябе пытаньні.

Баброўскі таксама не чакаў, што яго адпусьцяць. Такое рашэньне яму ніхто не патлумачыў.

«Пакуль адпусьцілі», — ацэньвае ён сытуацыю.

Яму таксама прыходзілі лісты за краты. Што адбылася ў краіне цягам месяца, ён яшчэ ня ведае.

«Як атрымалася, так атрымалася. Нічога ня зьменіш», — падсумоўвае ён.

Васіль кажа, што ня быў палітычна актыўным да затрыманьня. Мяркуе, што яго такім «героем» зрабілі. Цяпер кажа, што ўжо нічога не баіцца.

За кратамі Васіль сустрэў свой 45-ы дзень народзінаў. Ён успамінае гэты дзень — і ў першы раз пасьля прыезду на ягоных вачах блішчаць сьлёзы. Гэты дзень ён ніяк не адзначаў, сукамэрнікі ня ведалі пра сьвята; праўда, паштоўкамі павіншавалі блізкія.

Васіль і Ўладзімер першай справай на волі хочуць памыцца, пагаварыць з роднымі, а потым спадзяюцца вярнуцца да звычайнага жыцьця.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG