Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дапамогу мала хто атрымлівае, і яна нязначная». Як дзяржава падтрымала бізнэс ва ўмовах пандэміі


Ілюстрацыйнае фота. Прадпрымальнікі зь менскага гандлёвага цэнтру «Экспабел» масава накіраваліся ў адміністрацыю з патрабаваньнем зьменшыць арэндную плату. 20 красавіка 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Прадпрымальнікі зь менскага гандлёвага цэнтру «Экспабел» масава накіраваліся ў адміністрацыю з патрабаваньнем зьменшыць арэндную плату. 20 красавіка 2020 году

У Мінэканомікі паведамілі, што ў Беларусі падтрымку дзяржавы ва ўмовах пандэміі адчулі на сабе 2,5 тысячы кампаній. Свабода паглядзела, каму дапамагла дзяржава.

Указ «Аб падтрымцы эканомікі», падпісаны Лукашэнкам на хвалі пандэміі, прадугледжвае падтрымку бізнэсу ва ўмовах каранакрызісу. Гэта не прамыя грашовыя выплаты, а зьніжкі і адтэрміноўка на арэнду, падаткі ды іншыя плацяжы. У пералік сфэраў, якія могуць атрымаць такую падтрымку, трапіла амаль усё: ад вытворчасьці да салёнаў прыгажосьці.

Як паведаміў міністар эканомікі Аляксандар Чарвякоў,па дапамогу паводле гэтага ўказу па ўсёй Беларусі зьвярнуліся 5,7 тысячы розных кампаній. Дзьвюм з паловай тысячам дапамаглі.

«Абласныя саветы дэпутатаў у два разы зьнізілі стаўкі адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў на другі і трэці квартал.

Больш за 340 суб’ектаў гаспадараньня атрымалі льготу па падатку на нерухомасьць на суму 3,7 млн. рублёў. Зь іх 70% — прыватны бізнэс.

Адтэрміноўкі, растэрміноўкі і падатковыя крэдыты на суму каля 5 млн. рублёў прадстаўленыя 217 арганізацыям. Прычым 85% — таксама прыватны бізнэс.

Арандатары гандлёвых плошчаў, якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасьці, па выніках праведзенай аблвыканкамамі працы таксама паведамляюць аб зьніжэньні арэнднай платы і прадстаўленьні адтэрміновак», — сказаў Аляксандар Чарвякоў 18 чэрвеня на сустрэчы зь бізнэс-саюзамі.

«Дапамогу мала хто атрымлівае, і яна нязначная»

Старшыня каардынацыйнай рады Канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Ўладзімер Карагін у размове са Свабодай адзначае, што дапамога ад дзяржавы бізнэсу «нязначная». Да таго ж многія заяўкі на гэтую дапамогу «адхіляюцца».

Уладзімер Карагін
Уладзімер Карагін

«Дапамогу атрымліваюць нямногія і ў нязначнай колькасьці. Ад 20 да 50% у залежнасьці ад вобласьці ўхваляюць заяўкі на дапамогу. Пытаньне арэнднай платы часткова вырашаецца. Для кагосьці гэта і значна, але ёсьць сфэры, дзе пытаньне трэба вырашаць больш сур’ёзна. То бок колькі ім даць, каб яны не пазачыняліся. Гэта турыстычная сфэра, сфэра гасьцінічнага бізнэсу, лягістыка. Гаворка пра дробны бізнэс, бо буйны функцыянуе», — кажа Ўладзімер Карагін.

Ён згадвае, што некалькі дзясяткаў кампаній ужо закрыліся.

«Калі своечасова кампаніям не акажуць дапамогу, могуць быць тысячы закрытых», — рэзюмуе Карагін.

«Указ мала што даў»

Турыстычны бізнэс найперш адчуў страты ад пандэміі, бо пры закрытых межах працаваць фактычна немагчыма. Паводле рэдактара парталу toursoyuz.by Ліліі Кобзік, зьніжкі на арэнду адчулі тыя, хто арандуе памяшканьні ў прыватнікаў. А вось дзяржаўныя арандадаўцы на саступкі не пайшлі.

Лілія Кобзік
Лілія Кобзік

«У асноўным указ мала што даў. Тыя фірмы, якія на тэрыторыі дзяржаўных устаноў, не адчулі нічога, ніхто насустрач не пайшоў. Прыватныя ўласьнікі маёмасьці на саступкі ішлі, давалі адтэрміноўкі, зьменшылі сумы арэнды за некаторыя месяцы. А ад дзяржаўных арандадаўцаў атрымліваюць адпіскі», — кажа Лілія Кобзік.

Паводле Ліліі Кобзік, цяпер ёсьць турфірмы, якія на этапе ліквідацыі. Але яны маглі закрыцца з прычыны «старых праблем, якія абвастрыла пандэмія».

Пры гэтым асноўныя гульцы рынку працуюць. Некаторых супрацоўнікаў яны адправілі ў адпачынкі, кагосьці перавялі на паўстаўкі.

Вядома, што рыхтуецца яшчэ адзін указ, скіраваны на падтрымку турызму. Але калі ён выйдзе і якія там будуць меры падтрымкі, невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG