Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наведнікаў менш на 90%». Уладальнікі модных месцаў у «Гарызонце» асьцерагаюцца банкруцтва і просяць зьнізіць цану арэнды


Архіўнае фота. Уваход у будынак «Гарызонта»
Архіўнае фота. Уваход у будынак «Гарызонта»

Больш за 40 прадпрымальнікаў, якія арандуюць месцы ў аб’яднаньні «Гарызонт», 29 красавіка правялі агульны сход і выставілі патрабаваньні да арэндадаўцы.

Яны просяць: зьнізіць да магчымага мінімуму (больш як удвая) арэндную плату і перанесьці цяперашнія арэндныя выплаты на верасень, а выплату запазычанасьцяў, якая ўтворыцца, расьцягнуць да 31 сьнежня.

«Прычыны такога адчайнага кроку прадпрымальнікаў — суцэльнае падзеньне наведнасьці нашых гандлёвых пунктаў і, адпаведна, брак даходаў. Справа для нас стаіць гэтак: мы альбо выйдзем з гэтага каранавірусу зь велізарнымі стратамі, але захаваемся як суб’екты гаспадараньня, альбо збанкрутуем, і тады без крыніц для існаваньня застануцца ня толькі нашы сем’і, але і „Гарызонт“», — пракамэнтаваў сытуацыю прадпрымальнік Юры Алейнік, які ўдзельнічаў у арганізацыі сходу арандатараў.

Паводле Юрыя Алейніка, прынятыя на сходзе звароты накіравалі ня толькі арэндадаўцу (гэта ЗАТ «Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер»), але таксама ў шэраг дзяржаўных устаноў, у тым ліку ў адміністрацыю прэзыдэнта, Міністэрства прамысловасьці і Менгарвыканкам.

«На сходзе быў таксама абмеркаваны красавіцкі ўказ Аляксандра Лукашэнкі № 143 „Аб падтрымцы эканомікі“. Паводле гэтага ўказу дзяржаўным прадпрыемствам прадугледжана істотная падтрымка, у тым ліку зьніжэньне арэнднай платы. Але як быць з прыватнікамі, якія наўпрост залежаць ад дзяржаўных прадпрыемстваў, як мы ад „Гарызонту“? Мы ў адной лодцы, і ратавацца трэба разам», — лічыць прадпрымальнік Юры Алейнік.

Больш за 100 індывідуальных прадпрымальнікаў і фірмаў арандуюць вытворчыя ды іншыя плошчы на аб’яднаньні «Гарызонт». Арэнда квадратнага мэтра для іх каштуе ад 5 да 12 эўраў. Тут прадпрымальнікі шылі і дэманстравалі моднае адзеньне, дзейнічалі дзясяткі модных майстэрняў, з пачатку году адкрыўся скаладром, працавалі некалькі студыяў танцаў і гуказапісу, штотыдня тысячы наведнікаў зьбіралі квэст-румы і кавярні.

«Цяпер наведнікаў менш на 90%, настолькі ж упалі і даходы. Шмат хто ўжо ня вытрымаў і закрыўся», — кажа Юры Алейнік, які спэцыялізуецца на забаўляльным бізнэсе.

Грошы за арэнду бярэ закрытае акцыянэрнае таварыства «Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер». Ці гатовая фірма зьнізіць цану арэнды для сваіх арандатараў?

Ніхто з таварыства «Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер» на сход арандатараў «Гарызонта» не зьявіўся, а праз тэлефон адказны прадстаўнік фірмы ад кантактаў з журналістамі адмовіўся.

На прапанову Свабоды пракамэнтаваць патрабаваньні арандатараў гэты супрацоўнік «Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер» сказаў: «Пішыце пісьмовы зварот».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG