Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея атрымала права на чэмпіянат сьвету ў футболе за хабар, — пракуратура ЗША


Глядач матчу Чэмпіянату сьвету, Сочы, 2018 год, ілюстрацыйнае фота
Глядач матчу Чэмпіянату сьвету, Сочы, 2018 год, ілюстрацыйнае фота

Амэрыканская фэдэральная пракуратура 6 красавіка ўпершыню абвінаваціла былых футбольных функцыянэраў зь некалькіх краін у атрыманьні хабараў ад Расеі і Катару. Гэтыя краіны дамагаліся і атрымалі права правядзеньне чэмпіянатаў сьвету ў футболе ў 2018 і 2022 гадах.

Паводле абвінаваўчага заключэньня, былы віцэ-прэзыдэнт FIFA з Трынідаду і Табага Джэк Уорнэр атрымаў ад Расеі пяць мільёнаў даляраў празь сетку падстаўных кампаній. Частку гэтых сродкаў выплацілі амэрыканскія фірмы, якія прадстаўлялі інтарэсы Расеі падчас падрыхтоўкі да чэмпіянату сьвету.

Былы чалец выканаўчага камітэту FIFA ад Гватэмалы Рафаэль Сальгера абвінавачваецца ў атрыманьні мільёна даляраў за галасаваньне за наданьне Расеі права правядзеньня чэмпіянату.

Аргентынцу Хуліё Грандона, парагвайцу Нікалясу Леасу і бразыльцу Рыкарду Тэйшэйра выставілі абвінавачаньні ў атрыманьні хабару ад Катару.

Працэсу галасаваньня ў 2010 годзе, у выніку якога Расея і Катар атрымалі права на правядзеньне Кубкаў сьвету ў футболе спадарожнічала сэрыя скандалаў і расьсьледаваньняў. Расея атрымала тады верх у супрацьстаяньні з Англіяй, Нідэрландамі-Бэльгіяй Гішпаніяй-Партугаліяй, якія мелі намер праводзіць чэмпіянаты сумесна. Катар узяў верх над Злучанымі Штатамі.

Гэтыя вынікі адразу ж выклікалі падазрэньні. Больш за палову ўдзельнікаў галасаваньняў, у тым ліку прэзыдэнт ФІФА Зэп Блятэр сталі аб'ектамі розных абвінавачваньняў. Блятэр пасьля быў адхілены ад пасады прэзыдэнта пасьля расьсьледаваньня, праведзенага камітэтам этычных пытаньняў FIFA. Некаторыя зь іх сталі аб'ектамі абвінавачаньняў у справах аб продажы правоў на трансьляцыю гульняў чэмпіянату і былі вымушаныя пайсьці ў адстаўку.

Цяперашнія афіцыйныя абвінавачаньні — першыя, у якіх сьцьвярджаецца, што Расея і Катар атрымалі права правядзеньня чэмпіянатаў сьвету ў футболе, падкупіўшы чыноўнікаў FIFA.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG