Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зэп Блятэр: Расея стала арганізатарам футбольнага чэмпіянату 2018 да галасаваньня


Былы прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі футболу (ФІФА) Ёзэф (Зэп) Блятэр паведаміў, што рашэньне аб прызнаньні Расеі арганізацыі футбольнага чэмпіянату сьвету ў 2018 годзе было прынятае да галасаваньня Выканаўчага камітэту ФІФА па гэтым пытаньні.

Пра гэта паведамляе The Guardian, спасылаючыся на інтэрвію Блятэра агенцтву ІТАР-ТАСС. (Вэб-старонка ІТАР-ТАСС з гэтым інтэрвію не адкрываецца.)

«У 2010 мы абмяркоўвалі сусьветны кубак і прынялі падвойнае рашэньне. Мы пагадзіліся, што прызнаем права арганізаваць кубак Расеі, таму што ён ніколі не адбываўся ў Расеі і ва ўсходняй Эўропе, а ў 2022 мы вернемся ў Амэрыку. Такім чынам мы арганізуем сусьветны кубак у дзьвюх звышдзяржавах» — цытуе Блятэра брытанская газэта.

Паводле Блятэра, «усё было добра» да часу, пакуль тагачасны прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі не сустрэўся з катарскім прынцам, які цяпер кіруе Катарам. Пасьля гэтай сустрэчы, дадаў Блятэр, Сарказі сказаў Мішэлю Пляціні, кіраўніку УЭФА, што футбольны кубак сьвету ў 2022 годзе павінен адбыцца ў Катары. І гэта, паводле Блятэра, «зьмяніла ўсю раскладку».

У тайным галасаваньні Катар перамог ЗША. Паводле Блятэра, пасьля гэтага ў ФІФА пачаліся праблемы, выкліканыя расчараваньнем ЗША.

«Калі б ЗША прызналі арганізацыю кубка сьвету, мы цяпер гаварылі б выключна пра цудоўны чэмпіянат сьвету 2018 году ў Расеі, і ў ФІФА не было б ніякіх праблемаў» — сказаў Зэп Блятэр ІТАР-ТАСС, паводле пераказу газэты The Guardian.

У траўні сёлета, выконваючы просьбу ЗША, швэйцарскія ўлады затрымалі групу высокапастаўленых афіцыйных асобаў ФІФА па абвінавачаньнях у карупцыі.

У гэтым месяцы Камітэт па этыцы ФІФА адхіліў Блятэра ад выканання абавязкаў кіраўніка арганізацыі на 90 дзён. Таксама адхіленыя ад сваіх абавязкаў віцэ-прэзідэнт ФІФА і прэзыдэнт УЭФА Мішэль Пляціні ды генэральны сакратар ФІФА Жэром Вальку.

26 верасьня камітэт па этыцы ФІФА пачаў расьсьледаваньне ў дачыненьні да Блятэра і кіраўніка УЭФА Мішэля Пляціні. Днём раней Швэйцарскае фэдэральнае бюро юстыцыі ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненьні да Блятэра. Яго падазраюць у халатнасці і крадзяжах. У прыватнасці, Блятэру інкрымінуецца дача хабару Пляціні памерам у два мільёны швэйцарскіх франкаў.

Блятэр, які ўзначальваў ФІФА з 1998 году, 29 траўня быў пераабраны на пяты тэрмін, аднак ужо 2 чэрвеня абвясьціў аб сваім сыходзе пасьля абвінавачваньняў у карупцыі. Пакінуць сваю пасаду ён плянуе пасьля 26 лютага 2016, калі пройдуць выбары новага кіраўніка. Да гэтага моманту Блятэр — выканаўца абавязкаў прэзыдэнта ФІФА.

XS
SM
MD
LG