Паводле Мінздароўя Беларусі, цяпер «зарэгістравалі другі выпадак сьмерці ўзроставага пацыента з наяўнасьцю шматлікіх хранічных захворваньняў, паводле папярэдніх зьвестак, абцяжараных каранавіруснай інфэкцыяй».
Міністэрства аховы здароўя Беларусі 1 красавіка паведаміла ў сваім Telegram сьвежыя лічбы пра колькасьць выпадкаў COVID-19: за апошні дзень 5 пацыентаў выпісаныя, яшчэ 157 «знаходзяцца пад кантролем мэдыкаў і на лячэньні».
30 сакавіка Мінздароўя паведамляла пра 152 выпадкі інфікаваньня новым каранавірусам: тады 47 пацыентаў былі «выпісаныя або рыхтаваліся да выпіскі», яшчэ 105 былі «пад кантролем мэдыкаў і на лячэньні».
Колькі выпісалі за два дні, можна зразумець зь сёньняшняга і ўчорашняга паведамленьня: цяпер выпісалі 5, днём раней — 6, сумарна 11. Ды колькі выпісаных былі ў ліку 47, якія днём раней былі «выпісаныя або рыхтаваліся да выпіскі», невядома.
Таксама невядома, колькі зьявілася новых пацыентаў з дыягназам COVID-19 і колькі агулам выпадкаў каранавірусу зафіксавалі на 1 красавіка. На лячэньні, у параўнаньні зь мінулым паведамленьнем, стала на 52 чалавекі больш.
31 сакавіка Мінздароўя не паведаміла пра колькасьць хворых або новых выяўленых выпадкаў (у сацсетках паведамленьні Мінздароўя называюць «рэбусамі»), ды пацьвердзіла першую сьмерць інфікаванага. У даведцы аб сьмерці 75-гадовага віцебскага актора Віктара Дашкевіча ня згадвалася каранавірусная інфэкцыя, прычына сьмерці — «неўдакладненая пнэўманія».
Аляксандар Лукашэнка так пракамэнтаваў сьмерць Дашкевіча:
«Мы падазраём, што ў Віцебску гэты актор памёр, і ў яго таксама быў да пнэўманіі і іншага яшчэ і гэты вірус. Ну мы ж прасілі — яму заўтра 80 гадоў будзе... — чаго ты ходзіш па гэтай вуліцы, а тым больш працуеш?
Жонка здаровая — яна ж з мужам жыла, — дачка здаровая. Таму што імунітэт моцны. А ён, небарака, не вытрымаў. Паступіў з цяжкай пнэўманіяй, на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх ляжаў, ратавалі яго».
На прэс-канфэрэнцыі 27 сакавіка Мінздароўя паведаміла, што сьвядома выбрала тактыку «нештодзённага інфармаваньня» пра COVID-19, бо, як сказала намесьніца міністра Алена Богдан, «нічога экстраардынарнага ў краіне не адбываецца». Як відаць са статыстыкі Сусьветнай арганізацыі здароўя, практычна ўсе іншыя краіны Эўропы даюць статыстыку штодзень.