Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус: страхі сапраўдныя і ўяўныя


Ілюстрацыйнае фота. Змаганьне з каранавірусам у Паўднёвай Карэі: салдаты дэзінфікуюць вуліцу перад будынкам муніцыпалітэту ў горадзе Тэгу ў Паўднёвай Карэі, 2 сакавіка 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Змаганьне з каранавірусам у Паўднёвай Карэі: салдаты дэзінфікуюць вуліцу перад будынкам муніцыпалітэту ў горадзе Тэгу ў Паўднёвай Карэі, 2 сакавіка 2020 году

Мінулы тыдзень быў для фондавых рынкаў у сьвеце найгоршым з крызіснага 2008 году. Адрозьненьне ў тым, што тады гэта было зьвязана з выбухам калясальнай фінансавай бурбалкі і банкруцтвам некалькіх гіганцкіх банкаў, а цяпер — з гісторыяй вакол загадкавага і непадкантрольнага захворваньня.

Пры тым, што сьмерцяў ад каранавірусу на два парадкі менш, чым ад звычайнага грыпу. Калі вы жывяце ў краіне з больш-менш разьвітай мэдыцынай, не пакутуеце ад цяжкія хвароб і знаходзіцеся не зусім у старым узросьце, вам, калі верыць наяўнай інфармацыі, наўрад ці пагражае фатальны канец. Як быццам бы.

Дык у чым страх? Чаму паніка?

Гэтае пытаньне ў міжнародных СМІ нават не асабліва задаюць. І ад гэтага таксама ніякавата.

Бо ствараецца ўражаньне, быццам нехта ведае пра каранавірус нешта, чаго ня ведае і не павінна ведаць грамадзкасьць. Першыя захворваньні зьявіліся ў рэгіёне, дзе, як некаторыя кажуць, кітайскі камуністычны рэжым распрацоўвае бактэрыялягічную зброю. Што там магло ўцячы з сакрэтных лябараторый КНР?

Але хутчэй пра каранавірус якраз зашмат невядома. Пачынаючы з адсутнасьці вакцыны і лекаў да незразумеласьці пэрспэктываў мутацыі віруса — бо ўжо былі выпадкі паўторнага заражэньня.

Так ці інакш, каранавірус ужо стаў «чорным лебедзем» і трыгерам для распродажу актываў на рынках, для інфармацыйнай атакі на Кітай, для адмены шматлікіх знакавых імпрэзаў. Хто і дзеля чаго яшчэ захоча выкарыстаць гэтую нагоду? Неўзабаве пабачым.

Ёсьць штосьці вельмі падобнае між успышкай каранавіруса і глябальным пацяпленьнем. У абодвух выпадках мы маем справу з чымсьці нябачным, незразумелым і ня цалкам відавочным. Дакладныя і правераныя веды пра гэта даступныя і зразумелыя толькі вузкаму колу спэцыялістаў. І пры гэтым яно патэнцыйна нясе катастрафічную пагрозу.

Толькі пра глябальнае пацяпленьне гаворыцца даўно, кола прафэсіяналаў і экспэртаў пашырылася і аргумэнты прынамсі на карысьць пляну дзеяньняў, які нам прапануецца, гучаць больш-менш пераканаўча.

З каранавірусам горш: тут, як у тым інтэрнэтным мэме: «няма часу тлумачыць», трэба дзейнічаць тут, цяпер і неадкладна. Вялікая прастора для маніпуляцый.

Але, як і з глябальным пацяпленьнем, нам, падобна, застаецца толькі верыць кампэтэнтным асобам і рабіць тое, што яны кажуць. Мыць рукі, паменей бываць у месцах, дзе зьбіраецца шмат людзей, пазьбягаць паездак у Італію і, калі раптам, Кітай і Іран. І, вядома ж, захоўваць спакойны розум. Бо што яшчэ рабіць?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG