«Незалежнасьць — гэта...». Уладзімер Арлоў параўноўвае Беларусь 1990 і 2019 гадоў
«Незалежнасьць — гэта...»
Уладзімер Арлоў параўноўвае
Беларусь 1990 і 2019 гадоў
У лютым 1990 году пісьменьнік Уладзімер Арлоў напісаў славутае эсэ «Незалежнасьць — гэта...». Беларусь тады была яшчэ часткай СССР, і Арлоў пісаў пра ўяўную незалежную краіну. Ці наблізілася Беларусь за амаль 30 гадоў да краіны-мары незалежнікаў пачатку 1990-х? Альбо Беларусь 2019 году ўсё яшчэ нагадвае БССР 1990-га? Мы папрасілі Ўладзімер Арлова прымераць 17 пунктаў незалежнасьці зь ягонага эсэ да сучаснай краіны.
У вынасках мы прыводзім камэнтары Ўладзімера Арлова зь ягонымі высновамі.
Націсьніце на выдзелены тэкст або , каб пабачыць камэнтары пісьменьніка
Незалежнасьць — гэта калі ты зьявісься на сьвет у радзільні, дзе няма сама стэрыльных на Зямлі прусакоў, затое ёсьць аднаразовыя шпрыцы й пялюшкі.

Хоць нашая мэдыцына не на ўзроўні найлепшых мэдычных стандартаў, але маладым мэдыкам, відаць, цяжка паверыць, што некалі шпрыцы пасьля кожнага выкарыстаньня кіпяцілі. Разам з тым нашыя мэдыкі атрымліваюць вельмі нізкія ў параўнаньні з эўрапейскімі ці амэрыканскімі калегамі заробкі. Гэта прыводзіць да эміграцыі і зусім не спрыяе агульнай якасьці мэдычнага абслугоўваньня.

Незалежнасьць — гэта калі твой бацька пойдзе ў ЗАГС, каб атрымаць дакумэнт, што ты сапраўды нарадзіўся і што цябе назвалі ў гонар дзеда Рыгорам, і кабета, якая сядзіць там, спакойна выпіша яму гэты дакумэнт, а ня выцягне са стала «Справочник личных имён народов СССР» і ня будзе, размахваючы ім, гістэрычна тлумачыць твайму бацьку, што ён можа без праблем назваць сына Файзулой ці нават Мамаем, а вось Рыгорам — ня можа, бо такога імя проста не існуе ў прыродзе (а существует нормальное человеческое имя Григорий).

Не скажу, што тут усё ідэальна. Дагэтуль можна сутыкнуцца з супрацоўніцамі ЗАГСаў, якія будуць вас пераконваць, што Алеся ўсё роўна трэба запісваць Аляксандрам, а Рыгора – Грыгорыем. Але мы прайшлі з тых савецкіх часоў вялікі шлях. Майго ўнука завуць Ясем, так у яго запісана і ў пашпарце – Ясь Багданавіч Арлоў. Я ведаю дзяцей, якіх завуць Мара, Верас, Ружана, Сьвятаяна, Зараслава… Распаўсюджаных цяпер імёнаў Вітаўт, Альгерд, Францішак у савецкія часы ў беларускіх пашпартах проста не магло быць.

Уладзімер Арлоў выступае падчас першага адзначэньня Дзядоў у Курапатах, 1988 год
Незалежнасьць — гэта калі ты пойдзеш у школу і цябе будуць вучыць на тваёй мове (а дзяўчынку Гражынку, якая падабалася табе ў дзіцячым садзе, — на яе мове, а твайго суседа хлопчыка Мішу, тату якога завуць Ісакам, — на ягонай, а другога твайго суседа, хлопчыка Алёшу, бацькі якога прыехалі сюды, бо ў іхным горадзе на Волзе, каб купіць малому малака, трэба займаць чаргу а пятай гадзіне раніцы, — на ягонай). Цябе будуць вучыць на тваёй мове, і дзеля гэтага тваім тату й маме ня трэба будзе ўсё лета зьбіраць па кватэрах заявы бацькоў, якія ня тое каб не хацелі вучыць сваіх дзетак так, як твае тата й мама, а проста ніколі пра гэта ня думалі, бо вырасьлі пры інтэрнацыяналізьме. І гэтыя заявы ня трэба будзе губляць тры разы дырэктару й два — сакратарцы, і ў першы верасьнёвы дзень ты не пачуеш на ўрачыстай лінейцы, што «год от года хорошеет материально-техническая база нашей школы», а прыйшоўшы ў сваю клясу, не даведаесься, што дзякуючы няўхільнаму клопату партыі і ўраду ў вас на ўсю клясу толькі адзін лемантар і дзьве «матэматыкі» на роднай мове.

Пасьля рэфэрэндуму 1995 году ў сфэры адукацыі адбыўся велізарны адкат. І цяпер бацькі зноў, як у канцы 1980-х гадоў, каб вучыць сваіх дзяцей па-беларуску, мусяць зьбіраць заявы. А потым тыя заявы могуць згубіць, ці бацькоў будуць пераконваць забраць іх назад. Падручнікаў на беларускай мове як не хапала тады, так не хапае і сёньня: ведаю прыклады, калі ў вучняў беларускай клясы 1 верасьня ўсіх падручнікаў яшчэ няма.

Дэманстрацыя рабочых. Плошча Незалежнасьці, Менск, 1991 год. Фота Сяргея Брушко
Незалежнасьць — гэта калі твая дружына ня будзе змагацца за права насіць імя Паўліка Марозава ці Аляксандра Мясьнікова, бо ўсе вы цудоўна ведаеце, як любіў свайго татку Паўлік і як любіў беларусаў Мясьнікоў.

Піянэрская арганізацыя ў Беларусі рэанімаваная. Мне невядома, ці ёсьць дружыны, якія носяць імя Паўліка Марозава ці Аляксандра Мясьнікова. Але мне вядомыя іншыя прыклады: калі дзяцей прымушаюць уступаць у піянэры. Дачку маіх знаёмых, якая адмовілася стаць піянэркай, паставілі на сцэну перад аднаклясьнікамі, і тыя павінны былі скандаваць «Позор!». Пасьля гэтага бацькі вымушаныя былі перавесьці яе ў іншую школу.

Незалежнасьць — гэта калі ты будзеш студэнтам і на лекцыі па вышэйшай матэматыцы твой смуглявы раўналетак з Мадагаскару, які вучыцца за грошы сваёй, а не тваёй краіны, нахінецца да цябе і запытае, што значыць слова «імавернасьць», і ты па-француску растлумачыш яму.

Тут адлюстраваная мая і маіх аднадумцаў мара пра вышэйшую адукацыю на беларускай мове. Па сутнасьці, гэтай адукацыі мы ня маем, па-беларуску вучыцца ўсяго толькі жменька студэнтаў на філялягічных факультэтах. Прычым ня ўсе дысцыпліны і ў іх чытаюцца па-беларуску. Таму гэтае спадзяваньне так і застаецца ў разрадзе летуценьняў.

Незалежнасьць — гэта калі ты будзеш служыць у войску не далей за памежны горад ці вёску твае зямлі, затое табе ніколі не загадаюць фарбаваць траву і прыбіраць тэрыторыю «вот отсюда и до обеда» У нядзелю ты зможаш прыехаць да бацькоў ці да свае дзяўчыны, затое ніхто не назаве цябе «бульбашом», а твайго сябра — «черножопым» за тое, што вы думаеце й гаворыце ў сьне па-свойму, і выдатнікі баявой і палітычнай падрыхтоўкі ня будуць у працэсе гэтай падрыхтоўкі рабіць табе «велосипед», і табе ніколі не загадаюць гастрыць сапэрную рыдлёўку, каб акапацца ў Баку ці ў Тбілісі.

Наконт дзедаўшчыны ў беларускім войску мы вельмі добра дасьведчаныя. Згадаем хаця бы справу Аляксандра Коржыча, загадкавыя самагубствы іншых маладых салдатаў. Аднак цяпер нашыя хлопцы ня служаць за межамі Беларусі. Не ваююць і ня гінуць за чужыя інтарэсы. Беларускія маці ня плачуць над трунамі з Чачэніі альбо Сырыі. Тое, што беларускае войска знаходзіцца ў межах краіны – адна з самых каштоўных заваёў нашай незалежнасьці.

Чарнобыльскі шлях у Менску, 1996 год
Незалежнасьць — гэта калі твая дзяўчына кажа, што хоча на выходныя ў Вену, і ты з чыстым сумленьнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы вып’еце кавы насупраць палацу Шонбрун, і ведаеш, што перад вашай вандроўкаю ніхто ня будзе высьвятляць у цябе, ці быў ты ў дзяцінстве габрэем, а таксама ці быў ты раней за мяжою і калі вярнуўся адтуль, дык зь якой мэтаю.

З прыходам незалежнасьці сьвет для нас стаў непараўнальна больш адкрытым. У савецкія часы я праз свае праблемы з «кампэтэнтнымі органамі» ня мог паехаць ні ў Польшчу, ні ў Баўгарыю. Цяпер сытуацыя зусім іншая. Я сапраўды піў каву насупраць палацу Шонбурн, і неаднойчы. Іншая рэч, што для таго, каб паехаць у эўрапейскія і амэрыканскія краіны, мы мусім атрымліваць візы. Гэта заўсёды шок, стрэс, а часам проста прыніжэньне.

Незалежнасьць — гэта калі на Дзяды, у Дзень памяці продкаў, ты ідзеш на могілкі й ведаеш, што паставіш сьвечку й пакладзеш кветкі, а ня станеш удзельнікам выпрабаваньня балёнчыкаў з нэрвова-паралітычным газам ці новае мадэлі гумовага дручка.

Калі я пісаў гэтыя словы пра Дзяды, у памяці быў яшчэ вельмі сьвежы ўспамін пра разгон гістарычных Дзядоў 30 кастрычніка 1988 году. Не скажу, што цяпер у гэтым сэнсе ў нас усё ідэальна. Але ў апошнія гады, здаецца, Дзяды абыходзяцца без газавых балёнчыкаў і дручкоў. Іншая рэч, калі мы прыходзім на Дзяды, каб ушанаваць памяць нашых продкаў, жыцьцё якіх абрывалася ў Курапатах, можам пабачыць там паваленыя і зьняважаныя крыжы.

Незалежнасьць — гэта калі твой сын прынёс са школы пяцёрку па гісторыі і ты хваліш яго за гэтую пяцёрку, бо ведаеш, што ён атрымаў яе не па тым прадмеце, дзе вучаць пра Лядовае пабоішча і перамогу калектывізацыі, а па тым, дзе вучаць пра Грунвальдзкую бітву, якая ўратавала твой народ ад сьмерці, і кажуць праўду пра тую ўладу, што расстраляла твайго дзеда й задушыла голадам тваю бабулю.

Я вучыўся ў тыя часы, калі любы беларускі школьнік, пабуджаны сярод ночы, адбарабаніў бы пра Лядовае пабоішча так, што ад зубоў адскоквала б. А пра Грунвальдзкую бітву ён мог нічога нават ня ведаць. Бо ў нашым танюткім і ўбогім школьным падручніку пад назваю «История БССР» пра Грунвальд было ўсяго чатыры з паловай радкі. Сёньня нашыя школьнікі вучацца па падручніках, дзе гісторыя Беларусі падаецца як гісторыя самастойнага народу, а не як нейкі ня надта абавязковы дадатак да гісторыі Расеі альбо СССР. Аднак падручнікі рэдагуюцца ў пэўным кірунку. Зьяўляецца, напрыклад, параграф не пра «вайну 1812 году», а пра «Айчынную вайну 1812 году». Хоць у 2012 годзе міжнародная канфэрэнцыя гісторыкаў зрабіла адназначную выснову: для беларусаў тая вайна зусім не была айчыннай. У войску Напалеона, паводле самых сьціплых падлікаў, ваявалі 25 тысяч нашых суайчыньнікаў.

Дзень Волі ў Менску, 2017 год
Незалежнасьць — гэта калі да цябе завітае сьпявак зь Ню-Ёрку, і ты вып’еш зь ім добрую чарку вішнёўкі, і пасьля ветлівыя дзядзькі ў цывільным не запрапануюць табе падрабязна напісаць, дзе й што вы пілі й каго пры гэтым лаялі.

Тут маецца на ўвазе прыезд у мой родны Полацак Багдана Андрусішына, якога мы ведаем і любім як сьпевака Данчыка. Потым у незалежнай Беларусі мы ня раз сустракаліся з Данчыкам, і пасьля гэтага мне, на шчасьце, ніхто не прапаноўваў напісаць, што мы пілі і ці лаялі пры гэтым якіх-небудзь усім вядомых пэрсанажаў.

Незалежнасьць — гэта калі ты пазбаўлены магчымасьці пачуць, як твой прэзыдэнт вучыць з экрана суайчыньнікаў: «Хто как хаціт, той так і гаварыт», бо твой прэзыдэнт — чалавек пісьменны і хоць адну мову ўсё ж ведае.

Працытаваныя словы належаць тагачаснаму старшыню Вярхоўнага Савета Беларусі Мікалаю Дземянцею. Не скажу, што цяпер у нас у гэтым сэнсе ўсё ідэальна. Хаця выдатнае валоданьне і імкненьне гаварыць па-беларуску раз-пораз дэманструюць нам прэм'ер-міністар Сяргей Румас і міністар замежных справаў Уладзімер Макей. Чакаем таго самага і ад кіраўніка дзяржавы. Спадзяюся, што на вышэйшыя эшалёны ўлады нарэшце прыходзіць разуменьне, што мова разам з гістарычнай памяцьцю можа бараніць межы дзяржавы лепей за любую армію.

Незалежнасьць — гэта калі з тэлеперадач і газэт раптам зьнікаюць лісты нястомна-таямнічых вэтэранаў і вусьцішныя паведамленьні пра нацыяналістаў і экстрэмістаў з народных франтоў, якія нават уначы ня сьпяць, а распальваюць паміж табой, Алёшам і Мішам, тату якога звалі Ісакам, а таксама Гражынаю, якая даўно ўжо твая жонка, міжнацыянальную варожасьць, каб учыніць сярод вас крывавую разьню й пусьціць пад адхон цягнік перабудовы.

Гэты пункт можна з чыстым сумленьнем сьпісаць у архіў, таму што ў Беларусі як не было за стагодзьдзі нашай гісторыі нацыянальнай варожасьці, так (як бы гэтага камусьці, магчыма, ні хацелася) няма яе і сёньня.

Незалежнасьць — гэта калі ніхто ня страшыць цябе, што твой народ ня зможа выжыць безь вялікага старэйшага брата, бо ня мае сваіх баксытаў ці алмазаў, і ты разумееш, што зусім дарэмна шкадаваў гарапашных галяндцаў ці бэльгійцаў, якія ня маюць ні баксытаў, ні алмазаў, ні нават старэйшага брата.

Пра старэйшага брата, безь якога ня зможам выжыць, мы ўжо даўнавата ня чуем. Прынамсі, з вуснаў нашых кіраўнікоў. Іншая рэч, што зноў і зноў чуецца нібыта беларусы з расейцамі — адзін народ, што вельмі далёка ад ісьціны. Гістарычна, культурна, мэнтальна мы зусім розныя нацыі. Акрамя таго, у сьцьверджаньні пра адзіны народ тоіцца небясьпека працягу гэтай думкі. Адзіны народ, дык, маўляў, чаму тады жывём у розных дзяржавах?

«Ноч расстраляных паэтаў», акцыя ў Курапатах у памяць пра рэпрэсаваных у сталінскія часы беларусаў
Незалежнасьць — гэта калі велізарныя фуры з надпісам «Центровывоз» (ці бачыў ты хоць раз такія ж фуры з надпісам «Центроввоз»?) падрулююць не да чужых, а да нашых крамаў.

Гэтыя фуры (як і пустыя паліцы беларускіх крамаў, якія часам зь мясных прадуктаў упрыгожвала толькі «кость пищевая») у мяне нават цяпер стаяць у вачах. Канчатковым адрасам фураў заўсёды была Расея. Беларусь забясьпечвала якаснымі прадуктамі Маскву, тагачасны Ленінград. Цяпер машын з такімі надпісамі мы ня бачым. І я спадзяюся, што фуры, якія сёньня вязуць якасныя беларускія прадукты ўсходнім суседзям, робяць гэта з прыбыткам для нашай незалежнай дзяржавы.

Незалежнасьць — гэта калі раптам высьветліцца, што разумныя людзі ёсьць і ў нас, і калі — крый Божа! — выбухне завод ці прычыніцца якое іншае ліха, ня трэба будзе чакаць, пакуль прыедзе камісія з маскоўскіх разумнікаў.

Мы добра памятаем злачынныя высновы розных маскоўскіх камісій пасьля чарнобыльскай катастрофы. Хапае у беларусаў розуму, каб самім разабрацца, калі, крый Божа, здарыцца якая бяда.

Незалежнасьць — гэта калі на Божай пасьцелі ведаеш, што пасьля таго, як ты памяняеш гэты сьвет на лепшы, на месцы царквы ці касьцёла, дзе цябе хрысьцілі і дзе ты вянчаўся, ня выкапаюць сажалку з брудным лебедзем і не пабудуюць басэйн імя XXVIII зьезду КПСС, а могілкі, дзе будуць спачываць твае косьці, не зьнясуць і не ператвораць у закіданы пустымі пляшкамі парк культуры й адпачынку імя таварыша Гарбачова.

За гады незалежнасьці, сотні, а магчыма, і тысячы цэркваў і касьцёлаў, дзе за савецкім часам былі сховішчы, базы для трэніровак альпіністаў, альбо проста гуляў вецер, вернутыя вернікам. Традыцыя аднаўленьня закінутых і занядбаных могілак у нас таксама мацнее. Гэта вельмі высакародная справа, якая падкрэсьлівае нашую шматвекавую традыцыю талерантнасьці. Спадзяюся, што тыя могілкі, дзе ўрэшце спачынуць мае косьці, не зьнясуць і не ператвораць у парк культуры і адпачынку імя Аляксандра Лукашэнкі.

Сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Менск, 2018 год
Незалежнасьць — гэта...
Незалежнасьць — гэта калі ад нараджэньня да скону пачуваесься сваім чалавекам на сваёй зямлі.

Асабіста я імкнуся заўсёды пачувацца сваім чалавекам на сваёй зямлі. Але часам захаваць гэтае адчуваньне няпроста. Іду ў мірным шэсьці, не парушаючы ні грамадзкага парадку, ні руху транспарту, і натыкаюся на кардон людзей са шчытамі і дручкамі. Выступаю на мітынгу ў падтрымку незалежнасьці, а потым атрымліваю за гэта позву ў міліцыю.

Я веру, што калі-небудзь так будзе.
Бо іначай проста ня варта жыць.
Люты, 1990 г.

А вось што сёньня думае Ўладзімер Арлоў пра незалежнасьць краіны і сваё эсэ 30-гадовай даўнасьці:


— Калі ў 1990-м зьявілася маё эсэ, яго вельмі хутка сталі перакладаць на іншыя мовы. Аднымі зь першых пераклалі эстонцы. Потым латышы, літоўцы, украінцы, грузіны… Пачаліся пераклады на мовы краін Усходняй Эўропы, якія вырываліся на волю з-пад савецкага дыктату. На сёньня «Незалежнасьць…» перакладзеная амаль на 30 моваў.
Для абсалютнай большасьці былых савецкіх рэспублік, якія сталі незалежнымі дзяржавамі, гэты тэкст успрымаецца своеасаблівым дакумэнтам свайго часу, які страціў актуальнасьць. А вось для нас, беларусаў, эсэ «Незалежнасьць – гэта…» сьпісваць у архіў яшчэ, пагадзіцеся, рана.
Мы сёньня жывем у трывозе за нашую незалежнасьць. Ня толькі беларуская грамадзкасьць, але і беларускае кіраўніцтва кажа, не заўсёды выразна, але, па сутнасьці, пра тое самае — пра імпэрскія памкненьні Расеі. Увогуле, маючы такую суседку, ніколі ня будзеш спаць спакойна.
На сьвеце больш за тры тысячы нацый і народнасьцяў. І толькі дзьвесьце маюць сваю незалежную дзяржаву. Мы сярод іх. Нам зайздросьцяць прыхільнікі незалежнасьці Каталёніі, Басконіі, нам зайздросьцяць курды, шатляндзкія незалежнікі. Незалежнасьць – найвышэйшая каштоўнасьць любой нацыі. А таму будзем берагчы незалежнасьць і змагацца за яе любымі сродкамі.