Суд прызнаў экстрэмісцкім фільм блогера Nexta «Лукашэнка: крымінальныя матэрыялы». Свабода сабрала 10 «экстрэмісцкіх матэрыялаў», якія трапілі пад афіцыйную забарону раней.
- Асобныя выданьні «Майн Кампфаў», партрэт Адольфа Гітлера, выявы і рэчы зьвязаныя з нацызмам.
- Дыск «Урок беларускай мовы».
- Дыск з канцэртам «Салідарныя зь Беларусьсю».
- Альбом «Прэс-фота Беларусі 2011».
- Асобныя анархісцкія суполкі і матэрыялы.
- Асобныя словы і словазлучэньні па-ангельску і па-украінску.
- Асабістыя старонкі людзей, на якіх знайшлі нешта экстрэмісцкае.
- Чорныя фуфайка з надпісам «Воля або смерть».
- Матэрыялы сайту «Спутник и погром». Асобныя сказы блогера Эдуарда Пальчаса.
- Крычалку «Хто ня скача, той м...ль».
Што такое экстрэмізм?
Закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» ўступіў у сілу ў 2007 годзе. Паводле яго, гэта дзейнасьць або заклікі да дзейнасьці, накіраванай на:
- гвалтоўную зьмену канстытуцыйнага ладу або тэрытарыяльнай цэласнасьці;
- захоп або ўтрыманьне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
- ажыцьцяўленьне і спрыяньне тэрарыстычнай дзейнасьці, у тым ліку фінансаваньне і нават дапамога сродкамі сувязі;
- стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня;
- распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці;
- арганізацыю масавых беспарадкаў, хуліганскіх дзеяньняў і актаў вандалізму з матываў расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці; палітычнай або ідэалягічнай варожасьці;
- прапаганду выключнасьці, перавагі або непаўнавартасьці грамадзянаў паводле прыкметы сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або моўнай прыналежнасьці; перашкоды законнай дзейнасьці дзяржаўных органаў (у тым ліку выбарчых камісіяў) з ужываньнем гвалту, падману, подкупу або пагрозай гвалту, ужываньнем гвалту да блізкіх службовым асобам людзей;
- і іншае, пазначанае ў законе.
Даведацца, якія матэрыялы ў Беларусі лічацца экстрэмісцкімі, можна з закону «Аб процідзеяньні экстрэмізму» або са сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі.
За выраб, распаўсюд ці нават перавозку экстрэмісцкіх матэрыялаў (у тым ліку падабайку і рэпост) паводле арт. 17.11 КаАП РБ можа пагражаць штраф да 50 базавых велічыняў (1225 рублёў) і канфіскацыя, напрыклад, кампутара ці тэлефону, зь якога ставілася падабайка і адміністрацыйны арышт.
Пяць «Майн Кампфаў», партрэт Гітлера і манэта. Але не «Хайль Гітлер!»
Аўтабіяграфічная кніга Адольфа Гітлера «Майн Кампф» ўваходзіць у сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў пяць разоў, але экстрэмісцкімі кожны раз прызнаюцца канкрэтныя выданьні кнігі, а ня іхны тэкст.
Забарона на нацысцкую сымболіку асобна прапісаная ў беларускім Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэньнях — у артыкуле 17.10.
Аднак такія цацкі з Гітлерам свабодна прадаваліся ў Беларусі, за іх распаўсюд нікога не судзілі:
Дыск «Урок беларускай мовы»
Гэта першы па парадку пункт у сьпісе забароненых за экстрэмізм матэрыялаў. Але дакладна невядома, што маецца на ўвазе пад CD-R-дыскам «Урок беларускай мовы». Такую назву маюць:
- дакумэнтальны фільм 2006 году, які расказвае пра прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі і вучняў выгнанага беларускімі ўладамі Коласаўскага ліцэю;
- фільм тэлеканалу «Белсат» 2011 году.
Дыск з канцэртам «Салідарныя зь Беларусьсю»
Як і ў папярэднім выпадку, экстрэмісцкім прызнаны ня запіс канцэрту, а дыск пад такой назвай. На канцэрце беларускія і польскія музыкі сьпявалі польскія гіты 1980-х у перакладзе на беларускую.
У вольным доступе зь Беларусі застаюцца як запісы з таго канцэрту, так і з наступных пад такой назвай. Музыкаў з канцэрту за нейкія незаконныя заклікі не каралі.
Альбом «Прэс-фота Беларусі 2011»
Экстрэмісцкім прызнанае друкаванае выданьне альбому пераможцаў фатаконкурсу менавіта 2011 году. Ці ёсьць экстрэмісцкімі асобныя здымкі, ці яны становяцца такімі толькі разам у форме альбому, невядома.
Амаль усе фота з альбому паасобку дасяжныя на сайце конкурсу, а матэрыялы з сайту (як і выданьні папярэдніх і наступных альбомаў «Прэс-фота Беларусі») не прызнаваліся экстрэмісцкімі агулам.
Гэта не адзіная кніга, з назвы якой цяжка здагадацца, што яна экстрэмісцкая. Напрыклад, у сьпісе ёсьць расейскамоўная кніга гомельскага сьвятара пад назвай «Православным о православии. Популярное богословие, или Богословие для чайников», якая вольна прадаецца ва Ўкраіне.
Анархісты, але ня тыя, у гонар якіх названыя вуліцы
Суполкі анархістаў фігуруюць у сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў хіба не часьцей за нацыстаў.
Экстрэмісцкімі лічыцца нават ня ўсё, зьвязанае з названымі супольнасьцямі, а толькі матэрыялы з канкрэтных суполак і публічных старонак у сацсетках, асобныя кнігі, налепкі і відэазапісы. Шэраг тых старонак заблякаваны, некаторыя ж закінутыя. Шмат якія супольнасьці анархістаў проста стварылі новыя старонкі, якія працягваюць заставацца ў вольным доступе.
Падобная сытуацыя — экстрэмізм у матэрыялах са спасылкамі, блякаваньне канкрэтных суполак пры магчымым стварэньні новых — з супольнасьцямі беларускіх нацыяналістаў, «антыфа» і «рускаміраўцаў» (але ня ўсіх «рускаміраўцаў»: суполка «Віцебская народная рэспубліка» ў сьпісе, «Гомельская» — не), а таксама ўкраінскай Тактычнай групы «Беларусь».
Некаторыя словы на замежных мовах
З «анархісцкага сьпісу» выбіваецца супольнасьць Revbel: ня толькі матэрыялы зь іхных старонак, але і адрасы двух (ня ўсіх) сайтаў супольнасьці экстрэмісцкія, «незалежна ад носьбіта інфармацыі»: на сьцягах, транспарантах, эмблемах, стыкерах, значках ды іншым.
Забароненыя незалежна ад носьбіту і надпісы на ангельскай мове, якія перакладаюцца як «клясавая вайна» і «тэрор-машына». І надпісы па-ўкраінску са шматлікімі памылкамі, якія значаць «Курыш ці п’еш? Хутчэй памрэш! Трымай кроў чыстай» і «Ня важна, маскаль ты ці не. Галоўнае, каб не маскаль».
Старонкі некаторых людзей
Побач з тым у сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў больш як два дзясяткі спасылак на асабістыя старонкі людзей у сацсетках. Што было экстрэмізмам на такіх старонках, у сьпісе не ўдакладняецца, ды й большая частка такіх старонак выдаленая або закрытая.
Чорныя фуфайка з надпісам «Воля або смерть»
Асобным пунктам экстрэмісцкімі прызнаюцца фуфайкі чорнага колеру са згаданымі англамоўнымі надпісамі «клясавая вайна» і «тэрор-машына», а таксама чорная фуфайка з надпісам па-ўкраінску «Воля або смерть». Калі першыя два надпісы пазьней былі прызнаныя экстрэмісцкімі ў любым выглядзе, то трэці прынамсі пакуль не прызнаны такім.
Матэрыялы сайту «Спутник и погром». Асобныя сказы блогера Эдуарда Пальчаса
З сайту расейскіх «імпэрцаў» «Спутник и погром» былі прызнаныя экстрэмісцкімі ўсе матэрыялы, то доступ да яго быў заблякаваны цалкам. Зь беларускім блогам 1863x сытуацыя іншая: ён застаецца дасяжным, экстрэмісцкімі прызнаныя толькі асобныя матэрыялы з сайту.
Аўтар блогу Эдуард Пальчыс быў прызнаны вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў, правёў за кратамі ў чаканьні прысуду 10 месяцаў, але быў вызвалены ў залі суду.
Крычалка «Хто ня скача, той м...ль»
Суд Цэнтральнага раёну Менску летась у верасьні прызнаў экстрэмісцкай крычалку «Хто ня скача, той м...ль». Невядома, ці ёсьць экстрэмізмам тэкст ці толькі цэлая крычалка ў харавым выкананьні. Да таго экстрэмісцкімі прызнаваліся асобныя (але ня ўсе) відэа з выкананьнем крычалкі.