Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры атрымалі полька і аўстрыец


Выява мэдаля Нобэлеўскай прэміі з выявай Альфрэда Нобэля
Выява мэдаля Нобэлеўскай прэміі з выявай Альфрэда Нобэля

У чацьвер 10 кастрычніка абвясьцілі ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры.

За 2018 год ляўрэаткай стала полька Вольга Такарчук за «наратыўнае ўяўленьне, якое з энцыкляпэдычнай жарсьцю прадстаўляе перасяганьне межаў як форму жыцьця».​

Вольга Такарчук — польская пісьменьніца. Нарадзілася ў 1962 годзе. Па адукацыі псыхатэрапэўт. За творчы дэбют — раман «Падарожжа людзей кнігі» (1993) — атрымала ўзнагароду Польскага таварыства выдаўцоў.

Двухразовая ляўрэатка найвышэйшай польскай літаратурнай прэміі «Ніке» — за раманы «Бегуны» і «Кнігі Якуба». А нядаўна за кнігу «Бегуны» (у англамоўным перакладзе «Flights») польская пісьменьніца атрымала прэстыжную міжнародную ўзнагароду «Букер» (The Man Booker Prize).

Ольга Такарчук
Ольга Такарчук

Беларускаму чытачу Вольга Такарчук вядомая дзякуючы раману «Правек ды іншыя часы», які выйшаў у перакладзе Марыны Шоды ў 2010-м. Марына Шода пераклала і яшчэ адну кнігу Вольгі Такарчук — «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых».

Прэмію за 2019 год атрымаў аўстрыйскі пісьменьнік і драматург Пэтэр Гандке за «за ўплывовую працу, якая з мовазнаўчай вынаходлівасьцю дасьледуе пэрыфэрыю і своеасаблівасьць чалавечага досьведу».

З 1954 году вучыўся ў каталіцкай гімназіі для хлопчыкаў, дзе публікаваўся ў школьнай газэце. У 1961 годзе паступіў ва ўнівэрсытэт Граца, дзе вывучаў права.

Пэтэр Гандке
Пэтэр Гандке

У Грацы ён стаў удзельнікам літаратурнай групы «Форум гарадзкога парку» (Das Forum Stadtpark) і публікаваўся ў часопісе «Рукапісы» (Manuskripte). З выхадам у сьвет першага рамана ў 1965 годзе ён пакінуў унівэрсытэт і стаў прафэсійным пісьменьнікам. У 1966 годзе быў апублікаваны яго першы раман «Шэршні» (Die Hornissen). Пачынаючы з 1970-х гадоў Гандке пачаў супрацоўнічаць з рэжысэрам Вімам Вэндэрсам.

Гандке раней ня раз рабіўся аб'ектам крытыкі – у прыватнасьці за прысутнасьць на пахаваньні былога прэзыдэнта Югаславіі Слабадана Мілошавіча ў 2006 годзе і за пазыцыю наконт удзелу сэрбаў у войнах 1990-х гадоў на тэрыторыі былой Югаславіі (пісьменьнік часта выстаўляе гэтую краіну ахвярай войнаў).

У мінулым годзе пасьля скандалу з Жанам-Клёдам Арно, мужам сяброўкі Швэдзкай акадэміі, якога абвінавацілі ў сэксуальным дамаганьні і разгалошваньні імёнаў намінантаў (што забаронена паводле старой традыцыі акадэміі), уручэньне прэміі па літаратуры вырашылі адмяніць.

Жонка Арно, пісьменьніца Катарына Фростэнсан, і яшчэ некалькі сябраў Швэдзкай акадэміі тады сышлі ў адстаўку. Менавіта з гэтай прычыны сёлета ўручаюцца дзьве Нобэлеўскія прэміі па літаратуры.

Замест звычайнай Нобэлеўскай прэміі ў 2018 годзе ўручылі Альтэрнатыўную Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. Ад удзелу ў ёй адмовіўся Харукі Муракамі, а журы выбірала паміж францускай пісьменьніцай Марыз Кандэ, ангельскім фантастам Нілам Гэйманам і канадзкай пісьменьніцай Кім Тхюі. Ляўрэатам стала 81-гадовая Марыз Кандэ, што піша ў сваіх раманах пра каляніялізм і захаваньне традыцый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG