Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Габрэйскі калгас ХVІІІ стагодзьдзя ад Вольгі Такарчук


Быў нядаўна ў Варшаве. Як і год назад, у кнігарнях незвычайная цагліна — апошні раман вядомай польскай пісьменьніцы Вольгі Такарчук «Кнігі Якубавы». Зьдзіўляе і палохае. Том павялічанага фармату, таўшчэзны. 900 старонак. Звычайным шрыфтам магло быць ці не ў паўтара разу болей. А яшчэ пісьменьніца прызналася ў размове на тэлеканале «Культура», што скараціць давялося 200 старонак.

Мае дачыненьні з кнігай пачаліся зь іншай перадачы на «Культуры». Канец 2014 году. Толькі што выйшаў раман Такарчук. Літаратурныя крытыкі абмяркоўваюць новыя выданьні. Гучыць думка, што ў наступным годзе «Кнігі Якубавы» можа атрымаць галоўную кніжную прэмію Польшчы «Ніке» (што насамрэч і адбылося). Неўзабаве я гартаў раман Такарчук у адной варшаўскай кнігарні-кавярні. А потым атрымаў яго ў падарунак.

Вокладка кнігі

Вокладка кнігі

Але штосьці мяне стрымлівала. Вялікі памер, безумоўна. І таксама зьмест: кабала ды іншыя габрэйскія рэчы. Ніколі гэтым не цікавіўся. Нумарацыя ў рамане, да слова, адваротная: пачынаецца з 900-й, як у габрэйскіх кнігах. Калі за яго Такарчук далі «Ніке», я нарэшце вырашыў, што час узяцца за «цагліну».

Пайшло ў мяне на «Кнігі Якубавы» больш за два месяцы. Было вельмі відавочна, што аўтарка адштурхоўвалася ад «Хазарскага слоўніка» Павіча (што бачна таксама і ў афармленьні). Аднак кніга Такарчук напісаная выразнай яснай моваю (без бясконцых паўтораў і «замарочак» Павіча), чытаецца лёгка і з задавальненьнем. Ня трэба рабіць над сабой намаганьня, каб дачытаць да канца.

Што да зьместу: закончыўшы раман, гаворыш сабе — гэта па-майстэрску разгорнутая жыцьцёвая гісторыя, цікавая, месцамі драматычная і ў чымсьці неверагодная. У глыбінях габрэйскай дыяспары, на ўкраінскім Падольлі ў Рэчы Паспалітай, у сярэдзіне ХVІІІ стагодзьдзя высьпела думка зьмяніць сваю веру на каталіцкую. Дзеля чаго? Каб атрымаць роўныя з каталікамі, з палякамі, правы і ўзьбіцца на лепшае жыцьцё. Карацей: каб «людзьмі звацца».

Кніга Вольгі Такарчук заснаваная на фактах.

Задуму ўхваляць некаторыя ксяндзы, біскупы, будзе падтрымка і з боку часткі багатай шляхты. Зразумела, што такая крамола магла ўзьнікнуць не сярод габрэйскай бядоты, дробных гандляроў ці шынкароў. Не. Такія думкі авалодалі знаўцамі Старога запавету, Талмуду ды іншых габрэйскіх мудрых кніг. І грунтаваліся яны на дапушчэньні, што зьявіцца малады прарок, які ўзначаліць новы рух і давядзе габрэйскіх прыхільнікаў да хрышчэньня. Што й адбудзецца насамрэч. Кніга Вольгі Такарчук заснаваная на фактах.

Няцяжка зразумець, што гэтыя людзі стануць для асноўнай часткі габрэйства здраднікамі, якія сьвідруюць у агульнай лодцы дзірку, быццам не ўсьведамляючы, што патонуць усе разам. Што крыж будзе цьвіком для іхняй труны, як кажа рабін Рапапорт з Львову.

Мэсія Якуб Лейбавіч Франк зьяўляецца ў турэцкіх уладаньнях. Ён умее скупіць вакол сябе людзей. Лагодны, вясёлы, усё ведае. Любіць віно і смачную ежу. На яго сыходзіць сьвяты дух, што могуць назіраць набліжаныя, якія бачаць вакол галавы Якуба сьвячэньне. Аднойчы па дарозе ў Чарнаўцы ён з набліжанымі спыняецца ў хаце свайго бацькі. І бацька аднаму зь іх гаворыць на дарогу нібы між іншым: зважай на Якуба, ён праўдзівы злодзей...

Са словаў мэсіі вынікае, што існуе задума ўзьяднаць пачаткі трох рэлігій — габрэйскай, мусульманскай і хрысьціянскай. Другая важная думка: прыняўшы хрост, габрэй перастае быць габрэем, прынамсі для іншых. А значыць, ён зможа купіць зямлю, адчыніць у вялікім горадзе краму, паслаць дзяцей у школу. Ад такіх магчымасьцяў ажно кружыцца галава.

З чаго пачынае Якуб Франк на ўкраінскіх землях у Рэчы Паспалітай? Са сваімі прыхільнікамі моліцца на новы лад: мяшаючы словы габрэйскія, гішпанскія, арамейскія і партугальскія, як даносяць шпегі рабінам у Львоў.

Супраціў сярод суродзічаў пасьлядоўнікам Франка вялікі. Львоўскія рабіны насылаюць на іх пракляцьце. Біскуп Камянецкі Дэмбоўскі паведамляе папскаму нунцыю ў Варшаве, што нэафітаў ловяць свае, голяць ім палову барады: гляньце — ні габрэі, ні хрысьціяне.

У адказ у Камянцы і Львове раскладваюць на плошчы вогнішчы з выданьняў Талмуду. Кнігі паліць гарадзкі кат.

Пісьменьніца называе вёску «рэспублікай», хаця гэта хутчэй калгас, дзе ўсё супольнае, таксама жонкі.

Але пасьлядоўнікам Франка, якіх называюць «антыталмудыстамі», няма месца сярод астатніх габрэяў, іх адусюль выганяюць. Мара — аб’яднацца на нейкім кавалку зямлі, жыць супольна. Ім дае вёску Івані над ракой Днестр біскуп, якому яна належыць. Вёска пацярпела ад эпідэміі. Цяпер у ёй будуць новыя жыхары. Пісьменьніца называе вёску «рэспублікай», хаця гэта хутчэй калгас, дзе ўсё супольнае, таксама жонкі. Працуюць разам, як у калгасе. Якуб прыдумаў сваю «рэлігійную» цырымонію. Увечары зьбірае ўсіх у хаце, зачыняе аканіцы, загадвае ўсім разьдзецца і пакласьціся на падлозе, ходзіць паміж голымі з крыжам, затым гасіць сьвечкі. А ўдзень загадвае ўсім стаць колам і стаяць на сонцапёку. І стаяць так загадвае два з паловай дні, жанчын не вызваляе. Размаўляць нельга. Усе яго слухаюцца.

Пазьней жыхары «калгасу» падбіраюць сабе новыя, каталіцкія імёны і прозьвішчы, дзякуючы чаму пазьней некаторыя змогуць купіць сабе шляхецтва. І цэлым табарам вырушаюць у Львоў, дзе адбудзецца ў вялікім касьцёле дыспут з рабінамі, а затым — хрышчэньне пасьлядоўнікаў Франка.

Ня ведаючы, яны з сабой прыносяць эпідэмію, якая будзе касіць як іх саміх, так і толькі што ахрышчаных, а таксама жыхароў Львову. Далейшы шлях будзе на Варшаву. Там некаторым удасца завесьці свой бізнэс. Што да мэсіі, ён нойме палац, завядзе сабе карэту і будзе жыць на шырокую нагу на грошы сваіх прыхільнікаў. Але ня ўсё будзе складацца. Да аўдыенцыі ў караля так і ня дойдзе. А потым ім зацікавіцца касьцельны суд: якія сапраўдныя мэты гэтага цьмянага чалавека, які пастаянна апранаецца па-турэцку і ходзіць у высокай турэцкай шапцы? Суд вырашае ізаляваць Франка. Яго адвозяць у кляштар у Чэнстахову.

Зьняволеньне зацягваецца на гады. Вязьня вызваляе руская армія, якая ганяецца па Рэчы Паспалітай за канфэдэратамі, што выступалі і супраць Расейскай імпэрыі, і супраць свайго караля. Увесь гэты час ягоныя паплечнікі зараблялі грошы і забясьпечвалі Франку якаснае жыцьцё ў кляштары (адна бяда — памрэ жонка). Затым ён пакіне межы Рэчы Паспалітай. Спачатку спыніцца ў Маравіі, потым пераедзе ў Аўстрыю. Ён мэсія, яму нічога ня трэба рабіць. Толькі вучыць розуму мноства прыхільнікаў, якія будуць прыяжджаць адусюль. А ён наймае палац, жыве як багаты чалавек, грошы прысылаюць паплечнікі. Пра Якуба Франка ведаюць паўсюль. Ён пачынае наведвацца ў Вену, трапляе на двор, ягоная дачка робіцца на нейкі час палюбоўніцай маладога імпэратара.

Чым занятая галава габрэйскага мэсіі? Думкамі пра свой кавалак зямлі, пра маленькую дзяржаву для пахрышчаных габрэяў. Спачатку яму думалася, што гэта магло быць дзесь на ўскрайку Рэчы Паспалітай, пры турэцкай мяжы. Затым ён вырашае паслаць паслоў да турэцкага пашы, каб той дазволіў стварыць яму такую дзяржаўку ў самой Турэччыне. Паслоў зьняволілі. Пашле таксама паслоў у Расею. Франк нават пачынае рыхтаваць сваё войска. На падворку вучаць хадзіць у шыхце дзецюкоў, шыюць ім дзівосныя, якіясьці тэатральныя мундзіры. Аднак багатае жыцьцё аднойчы заканчваецца. Грошай няма. Толькі пазыкі. Трэба ўсё распрадаваць, распускаць прыслугу. Куды далей? Нябедны масон дае яму замак у нямецкім княстве на рацэ Майн. У паводку яго залівае вадой, сьцены вохкія, там ніхто не жыве.

Гісторыя ягонага мэсіянства працягнецца сорак гадоў, амаль да самага канца ХVІІІ стагодзьдзя...

У гэтым замку Якуб Франк некалі памрэ. Адзін зь ягоных пасьлядоўнікаў кіне яму ў твар: «Зь перасьледаванага і з ахвяры ты стаў тыранам... Стаў такім як тыя, супраць каго выступаў. Замест іхніх законаў, якія ты адпрэчыў, ты ўвёў свае ўласныя, яшчэ дурнейшыя. Ты варты жалю, як постаць у камэдыі». «Пасадзіце яго пад замок» — загадае Якуб. Гісторыя ягонага мэсіянства працягнецца сорак гадоў, амаль да самага канца ХVІІІ стагодзьдзя...

Нядаўна ў Варшаве давялося быць у сябрыне з полькай, якая шмат чытае і добра арыентуецца ў літаратуры (мы размаўлялі аб кнігах ня першы раз). Яна выказала зьдзіўленьне, што я агораў «Кнігі Якубавы», у яе рукі не дайшлі, хоць жыве ў доме зь вядомай кнігарняй, дзе пастаянна бывае, і дзе ў вітрыне прынамсі доўгі час стаяў апошні твор Вольгі Такарчук.

«Кнігі Якубавы» можна назваць энцыкляпэдыяй жыцьця, нораваў, побыту ў Рэчы Паспалітай другой паловы ХVІІІ стагодзьдзя. Гэта густая насычаная проза, але лёгкая для чытаньня. Вялікая грунтоўная празаічная праца. У маім уяўленьні менавіта за такія творы даюць вядомыя літаратурныя прэміі, улучна з Нобэлеўскай. Што да Вольгі Такарчук, то яна пацьвердзіла раманам, што знаходзіцца на верхняй прыступцы ў польскай літаратуры. Тым больш, што прэміяй «Ніке» яна была ўзнагароджана двойчы.

  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG