Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наша праца складаней за працу шахцёра» — тры настаўніцы пра сапраўдную школу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Які аўтарытэт настаўніка ў сучаснай школе? Ці шмат агрэсіі ў школьных клясах і калідорах? Якія ўмовы працы патрэбныя, каб прадухіліць «выгараньне» настаўнікаў? Як адаб’ецца на школьных парадках і атмасфэры рашэньне Аляксандра Лукашэнкі аднавіць на працы «настаўніцу з партай»? У дзень настаўніка гэта абмяркоўваюць настаўніцы Ганна Севярынец, Натальля Ільініч і Алена Міхаленка.

Зь кім размаўляем

Алена Міхаленка, настаўніца фізыкі, журналістка, пісьменьніца. 32 гады працоўнага стажу ў школе. Настаўніца вышэйшай катэгорыі.
Ганна Севярынец, настаўніца расейскай мовы і літаратуры, пісьменьніца, літаратуразнаўца, дасьледчыца беларускай літаратуры. Аўтарка кнігаў «Дзень сьвятога Патрыка» і «Гасьцініца «Бэльгія».15 гадоў працоўнага стажу ў школе.
Натальля Ільініч, 25 гадоў выкладала гісторыю, грамадазнаўства, сусьветную мастацкую культуру ў талькаўскай школе. Была звольненая з палітычных матываў. Цяпер на пэнсіі, займаецца рэпэтытарствам. Заснавальніца і аўтарка краязнаўчага сайту talka.info. Сябра Таварыства беларускай школы.

Сьцісла

  • Севярынец: Дзеці іншыя, выклікі іншыя і па-іншаму трэба сябе паводзіць. Мне цікава мяняцца ў тым ліку і тады, калі дзеці патрабуюць, каб я зьмянілася.
  • Міхаленка: Заробак павінен быць такім, каб зьявілася здаровая канкурэнцыя, каб працаваць ішлі ня «троечнікі», якія пайшлі ў пэдунівэрсытэт праз малы конкурс, а тыя, хто разумеюць, што гэта — годная прафэсія з годнай аплатай.
  • Ільініч: Рашэньне Лукашэнкі — гэта сыгнал грамадзтву, што гвалт — гэта нармальна. І ў школе, і ўсюды. І не чалавек важны, а дысцыпліна і парадак, якія можна дасягаць і гвалтам.

Гэта поўная аўдыёвэрсія абмераваньня.

Прапануем фрагмэнты дыскусіі

«У гэтым ланцугу — ад вучня чацьвёртага кляса да чалавека, які прыняў апошняя рашэньне — усё неадэкватна»

— Не магу не пачаць з гучнай гісторыі ў гомельскай школе, калі пасьля выкладзенага вучнямі відэа з пагрозамі і нецэнзурнай лексыкай настаўніцы ў дачыненьні да вучня яе спачатку звольнілі, а потым вярнулі на працу на асабісты загад Аляксандра Лукашэнкі. Вядомы рэпэтытар Яўгеній Лівянт заявіў, што гатовы распачаць кампанію «Я — Людміла Іванаўна» у падтрымку настаўнікаў. Як вы мяркуеце, ці дапаможа ўмяшаньне кіраўніка дзяржавы настаўнікам у беларускіх школах?

Ганна Севярынец
Ганна Севярынец

Ганна Севярынец: Я думаю, не дапаможа. Найперш, таму што гэта няправільна. Наогул у гэтым ланцугу — ад вучня чацьвёртага кляса да чалавека, які прыняў апошняя рашэньне — усё неадэкватна. Няма ніводнай здаровай камбінацыі і няма ніводнай здаровай падзеі. Умяшаньне кіраўніка дзяржавы ў справы, якія паводле інструкцыі не патрабуюць яго ўмяшаньня, ніяк ня можа станоўча паўплываць. Гэта спрацавала на агульную гістэрыку, на агульны неадэкват, на тое, што ніводнай выхаваўчай мэты не было пастаўлена ці рэалізавана. Наогул, уся гэта гісторыя, якая адбылася, выглядае проста на паноптыкум.

Алена Міхаленка
Алена Міхаленка

Алена Міхаленка: Часткова я згодная з Ганнай, таму што сытуацыя няслушная і яе вырашэньне пайшло не зусім законным шляхам. Але ў мяне ёсьць надзея, што гэтая сытуацыя прымусіць супрацоўнікаў і чыноўнікаў міністэрства адукацыі зрабіць тое, што даўно трэба зрабіць — распрацаваць пэўную сыстэму, узаконіць правы і абавязкі ўсіх: настаўнікаў, навучэнцаў, бацькоў, каб дзеці, якія прыходзяць у школу вучыцца, маглі атрымліваць нармальныя веды. Магчыма, гэта было гіперактыўнае дзіця. Можа, у яго дома нешта ня так. Але што рабіць настаўніку, калі яму не даюць нармальна працаваць? Раней ніякай сыстэмы не было, магчыма, цяпер зоймуцца яе распрацоўкай.

Натальля Ільініч
Натальля Ільініч

Натальля Ільініч: Адразу я была на баку гэтай настаўніцы, я ёй спачувала. Напэўна ж, нешта здарылася там. Таму калі яе вярнулі, я падумала, што гэта добра. Але потым прыйшла да высновы, што ня добра, што ніяк гэта настаўнікам не дапаможа. Гэта сыгнал грамадзтву: гвалт — гэта нармальна, і ў школе і ўсюды. І не чалавек важны, а дысцыпліна і парадак, якія можна дасягаць і гвалтам.

Чаму вы сталі настаўніцамі? Ці любіце вы сваю працу? Ці задаволеныя ёй?

Ганна Севярынец: Я задаволеная сваёй працай, я яе люблю. Я яе кідала на некаторы час і вярнулася, бо без яе цяжка, наагул не разумею нашто я тады існую. Гэтая праца — адна з самых цікавых з усіх магчымых, таму што ты стаіш у шэрагу перадачы нейкай культурнай інфармацыі, ведаў ад аднаго пакаленьня да другога. Ты — на мяжы і зьвязваеш паміж сабой рэчы, якія без цябе будуць зьзяць прорвай. Гэта мне заўсёды падабалася і зараз падабаецца.

Сёньняшняя сытуацыя з гомельскай настаўніцай сьведчыць пра тое, што разарвалася сувязь. Дзеці зараз іншыя, выклікі іншыя, зараз зусім па-іншаму трэба сябе паводзіць. Калі ты на вастрыні, на мяжы, дык адпавядай, працуй па-іншаму. Мне, напрыклад, цікава мяняцца ў тым ліку і тады, калі дзеці патрабуюць, каб я зьмянілася. У гэтай прафэсіі гэта і самае складанае, і самае цікавае.

Алена Міхаленка: Я не шкадую, што выбрала прафэсію настаўніка. Хаця і вельмі вагалася ў выпускной клясе, але ўрэшце выбрала настаўніцтва. Гэта невыпадкова, таму што ў нас у сямʼі ў трох пакаленьнях амаль усе былі настаўнікамі. Школа, у якую я прыйшла 32 гады таму, і цяперашняя школа вельмі адрозьніваюцца. Найперш тым, якое месца настаўніка ў грамадзтве, якое да яго стаўленьне.

Мне падабаецца вучыць дзяцей, падабаецца тлумачыць вельмі складаныя рэчы такім чынам, каб гэта было цікава і зразумела. Мне падабаецца гаварыць зь імі, дапамагаць разьбірацца з жыцьці, у пытаньнях, што ня тычацца майго прадмету. Тое, што зьяўляецца наўпроставай прафэсіяй настаўніка, мне вельмі падабаецца. А тое, што адбываецца цяпер у сыстэме адукацыі, наўрад ці можа вельмі радаваць.

У грамадзтве ўвесь час мусіруецца пытаньне, што настаўнікі знаходзяцца ў нейкім супрацьстаяньні з бацькамі, што настаўнікі дрэнныя. Увесь час укідаецца нешта супраць настаўнікаў, супраць школы. То настаўнікі вінаватыя ў тым, што іх прымушаюць хадзіць па дамах, то настаўнікі вымагаюць грошы на рамонт, хаця ў гэтым дакладна не настаўнікі вінаватыя. У гэтай атмасфэры, у гэтай сыстэме працаваць цяжка. А вучыць дзяцей — радасна. Самае радаснае, што ёсьць у нашай прафэсіі, гэта дзеці. Хаця бывае і цяжка зь імі.

Натальля Ільініч: Я лічу і заўсёды лічыла, што гэта самая лепшая прафэсія, самая важная, бо мы на будучыню ўплываем. Настаўнік — гэта місія ў грамадзтве. Настаўнік можа мець шмат магчымасьцяў для самавыяўленьня. Ён і артыст, і рэжысэр, і дасьледчык. Можа любіць дзяцей і сам можа атрымліваць шмат любві і павагі. Нідзе столькі немагчыма гэта атрымаць.

«Наша праца складаней чым праца шахцёра і камандзіра паветранага судна»

— Колькі ў сярэднім атрымлівае настаўнік? Што ён можа дазволіць? Якой павінна быць аплата працы настаўнікаў?

Ганна Севярынец: Лічбы звычайна нічога не гавораць. Вялікі складнік нашага заробку — рашэньне адміністрацыі, рашэньне камісіі па прэміях, таму заробкі адрозьніваюцца нават у межах аднаго калектыву, калі адміністрацыя няроўна дзеліць. Ёсьць школы, у якіх усім аднолькава даюць, але колькі б гэта не было, у любым выпадку настаўніцкая прафэсія — адна з самых нішчымных. Мне майго настаўніцкага заробку хапае, каб аплаціць камунальныя, усе квітанцыі дзяцей (іх у мяне трое) і двойчы схадзіць у краму. Астатняе — гэта дадатковы заробак, які я абавязкова павінна мець.

Што тычыцца адэкватнай аплаты настаўніцкай працы, адна зарплата ня вырашыць праблем, але яна забясьпечыць нармальны адпачынак і працу, адсутнасьць дадатковых заробкаў, якія ўскладняюць жыцьцё. Тое, што заробак павінен быць на 10 парадкаў вышэй, для мяне відавочна. Наша праца складаней чым праца шахцёра, камандзіра паветранага судна, чым любая праца, зьвязаная зь людзьмі. Мы працуем адразу зь вялікай колькасьцю людзей, і кошт нашай памылкі, кошт нашага нэрвовага зрыву, кошт нашых няслушных установак — вельмі высокі.

«Заробак павінен быць такім, каб зьявілася здаровая канкурэнцыя»

Алена Міхаленка: «Папяццот» мы ня маем. Недзе пад трыста атрымліваецца на рукі. У мяне вялікі стаж, вышэйшая катэгорыя. Напэўна, у маладых настаўнікаў будзе менш. Апошнія гады маё дзіця вывучалася, зарабляе само, і я магу сабе дазволіць кудысьці зьезьдзіць і нешта купіць. А калі на гэты заробак трэба было жыць зь дзіцем, то, канечне, трэба было эканоміць абсалютна на ўсім. Цяпер таксама эканомім.

Згадваю гэтую гісторыю з настаўніцай. Самае крыўднае, калі чытаеш на форумах: выгарэла — сыходзь, ня месца ў школе. Тыя людзі, якія так кажуць, ці яны гатовыя забясьпечыць працай настаўнікаў, якія выгарэлі? Ці гатовыя іх утрымліваць? Такі панятак як пэнсія па выслузе гадоў цяпер мае столькі ўмоўнасьцяў паводле закону, што яе атрымаць можа вельмі малы працэнт настаўнікаў.

Калі адчуваеш, што выгарэў, пайдзі да добрага псыхоляга, на рэлакс-працэдуры, а гэтага дазволіць на наш школьны заробак немагчыма. Якой павінна быць зарплата настаўніка? Ганна казала, што на 10 парадкаў вышэй. Разумею, што гэта фантастыка. Але заробак павінен быць такім, каб зьявілася здаровая канкурэнцыя, каб працаваць настаўнікамі ішлі ня «троечнікі», не тыя, хто пайшлі ў пэдунівэрсытэт праз малы конкурс, а тыя, хто разумеюць, што гэта годная прафэсія з годнай аплатай. І тады паступова «троечнікі» сыдуць з прафэсіі.

«Стала займацца рэпэтытарствам і ўжо ня думаю, купіць хлеб ці батон»


Натальля Ільініч: Пагаварыла са сваімі знаёмымі настаўніцамі. Адна працуе ў сельскай школе, гісторык, у яе першая катэгорыя. Яна мае 30 урокаў. 20 — стаўка. Ў паўтара разы болей плюс паўстаўкі сацыяльнага пэдагога. Заробак у траўні быў 800 рублёў. Ёй трэба было працаваць удвая болей чым на стаўку. Другая настаўніца — пэнсіянэрка, мае 18 гадзінаў, 2 гадзінаў не хапала да стаўкі. Яна атрымлівала 400 рублёў у траўні. Канечне, маленькі заробак. Заўсёды здаваўся маленькім.

У 1990-2000 гады я заўсёды адчувала, што ў мяне няма грошай. У краму заходжу і вырашаю, што мне сёньня купіць — палову бохану чорнага хлеба і палову батона або купіць толькі чорнага хлеба, каб зэканоміць. Я перастала гэта рабіць, калі сышла са школы. Мяне звольнілі ў 2011 годзе, я стала займацца рэпэтытарствам і іншымі справамі і ўжо ня думаю, купіць хлеб ці батон. На гэтым не эканомлю.

«Я зразумела, што проста лягу і памру, калі яшчэ буду працаваць па суботах»

— Ці можна сказаць, што настаўнікі — самая неабароненая прафэсія: плацяць мала, патрабаваньняў ад начальства і бацькаў шмат, дзеці хамаватыя. Якія ўмовы працы патрэбныя, каб у такіх умовах прадухіліць «выгараньне» настаўнікаў?

Ганна Севярынец: Вялікі комплекс мерапрыемстваў і вялікі клопат павінен быць розных установаў. І гэта выглядае яшчэ больш фантастычна, чым заробкі падняць. У ніводнай школе я ня бачыла пакоя псыхалягічнай разгрузкі для настаўнікаў, каб у настаўніцкіх пакоях стаялі ўтульныя крэслы, канапы, каб упасьці на іх у перапынку. Не бачыла, каб нам арганізавалі нармальную магчымасьць перакусіць на тым жа перапынку. Альбо гэта ў сталоўцы разам зь дзецьмі ў шуме і крыку альбо недзе прыткнуўшыся ў кутку ўсухамятку грызануць. Патрэбныя проста нармальныя, утульныя, спакойныя ўмовы паўсядзённай працы.

Хаця б нас перасталі шчыміць па суботах. Я два гады адпрацавала па суботах. У нас вялікі адпачынак, 56 дзён, і лічыцца, што мы павінны гэты адпачынак адпрацаваць, працуючы 6 дзён на тыдзень, а не 5. Гэта страшна. Я зразумела, што проста лягу і памру, калі яшчэ буду працаваць па суботах. У мяне зараз няма поўнай стаўкі, таму што я не магу гэта сабе дазволіць фізычна. Гэта страшна вымотвае. Трэба разумець, што гэтая прафэсія цяжкая фізычна і маральна. Да яе і павінны ставіцца адпаведна. У нас павінен быць даўгі адпачынак, камфортныя ўмовы працы, псыхалягічная дапамога пад рукой. Я ўжо не кажу пра адсутнасьць праверак і іншых стрэсаў. Хаця б проста прыходзіў на працу як чалавек.

«Нас трэба адмежаваць ад хамства»

Алена Міхаленка: Я, напэўна, лёгкі чалавек. Я згодная і есьці ў шуме зь дзецьмі, і пасядзець на звычайным стуле замесь крэсла, але нас трэба адгарадзіць ад хамства, ад такіх сытуацый, калі ты на мяжы зрыву. Для гэтага патрэбная спэцыяльная работа з вучнямі, якія не даюць нармальна працаваць. Калі я вяду ўрок у клясе, дзе дзеці хочуць вучыцца, дзе ім цікава і я адчуваю аддачу, я пры канцы адчуваю стомленасьць, але з гэтага ўроку я лячу на крылах і гатовая працаваць далей.

Але калі прыходзіш у клясу, дзе некалькі хамаў увесь час цябе выстаўляюць, то трымаеш сябе як нацягнутая струна, каб не сарвацца, не накрычаць, каб умудрыцца нешта патлумачыць іншым дзецям. Гэта вымотвае катастрафічна. Найперш трэба прыдумаць захады, якія адмяжуюць настаўніка ад такіх штучных стрэсавых сытуацый. Патрэбна, каб і псыхолягі працавалі з настаўнікамі. Кожныя тры гады мы павінны хадзіць на курсы падвышэньня кваліфікацыі. Там столькі непатрэбнага і фармальнага. Хай бы там былі псыхалягічныя трэнінгі, як здымаць стрэс, як паводзіць сябе ў канфліктнай сытуацыі.

— Ці заявы кіраўніка дзяржавы «галаву адкруціў шчанюку» не дадуць мовіць індульгенцыю на гвалт з боку настаўнікаў да непаслухмяных і праблемных вучняў?

Натальля Ільініч: Мне падаецца, што так. Нават не для настаўнікаў, а для ўсяго грамадзтва гэты сыгнал, што гвалт магчымы і гэта нармальна. Не чалавек важны, а дысцыпліна, парадак, і для таго каб дасягнуць гэтага, можна і гвалт ужыць.

— Як можна выкараніць агрэсію са школьных клясаў і калідораў?

Алена Міхаленка: Сытуацыя ў Гомелі і Стоўбцах усё ж выключэньне. Я ня бачу шмат агрэсіі вакол сябе. Дзіця, якое ня проста вяртлявае і хуліганістае, а агрэсіўнае, вельмі рэдка сустрэнеш. Ёсьць нэрвовыя настаўнікі, але злых, злапамятных, гатовых дзецям за нешта помсьціць, вельмі рэдка сустракаю.

Вельмі важна трымаць мяжу паміж добрымі адносінамі і панібрацтвам. Гэта мастацтва, вельмі тонка. Усе настаўнікі розныя, з адным нешта можна сабе дазволіць, зь іншым нельга. Нельга заганяць у жорсткія рамкі. Я вельмі спакойна рэагую, калі зраблю нейкую памылку, і мне вучань пра гэта скажа. А ёсьць людзі, які ня могуць перажыць, калі ім указалі на нейкую памылку. У мяне няма панібрацкіх адносінаў зь дзецьмі, і справа ня толькі ва ўзросьце. Мяне бабуля-настаўніца вучыла: ты ім сябра, але не роўня.

Што важна ведаць пра канфлікт вакол «настаўніцы з партай»

З чаго ўсё пачалося

Гомельскае выданьне «Сильные новости» апублікавала 13 верасьня відэа, зьнятае вучнямі мясцовай школы №15: настаўніца замахваецца партай на вучня і абражае яго. У прыватнасьці, настаўніца кажа: «Я ў турму пайду, а табе *** [гамон] будзе».

Настаўніца на відэа — Людміла Чацьвярткова. Яна працавала ў школе 35 гадоў і неўзабаве мела выйсьці на пэнсію. Звычайна яна выкладала ў 2 клясе, у 4 кляс у дзень інцыдэнту трапіла на замену. Сьцьвярджаецца, што яна пасьля здарэньня напісала тлумачальную і прызнавала свае дзеяньні няправільнымі.

Настаўніцу спачатку звольнілі

Вечарам 13 верасьня ў школе прайшоў бацькоўскі сход, на якім былі намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук, начальнік упраўленьня адукацыі Сяргей Парошын і іншыя чыноўнікі.

Настаўніца Людміла Чацьвярткова
Настаўніца Людміла Чацьвярткова

На сходзе Парошын патлумачыў бацькам сытуацыю, папрасіў прабачэньня і абвясьціў, што настаўніца звольненая.

Як адрэагавалі бацькі

Бацька 9-гадовага школьніка, на якога кідалася з партай настаўніца, казаў, што абураны рэакцыяй дарослых, якія вінавацяць яго сына ў інцыдэнце. Ён падкрэсьліў, што ягоны сын ня ставіў настаўніцы падножку: гэта вэрсія карыстальнікаў інтэрнэту.

Адзін з бацькоў вучняў школы №15 расказваў, што Чацьвярткова нібыта парвала вуха ягонаму сыну, калі той вучыўся ў першым клясе, і што рэгулярна прыніжала дзяцей і чыніла гвалт адносна іх.

19 верасьня каля 30 бацькоў выйшлі на стыхійны сход да школы, але на перамовах з чыноўнікамі не дамагліся аднаўленьня яе на працы. Бацькі вырашылі зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй за вяртаньне дырэктаркі.

Лукашэнка загадаў вярнуць настаўніцу

18 верасьня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка даручыў аднавіць на працы настаўніцу Чацьвярткову і звольніць дырэктарку школы. Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці, «строга папярэдзілі» прэм’ер-міністра, кіраўніцу Адміністрацыі прэзыдэнта і віцэ-прэм’ера, адказнага за адукацыю.

19 верасьня Лукашэнка публічна выказаўся ў падтрымку настаўніцы: маўляў, на яе месцы «галаву б адкруціў шчанюку». Таксама ён заявіў, што са зьдзекаў з настаўнікаў пачынаюцца трагедыі, як у Стоўпцах. Чыноўнікаў ён раскрытыкаваў за тое, што яны «абсікаліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках разьмясьцілі».

Міліцыя распачала праверку

У сувязі з інцыдэнтам міліцыянты распачалі праверку ў межах адміністрацыйнага заканадаўства, апытвалі ўсіх удзельнікаў канфлікту, у тым ліку сьведак-дзяцей пры ўдзеле бацькоў, а таксама хлопца, на якога настаўніца замахвалася партай, і ягонага бацьку.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG