Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі завялі 11 крымінальных спраў супраць удзельнікаў пратэстаў у Маскве


Падчас акцыі пратэсту 27 ліпеня ў Маскве
Падчас акцыі пратэсту 27 ліпеня ў Маскве

На 11 удзельнікаў пратэстаў у Маскве заведзеныя крымінальныя справы аб масавых беспарадках і прымяненьні гвалту ў дачыненьні да прадстаўнікоў правапарадку, паведаміў Сьледчы камітэт Расеі 7 жніўня.

9 зь іх цяпер знаходзяцца ў ізалятары. Паводле СК Расеі, яшчэ два чалавекі, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у ліпені, абвешчаныя ў вышук. Аднаго з іх завуць Сяргей Фамін, імя другога не называецца.

Як стала вядома ТАСС, Сяргей Фамін, аб'яўлены ў вышук па справе аб масавых беспарадках пасьля мітынгу ў Маскве 27 ліпеня, у ноч на 8 жніўня самастойна прыйшоў да сьледчага і гатовы даць паказаньні.

У супрацоўнікаў Фонду барацьбы з карупцыяй прайшлі ператрусы

Праваабарончы праект «Апалогія пратэсту» паведаміў у телеграме, што сілавікі правялі ператрусы дома ў трох супрацоўнікаў Фонду барацьбы з карупцыяй — Аляксандра Памазуева, Яўгена Замяціна і Вячаслава Гімадзі.

Ператрусы праходзяць у рамках справы аб адмываньні грошай: у пачатку жніўня Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу аб адмываньні каля мільярда расейскіх рублёў у Фондзе барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага. Паводле вэрсіі сьледзтва,

«са студзеня 2016 па снежань 2018 году асобы, якія маюць дачыненьне да дзейнасьці некамэрцыйнай арганізацыі „Фонд барацьбы з карупцыяй“ (ФБК), у тым ліку супрацоўнікі фонду, атрымалі ад трэціх асобаз буйную суму грошай у рублях і замежнай валюце, якія загадзя для іх былі набытыя злачынным шляхам».

СК сьцьвярджае, што гэтыя грошы «саўдзельнікі» ўносілі праз банкаматы на разьліковыя рахункі некалькіх банкаў, а пазьней пераводзілі сродкі на рахункі ФБК, «завяршыўшы тым самым сумесныя злачынныя дзеяньні па іх легалізацыі».

Вулічныя пратэсты пачаліся пасьля таго, як выбаркамы ў Маскве не зарэгістравалі на мясцовых выбарах амаль усіх незалежных кандыдатаў, у тым ліку прыхільнікаў апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага. Улады спаслаліся на графалягічную экспэртызу подпісаў, якая нібыта прызнала многія здадзеныя кандыдатамі подпісы фальшывымі, ды іншыя парушэньні, напрыклад няслушна названыя зьвесткі выбарнікаў. Сам Навальны, як і іншыя незарэгістраваныя кандыдаты, цяпер пад адміністрацыйным арыштам.

Акцыі 27 ліпеня і 3 жніўня ў цэнтры Масквы былі разагнаныя з прымяненьнем сілы. 27 ліпеня, паводле праваабаронцаў, было затрымана больш за 1300 чалавек, 3 жніўня — больш за 1000. Апазыцыя ўжо заявіла, што правядзе новы мітынг 10 жніўня, улады дазволілі акцыю.

Выбары ў Маскоўскую гарадзкую думу павінны адбыцца ў верасьні 2019 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG