Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць фактаў пра новага міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева


Новы кіраўнік МУС Беларусі Юры Караеў
Новы кіраўнік МУС Беларусі Юры Караеў

Да прызначэньня на пасаду кіраўніка МУС Беларусі Юры Караеў працаваў на пасадзе намесьніка міністра — камандуючага ўнутранымі войскамі Рэспублікі Беларусь. Чым яшчэ вядомы новы міністар?

Аляксандар Лукашэнка прызначыў Юрыя Караева новым міністрам унутраных справаў 11 чэрвеня, днём раней ён прыняў рапарт аб звальненьні міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча, які ўзначальваў МУС сем гадоў.

Нарадзіўся ў Асэтыі, вучыўся ў Саратаве

Караеву 52 гады, ён нарадзіўся ў Паўночнай Асэтыі (Расея), у 1987-м скончыў Саратаўскую вайскова-камандную вучэльню ўнутраных войскаў. Вучыўся там крыху раней за Андрэя Ўцюрына — цяпер арыштаванага начальніка службы аховы Аляксандра Лукашэнкі. Таксама выпускнік Вайсковай акадэміі імя Фрунзэ, што ў Маскве.

У 1987–1992 гадах служыў у 43-й канвойнай дывізіі ўнутраных войскаў МУС СССР (зь яе пазьней былі сфармаваныя ўнутраныя войскі Беларусі).

Спэцназавец са стажам

Цягам 1999–2005 гадоў Караеў камандаваў Пятым асобным спэцыяльным міліцэйскім батальёнам у Бабруйску. Пасьля гэтага быў выпраўлены ў Гомель, дзе кіраваў спэцыяльнай міліцэйскай брыгадай.

У ліпені 2008 году Юры Караеў замяніў Юрыя Падабеда на пасадзе камандзіра палка менскага спэцназу (колішні АМАП). Пасьля гэтага яго перавялі камбатам у брыгаду спэцназу 3214 ва Ўруччы, якой да таго камандаваў скандальны Дзьмітры Паўлічэнка. Там прайшоў выпрабаваньне на права нашэньня крапавага бэрэта. Адтуль яго забралі на падвышэньне ў Міністэрства ўнутраных спраў.

Будучы камандуючым унутранымі войскамі, Караеў распавядаў «фэномэн славянскага салдата».

«Амэрыканцу трэба даць вельмі шмат сацыяльных гарантый, заробкаў, пяць гатункаў марозіва, інакш ён ня будзе ваяваць у «Буры ў пустыні», а нашаму — толькі галаўны ўбор крапавага колеру і сказаць, што ты спэцназ. І ён на гэтым энтузіязьме, на пачуцьці гонару і патрэбы абараняць парадак і закон, праявіць усё, што ён можа, і ўсё, што ён нават не падазраваў, што можа», — казаў у інтэрвію «Беларусь 5» Караеў.

Аматар скульптурных формаў

Адкрыцьцё памятнага знаку АМАП у Менску 5 сакавіка 2019
Адкрыцьцё памятнага знаку АМАП у Менску 5 сакавіка 2019

​Актыўна прасоўваў знакі пашаны спэцназаўцам. Сёлета ў ягонай прысутнасьці на базе менскага палка міліцыі асаблівага прызначэньня ва Ўруччы адбылася цырымонія адкрыцьця памятнага знаку ў форме арла. Да таго падобныя скульптуры ў гонар АМАПу адкрылі ў Магілёве, Гомлі і Віцебску. Ляйтматывам — «захаваць для нашчадкаў веліч кожнага супрацоўніка» АМАП і захаваць памяць пра «гераічныя прыклады служэньня народу і Айчыне».

Змагар з тай-баксэрам Гурковым

Юры Караеў падчас чэмпіянату Беларусі па тайскім боксе, сакавік 2016
Юры Караеў падчас чэмпіянату Беларусі па тайскім боксе, сакавік 2016

У 2016 годзе Міністэрства спорту і турызму адмовілася фінансаваць паездку на чэмпіянат сьвету ў муай-тай для шматразовага ўладальніка змагарскіх тытулаў Віталя Гуркова. Сам спартовец расказаў, што на адным з пасяджэньняў Фэдэрацыі муай-тай і кік-боксінгу на чале з Караевым абмяркоўвалі ягоны фатаздымак з «Пагоняй». Сытуацыю выставілі так, што ў зборнай «экстрэміст і апазыцыянэр».

У выніку кіраўнік фэдэрацыі Караеў прапанаваў Гуркову дапрацаваць да канца кантракту ў міністэрстве і звольніцца па ўласным жаданьні.

Пяты запар міністар, народжаны не ў Беларусі

Юры Караеў (зьлева) з тагачасным міністрам унутраных справаў Ігарам Шуневічам, 2018 год
Юры Караеў (зьлева) з тагачасным міністрам унутраных справаў Ігарам Шуневічам, 2018 год

​Гэта ўжо пяты запар міністар унутраных спраў, народжаны не ў Беларусі. Апошнім тутэйшым быў Валянцін Агалец, выпраўлены ў адстаўку 20 гадоў таму. Юры Караеў нарадзіўся ў Паўночнай Асэтыі, ягоны папярэднік Ігар Шуневіч — з Луганшчыны, Анатоль Куляшоў — з Азэрбайджану, Уладзімер Навумаў — са Смаленску, Юры Сівакоў — з Сахаліну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG