Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«...І асабіста дарагому таварышу Лукашэнку»


Чаму пункт адліку гісторыі беларускага аўтарытарызму выдаюць за пачатак дзяржаўнасьці.

Як цяпер вядома ўсім чытачам прэзыдэнцкай газэты «Беларусь сегодня», беларуская дзяржаўнасьць пачалася ў 1994 годзе. На мінулым тыдні газэта абвясьціла адпаведную прапагандысцкую кампанію — са стварэньнем асобнага сайту, на старонках якога ўжо распачалося асьвятленьне ўсіх дасягненьняў і перамог Аляксандра Лукашэнкі. Пункт адліку — натуральна, 1994-ы. Назва праекту — «Чвэрць стагодзьдзя беларускай дзяржаўнасьці».

Зразумела, што намнога больш дакладна, карэктна і гістарычна абгрунтавана гучала б іншая назва: «Чвэрць стагодзьдзя аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі». Каб абвясьціць, што сьвяткаваць 25-годзьдзе беларускай дзяржаўнасьці належыць у 2019 годзе, трэба альбо ўвогуле ня мець ніякага разуменьня сучаснай беларускай гісторыі (і элемэнтарнай арыфмэтыкі), альбо добра валодаць здольнасьцю тонкай лісьлівасьці і імкненьнем паслужліва дагадзіць таму, хто ў 1994 годзе сапраўды стаў незалежным і адзінаўладным. Але стаў ён адзін: прычым тут беларуская дзяржава?

Мушу прызнацца, што асабіста для мяне пачатак такой кампаніі ня стаў чымсьці нечаканым. Аляксандар Лукашэнка далёка ня першы аўтарытарны кіраўнік на маім веку, і для нашага пакаленьня не навіна, як улада спрабуе перапісаць найноўшую гісторыю пад чарговага лідэра.

«Он четырежды герой и писатель молодой»

Леанід Брэжнеў (у цэнтры), 1973 год
Леанід Брэжнеў (у цэнтры), 1973 год

У свой час, у канцы 70-х і на пачатку 80-х, у старэйшых клясах сярэдняй школы і на першых курсах унівэрсытэту асобнай тэмай у гісторыі СССР і КПСС вывучалася «гістарычнае значэньне кастрычніцкага (1964 г.) Пленума ЦК КПСС». Хто цяпер памятае пра той пленум, які «рашуча асудзіў праявы суб’ектывізму і валюнтарызму»? Але галоўнае ў тым пленуме, вядома ж, было іншае: прыход да ўлады «вернага ленінца», «незгібальнага барацьбіта за мір і сацыялізм», «дарагога таварыша» Леаніда Ільліча Брэжнева. Як нас навучалі выкладчыкі, з кастрычніка 1964 году, пасьля змрочных гадоў хрушчоўскага «суб’ектывізму і валюнтарызму» ў савецкай рэчаіснасьці пачаўся сьветлы пэрыяд «эканамічнага росквіту і трыюмфу савецкай дэмакратыі».

Як пазьней успаміналі колішнія партыйныя і дзяржаўныя кіраўнікі, першыя гады пры ўладзе Леанід Ільліч не ўхваляў праявы лісьлівасьці і падхалімажу і адрынаў спробы ўзьвялічваньня ўласнай пэрсоны. Відавочна, ён памятаў (і ня толькі памятаў — сам удзельнічаў у гэтым), як скідвалі з п’едэсталаў помнікі «геніяльнага правадыра ўсіх часоў і народаў», як перапісвалі падручнікі гісторыі пасьля адхіленьня Хрушчова. Але мінаў час, генэральны сакратар пакрысе старэў... Адбывалася відавочная эвалюцыя брэжнеўскага стаўленьня да культу асобы.

І недзе пасьля 65-гадовага ўзросту колішнія сьціпласьць і стрыманасьць былі адсунутыя ўбок. У партыйных рэзалюцыях разам з заслугамі палітбюро пачалі ў абавязковым парадку згадваць «...і асабіста дарагога таварыша Леаніда Ільліча Брэжнева». На савецкай тэлевізіі была вызначана норма: Л. І. Брэжнева ды іншых вышэйшых кіраўнікоў павінны былі паказваць у суадносінах 3:1 — г. зн. генсека на экране павінна быць утрая больш, чым усіх астатніх.

А на дарагога «Леаніда Ільліча» пасыпаўся залаты дождж зорак, ордэнаў, мэдалёў, ляўрэацкіх значкоў, маршальскіх пагонаў і залатых шабляў. Да канца жыцьця Брэжнеў ужо меў ордэнаў і мэдалёў больш, чым Сталін і Хрушчоў разам узятыя. Асабліва абурала вэтэранаў вайны тое, што яго зрабілі кавалерам ордэна «Перамога», які паводле свайго статусу можа ўручацца толькі палкаводцам і толькі за буйныя перамогі ў маштабах фронту.

Партрэты Л.Брэжнева з кніг, выдадзеных адпаведна ў 1977, 1979 і 1982 гадах: выраз твару, гальштук і пінжак тыя ж, затое як мяняецца колькасьць геройскіх зорак
Партрэты Л.Брэжнева з кніг, выдадзеных адпаведна ў 1977, 1979 і 1982 гадах: выраз твару, гальштук і пінжак тыя ж, затое як мяняецца колькасьць геройскіх зорак

Людзі над гэтай слабасьцю генэральнага сакратара амаль адкрыта пасьмейваліся. Памятаю, як на ўроку гісторыі ў 10-й клясе мы задалі пытаньне наконт брэжнеўскай чарговай залатой зоркі героя (ужо пятай па ліку) свайму настаўніку Генрыху Янавічу Бушу. Ён у адказ пачаў разважаць пра тое, што гэта падвышае аўтарытэт кіраўніка дзяржавы, што гэта неабходна дзеля міжнароднага прэстыжу СССР. Ня ведаю, ці сам ён верыў у тое, што казаў, ці гэта была мэтадычная парада Міністэрства асьветы для такіх выпадкаў...

Аляксандар Лукашэнка, безумоўна, памятае брэжнеўскі «зарапад» і той нягеглы, карыкатурны культ асобы. Як і тое, чым усё скончылася. Ордэн «Перамога» ў маршала Брэжнева пасьмяротна адабралі. Колішняга «вернага ленінца» і «незгібальнага барацьбіта» назвалі аўтарам застою і заняпаду. Горад Брэжнеў зноў перайменавалі ў Набярэжныя Чалны. Залатая карэта ператварылася ў гарбуз...

З аглядкай на генсекаў

Трэба аддаць належнае Аляксандру Рыгоравічу: ад многіх памылак і слабасьцяў Леаніда Ільліча ён пакуль бярогся. Калі б не асьцерагаўся і не рабіў акароту некаторым царадворцам, за дваццаць чатыры гады яму б ужо столькі залатых зорак на пінжак начаплялі, столькі залатых клюшак з аксэльбантамі надарылі... Адных юбілеяў за гэты час колькі было! Але тут прэзыдэнт Лукашэнка быў цьвёрды і даволі сьціплы. Юбілеяў і дзён народзінаў фактычна не адзначаў, дазволаў на дзяржаўныя ўзнагароды і ганаровыя званьні не даваў, дарагіх падарункаў не прымаў (за выключэньнем хіба што славутага «Майбаха», у чым сам публічна прызнаўся). Да літаратурнай творчасьці (кшталту незабыўных кніг «Малая зямля» і «Цаліна») справа таксама не дайшла).

Але і назваць яго ўзорам сьціпласьці і ўмеранасьці таксама не выпадае. Вось жа: ад мэдалёў і ордэнаў ён адхрысьціўся, а перад генэральскім мундзірам і маршальскімі пагонамі — не ўстаяў. І палац сабе адбудаваў, як ва ўсходняга тырана (напачатку, у 2013 годзе, праўда, сьцьвярджаў, што «гэта не рэзыдэнцыя прэзыдэнта», што там у яго «толькі адзін працоўны кабінэт будзе», што палац «будзе адкрыты для людзей». Але што ў выніку атрымалася?).

А створаны ім у асабістай рэзыдэнцыі «Музэй сучаснай беларускай дзяржаўнасьці», дзе амаль усе экспанаты так ці інакш зьвязаны зь ягоным імем?

А выцісканьне з афіцыйнай гісторыі імя Пятра Машэрава як палітычнага канкурэнта за месца ў нацыянальным пантэоне?

А музэй у Александрыі?

А шматлікія рэзыдэнцыі для адпачынку па ўсёй краіне?

А бясконцая сага пра хакей і хакейныя турніры імя самога сябе?

А практычна поўная адсутнасьць на тэлеэкранах іншых палітыкаў, апрача яго аднаго (што там брэжнеўская норма 3:1!)

І цяпер вось — новы пункт адліку беларускай дзяржаўнасьці... Ці была гэтая ініцыятыва ўзгодненая з Лукашэнкам і ўхваленая ім? Аўтарытарны кіраўнік у такой сыстэме ўлады, дзе ў адных ягоных руках засяроджаны ўсе рычагі кіраваньня, зь цягам часу, відаць, непазьбежна сутыкаецца са спакусай перапісаць гісторыю пад самога сябе, адвесьці сабе ў ёй ганаровае прыгожае месца... Прышчэпка ад культу асобы сёньняшнім пакаленьням постсавецкіх палітыкаў у СССР намаганьнямі генсекаў была зроблена неблагая, але з часам, як паказаў досьвед «дарагога Леаніда Ільліча» і ягоных наступнікаў, імунітэт слабее.

Калі ня сам аўтарытарны кіраўнік усё гэта ініцыюе, дык прыдворныя падхалімы з гатовасьцю ў любы момант угадаюць, падхопяць і выканаюць любыя патаемныя жаданьні першай асобы.

Мой калега Віталь Цыганкоў яшчэ два з паловай года таму зьвярнуў увагу на цытату з выступу Лукашэнкі перад Ўсебеларускім сходам 2016 году — пра тое, што «першы этап станаўленьня незалежнай Беларусі — у 1995–2005 гадах».

Як бачым, ананімныя таварышы з прэзыдэнцкай газэты тую цытату Лукашэнкі не забылі. Калі распачатая ў «СБ» кампанія — толькі іхная ініцыятыва, дык яна старонкамі газэты так і абмяжуецца. Калі ж на яе дадзена блаславеньне «наверсе» — неўзабаве мы ўбачым, як прапагандысцкая кампанія пад умоўнай назвай «25-годзьдзю — дастойную сустрэчу!» разгорнецца па ўсёй краіне і ўсімі сіламі і сродкамі дзяржаўнай ідэалягічнай машыны.

Хто перапісвае гісторыю апошнім

Але як бы ні перапісвалі гісторыю сёньня, усё роўна праз два-тры дзесяцігодзьдзі пасьля Лукашэнкі пэрыяду ягонага кіраваньня будзе дадзена зусім ня тая ацэнка, на якую ён, відавочна, разьлічвае. Гартаю падручнік гісторыі, па якім вучаць дзяцей у сёньняшняй пуцінскай Расеі. Некалькі цытат:

«Пры ім разьвіцьцё эканомікі ішло ў асноўным экстэнсіўным шляхам, за кошт экспарту нафты і газу»; «за час яго кіраваньня, асабліва ў апошні пэрыяд, абазначыўся застой ва ўсіх сфэрах жыцьця, сталі пераважаць кансэрватыўныя тэндэнцыі ў ідэалёгіі, у сацыяльным і духоўным жыцьці грамадзтва. Усё гэта адбывалася на тле нэгатыўных працэсаў у эканоміцы. Аўтарытэт яго як кіраўніка дзяржавы ў вачах народа прыкметна ўпаў...»

Пра каго гэта? Ды пра «дарагога Леаніда Ільліча» праз дваццаць пяць гадоў пасьля ягонай сьмерці. Замест згадкі пра «гістарычную ролю кастрычніцкага (1964 г.) пленуму» — суворая праўда: «У 1964 г. узначаліў змову супраць М.Хрушчова». І што адметна (і што, верагодна, было б найбольш крыўдна для яго самога): ні пра рэкордную колькасьць залатых геройскіх зорак, ні пра ягоныя «бесьсьмяротныя літаратурныя творы», ні пра ваенныя заслугі — ні слова.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG