Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар любімай кнігі Біла Гейтса — беларусам: Часам з Захаду ідуць не найлепшыя ідэі


Стывэн Пінкер
Стывэн Пінкер

Канадзкі кагнітыўны псыхоляг і лінгвіст Стывэн Пінкер вядомы дзякуючы сваім навукова-папулярным кнігам «Моўны інстынкт», «Як працуе розум» ці «Чысты аркуш: сучаснае адмаўленьне чалавечай прыроды».

У сваёй апошняй кнізе «Асьветніцтва сёньня. У абарону розуму, навукі, гуманізму і прагрэсу» Пінкер сабраў статыстыку са шматлікіх дасьледаваньняў, каб паказаць, што сьвет робіцца заўважна лепшым, нягледзячы на загалоўкі ў СМІ. (Ангельскае слова enlightenment значыць ня толькі Асьветніцтва, але і «прасьвятленьне»). У інтэрвію Радыё Свабода Пінкер патлумачыў, чым небясьпечны пэсымізм і як яму супрацьстаяць.

Сем выбраных думак з кнігі «Асьветніцтва сёньня»

1. За апошнія стагодзьдзі ва ўсім сьвеце адбыўся рэальны і вымяральны прагрэс у якасьці чалавечага жыцьця. Ён грунтуецца на ідэях, сфармуляваных у пэрыяд Асьветніцтва 17-18 стагодзьдзя, — ідэях рацыянальнасьці, навукі і гуманізму — а таксама на пазьнейшых канцэпцыях энтрапіі, эвалюцыі і інфармацыі.

2. Статыстыка сьведчыць, што працягласьць жыцьця, узровень здароўя, харчаваньня, дабрабыту, бясьпекі і павагі да правоў чалавека, паступова павышаюцца. На Захадзе гэтае паляпшэньне пачалося раней, але рэшта сьвету (у тым ліку найбяднейшыя краіны) паступова зьмяншае разрыў у гэтых паказьніках. У доўгатэрміновай пэрспэктыве яны растуць практычна паўсюль. 10-гадовы жыхар Этыёпіі ў 1950 годзе ў сярэднім мог пражыць 44 гады. Цяпер чаканая сярэдняя працягласьць жыцьця для яго — 61 год. Расьце і працягласьць здаровага жыцьця, і нават сярэдні ўзровень шчасьця ў сьвеце.

3. Інтэлектуалы ненавідзяць прагрэс. Інтэлектуалы, якія называюць сябе «прагрэсіўнымі», часта ненавідзяць прагрэс найбольш. Яны не адмаўляюцца ад вынікаў прагрэсу — такіх, як кампутары або новыя лекі — але для іх агідная ідэя прагрэсу: асьветніцкая вера, што мы можам палепшыць умовы чалавечага жыцьця, зразумеўшы сьвет.

4. Прагрэс не перадвызначаны. Тое, што дагэтуль шмат у чым жыцьцё паляпшалася, ня значыць, што так абавязкова будзе і надалей. Але чалавецтва можа зрабіць так, каб прагрэс не спыняўся. Гэта не наіўны аптымізм, а пэрспэктыва, якая грунтуецца на фактах і гістарычнай рэальнасьці. Шматлікія апакаліптычныя прагнозы мінуласьці, у тым ліку пра хуткае вычарпаньне рэсурсаў Зямлі, ня ўлічвалі здольнасьці чалавека да новых тэхналягічных рашэньняў.

5. Найбольш сур’ёзны выклік, які стаіць перад чалавецтвам, гэта не тэрарызм, маштабы якога чалавек схільны пераацэньваць, а экалягічныя пагрозы — найперш глябальнае пацяпленьне, наконт існаваньня якога ёсьць абсалютны навуковы кансэнсус. Але адказам на гэты выклік мае быць ня спроба адмовіцца ад тэхналёгій і вярнуцца да аскетычнага існаваньня, а экапрагматызм — выкарыстаньне тэхналёгій, каб пераадолець нэгатыўныя наступствы і вырашыць новыя праблемы. У гэтым пытаньні, як і ў пытаньні ядзернага раззбраеньня, патрэбная палітычная воля і чалавечая рацыянальнасьць.

6. Ёсьць мноства плыняў, якія з розных пазыцый атакуюць рацыянальнасьць і навуку — ад рознага кшталту рэлігійных рухаў, трайбалізму і сучаснага аўтарытарнага папулізму да постмадэрнісцкіх плыняў у заходніх гуманітарных навуках, якія часам падрываюць падмуркі ўласнага існаваньня. Гэта ня значыць, што чалавек — абсалютна рацыянальная істота. Сучасныя дасьледаваньні ў псыхалёгіі паказваюць, як людзі робяць тыповыя памылкі, у тым ліку ў пошуках інфармацыі, якая падмацоўвае іх палітычныя перакананьні, кагнітыўныя прадузятасьці і камфортнае існаваньне ў асяродзьдзі, зь якім яны сябе ідэнтыфікуюць.

7. Ня варта блытаць пэсымізм з глыбінёй думак. Ня кожная праблема гэта Крызіс, Эпідэмія ці Экзыстэнцыйная пагроза. Праблемы непазьбежныя, але яны вырашальныя.

Стывэн Пінкер выступае на канфэрэнцыі ў Мэксыцы ў 2017 годзе
Стывэн Пінкер выступае на канфэрэнцыі ў Мэксыцы ў 2017 годзе

— Вы пішаце ў сваёй кнізе, што за апошнія некалькі стагодзьдзяў адбыўся рэальны і вымяральны прагрэс, які грунтуецца на ідэях Асьветніцтва. Але людзі звычайна не разважаюць катэгорыямі стагодзьдзяў.

Возьмем прыклад Беларусі. Амаль 25 гадоў краінай кіруе аўтакрат. Адбываўся нейкі эканамічны прагрэс, але былі і рэгулярныя пагаршэньні ў эканоміцы. Палітычна краіна шмат у чым менш свабодная, чым чвэрць стагодзьдзя таму. А апошнімі гадамі ў суседняй Расеі адбыўся рост нацыяналізму, Расея анэксавала Крым, ідзе вайна на ўсходзе Ўкраіны. Пры гэтым расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін кажа пра трапляньне ў рай пасьля ядзернай вайны. Як бы вы абнадзеілі тых беларусаў, якія падзяляюць ідэі розуму, навукі і гуманізму?

— Вядома ж, існуе шмат пагрозаў прагрэсу. Варта разумець, што прагрэс ня значыць, што ўсё будзе паляпшацца ўвесь час, для ўсіх і паўсюль. Гэта быў бы ўжо не прагрэс, а цуд.

Мы ня можам адмаўляць праблемаў, зь якімі сутыкаемся. Але важна разумець, чаго мы ўжо дасягнулі і чым мы рызыкуем.

Важна разумець, чым мы рызыкуем

За апошнія дзесяцігодзьдзі агульны трэнд быў да дэмакратызацыі сьвету. Гэта тычыцца ня толькі краінаў усходняй Эўропы, якія былі пад таталітарным савецкім дамінаваньнем 30 гадоў таму, але таксама краінаў Лацінскай Амэрыкі, усходняй Азіі, шмат якіх краінаў Афрыкі, якімі раней кіравалі вайскоўцы, ці іншых дыктатураў, якія цяпер сталі дэмакратычнымі.

Зноў жа, гэтага не адбылося паўсюль. Але гэта адбылося шмат у якіх краінах, і мы павінны памятаць, што намаганьні пашырыць дэмакратыю і правы чалавека не былі марнымі, утапічнымі ці рамантычнымі. Гэта адбылося шмат дзе ў сьвеце, і таму мы пагатоў павінны прыкладаць яшчэ больш намаганьняў, каб гэта адбылося і там, дзе дэмакратыя пад пагрозай.

— Амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр кажа, што ў 1990-я гісторыя цякла з захаду на ўсход, але апошнія 10 гадоў усё было наадварот. У прыватнасьці, заходнія краіны пераймаюць досьвед такіх аўтарытарных сыстэмаў, як пуцінская Расея. Вы не пагодзіцеся, што такая тэндэнцыя існуе?

— На гэтае пытаньне няма адназначнага адказу, бо ідэі цякуць ва ўсе кірункі. Але ў сфэры культуры і тэхналёгіяў ідэі пераважна цякуць з захаду на ўсход. У сэнсе пашырэньня інтэрнэту, біямэдычных тэхналёгій і нават дзяржаўнага кіраваньня. Хоць тут нельга адназначна адказаць «так» ці «не» на пытаньне пра кірунак.

Калі паглядзець на апошнія дзесяцігодзьдзі, дык нельга сказаць, што ўсё больш краінаў ператвараліся ў пуцінскую Расею ці камуністычны Кітай. Важна не дазваляць, каб ваш погляд на сьвет фармаваўся пад уплывам загалоўкаў у мэдыях. Бо там паведамляецца пра асобныя падзеі. Важна глядзець на падлікі, а яны паказваюць, што хоць адбываўся частковы адкат, агулам рух ідзе ў кірунку дэмакратыі.

— Вы пішаце пра ідэалёгіі, якія грунтуюцца на варожасьці да Асьветніцтва — да прыкладу пра фашызм. Але ў вашай кнізе ня так шмат разважаньняў пра камунізм. Некаторыя крытыкі кажуць, што ідэі марксізму і ленінізму якраз былі прадуктам Асьветніцтва. Вы з гэтым пагодзіцеся?

— Не. На гэтае пытаньне ня можа быць правільнага адказу, бо Асьветніцтва ня мела афіцыйнага веравучэньня — гэта ж не каталіцкая царква зь яе катэхізісам. Але ідэі, якія я вызначаю як ключавыя для Асьветніцтва — правы асобы, свабода слова, свабода дасьледаваньняў, — відавочна не былі рухавіком камунізму.

Сярод каранёў камунізму таксама былі і ідэі контр-Асьветніцтва — такія як рамантычны мілітарызм, ідэя, што змаганьне і гвалт неабходныя для прагрэсу чалавецтва. Там не было тых ідэяў, якія я абараняю ў кнізе, — розум, навука, гуманізм, прагрэс. Яны не былі ключавымі для марксізму.

— Але ж расейскія марксісты высока ставілі навуку. І Савецкая Расея адной зь першых рэалізавала некаторыя эмансыпацыйныя ідэі, якія ішлі з Захаду — тое самае права галасаваць для жанчын.

— Так, гэта праўда. Але шлях ад ідэяў Асьветніцтва да дзяржаўнага кіраваньня нашмат больш відавочны ў выпадку Канстытуцыі ЗША і Дэклярацыі незалежнасьці, якая грунтуецца на ідэі «жыцьця, свабоды і імкненьня да шчасьця» і разглядае ўрад як сродак дасягненьня гэтых мэтаў. Урад трактуецца як інструмэнт, прылада, каб зрабіць асобных людзей шчасьлівейшымі, свабаднейшымі. У адрозьненьне ад гэтага марксісцкая ідэя ў тым, што асоба — нязначная і замяняльная частка сацыяльнага клясу, а вызначэньне прагрэсу — гэта падпарадкаваньне аднаго клясу іншаму.

Вы маеце рацыю ў тым, што інтэлектуальныя і палітычныя рухі аб’ядноўвалі некалькі ідэяў — няма чыстага Асьветніцтва ці контр-Асьветніцтва. Але сутнасьць Асьветніцтва ў тым сэнсе, у якім я абараняў яго ў сваёй кнізе, у значнай ступені пярэчыць марксізму.

Пра аптымізм перад Першай сусьветнай вайной

— Ці можна было напісаць такую кнігу, як вашая, напрыклад, у 1910 годзе?

— Не. У 1910 годзе сьвет яшчэ знаходзіўся пад дамінаваньнем каляніяльных імпэрый, дэмакратыя мела мінімальны абсяг параўнальна зь сёньняшнім днём, жанчыны не маглі галасаваць і вельмі важнай плыняй сярод элітаў усіх краінаў быў рамантычны мілітарызм. Такі мілітарызм быў у Брытаніі, у ЗША і асабліва ў Нямеччыне.

Адбывалася глярыфікацыя вайны, і прысутнічаў страх, што мір зробіць людзей эгаістычнымі спажыўцамі, «фэмінізуе» мужчын. Адной з прычынаў, чаму адбылася Першая сусьветная вайна і чаму яна была такой жахлівай, якраз у тым, што на пачатку краіны-ўдзельніцы лічылі вайну добрай рэччу. І хоць узровень узаемнага гандлю ўжо быў высокім, ён непараўнальны зь цяперашнім, калі браць працэнты ад сусьветнага валавога прадукту. Акрамя таго, тады не было міжнародных арганізацый супрацоўніцтва, якія ёсьць цяпер. Так што мы шмат у чым цяпер жывем у іншым сьвеце.

— Так, але калі паглядзець на той прагрэс, які быў дасягнуты за паўтара стагодзьдзя перад пачаткам Першай сусьветнай вайны, дык у людзей тады было шмат падставаў для аптымізму. Ці лічыце вы, што цяпер людзі ва ўрадах атрымалі дастатковую прышчэпку супраць рамантычнага мілітарызму, што досьвед сусьветных войнаў не забыты? Ці дастаткова гэты досьвед захоўваецца ў галовах і сэрцах людзей, каб зрабіць яго паўтарэньне вельмі малаімаверным?

— Гэта відавочна менш імаверна, але нельга сказаць, што такое паўтарэньне немагчымае. Імавернасьць дастаткова высокая, каб мы працягвалі працаваць над тым, каб зрабіць маштабную вайну неўяўляльнай. Прынамсі мы ня бачым лідэраў краінаў, якія кажуць, што вайна — гэта шляхетная, гераічная і важная рэч і што трэба пачынаць войны, каб маладыя людзі ня страчвалі гераізму, альтруізму і мужнасьці.

Зноў жа, гэта ня значыць, што такая вайна немагчымая. Нам трэба ўзмацняць нормы і арганізацыі, якія створаныя, каб прадухіляць войны. Але я лічу, што імавернасьць такой вайны ніжэйшая, чым была ў ХХ стагодзьдзі.

Ці можна навучыць людзей рацыянальнасьці

— Вы пішаце, што прапаноўвалі ўвесьці ў праграмы навучаньня ў Гарвардзе курсы, дзе будуць разглядацца кагнітыўныя прадузятасьці (cognitive biases, сыстэматычныя адхіленьні ад нормаў рацыянальнасьці ў ацэнках). Чаму, на вашую думку, гэтую прапанову не падтрымалі?

— Мне здаецца, што недастаткова людзей ведае пра дасьледаваньні ў кагнітыўнай псыхалёгіі, якія паказваюць наколькі сыстэматычна людзі паводзяць сябе ірацыянальна. Мы ведаем некаторыя спосабы, якімі чалавечае мысьленьне раз за разам памыляецца. Я лічу, што прыярытэтам у адукацыі павінна быць паляпшэньне мысьленьня. Але для людзей, якія не займаюцца псыхалёгіяй, гэта можа здавацца не настолькі важным.

Акрамя таго, унівэрсытэцкія выкладчыкі маюць асабісты інтарэс працягваць выкладаць, нічога не мяняючы. І выкладчык кожнай дысцыпліны хоча, каб яна была найважнейшай у праграме. Таму памяняць хоць нешта ва ўнівэрсытэце надзвычай цяжка.

— Ці лічыце, што сучасныя веды даюць магчымасьць навучыць людзей праз сыстэму адукацыі і неяк памяняць сытуацыю з кагнітыўнымі прадузятасьцямі?

— Гэта няпроста. Дасьледаваньні паказваюць, што шмат спробаў зрабіць людзей больш рацыянальнымі праз адукацыйныя праграмы правальваюцца. Але ў прынцыпе навучыць чалавека чаму заўгодна выяўляецца нечакана цяжкай задачай. Калі чалавеку даць тэст праз 5 гадоў пасьля навучальнага курсу ва ўнівэрсытэце, дык часта высьвятляецца, што ён ня памятае нічога. Гэта агульная праблема адукацыі.

Але ёсьць некаторыя пасьпяховыя праграмы, якія вучаць людзей пазьбягаць тыповых памылак і перадузятасьцяў. Я лічу, што гэтыя праграмы маюць быць часткай адукацыі на любым узроўні і часткай нашых штодзённых дыскусій — у тым ліку ў газэтах і на тэлебачаньні. Людзі павінны ўвесь час усьведамляць тыповыя спосабы ірацыянальных аргумэнтаў — да прыкладу, абагульненьне з адзінкавага прыкладу. «Учора адбыўся тэрарыстычны напад, а гэта значыць, што павялічыўся ўзровень тэрарызму». Гэта тып памылкі, якую робяць нават нашыя найлепшыя газэты.

Што варта рабіць журналістам

— Цытата з вашай кнігі якраз пра гэта: «Памятайце матэматыку: здарэньне не азначае тэндэнцыю. Памятайце гісторыю: той факт, што нешта сёньня кепска, ня значыць, што яно было лепшым у мінулым». Якія яшчэ парады вы маеце для мэдыяў? Бо нэгатыўныя падзеі прыцягваюць увагу. І нават калі да навіны дадаецца шырэйшы кантэкст, большасьць можа не зьвярнуць на яго ўвагі.

— Я ня думаю, што мэдыі маюць формулу, каб захаваць папулярнасьць і камэрцыйны посьпех. Людзі адмаўляюцца ад традыцыйных крыніцаў навін. І адна з прычынаў, якую яны называюць — тое, што навіны занадта дэпрэсіўныя і нэгатыўныя.

Вядома ж, важна паведамляць пра нэгатыўныя падзеі. Было б безадказным не паведамляць пра небясьпекі, пакуты і несправядлівасьць. Але калі навіны сыстэматычна занадта нэгатыўныя, гэта дае людзям скрыўлены погляд на сьвет. Акрамя таго, гэта без патрэбы робіць людзей дэпрэсіўнымі.

Дасьледаваньні паказваюць, што гісторыі пра пазытыўныя зьмены бываюць вельмі пасьпяховыя. І тут я маю на ўвазе не саладзенькія гісторыі пра «добрых самарыцянаў» ці сымпатычных шчанюкоў. Гаворка пра гісторыі наконт пасьпяховых праграмаў дапамогі бяздомным ці мірныя дамовы ў тых частках сьвету, на якія звычайна не зьвяртаюць увагі, кшталту Этыёпіі ці Эрытрэі. Гэтымі гісторыямі дзеляцца, яны прыцягваюць новых чытачоў. Яны могуць быць не такія папулярныя ў першыя 5 хвілін, але яны больш папулярныя ў наступныя некалькі дзён.

Таму, магчыма, мэдыям варта даваць больш збалянсаваную карціну нават для ўласнага выжываньня. Мне здаецца, што гэта сумнеўная тэза, быццам сур’ёзная журналістыка абавязкова значыць кепскія навіны.

Мэдыям варта даваць больш збалянсаваную карціну нават для ўласнага выжываньня

Тут яшчэ адна праблема. Такі падыход робіць зь людзей фаталістаў. Людзі пачынаюць думаць, што калі ўжо ніякія нашыя дзеяньні не паляпшаюць сьвет, а ўсе намаганьні палепшыць уладу і грамадзтва марныя, дык навошта ўвогуле пераймацца, трэба проста атрымліваць асалоду ад жыцьця.

Іншая натуральная рэакцыя — радыкалізм. Калі мы атрымліваем уражаньне, што ўсе нашыя інстытуты не працуюць, што дэмакратыя, ААН і сучасная эканоміка праваліліся, дык гэта заахвочвае радыкалізм. Зьяўляецца ідэя, што нам трэба зьнішчыць усе нашыя інстытуты, бо ўсё што заўгодна будзе лепшым, калі паўстане зь іхнага попелу.

Мне здаецца, што гэта адно з наступстваў цяперашняй журналістыкі. Сумленным і адказным журналістам — а я лічу, што такіх большасьць, — варта паглядзець на наступствы той карціны сьвету, якую яны несьвядома пашыраюць.

«Спадзяваньні на неўміручасьць небясьпечныя»

— Вы спрачаецеся з абаронцамі рэлігіі па шмат якіх тэмах і даводзіце, што сьвецкі гуманізм мае сур’ёзныя аргумэнты ў розных сфэрах, у тым ліку ў этыцы. Але вы ня згадваеце надзею на неўміручасьць, якую дае рэлігія. Чаму?

— Я, пaпраўдзе, лічу спадзяваньні на неўміручасьць небясьпечнымі. Яны зьмяншаюць каштоўнасьць жыцьця на Зямлі. У выніку нармальна быць пакутнікам, падрываць сябе выбухоўкай, каб трапіць у рай. Таксама яны зьнеахвочваюць ад намаганьняў зрабіць жыцьцё як мага даўжэйшым і прыямнейшым для як мага большай колькасьці людзей.

Гэтыя спадзяваньні таксама стаяць за некаторымі рэлігійнымі зьверствамі ў гісторыі. Людзей катавалі, каб яны прынялі «правільную» веру. За гэтым стаяла такая лёгіка, што калі некага катаваць цяпер, дык ты робіш чалавеку дабро, бо ён не правядзе вечнасьць у пекле. Калі ж вы сыходзіце з таго, што мы жывем толькі дзесяцігодзьдзі на Зямлі, дык вы паважаеце чалавечае існаваньне тут і цяпер.

— Вы пішаце, што ў ЗША людзі, якія не належаць да арганізаваных рэлігій, менш схільныя галасаваць на выбарах. Ці бачыце вы патрэбу і спосабы памяняць гэтую сытуацыю?

— Так, я бачу ў гэтым праблему, бо людзі ўсё менш удзельнічаюць у любых сацыяльных арганізацыях ды інстытутах. Мне здаецца, што ёсьць важная роля для арганізацый, якія ставяць на мэце паляпшэньне грамадзтва, дапамогу людзям, а таксама для палітычных партый, якія ставяць на мэце палепшыць жыцьцё людзей. У тым ліку і для рэлігійных арганізацый.

Рэлігіі маюць вялікую перавагу ў тым, што яны пачалі дзейнічаць раней — ужо ёсьць тысячы цэркваў, сынагогаў і мячэцяў. І калі рэлігіі мяняюць сваю галоўную місію з накіданьня на людзей веры ў звышпрыроднае і законаў з сьвятых тэкстаў, адыходзяць ад фундамэнталізму і робяцца арганізацыямі чалавечай супольнасьці, дык яны таксама адыгрываюць пазытыўную ролю. І якраз у гэтым кірунку пайшлі шмат якія рэлігіі. Яны зрабіліся больш лібэральнымі, экумэнічнымі, унівэрсалісцкімі.

Пра Ноама Чомскага і Ўсаму бін Ладэна

— Вы пішаце ў сваёй кнізе: «Заходнія ідэі і каштоўнасьці могуць прасочвацца, цячы і спадаць вонкі нечаканымі шляхамі. (Усама бін Ладэн, напрыклад, меў кнігу Ноама Чомскага)». Які высновы мае зрабіць чытач з гэтай цытаты?

— (Сьмяецца) Выснова тут у тым, што калі мы хочам палепшыць сьвет, пашыраючы ідэі дэмакратыі, Асьветніцтва, розуму, свабоды слова, талерантнасьці, правоў жанчын і меншасьцяў, інтэлектуалы маюць адыграць сваю ролю. Цынік можа сказаць: «Якая розьніца, што пішуць прафэсары, акадэмікі і журналісты? Важна, што адбываецца на вуліцах».

Я хацеў падкрэсьліць, што ідэі маюць значэньне. І часта з Захаду ідуць не найлепшыя ідэі. Я асабіста лічу, што марксізм — адна з такіх ідэяў. Радыкальная гвалтоўная рэвалюцыя яшчэ адна. І таму нам варта актыўна прасоўваць асьветніцкія ідэі на ўсіх узроўнях — магчыма, іх пачуюць і ў тых частках сьвету, якія цяпер закрытыя. Асабліва важна, каб іх пачулі маладыя людзі, якія цяпер думаюць, што рабіць са сваім жыцьцём.

— Але ці лічыце вы, што ідэі Чомскага неяк фундамэнтальна паўплывалі на бін Ладэна? Чомскі мае левыя перакананьні, але ён не марксіст і нібыта не заклікае да гвалтоўнай рэвалюцыі.

— Так, ён не марксіст, хоць ён і мае вельмі левыя пазыцыі. Але ён пашырае ідэю, што найгоршая, найбольш злачынная і агідная сіла ў сьвеце — гэта ЗША і іх саюзьнікі. Ці паўплывала гэта на Ўсаму бін Ладэна, мы ніколі не даведаемся. Аднак мне здаецца, што гэтае жорсткае антыамэрыканскае пасланьне і нянавісьць да Захаду — частка таго ідэалягічнага гуляшу, які выкарыстоўваюць гвалтоўныя рухі па ўсім сьвеце. І хоць важна крытыкаваць жахлівыя памылкі і часам злачынныя палітычныя рашэньні ЗША і Захаду, пасланьне, што ЗША — гэта найгоршая сіла ў сьвеце, узмацняе пазыцыі радыкальных і неталерантных ворагаў Захаду.

Што параіць Білу Гейтсу

— На вокладцы вашай кнігі цытата Біла Гейтса: «Мая новая ўлюбёная кніга ўсіх часоў». Калі Гейтс папросіць вас даць параду, як паспрыяць пашырэньню ідэй Асьветніцтва, што вы яму скажаце?

— Біл Гейтс прысьвяціў гэтаму больш роздумаў, чым хто іншы, у тым ліку больш, чым я. Гэта ягоная велічэзная заслуга, што шмат гадоў таму, калі ён пачаў займацца філянтропіяй, ён задаўся пытаньнем і прааналізаваў, дзе ягоныя грошы дапамогуць найбольш, замест таго, каб проста раздаваць іх і рабіцца яшчэ больш знакамітым.

Так што гэта мне варта прасіць у яго парады, а не наадварот.

— Але калі б ён усё ж запытаўся ў вас, ці маеце вы адказ?

— Часткова адказ у тым, што ён ужо робіць — паляпшэньне сыстэмы аховы здароўя і адукацыі ў разьвіваных краінах. Гэта дае агромністы штуршок чалавечаму дабрабыту. З інтэлектуальнага боку, мабыць, важна мець пераклады амэрыканскіх кніг і артыкулаў на іншыя мовы — да прыкладу, на пэрсыдзкую і арабскую. Гэта пашырыць ідэі, якія дапамогуць змагацца з прыгнётам і неталерантнасьцю.

Але зноў жа, я б ня стаў яму нічога раіць, бо ён ужо задаўся гэтымі пытаньнямі і робіць выдатную працу, ратуючы жыцьці. Мяркуецца, што дзякуючы дзеяньням фонду, які заснаваў ён і ягоная жонка, Мэлінда, было ўратавана каля 100 мільёнаў жыцьцяў.

— Вы сказалі пра пераклады. Якія тры амэрыканскія кнігі вы б параілі перакласьці на ўсе мовы сьвету?

— (Сьмяецца) Якія тры? Відаць, давядзецца рэкамэндаваць сваё. Не таму, што я разьвязаў нейкія праблемы ці таму, што я такі каштоўны пісьменьнік, але проста таму, што я падсумаваў працу і ідэі мноства іншых людзей. Для таго, каб напісаць сваю апошнюю кнігу, я прачытаў сотні іншых і выбраў ідэі, якія я лічу найлепшымі.

Я б таксама параіў сваю папярэднюю кнігу «Лепшыя анёлы нашай прыроды», якая канцэнтруецца на тэме гвалту і на тым, як зьменшыўся гвалт. Бо яна паказвае, што мы не асуджаныя на вечную вайну, злачынствы і гвалт супраць жанчын, дзяцей і расавых меншасьцяў. Намаганьні пераадолець гвалт могуць паступова дасягнуць посьпеху.

Агулам вельмі цяжка выбраць з сотняў вельмі добрых кніг, але мне падабаецца кніга Ст’юарта Брэнда «Дысцыпліна цэлай Зямлі». Гэта мая ўлюбёная кніга пра тыя выклікі, якія стаяць перад намі ў ахове навакольнага асяродзьдзя. Брэнд атрымаў вядомасьць у 1970-я як аўтар «Каталёгу цэлай Зямлі». Гэтая кніга зрабіла тэхналёгію прывабнай — «хіповай» і «крутой». І ён скарыстаў сваю сымпатыю да тэхналёгіі, каб прааналізаваць выклікі навакольнаму асяродзьдзю, у тым ліку зьмены клімату.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG