Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ноам Чомскі: “У любым грамадзтве інтэлектуал можа абраць для сябе ролю “дысыдэнта” альбо “камісара”


Ноам Чомскі

Ноам Чомскі

Амэрыканец Ноам Чомскі, чые продкі жылі ў Беларусі – найбольш вядомы лінгвіст 20-га стагодзьдзя. Дасьледаваньні Чомскага (часам ягонае прозьвішча вымаўляюць як “Хомскі”) ацэньваюць па рознаму. Але ў любым выпадку яны радыкальна зьмянілі сучасныя навуковыя падыходы. Яшчэ большую вядомасьць Чомскі атрымаў праз сваю рэзкую крытыку палітыкі ЗША і шматлікія палітычныя дасьледаваньні. У адрозьненьне ад многіх іншых “левых” інтэлектуалаў Захаду, Чомскі пасьлядоўна крытыкаваў і Савецкі Саюз, дзе ў адказ яго называлі “контррэвалюцыянэрам”.

Маці Ноама Чомскага нарадзілася ў Беларусі, але калі яна была яшчэ маленькай дзяўчынкай, яе сям’я пераехала ў Злучаныя Штаты. Бацька паходзіў з Украіны і ў 17-гадовым узросьце эміграваў у ЗША, каб пазьбегнуць прызыву ў царскае войска. Чомскі кажа, што ніводны з бацькоў не апавядаў яму пра сваё жыцьцё да эміграцыі. Але і на новым кантынэнце бацькі Чомскага не былі інтэграванымі ў мясцовае грамадзтва.

(Чомскі: ) “Мая сям’я фактычна жыла ў габрэйскім гета. Не ў геаграфічным сэнсе – іх сябры і калегі былі ў розных месцах, але яны ўсе былі з габрэйскай супольнасьці. Па-мойму, яны ня мелі ніводнага сябра – негабрэя. Зь іншага боку, сам я жыў вуліцай. Я хадзіў у школу, дзе быў зусім іншы сьвет. Мае найлепшыя сябры былі дзеці з хрысьціянскіх сем’яў, якія хадзілі ў царкву. Але гэта быў іншы сьвет”.

Я запытаўся ў Ноама Чомскага, ці адчуваў ён сябе сам ў дзяцінстве звычайным амэрыканцам ці чужаніцам?

(Чомскі: ) “Памятайце, што гэты былі 30-я гады мінулага стагодзьдзя. Так адбылося – мае бацькі, магчыма, нават пра гэта ня ведалі, бо яны фактычна жылі ў іншым сьвеце – але мы жылі ў раёне, населеным людзьмі з ніжняй часткі сярэдняй клясы, у асноўным – ірляндзкімі і нямецкімі каталікамі. І яны мелі вельмі антысэміцкія і пранацысцкія настроі. Ірляндцы былі пранацысцкія, бо яны ненавідзелі брытанцаў. Немцы былі за нацыстаў, таму што мелі пранямецкія настроі. Я дагэтуль памятаю піўныя вечарынкі, калі немцы ўзялі Парыж. Такая была вулічная атмасфэра.

Дзеці ў нашым раёне ўсе хадзілі ў езуіцкую школу. Я вырас у жаху перад гэтай школай. Я ня ведаю, што там адбывалася, але яны адтуль выходзілі шалёнымі антысэмітамі. А я быў вулічным хлопцам, і даводзілася сярод гэтага ўсяго жыць. Але гэта ў нашым раёне. Там, дзе я хадзіў у школу, быў іншы раён. Такая больш стандартная Амэрыка, зусім ня тое, што ў нашым раёне, даволі лібэральная атмасфэра”.

Пры канцы 1940-х гадоў Чомскі некалькі месяцаў жыў ў Ізраілі ў адной з тамтэйшых камунаў-кібуцаў. Нейкі час ён нават думаў застацца ў Ізраілі на ўсё жыцьцё.

(Чомскі: ) “Я быў актывістам у моладзевым сыянісцкім руху ў 1940-я гады, але мы належалі да той часткі сыянісцкага руху, якая выступала супраць стварэньня габрэйскай дзяржавы. Мы лічылі гэта памылкай. Калі ж дзяржаву стварылі, было ўжо позна гэта абмяркоўваць. Я лічыў гэта кепскай ідэяй, гэтаксама як я выступаў бы супраць ператварэньня ЗША ў хрысьціянскую дзяржаву ці, напрыклад, Пакістану ў ісламскую дзяржаву. Ад 1967 году я лічыў, і дагэтуль лічу, што ў Ізраіля была добрая магчымасьць стварыць, на маю думку, нашмат больш здаровую сытуацыю праз фэдэратыўную дзяржаву двух народаў на былой падмандатнай тэрыторыі Палестыны. Я думаю, што гэта прадухіліла б шмат катаваньняў, тэрарызму ды канфліктаў, і магло б прывесьці да разумнага выніку. Але да сярэдзіны 1970-х гэтая магчымасьць таксама зьнікла – на гэта паўплывала вайна 1973 году і міжнародны кансэнсус зьмясьціўся ў кірунку ўрэгуляваньня праз дзьве дзяржавы. Пазьней былі апублікаваныя мэмуары, зь якіх я даведаўся, што ізраільская вайсковая выведка і ваеннае камандаваньне на акупаваных тэрыторыях у той час рабіла прапановы, даволі падобныя на тыя, што я рабіў публічна. Але палітычныя эліты з усіх бакоў гэтыя прапановы адкінулі”.

Цікава, што адной з галоўных прычынаў, якія прымусілі Чомскага сысьці з кібуцу, былі прасавецкія перакананьні большасьці ягоных таварышаў. Сам Чомскі ад маладосьці сымпатызаваў анархісцкаму руху і крытыкаваў паводзіны Савецкага Саюзу. Чомскі называе сябе сацыялістам-лібэртарыянцам, тлумачачы, што гэтая галіна сацыялістычнага руху выступае супраць захопу дзяржаўнай улады, але за рабочы кантроль, кантроль з боку супольнасьцяў, за дэцэнтралізаваныя структуры.

(Чомскі: ) “Я меў ня проста анты-савецкія, але таксама анты-бальшавісцкія, анты-ленінісцкія перакананьні. То бок, я выступаў і супраць сталіністаў, і супраць трацкістаў. Большасьць габрэйскіх сыянісцкіх анты-дзяржаўных групаў былі ці сталінісцкія, ці трацкісцкія, таму я ня мог да іх далучыцца. Анты-ленінісцкі левы рух існаваў, але ён ня быў сярод асноўных плыняў. Я і мае сябры ды аднадумцы былі даволі маргінальныя”.

У часы “халоднай вайны” дысыдэнтаў ва Ўсходняй Эўропе абурала пазыцыя многіх левых інтэлектуалаў на Захадзе, якія ставілі знак роўнасьці паміж савецкай і Заходняй сыстэмамі. Вось што гаворыць на гэты конт Ноам Чомскі:

(Чомскі: ) “Тое, што называлі камуністычнымі краінамі, было імаверна найбольш анты-сацыялістычнай зьявай 20-га стагодзьдзя. Я лічу, што бальшавісцкая рэвалюцыя – гэта адзін з галоўных нападаў на сацыялізм. Гэтая сыстэма была настолькі далёкая ад сацыялізму, наколькі можна сабе ўявіць. Можна зразумець, чаму яе называлі сацыялістычнай ці камуністычнай. Захад называў гэтую тыранію сацыялістычнай ці камуністычнай, бо хацеў дыскрэдытаваць сацыялізм. Яны называлі сябе так, бо хацелі атрымаць маральную прывабнасьць, якую справядліва зьвязвалі з сацыялістычным рухам. Гэта быў татальны фарс. Першае што зрабілі Ленін і Троцкі ў хуткім часе пасьля кастрычніку 1917 году – зьнішчылі ўсе сацыялістычныя і народныя элемэнты ў сыстэме, якая разьвілася перад кастрычніцкім пераваротам. Яны зламалі хрыбет саветам, зьнішчылі рабочыя рады, разагналі Ўстаноўчы Сход, загналі краіну ў тое, што сам Ленін назваў “рабочай арміяй”. У гэтым была свая лёгіка – яны былі больш-менш артадаксальныя марксісты і яны лічылі, што ў такой адсталай сялянскай краіне як Расея ня можа быць сацыялістычнай рэвалюцыі. Таму яны чакалі сацыялістычнай рэвалюцыі ў Нямеччыне – асноўнай прасунутай прамысловай краіне. Такая рэвалюцыя нібыта адбылася напачатку 1919 году, але была здушаная. І тады яны вырашылі гвалтам правесьці ў гэтай адсталай, вельмі зьбяднелай сялянскай краіне індустрыялізацыю. Для гэтага яны фактычна ўсталявалі тыранічны дзяржаўны капіталізм. Гэта ператварылася ў пачварныя рэчы пры Сталіне, якія былі кепскія нават паводле іхных стандартаў. І яны назвалі сябе “камунізмам”, каб атрымаць маральную прывабнасьць, якую меў сапраўдны камунізм і сапраўдны сацыялізм. Абедзьве прапагандысцкія сыстэмы – вялічэзная на Захадзе і меншая на Ўсходзе – пагадзіліся называць гэтую анты-сацыялістычную пачварнасьць сацыялізмам. Калі Савецкі Саюз распаўся, я напісаў артыкул “Маленькая перамога сацыялізму”.

Я запытаўся ў спадара Чомскага, дзе ж тады ёсьць сапраўдны сацыялізм, якая краіна найбольш прасунулася ў гэтым кірунку?

(Чомскі: ) “Гэта няправільнае пытаньне. Гэта як пытацца ў 18-м стагодзьдзі, якая краіна найбліжэй да сапраўднай парлямэнцкай дэмакратыі. Я лічу, што тады не было ніводнай. Ёсьць кавалачкі тут і там – напрыклад, рабочы кантроль у прамысловасьці мае доўгія традыцыі, у Злучаных Штатах ад 19-га стагодзьдзя і дагэтуль жыве. Кантроль з боку супольнасьцяў таксама існуе ў нейкай ступені – напрыклад гарадзкія сходы ў Новай Англіі. Былі рознага кшталту экспэрымэнты па ўсім сьвеце. Частковы прыклад – ізраільскія кібуцы, у былой Югаславіі быў элемэнт рабочага кантролю ў прамысловасьці, скажоны ленінісцкай дзяржавай. У Гішпаніі каапэратывы Мандрагон – гэта вялікая прамысловая і фінансавая сыстэма, якой рабочыя валодаюць, але не кіруюць. Вы можаце знайсьці элемэнты больш свабоднага і дэмакратычнага грамадзтва па ўсім сьвеце”.

Дасьледаваньні Ноама Чомскага ў лінгвістыцы ацэньваюць па рознаму, але ў любым выпадку яны радыкальна зьмянілі сучасныя навуковыя падыходы. У канцы 1950-х гадоў Чомскі прапанаваў тэорыю, якая тлумачыць, што пад фармальнымі структурамі граматыкі розных моваў схаваныя гэтак званыя “глыбокія структуры”, агульныя для ўсіх моваў, бо яны ёсьць функцыяй чалавечага мозгу і людзі маюць іх ад нараджэньня.

Відавочна, што палітычныя перакананьні Чомскага маюць нешта агульнае зь ягонай лінгвістычнай тэорыяй – веру ва ўнівэрсальнасьць чалавечай прыроды. Ён крытыкуе ідэі аб тым, што нейкая асьвечаная меншасьць мае кантраляваць большасьць грамадзтва.

Чомскі таксама пасьлядоўны крытык вонкавай палітыкі ЗША. Ён быў адным зь першых актывістаў руху супраць вайны ў Віетнаме. Паводле Чомскага, на першых публічных выступленьнях у Бостане супраць вайны сотні паліцыянтаў мусілі абараняць жменьку актывістаў ад разьюшанага натоўпу, і гэта пры тым, што Бостан традыцыйна лічыцца лібэральным горадам.

Крытыкуючы палітыку ЗША, Чомскі гаворыць, што амэрыканскі ўрад дзейнічае такім самым чынам, як і ўсе іншыя краіны. Гэта значыць, што дзеяньні амэрыканскага кіраўніцтва выкліканыя выключна прагматычнымі інтарэсамі, а ня нейкімі ідэалістычнымі меркаваньнямі. Зь іншага боку, кажа Чомскі, калі б, напрыклад, Андора мела гэткую ж магутнасьць, яна таксама б паводзіла сябе гэткім жа чынам. Я спытаўся ў спадара Чомскага, ці ня значыць гэта, што альтэрнатыва амэрыканскаму дамінаваньню – не ўсясьветная гармонія, але хаос і войны ўсіх супраць усіх, пра што часам кажуць палітолягі-“рэалісты”.

(Чомскі: ) “Абсалютна ня згодны. Альтэрнатыва сыстэмам ўлады, якія займаюцца тэрорам і прыгнятаньнем – гэта зьнішчыць сыстэмы ўлады. Іх трэба разбурыць і паставіць пад дэмакратычны народны кантроль. Такім чынам аслабляюцца разбуральны сыстэмы ўлады, а не стварэньнем альтэрнатыўных, параўнальных зь імі сыстэмаў улады. Вазьміце прыклад ЗША – калі паглядзець на апытаньні грамадзкай думкі, можна пабачыць, што дзьве асноўныя палітычныя партыі ЗША і мэдыі месьцяцца ў нашмат больш правай частцы палітычнага спэктру, чым насельніцтва амаль па ўсіх асноўных пытаньнях. Нядаўна ўступіў у сілу Кіёцкі пратакол, у якім ЗША не бяруць удзелу. Грамадзтва выступае за далучэньне да гэтага пратаколу. Вазьміце Міжнародны Суд – грамадзтва пераважнай большасьцю падтрымлівае далучэньне да яго ЗША. Вазьміце важнае пытаньне выкарыстаньня сілы ў міжнародных справах. Грамадзтва падтрымлівае вядучую ролю ААН, а не ЗША ў міжнародных крызысах. Значная большасьць выступае супраць выкарыстаньня сілы акрамя выпадкаў самаабароны і непасрэднай пагрозы нападу, а гэта фактычна стандартная інтэрпрэтацыя Статуту ААН. Большасьць насельніцтва ЗША нават гатовая адмовіцца ад права вета ў Радзе бясьпекі, а гэта азначала б, што ЗША давялося б у розных пытаньнях падпарадкоўвацца ўсясьветнай супольнасьці. Падыходы значнай большасьці насельніцтва нават не патрапляюць на палітычную арэну, іх не абмяркоўваюць, бо палітычная сыстэма, мэдыі і элітная культура нашмат больш “правыя” палітычна, чым насельніцтва, і яны выключаюць насельніцтва з гульні. Вырашэньне гэтай праблемы ня ў тым, каб ствараць новую сілу, падобную да гэтай, але ў тым, каб ператварыць гэтую ў сапраўдную дэмакратыю”.

Я запытаўся ў спадар Чомскага, ці згодны ён зь меркаваньнем, што ў сучасным сьвеце антыамэрыканізм часта выкарыстоўваецца ўрадамі розных краін, каб адцягнуць увагу ад ўласных памылак і праблемаў.

(Чомскі: ) “Так, гэта даволі стандартны прыём, які выкарыстоўваюць усе ўрады. Напрыклад, урад ЗША робіць выгляд, што ён заклапочаны асноўнай праблемай – як абараніць насельніцтва ад тэрарызму. Тэрарызм сапраўды вельмі сур'ёзная пагроза. Але ці сапраўды ўрад ЗША спрабуе абараніць насельніцтва ад тэрарызму? Не, наадварот, ён выкарыстоўвае пагрозу тэрарызму для кантролю над насельніцтвам. І ён сьвядома робіць рэчы, якія павялічваюць пагрозу тэрарызму. Вазьміце ўварваньне ў Ірак. Амэрыканская выведка з самага пачатку разумела, што ўварваньне ў Ірак зь вялікай доляй імавернасьці павялічыць пагрозу тэрарызму. Менавіта так і адбылося, калі паглядзець, напрыклад, на справаздачу дырэктара ЦРУ Портэра Гаса ў Кангрэсе. Паводле прагнозаў амэрыканскай выведкі Ірак магчыма заменіць Аўганістан, як асноўны цэнтар набору і падрыхтоўкі прафэсійнага тэрарызму, які пасьля будзе распаўзацца па сьвеце. І гэта адно з наступстваў вайны ў Іраку, адно з чаканых наступстваў. Тады чаму яны гэта робяць? Таму што пагрозы тэрарызму насамрэч няма сярод іх прыярытэтаў. Яны выкарыстоўваюць яе, каб кантраляваць насельніцтва. І, як вы сказалі, іншыя ўрады дзейнічаюць такім самым чынам”.

Пры усёй крытыцы амэрыканскай палітыкі, асабліва ў міжнародных справах, Чомскі прызнае, што ЗША маюць ці не найвышэйшы ў сьвеце ўзровень адкрытасьці ўнутры краіны. Ён аднак падкрэсьлівае, што гэта ёсьць вынікам актывізму з боку насельніцтва, а ня нейкіх добрых схільнасьцяў ураду. Я запытаўся ў спадара Чомскага, ці ёсьць, на ягоную думку, нейкая доля шчырасьці ў заявах амэрыканскага ўраду пра намер пашыраць дэмакратыю ў сьвеце.

(Чомскі: ) “Гэта можна лёгка вызначыць. Найлепей пытацца не ў мяне, але ў дасьледчыкаў, якія самі з энтузіязмам ўдзельнічаюць у так званых праграмах падтрымкі дэмакратыі. Адзін з найбольш выбітных, вельмі добры дасьледчык – кіраўнік Праграмы права і дэмакратыі ў фундацыі Карнэгі Томас Каразэрс. Ён шмат гадоў працуе ў сфэры падтрымкі дэмакратыі. У сваёй нядаўняй кнізе ён аглядае праграмы падтрымкі дэмакратыі, якія ён з энтузіязмам падтрымлівае. Ён узяў пэрыяд пасьля “халоднай вайны” – ад пачатку 1990-х да цяперашняга часу – і вось што ён кажа: у амэрыканскіх праграмах ёсьць адна заканамернасьць. Там дзе падтрымка дэмакратыі спрыяла эканамічным і стратэгічным інтарэсам ЗША, там ЗША выступалі за дэмакратыю. Там, дзе падтрымка дэмакратыі перашкаджала эканамічным і стратэгічным інтарэсам ЗША, там Злучаныя Штаты былі супраць дэмакратыі. То бок, пытаньне было зусім не ў дэмакратыі. Ён ня робіць такую выснову – але я магу дадаць, што ён паказвае, што пытаньне дэмакратыі выкарыстоўвалася ў прапагандысцкіх мэтах”.

У адным са сваіх інтэрвію Чомскі заявіў, што індактрынацыя ў амэрыканскім грамадзтве пачынаецца зь дзіцячага садка. Я папрасіў яго даць нейкі прыклад.

(Чомскі: ) “Маленькіх дзяцей вучаць быць паслухмянымі. Іх ня вучаць быць творчымі, незалежнымі, удумлівымі. Калі гэта ўсё ж адбываецца, ім гавораць пра праблемы з паводзінамі, ім даюць лекі, ставяць пад назіраньне і гэтак далей. Натуральна, ёсьць выняткі. Але агульнаадукацыйная сыстэма вучыць паслухмянасьці – здаваць тэсты, адпавядаць нейкім крытэрам, рабіць тое, што табе кажуць, і гэта цягнецца ажно да ўнівэрсытэту”.

У сваім эсэ, прысьвечаным прапагандзе, Чомскі піша, што ў любым грамадзтве інтэлектуал можа абраць для сябе ці ролю “дысыдэнта”, ці ролю “камісара”. Сярод першых прыкладаў “дысыдэнтаў” ён называе прарокаў Старога Запавету, чые парады не віталі пры жыцьці, але якіх ушаноўвалі па сьмерці. Пры жыцьці ўхвалялі якраз “ілжэпрарокаў”, якія лісьлівілі перад уладай. Далей Чомскі піша:

“Іншае гістарычнае правіла, амаль унівэрсальнае – у тым, што мы пільна сочым за злачынствамі вызначаных ворагаў і актыўна асуджаем іх, часта зь вялікай самаўпэўненасьцю. Паглядзець у люстэрка крыху цяжэй”.

Цытуючы Джорджа Оруэла, Чомскі гаворыць, што ў заходнім грамадзтве, дзе няма такога дзяржаўнага гвалту, як у аўтарытарных краінах, непапулярныя ідэі і нязручныя факты могуць замоўчваць без афіцыйнай забароны, праз самацэнзуру.

(Чомскі: ) “Важныя праблемы папросту не абмяркоўваюцца. Вось прыклад – у нас летась у лістападзе былі выбары. У дэмакратычным грамадзтве найбольш важная інфармацыя, якую можа атрымаць публіка перад выбарамі, тычыцца грамадзкай думкі па найважнейшых пытаньнях. Тыя дасьледаваньні грамадзкай думкі, якія я раней цытаваў, былі зробленыя і апублікаваныя сур’ёзнымі сацыялягічнымі цэнтрамі напярэдадні выбараў, але яны не патрапілі ў асноўныя мэдыі, бо мэдыі, эліты і галоўныя палітычныя партыі папросту не жадаюць, каб грамадзтва ведала, якая насамрэч грамадзкая думка. Яны хочуць, каб грамадзтва падманвалася вобразамі, якія стварае піяр-індустрыя – аналягам рэклямы зубной пасты. Вось вам прыклад індактрынацыі”.
XS
SM
MD
LG