Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што было знойдзена ў перакладзе?


Здэнек Млынарж і Пэтэр Ларсан, Кёльн, 1981
Здэнек Млынарж і Пэтэр Ларсан, Кёльн, 1981

Трое людзей, зьвязаныя між сабою дзіўнымі нечаканымі сувязямі. Швэдзкі беларус Дзьмітры П. сустракае свайго знаёмага чэскага швэда Пэтэра Л., і той расказвае яму, што ў ягонай праскай фірме працавала адна дзяўчына, якая была замужам за нейкім беларускім пісьменьнікам. Дзьмітры П. быў упэўнены, што ведае ў Празе ўсіх беларускіх пісьменьнікаў, і не памыліўся — тым мужам, праўда, былым аказаўся знаёмы яму чэскі беларус Макс Ш. Кола «маленькага сьвету» замыкаецца.

Гэтыя тры эмігранты сядзяць у Празе і разважаюць за куфлем піва пра свой жыцьцёвы досьвед — маладосьць, актывізм, мары, ідэалы, сталасьць, эміграцыю, адаптацыю, карэкцыю каштоўнасьцяў. Усе трое разам гавораць на трох мовах, але кожнай мовай — швэдзкай, беларускай і чэскай — валодаюць толькі двое зь іх у рознай камбінацыі, і таму любому аднаму зь іх заўсёды нешта трэба перакладаць.

Вольга Л., Дзьмітры П. і Макс Ш. у Празе
Вольга Л., Дзьмітры П. і Макс Ш. у Празе

Здарылася гэтая сустрэча летась, калі паэт, рэжысэр і радыёжурналіст Дзьмітры Плакс ставіў у тэатры Чэскага радыё сваю радыёп’есу «Танга». Чэскае радыё было задаволенае досьведам гэтага супрацоўніцтва і хацела працягу — і ў выніку сёлета аўтар прыехаў у Прагу з ідэяй ужо не радыёп’есы, а гэтак званага радыёдакумэнту, нечага сярэдняга паміж журналізмам і радыётэатрам. Асновай для новага твору і стала згаданая вышэй сустрэча трох эмігрантаў.

Дакладней, двух. Аўтар і рэжысэр Дзьмітры Плакс гучыць у творы спарадычна, часам нешта пытаючыся ў суразмоўцаў — па-беларуску ці па-швэдзку. А сам радыёдакумэнт «Знойдзена ў перакладзе» гучыць на замежнай для ўсіх удзельнікаў мове — чэскай. Макс Ш. і Пэтэр Л. расказваюць пра свой досьвед на мове сваёй эміграцыі, тым самым чэскаму слухачу адкрываюцца новыя сэнсы. Менавіта ў гэтым і палягае ідэя, закладзеная ў назьве — суразмоўцы перакладаюць свае думкі з роднай мовы, і выніку знаходзіцца нешта новае, і ня толькі для слухача, а і для іх саміх. Да таго ж, сваю важную ролю ў творы маюць і акцэнты яго ўдзельнікаў.

У студыі Чэскага радыё падчас працы над радыёп'есай "Танга", люты 2017
У студыі Чэскага радыё падчас працы над радыёп'есай "Танга", люты 2017

«З увагі на эмацыйную памяць у дакумэнце ўжываньне мовы і спосаб перадачы робяцца асобнай тэмай сустрэчы і ўспрыманьня мінуласьці. Чэская мова і зьвязаныя зь ёю ўстойлівыя вобразы, традыцыі звыклых спосабаў апавяданьня і кансэрвацыя мінуласьці на працягу дакумэнту робіцца фанэтычнай структурай, у якой напластоўваюцца адзін над адным пласты памяці, у выніку ўзьнікае найдакладнейшы гукавы адбітак», зазначае аўтар.

Гукарэжысэр Ян Троян, пісьменьнік Дзьмітры Плакс і прадзюсэрка Віёла Ежкава ў студыі Чэскага радыё ў Празе
Гукарэжысэр Ян Троян, пісьменьнік Дзьмітры Плакс і прадзюсэрка Віёла Ежкава ў студыі Чэскага радыё ў Празе

Радыёдакумэнт мае і яшчэ адно вымярэньне. Гэта не сухая гутарка двух удзельнікаў настальгічнага ток-шоў. Гэта твор радыёмастацтва, мастацтва гукапісаньня. Дасьведчаная рука аўтара-рэжысэра ўплятае ў эмігранцкі наратыў эмацыйны гукавы фон. Дзякуючы гэтаму слухач апынаецца то ў чэскай гасподзе, то на менскіх вуліцах, то ў наркатычным трыпе. Вянчае гэтую кампазыцыю музычнае афармленьне, у якім адкрываецца яшчэ адзін талент стакгольмскага беларуса Плакса — і аўтара, і выканаўцы.

Паслухайце самі:

Дзьмітры Плакс. Знойдзена ў перакладзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG