Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як калібры натхніла аўтара песьняў Данчыка і Барткевіча на сымфанічную музыку


Яўген Магаліф.
Яўген Магаліф.

Як кампазытар-песеньнік пачаў пісаць канцэрты для флейты з аркестрам? У якім узросьце наступае пік кар’еры кампазытара? На што можа натхніць калібры? Гутарым зь беларуска-амэрыканскім кампазытарам Яўгенам Магаліфам напярэдадні міжнароднага конкурсу на лепшае выкананьне ягонага канцэрту для флейты.

— Яўген, я засьпела вас па тэлефоне ў Эўропе. Вы цяпер на гастролях у Нямеччыне і Бэльгіі і адначасна займаецеся арганізацыя і прамоцыяй міжнароднага конкурсу на найлепшае выкананьне вашага канцэрту для флейты...

— Апошнім часам вельмі цікавыя падзеі адбыліся ў маёй творчасьці. Мой канцэрт для флейты з аркестрам перамог у двух цікавых конкурсах у ЗША. На конкурсе «Акадэмія» у Каліфорніі ён заняў першае месца. Нацыянальная флейтавая асацыяцыя ЗША кожны год праводзіць міжнародны конкурс сярод выдавецтваў, і ў конкурсе выдавецтваў мой канцэрт узяў першае месца, а другая мая пʼеса трапіла ў фіналісты.

Ёсьць сайт «Усё пра флейту» (All about Flute!), створаны музыкай Юліяй Бэры для флейтыстаў усяго сьвету. У яго 13 тысяч падпісчыкаў. І ягоныя стваральнікі прапанавалі мне зрабіць конкурс на найлепшае выкананьне майго канцэрту для флейты. Гэты праект падтрымліваецца мабільнай аплікацыяй allaboutflute.org, кампаніяй флейтавым галовак SONG і трыма выдавецтвамі: ALRY Publications і KEIZER/SOUTHERN Music з ЗША і FORTON Music зь Вялікабрытаніі. Мы запрашаем узяць удзел у конкурсе флейцістаў да 35 гадоў. Сабралі ў журы дзесяць флейтыстаў зь сямі краінаў сьвету, у тым ліку двое зь іх нарадзіліся ў Беларусі. Гэта браты Сыцянкі, Алег працуе ў кансэрваторыі ў Фінляндыі ў Турку, а Эдуард — першая флейта аркестру Польшчы. Ёсьць флейтысты зь Нямеччыны, Італіі і Швайцарыі, трое з ЗША, двое з Расеі. Гэта вельмі моцнае і строгае журы.

Мы выберам 10-12 фіналістаў, а ўжо зь іх журы абярэ галоўнага пераможцу гран пры, а другога пераможцу вызначаць грамадзкім галасаваньнем на сайце «Усё пра флейту». Будуць два прызы, галоўкі для флейты, якія зрабіў вядомы карэйскі майстар кампаніі SONG.

Яўген Магаліф: Людзям падабаюцца мае мэлёдыі

— А чым унікальная флейта? Чым яна непаўторная, не падобная на ўсе астатнія?

— Я пачаў пісаць музыку для флейты толькі восем гадоў таму. У мяне два сябры флейтысты, і яны мне прапанавалі напісаць для іх. І першая мая пʼеса для флейты «Калібры» прынесла мне вялізарны посьпех. Цяпер яе выконваюць флейтысты ва ўсім сьвеце.

— А чаму калібры?

— Дома да мяне на балькон часта прылятаюць калібры, і мы даем ім нэктар. Неяк глядзеў я, як калібры пʼе нэктар, і адразу ў галаве зьявілася мэлёдыя. Так я напісаў пʼесу. З таго часу я палюбіў флейту.

— А самі граеце на ёй?

Аўтограф-сесія на Канвэнцыі Нацыянальнай асацыяцыі флейтыстаў ЗША ў Мінеапалісе. Фота з архіву Яўгена Магаліфа.
Аўтограф-сесія на Канвэнцыі Нацыянальнай асацыяцыі флейтыстаў ЗША ў Мінеапалісе. Фота з архіву Яўгена Магаліфа.

— Не ўмею, не магу і гуку зь яе стварыць. У кампазытараў такое ёсьць. Кампазытар не абавязкова павінен граць на інструмэнце. Я адчуваю гэты інструмэнт. Я ўжо напісаў каля 20 твораў для флейты, яны ўсе выдадзеныя. Тры выдавецтва з розных краінаў сьвету публікуюць маю музыку.

— А хто вашы ўлюблёныя флейтысты? Беларускія?

Зь беларускіх гэта Сяргей Картэс, сын кампазытара Сяргея Альбертавіча Картэса. Яму нядаўна споўнілася 47 гадоў. Раней ён быў першай флейтай філярманічнага аркестру Беларусі, а вось ужо поўгаду працуе па кантракту ў Эквадоры. Калісьці я пазнаёміўся з Ульрыхам Доплерам, нашчадкам вядомых флейтыстаў і кампазытараў 19 стагодзьдзя Франца і Карла Доплераў. І неўзабаве мы ў Кёльне ў яго дома запішам маю пʼесу.

Сустрэча з сэрам Джэймсам Голуэй і яго жонкай лэдзі Джыні Голуэй на яго фэстывалі. Фота з архіву Яўгена Магаліфа.
Сустрэча з сэрам Джэймсам Голуэй і яго жонкай лэдзі Джыні Голуэй на яго фэстывалі. Фота з архіву Яўгена Магаліфа.

А самы галоўны мой флейтыст, які аказаў аграмадны ўплыў на маё жыцьцё, гэта знакаміты сэр Джэймс Голуэй і ягоная жонка лэдзі Джыні. Ён шатляндзец, каралева пасьвяціла яго ў рыцары. Ён лічыцца залатой флейтам сьвету. У яго 96 дыскаў толькі фірма Sony выпусьціла.

Каля двух гадоў таму ён запрасіў мяне да сябе на фэстываль у Швайцарыю, адзінага кампазытара. Я быў на дзясяты дзень пасьля трох апэрацый, мяне везьлі на вазку, але я дапоўз да гэтага фэстывалю, таму што такая прапанова раз у жыцьці можа быць.

З трыма новымі п'есамі, якія выйшлі ў выдавецтве ў Keiser/Southern.
З трыма новымі п'есамі, якія выйшлі ў выдавецтве ў Keiser/Southern.

Наша сустрэча вылілася ў тое, што ён прапанаваў маю музыку вельмі вялікаму амэрыканскаму выдавецтву, якое зрабіла сэрыю «Джэймс Гэлоўэй прадстаўляе», якую адкрылі тры мае пʼесы.

— Ці вы не лічыце, што менавіта цяпер пік вашай музычнай карʼеры? Ці былі большыя вышыні раней?

— Не было вышэй. Гэта фэнамэнальна. Хто бы мог падумаць. Я вучыўся ў кансэрваторыі, але я быў у асноўным кампазытарам-песеньнікам. Мае песьні сьпяваў і Данчык, і Барткевіч і іншыя выканаўцы. Яны займалі добрыя месцы ў хіт-парадах у Расеі і Беларусі, дагэтуль мае песьні гучаць па тэлебачаньні. Калі я пераехаў у ЗША, доўгі час не пісаў. Трэба было ўладкавацца, а потым як з гэтай флейтай «сустрэўся», дык пачаў пісаць, і вельмі пасьпяхова.

Яўген Магаліф: У ЗША я дасягнуў таго, аб чым і ня марыў

— Вам цяпер 61 год. Як вы лічыце, ці гэта для кампазытара найлепшы ўзрост?

— Я шкадую, што не пачаў пісаць інструмэнтальную музыку раней. Гэта была мая вялікая памылка. Песьні перамагалі, але сымфанічную музыку значна цікавей пісаць. Аказваецца шмат людзей гэта любяць. Напісаць эстрадную песьню, якая ва ўсім сьвеце прагучыць, таксама вялікае дасягненьне. У мяне такога не было, але былі вядомыя песьні тым ня менш. А цяпер ва ўсім сьвеце граюць мае флейтавыя і аркестравыя пʼесы.

— І на якой стадыі ўжо міжнародны конкурс на найлепшае выкананьне вашай музыкі для флейты?

Афіша конкурсу.
Афіша конкурсу.

— Удзельнікі павінны падаць заяву да 1 кастрычніка. Яны павінны купіць ноты і запоўніць заяўку. Тады мы будзем ведаць, колькі ўдзельнікаў, разьмяркуем іх па сябрах журы. Да 15 лістапада мы павінны атрымаць ад кожнага відэазапіс, і 1 сьнежня будуць абвешчаныя ляўрэаты, пераможцы конкурсу паводле журы. А потым будзе вызначаны пераможца паводле галасаваньня публікі. Усе відэа з выступленьнямі будуць на сайце «Усе пра флейту».

Уся інфармацыя пра конкурс даступная ТУТ.

Яўген Магаліф нарадзіўся ў 1957 годзе ў Віцебску. Жыве ў ЗША з 1990 году. Ён скончыў Віцебскі музычны каледж і Беларускую Акадэмію Музыкі. Жывучы ў Беларусі, стаў добра вядомы дзякуючы сваім песьням і музыцы для дзяцей. Яўген Магаліф — аўтар мʼюзыкла «Сьвінапас», кантаты «Бармалей», музыкі для тэатра, радыё і ТБ, інструмэнтальных пʼес, хрысьціянскай харавой музыкі і папулярных песень і баляд. У 1992 годзе, разам з Данчыкам (Багданам Андрусышыным) ён запісаў вядомы ўсім беларускім мэляманам альбом «Мы яшчэ сустрэнемся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG