Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскі гарвыканкам дазволіў фэст «100 год БНР». Улады возьмуць удзел у сьвяткаваньні


Дзень Волі — 2017 у Берасьці
Дзень Волі — 2017 у Берасьці

Берасьцейскі гарвыканкам ухваліў заяўку на правядзеньне сьвяточнага фэсту 25 сакавіка, але перанёс мерапрыемства на іншую пляцоўку.

Сьвяточныя фэстываль у Берасьці пачнецца а 13 гадзіне на плошчы Свабоды. Адкрые фэстываль паўгадзінны мітынг на якім выступяць палітычныя і грамадзкія актывісты гораду, а таксама прадстаўнікі берасьцейскіх уладаў, паведаміў Свабодзе адзін з заяўнікаў акцыі кіраўнік Берасьцейскай арганізацыі БНФ Зьміцер Шыманскі.

Бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» прыносіць на Дзень Волі дазволілі разам зь іншай сымболікай, «тэматычна зьвязанай з адзначаемай падзеяй», сказаў Шыманскі.

Музычны частку адкрые выступ духавога аркестру Берасьця, працягнецца фэст рок-канцэртам. Дакладна вядома, што на Дні Волі ў Берасьці выступяць гурты :B:N: і Re1ikt, Zolki Band.

Дзень Волі — 2017 у Берасьці
Дзень Волі — 2017 у Берасьці

На фэсьце, які працягнецца да 17 гадзіны, будуць працаваць сувэнірны кірмаш, фатазоны і дзіцячыя пляцоўкі. Паралельна з музычнай пляцоўкай будуць праходзіць майстар-клясы рамесьнікаў, а рэканструктарскія клюбы адновяць эпоху Беларускай народнай рэспублікі. На фэсьце можна будзе запісацца ў валянтэрам у больш за 10 арганізацый Берасьця.

Чаму перанесьлі месца канцэрту?

Заяўнікі акцыі прасілі дазволіць правядзеньне мітынгу і канцэрту на вуліцы Савецкай. У гарвыканкаме перанесьлі акцыю на плошчу Свабоды.

Паводле Зьмітра Шыманскага, рашэньне пра перанос пляцоўкі ўлады прынялі праз меркаваньні бясьпекі.

«Вуліца Савецкая занадта вузкая. Мерапрыемства, якое гарвыканкам дазволіў на вуліцы Савецкай ледзь не прывяло да нанясеньня шкоды жыцьцю і здароўю грамадзян», — патлумачыў Зьміцер Шыманскі.

Берасьцейскія ўлады задаволілі просьбу заяўнікаў арганізаваць на фэсьце працу мэдыкаў і праваахоўнікаў. Гэтыя выдаткі гарвыканкам узяў на сябе.

***

2 сакавіка гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. На канцэрт і мітынг вядзецца народны збор грошай: на Talaka.byужо сабралі больш за 85% неабходнай сумы, таксама сродкі зьбіраюць іншымі шляхамі. Арганізатары шукаюць спонсараў сярод камэрцыйных кампаній.

У рэгіёнах сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР дазволілі пакуль у Берасьці і Горадні. Заяўку на правядзеньне канцэрту і мітынгу 25 сакавіка падалі ў Гомлі. Адказаў ад гарадзкіх уладаў арганізатары чакаюць найбліжэйшымі днямі. У Баранавічах, Віцебску і Магілёве сябры руху «За свабоду» падалі заяўкі на мітынгі 25 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG