Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры фільмы — прэтэндэнты на «Оскар», якія варта паглядзець беларусам


4 сакавіка ў Лос-Анджэлесе адбудзецца 90-я цырымонія ўручэньня ўзнагародаў прэміі «Оскар» Амэрыканскай кінаакадэміі за 2017 год. Ніжэй — пра чатыры мастацкія стужкі, якія могуць зацікавіць беларусаў перагуканьнем з нашымі рэаліямі.

«Тры білборды на мяжы Эбінга, Місуры»

Краіны: ЗША, Вялікая Брытанія​
Намінацыі: 7 («Найлепшы фільм», «Найлепшы актор», «Найлепшая актрыса», «Найлепшы актор другога пляну», «Найлепшы арыгінальны сцэнар» і інш.).

Мілдрэд змагаецца за праўду пра гвалт і зьверскае забойства дачкі. Адважная жанчына сутыкнулася з абыякавасьцю паліцыі і варожасьцю гараджанаў, сярод якіх багата прыхільнікаў шэрыфа.

«Тры білборды» — маляўнічы экскурс у рэаліі аднапавярховай Амэрыкі, якія нечым падобныя да беларускіх нораваў. Узгадваецца гісторыя пра вясковых забойцаў, якіх памілаваў Аляксандар Лукашэнка, або пра тое, як падчас будаўніцтва станцыі мэтро «Міхалова» жыхары вывесілі плякат са зваротам да кіраўніка дзяржавы, просячы абараніць дом ад зносу.

У «Трох білбордах» няма адназначных пэрсанажаў і няма пэрсанажаў-функцый, якія існуюць як рухавікі апавяданьня. Сцэны арганічна зьвязаныя між сабой, кожны эпізод — асобнае міні-апавяданьне, якое спалучае сьмех і сьлёзы. Сярод мастацкіх вартасьцяў фільму вылучаецца выдатная апэратарская праца Бэна Дэвіса.

Марцін МакДона па-майстэрску выкрывае такія хваробы амэрыканскага грамадзтва, як расізм, гамафобія і варожасьць людзей адзін да аднаго. «Тры білборды» — аповед пра моцную жанчыну, але ня ўзор радыкальнага фэмінізму. Рэжысэр акуратна нагадвае: расізм працуе ў абодва бакі.

Нягледзячы на плыні крыві, сальныя жарты і непаліткарэктнасьць, карціны МакДона прасякнутыя гуманізмам. Пастаноўшчык не дае пэрсанажам ацэнак, гэта права гледача. Кожны пэрсанаж — жывы чалавек і ўспрымаецца як хлопец з суседняй вуліцы.

«Тры білборды» каштоўныя рэалізмам, які ня скочваецца ў празьмерны натуралізм. Ня толькі героі карціны атрымліваюць шанец на перараджэньне — глядач таксама праходзіць выпрабаваньне на чалавечнасьць і можа абіраць: ці варта спачуваць каму з пэрсанажаў.

«Нелюбоў»

Краіны: Расея, Францыя, Нямеччына, Бэльгія​
Намінацыя: «Найлепшы фільм на замежнай мове»

Руплівая праца Андрэя Зьвягінцава старанна падтрымлівае тлеючы агеньчык веры ў жыцьцяздольнасьць расейскага кінэматографу. Нібыта замарожаныя кадры прыцягальныя сваёй дасканаласьцю і сымбалізуюць слабасьць чалавечых адносін. Падкрэсьлены мінімум жарсьці дадае карціне пралічанай рэалістычнасьці.

Некаторыя эпізоды падаюцца зацягнутымі, але глейкі наратыў характэрны для творчасьці Зьвягінцава. Ён нетаропка дасьледуе сутнасьць чалавечых стасункаў, каб зразумець, куды зь цягам часу зьнікаюць пачуцьці людзей. Маленькаму Алёшу спачуваеш больш за іншых, бо хлопчык — разьменная манэта ў гульні бацькоў, якія выбіваюць выгадныя ўмовы для новых сувязяў.

Стрыманы Барыс выглядае прывабней за сьцярвозную Жэню, якая паходзіць зь вясковай сям’і і ня можа схаваць свайго прастацтва. Але ў Зьвягінцава няма пэрсанажа, вінаватага ва ўсіх бедах: кожны нясе сваю частку адказнасьці за рэчаіснасьць.

Кажучы пра заганы расейскага грамадзтва, пастаноўшчык нявольна закранае і беларускія рэаліі. Зьвягінцаў тонка высьмейвае паказную рэлігійнасьць. Дэманстратыўна праваслаўны бізнэсмэн, які прымае на працу выключна сямейных людзей — алюзія на скандальнага прадпрымальніка Германа Сьцерлігава.

Падзеі фільму адбываюцца на фоне пратэставых хваляваньняў у Расеі 2011–2012 гадоў. Кабета глядзіць навіны па дзяржаўнай тэлевізіі, потым выходзіць на балькон у строі з расейскай сымболікай і запускае бегавую дарожку. Бег на месцы — вось чым, на думку Зьвягінцава, займаюцца цяпер расейцы, дый беларусы.

Найважнейшы гуманістычны пасыл «Нелюбові» — у раскрытай тэме валянтэраў. Дабрачыннасьць рэжысэр называе паказчыкам гатоўнасьці людзей стварыць справядлівую дзяржаву. У Беларусі дзейнічае пошукава-выратавальны атрад «Анёл».

У фільме прасочваецца выснова: каб стаць шчасьлівымі, дарослыя мусяць перастаць паводзіць сябе як дзеці. Андрэй Зьвягінцаў наглядна прадэманстраваў: эгаістычнасьць і прага толькі браць, нічога не аддаючы ўзамен, вядуць сямейныя адносіны да разбурэньня.

«Лэдзі Бёрд»

Краіна: ЗША​
Намінацыі: 5 («Найлепшы фільм», «Найлепшая рэжысэрская праца», «Найлепшая актрыса», «Найлепшая актрыса другога пляну», «Найлепшы арыгінальны сцэнар»)

«Лэдзі Бёрд» — іранічная размоўная драмэдыя пра пэрыфэрыйную Папялушку, якая намагаецца вырвацца з абрыдлай штодзённасьці. Фільм Грэты Гервіг можа зацікавіць беларусаў, бо для нас актуальная прорва ва ўзроўні жыцьця паміж Менскам і рэгіёнамі.

Хрысьціна жыве ў сталіцы Каліфорніі, аднак вырашае шукаць шчасьця ў Нью-Ёрку. Нягледзячы на творчую натуру, дзяўчына гатовая прымірыцца зь ненавіснай матэматыкай, бо моцна жадае выбіцца ў людзі.

Галоўная гераіня спазнае першае каханьне і першае расчараваньне, атрымае вопыт першага сэксу і першай сваркі з найлепшай сяброўкай. Ад стужкі патыхае сьвежасьцю, апавяданьне вабіць шчырасьцю, цікавымі дыялёгамі, небанальным гумарам і кранальнымі пэрсанажамі.

Сірша Ронан раскошна выглядае ў ролі Лэдзі Бёрд. Лёгка памыліцца, калі ўбачыць у ёй расьпешчаную дзеўку ў палоне ружовых мараў. Хрысьціна саромеецца небагатых бацькоў і ахвяруе старым сяброўствам на карысьць пэрспэктыўных сувязяў. Але Хрысьці — не мэркантыльная істота, таму ёй хапае мудрасьці сумнявацца ў правільнасьці сваіх учынкаў.

Рэжысэрскі пасыл у тым, што мы самі мусім абіраць свой жыцьцёвы шлях. Грэта Гервіг захапляецца прадпрымальнасьцю сваёй гераіні, якая спрабуе займацца рознымі рэчамі, каб набрацца жыцьцёвага вопыту і зразумець свае памкненьні.

Ружавалосая дзівачка Хрысьціна паводзіць сябе часам бесцырымонна, але гэта тлумачыцца не сапсаванасьцю яе душы. Няўрымсьлівая натура Лэдзі Бёрд няўмольна штурхае яе на пошукі прыгод. Яе сям’і бракуе грошай, але самой Хрысьці не адмовіш у добрым сэрцы. Яскравай індывідуальнасьці суперажываеш і жадаеш удачы.

«Лэдзі Бёрд» ухваляе ініцыятыўнасьць, рашучасьць, веру ў сябе і гатоўнасьць адстойваць свае прынцыпы. Рэжысэрка запэўнівае: посьпеху будзе прасьцей дасягнуць, калі ёсьць надзейная падтрымка сям’і, сяброў і настаўнікаў.

«Сакрэтнае дасье»

Краіна: ЗША
Намінацыі: 2 («Найлепшы фільм», «Найлепшая актрыса»)

Новы фільм Стывэна Сьпілбэрга распавядае пра барацьбу журналістаў за права паведаміць чытачам дзяржаўныя таямніцы, якія на паверку аказваюцца грандыёзным падманам грамадзянаў. «Сакрэтнае дасье» — карціна пра свабоду слова, якую, паводле аднаго з галоўных герояў, можна захаваць, толькі калі ёю карыстацца. Стужка пра рэпартэраў — гімн прафэсійнай сьмеласьці і патрыятызму, перамога здаровага сэнсу.

«Сакрэтнае дасье» — фільм унівэрсальны, які будзе карысна зірнуць жыхарам краін, што маюць праблемы са свабодай прэсы. Шмат каму зь беларусаў дзіўна бачыць, як журналісты аказваюцца чацьвёртай сілай у дзяржаве і ладзяць грамадзкі нагляд за палітыкамі.

Сьвежая стужка Сьпілбэрга — карціна грамадзянская. Яна распавядае пра маральны выбар, мужнасьць адстойваць уласныя погляды і абараняць права людзей ведаць пра рашэньні, якія прымаюць чыноўнікі. Акторскі дуэт Тома Хэнкса і Мэрыл Стрып упрыгожвае сабой карціну. Выбітныя акторы дасягаюць выдатнага ўзаемаразуменьня і ўпэўнена вядуць за сабой і без таго зьмястоўны сюжэт.

«Сакрэтнае дасье» — перадусім экскурс ва ўнутраную палітыку Амэрыкі, але віетнамская кампанія адносіцца да глябальных падзей. Для беларусаў фільм Сьпілбэрга мае вялізны гуманістычны сэнс. У карціне дэманструецца, як цяжка знаходзіць інфармацыю і наколькі цяжэй у пэўных выпадках адважыцца публікаваць матэрыял. Кожны чалавек павінен вырашаць: ці гатовы ён пайсьці на ўгоду з сумленьнем — або справа вартая таго, каб рызыкнуць дзеля яе працай, рэпутацыяй і свабодай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Што трэба «Беларусьфільму», каб зьняць кіно на «Оскар». Адказваюць рэжысэр, сцэнарыст, актор і крытык

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG