Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магдалену Радзівіл перапахаваюць у Менску ў сярэдзіне лютага


Капсулу з прахам прыозілі на Зьезд беларусаў сьвету ў Менску 16 ліпеня 2017 году
Капсулу з прахам прыозілі на Зьезд беларусаў сьвету ў Менску 16 ліпеня 2017 году

Атрыманыя ўсе неабходныя ўзгадненьні на перапахаваньне праху Магдалены Радзівіл у Менску. Цырымонія пройдзе ў сярэдзіне лютага, прыедуць прадстаўнікі сям’і Радзівілаў, а таксама нашчадкі Магдалены.

Пра гэта паведаміў ініцыятар мэмарыялізацыі памяці славутых беларусаў Глеб Лабадзенка.

Паводле яго, месца, дзень і час будуць абвешчаныя пазьней, пасьля ўзгадненьня са сьвятаром.

Вяртаньне праху на родную зямлю і выкананьне апошняй волі найвялікшай мэцэнаткі беларускай культуры пачатку ХХ стагодзьдзя — надзвычай значная падзея для культуры Беларусі, адзначае Глеб Лабадзенка.

Як паведамляла Свабода, прах Магдалены Радзівіл прывезьлі ў Менск летась 15 ліпеня. Ад таго часу ўлады і касьцёл так і ня вырашылі, дзе яго пахаваць.

Дэтэктыў вакол праху Магдалены Радзівіл. 9 месяцаў яго ня могуць пахаваць

Марыя Магдалена Радзівіл зьехала зь Беларусі ў 1917 годзе. Апошнія 13 гадоў свайго жыцьця правяла ў Швайцарыі, памерла ў 1945 годзе ў горадзе Фрыбур. Там яе і пахавалі. Беларусы Швайцарыі апекаваліся магілай Магдалены Радзівіл, наведвалі ейнага праўнука — прынца Абедзьвюх Сыцылій Антоніё дэ Бурбона.

Нарэшце нашчадкі Магдалены вырашылі, што было б правільным перапахаваць яе прах у Беларусі. Яны меркавалі, што найбольш адпаведным месцам для гэтага будзе касьцёл Сьвятых Сымона і Алены ў Менску, вядомы як Чырвоны касьцёл. Магдалена Радзівіл жыла ў суседнім доме, фундавала парафію, ведала асабіста Эдварда Вайніловіча і рэгулярна бывала на імшы.

Сваякі Магдалены зьвярнуліся ў Міністэрства замежных спраў Беларусі. У 2016 годзе стварылі працоўную групу па перапахаваньні, у якую ўвайшлі прадстаўнікі МЗС, Міністэрства культуры, Менгарвыканкаму, Упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў. І хоць меркавалася, што месцам апошняга спачыну стане Чырвоны касьцёл, працоўная група вырашыла перавезьці парэшткі ў сямейны склеп Радзівілаў у Нясьвіжы.

Нашчадкі з выбраным месцам не пагадзіліся — Магдалена ніколі не была ў Нясьвіжы. Сама яна паходзіць з роду Завішаў, Радзівілам быў ейны муж. Да таго ж воля самой Магдалены — быць пахаванай у Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG