Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 аргумэнтаў «ЗА»: Навошта прах Магдалены Радзівіл у Менску?


Магдалена Радзівіл

Магдалена Радзівіл

Князь Мацей Радзівіл у Менску паведаміў, што праўнукі вядомай беларускай мэцэнаткі, княгіні Магдалены Радзівіл пастанавілі перапахаваць яе цела ў Менску — у касьцёле сьвятых Сымона і Алены, побач зь якім яна жыла.

Цяпер цела Магдалены Радзівіл, а таксама яе адзінай дачкі пахаваныя ў швайцарскім горадзе Фрыбургу.

«Яна была самая беларускай сярод усіх Радзівілаў. Яна — своеасаблівы сымбаль мары пра дэмакратычную Беларусь. Менавіта таму яе праўнукі, яе самая бліжэйшая сям’я хоча перанесьці яе косьці ў Беларусь, таму што Магдалена Радзівіл лічыла сябе грамадзянкай Беларусі. Я разумею, што ў Беларусі ёсьць праблемы, але разам з тым для любога народу важна, каб людзі, якія зрабілі шмат для гісторыі народу і якія любілі сваю краіну, вярталіся ў яе хоць бы пасьля сьмерці», — сказаў князь Мацей Радзівіл падчас сустрэчы з журналістамі.

Сям’я зьвярнулася з гэтай ідэяй да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, а таксама да пробашча Чырвонага касьцёла ксяндза Уладзіслава Завальнюка, якія вельмі зычліва паставіліся да гэтай ідэі, тым больш, што ўжо раней у Чырвоным касьцёле перапахавалі парэшткі фундатара касьцёла Эдварда Вайніловіча і англійскага музыказнаўцы, дасьледчыка беларускай культуры Гая Пікарды.

Князь Мацей Радзівіл расказаў, што ў сям’і да гэтага часу захоўваюцца гісторыі пра тое, як іх сваячка любіла Беларусь.

Магдалена Радзівіл у маладосьці

Магдалена Радзівіл у маладосьці

1. Хацела, каб Беларусь была незалежнай, лічыла сябе беларускай

Падчас Першай усясьветнай вайны Магдалена Радзівіл падтрымлівала палітычныя рухі, якія хацелі, каб Беларусь была незалежнай рэспублікай. Гэта не было лёгка для яе, таму што такія погляды не былі папулярныя сярод польскай і літоўскай арыстакратыі, якая больш схілялася да ўзнаўленьня Рэчы Паспалітай.

2. Фінансавала кнігавыданьне беларускіх аўтараў

Дапамогу княгіня аказвала найперш газэце «Беларусь» і выдавецтву «Загляне сонца і ў наша ваконца», дзе выходзілі першыя кнігі Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Канстанцыі Буйло ды іншых аўтараў.

3. Яе герб — на «Вянку» Максіма Багдановіча

Герб Завішаў (род, зь якога паходзіць Магдалена Радзівіл) «Лебедзь» быў зьмешчаны на тытульным аркушы зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок». Такім чынам выдаўцы Вацлаў Іваноўскі і Іван Луцкевіч аддзячылі мэцэнатцы за фінансавую падтрымку.

4. Плаціла стыпэндыі беларускім студэнтам

Магдалена Радзівіл фінансавала беларускія школы, а таксама плаціла стыпэндыі студэнтам-беларусам, якія навучаліся ў Пецярбургу, апекавалася тамтэйшай беларускай бібліятэкай.

5. Падтрымала стварэньне БНР

Маючы дэмакратычныя і незалежніцкія перакананьні, княгіня Магдалена Радзівіл была супраць бальшавікоў і ў 1918 годзе выказала актыўную падтрымку Беларускай Народнай Рэспубліцы.

6. Лічыла Менск найлепшым месцам для жыцьця

Пасьля таго, як Менск занялі бальшавіцкія войскі, Магдалена Радзівіл выехала ў Варшаву. У 1919 годзе яна спрабавала вярнуцца ў Менск, але атрымала адмову новых уладаў. Яе сям’я ўзгадвае, што яна заўсёды марыла вярнуцца ў Менск і нідзе не пачувала сябе так добра, як у гэтым горадзе.

7. Ахвяравала калье беларускай грэка-каталіцкай калегіі

У 1917 годзе Магдалена Радзівіл перадала сваё дыямэнтавае калье на заснаваньне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме. У 1924 годзе сьвятар Фабіян Абрантовіч прадаў яго за 15 тысяч амэрыканскіх даляраў, а грошы перадаў беларускім айцам-марыянам у Друі.

8. Лічыла ідэалам дзяржавы ВКЛ

Магдалена Радзівіл шчыра верыла ў Бога, але разам з тым лічыла, што кожны чалавек свабодны ў сваім выбары. Яна лічыла, што дух Вялікага Княства Літоўскага — гэта дух плюралізму, дзе кожны вольны верыць так, як лічыць патрэбным, і размаўляць на той мове, якой лічыць сваёй.

Мацей Радзівіл выказаў спадзеў, што фармальнасьці, зьвязаныя зь пераносам парэшткаў Магдалены Радзівіл будуць вырашаныя, і перапахаваць княгіню можна будзе яшчэ сёлета.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG