Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праўнукі Магдалены Радзівіл хочуць перапахаваць яе парэшткі ў Менску


Мацей Радзівіл

Мацей Радзівіл

Сямʼя пастанавіла так зрабіць, каб ушанаваць яе жаданьне дапамагаць ствараць незалежную і дэмакратычную Беларусь. Яна лічыла сябе грамадзянкай Беларусі — заявіў сёньня ў Менску Мацей Радзівіл.

«Яна самая беларуская з усіх Радзівілаў. Цікавілася пытаньнем беларускай дэмакратыі, падтрымлівала стварэньне БНР. Яна марыла жыць у Менску, а ў Польшчы адчувала сябе ня вельмі добра. Магдалена не адзначыла ў тастамэнце, дзе яе пахаваць, але сямʼя лічыць, што трэба пахаваць у Менску.

У сваякоў пакуль няма дамоўленасьці з уладамі, але яны будуць сустракацца з арцыбіскупам Кандрусевічам, а таксама з пробашчам Чырвонага касьцёла ксяндзом Завальнюком.

«Я не лічу, што Магдалена такая асоба, якая можа быць неадназначнай для беларусаў, наконт якой могуць разгарнуцца спрэчкі. Важна, каб яна, як важная асоба ў гісторыі Беларусі, спачывала ў Беларусі».

Мяркуецца, што парэшткі Магдалены Радзівіл могуць быць перапахаваныя ў Чырвоным касьцеле, побач зь якім жыла княгіня. Была ідэя пахаваць яе ў Нясьвіжы, але тамтэйшы пробашч не праявіў цікавасьці да гэтай ініцыятывы.

Магдалена Радзівіл — найвялікшая мэцэнатка беларускай культуры пачатку ХХ стагодзьдзя — нарадзілася 8 ліпеня 1961 года ў Варшаве. У 1906 годзе выйшла замуж за маладзейшага на 19 год Мікалая Радзівіла, які быў актыўным зьбіральнікам беларускага фальклёру. Кватэра Магдалены ў Менску (справа ад Чырвонага касьцёла, дом захаваўся), як і палац у Кухцічах, была месцам сустрэчы беларускай інтэлігенцыі. Яна фінансавала беларускія школы, выпуск газэты «Наша Ніва», першыя кнігі Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Канстанцыі Буйло ды іншыя выданьні суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца». Плаціла стыпэндыю студэнтам-беларусам, якія навучаліся ў Пецярбургу, апякалася тамтэйшай беларускай бібліятэкай. У 1918 годзе Магдалена горача падтрымала стварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасьля таго, як Менск занялі бальшавіцкія войскі, выехала ў Варшаву. У 1919-м спрабавала вярнуцца ў Менск, але атрымала адмову новых уладаў. Зьмяніўшы некалькі месцаў жыхарства, у 1932 годзе прыехала ў Фрыбург (Швайцарыя), адкуль працягвала падтрымліваць некаторыя беларускія суполкі. Памерла 6 студзеня 1945 году там жа, у кляштары сясьцёр дамініканак. Пахаваная ў Фрыбургу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG