Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імёны Свабоды: Магдалена Радзівіл


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

8.7.1861, Варшава – 6.1.1945, Фрыбург, Швайцарыя

На яе грошы быў выдадзены славуты “Вянок” Максіма Багдановіча...

Яна пражыла доўгае й складанае жыцьцё, нарадзіўшыся яшчэ да паўстаньня Каліноўскага і завяршыўшы зямны шлях у год заканчэньня 2-й усясьветнай вайны. Магдаленін бацька, вядомы археоляг Ян Завіша, меў вялікія зямельныя ўладаньні на Меншчыне. Іхняй “сталіцаю” быў маёнтак Кухцічы паблізу Ўзды. Там прамінула самая сьветлая частка яе дзяцінства. Там юная арыстакратка ўсьвядоміла сябе беларускаю.

У 1906-м удава польскага графа Людвіка Красінскага Магдалена павянчалася ў Лёндане з князем Мікалаем Радзівілам. Вышэйшыя польскія колы выказалі непрыхаванае незадавальненьне шлюбам князя з багатай удавой, якая паводле гадоў магла быць ягонаю маці , хоць галоўнаю прычынай такога стаўленьня была, відаць, дабрачынная дзейнасьць Магдалены на карысьць беларускага руху.

Хаваць мужа, які загінуў на фронце ў 1914-м, Магдалена Радзівіл запрасіла ксяндза Аляксандра Астрамовіча, больш вядомага як паэт Андрэй Зязюля, аўтар верша “Божа, што калісь народы на асобкі падзяліў”, пэўны час уважаўся за беларускі нацыянальны гімн.

У тыя гады княгіня жыла пераважна ў Беларусі: то ў сваім маёнтку, дзе ўсе службоўцы мусілі паслугоўвацца беларускай мовай, то ў Менску, дзе яе дом на Захараўскай вуліцы быў заўсёды адкрыты для ўсіх вядомых дзеячоў Беларускага адраджэньня.

Магдалена Радзівіл адчыняла беларускія школы і шчодра фундавала выдавецкія суполкі. Яна шчыра вітала абвяшчэньне незалежнасьці БНР. Княгіня балюча перажывала канфэсійную разьяднанасьць беларусаў і марыла пра аднаўленьне зьнішчанай каляніяльнымі расейскімі ўладамі Ўніяцкай царквы. На заснаваньне беларускай грэка-каталіцкай сэмінарыі ў Рыме яна ахвяравала аднаму зь беларускіх сьвятароў сваё фантастычна дарагое дыямэнтавае калье, лёс якога варты дэтэктыўнага раману.

У Нямеччыне, дзе княгіня жыла пасьля рэвалюцыйных забурэньняў, да ўлады рваліся нацысты. Рашучае непрыняцьце антысэмітызму змусіла Магдалену ў 1932-м эміграваць у Швайцарыю. Адыходзячы ў лепшы сьвет у пераможным для антыгітлераўскага альянсу 1945 годзе, яна марыла пра Беларусь, вызваленую ня толькі ад нацысцкай, але і ад бальшавіцкай акупацыі.
XS
SM
MD
LG